Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Параўнальнае права
Статут замежнікаў у адміністрацыйных працэдурах, якія рэгулююць дазвол працаваць у Рэспубліцы Чэхія | Мартын Штэфка | 24.3.2008

JUDr. Martin Štefko, Ph.D

 

Скарачэньні:

 

Адміністрацыйны Кодэкс — Закон No. 500/2004 Coll., Адміністрацыйны Кодэкс [па-чэску «správní řád»] са зьмяненьнямі, унесенымі Законам No. 413/2004 Coll.

Закон аб занятасьці Закон No. 435/2004 Coll., аб занятасьці [па-чэску «zákon o zaměstnanosti»] са зьмяненьнямі, унесенымі Законамі No. 202/2005 Coll., No. 168/2005 Coll., No. 253/2005 Coll., No. 428/2005 Coll., No. 350/2005 Coll., No. 444/2005 Coll., No. 495/2005 Coll., No. 382/2005 Coll., No. 413/2005 Coll., No. 161/2006 Coll., No. 109/2006 Coll., No. 115/2006 Coll., No. 214/2006 Coll., No. 165/2006 Coll., No. 109/2006 Coll.

Закон аб занятасьці 1991 г. — Закон No. 1/1991 Coll., аб занятасьці [па-чэску «zákon o zaměstnanosti»] са зьмяненьнямі, унесенымі Законамі No. 305/1991 Coll., No. 578/1991 Coll., No. 231/1992 Coll., No. 307/1993 Coll., No. 39/1994 Coll., No. 118/1995 Coll., No. 160/1995 Coll., No. 289/1997 Coll., No. 167/1999 Coll., No. 118/2000 Coll., No. 369/2000 Coll., No. 155/2000 Coll., No. 474/2001 Coll., No. 2/2002 Coll., No. 220/2002 Coll., No. 151/2002 Coll., No. 198/2002 Coll., No. 311/2002 Coll., No. 220/2002 Coll.

Закон аб іміграцыі — Закон No. 326/1999 Coll., аб пражываньні замежных грамадзянаў у Чэскай рэспубліцы [па-чэску «Zákon o pobytu cizinců na území České republiky a o změně některých zákonů»] са зьмяненьнямі, унесенымі Законамі No. 140/2001 Coll., No. 140/2001 Coll., No. 151/2002 Coll., No. 217/2002 Coll., No. 222/2003 Coll., No. 217/2002 Coll., No. 436/2004 Coll., No. 539/2004 Coll., No. 559/2004 Coll., No. 428/2005 Coll., No. 501/2004 Coll., No. 161/2006 Coll., No. 230/2006 Coll., No. 161/2006 Coll., No. 136/2006 Coll., No. 165/2006 Coll., No. 112/2006 Coll.

 

І. Уводзіны

 

Нягледзячы на тое, што праца ў замежных краінах можа быць вельмі прыцягальнай, відавочна, што ня кожны можа ўдзельнічаць у гэтым працэсе[1]. Працоўны рынак абмежаваны, і іміграцыя ёсьць суб’ектам дзяржаўнага ўзьдзеяньня, якое ажыцьцяўляецца ў межах палітыкі занятасьці і накіраванае ў першую чаргу на недапушчэньне канкурэнцыі з нацыянальнай працоўнай сілай. У сувязі з гэтым найбольш распаўсюджанымі інструмэнтамі гэтае палітыкі зьяўляюцца адміністрацыйныя бар’еры ў выглядзе дазволу. Доступ да працоўнага рынку Чэхіі абмежаваны трыма дазволамі, якія наймальнікі і замежныя працоўныя мусяць атрымаць перад пачаткам сваёй дзейнасьці. Першы дазвол, «Дазвол на рэкрутаваньне працоўных з-за мяжы», мусіць атрымаць будучы наймальнік замежніка. Суб’ектам памянёных дазволаў ёсьць сам замежнік. Да гэтых адміністрацыйных актаў адносяцца дазвол на працу і дазвол на пражываньне.

Спачатку кожны, хто хоча наняць замежніка ці паступіць на працу да наймальніка на тэрыторыі Чэскай рэспублікі, сутыкаецца зь недахопам літаратуры на ангельскай мове, якая датычыць замежных працоўных. Такім чынам, вось тая нявырашаная праблема, якую трэба пераадолець. Аднак, як паказвае назва артыкула, тэма нашай размовы больш спэцыфічная і практычная. Так, рэгуляваньне занятасьці ў Чэхіі будзе раскрытае для чытача толькі ў той ступені, каб даць магчымасьць раскрыць некаторыя моманты, якія датычаць адміністрацыйных працэдураў, накіраваных на выдачу дазволу на рэкрутаваньне і найм замежнікаў зь іншых краінаў[2]. Такіх момантаў тры: па-першае, азначэньне замежніка як боку ў працэсе, які дазваляе рэкрутаваньне і найм замежніка зь іншай краіны; па-другое «найм» як аб’ект гэтых працэдураў; і нарэшце, супярэчлівае пытаньне аб тым, ці мае права замежнік, які выконвае ўсе неабходныя патрабаваньні, атрымаць дазвол на працаўладкаваньне.

Далей у тэксьце мы сканцэнтруем увагу на найм неграмадзянаў ЭЗ ці чальцоў іх сямей, таму што з 1 траўня 2004 г. гэтыя людзі маюць права свабодна перамяшчацца і пражываць на тэрыторыі Чэхіі. Выкананьне іх працы не абумоўленае наяўнасьцю дазволу на працу ці пражываньне.

 

ІІ. Агляд дзейнага заканадаўства

 

Асноўным заканадаўчым актам, якія рэгулюе доступ і занятасьць на чэскім працоўным рынку, зьяўляецца Закон аб занятасьці No. 435/2004 Coll. Наймальнік, які зьбіраецца ўзяць на працу замежніка, перш за ўсё мусіць зрабіць абвестку аб вакансіі ў Кампэтэнтны Працоўны Офіс цягам 10 дзён з моманту, калі гэтая вакансія была створаная ці стала вольнай[3]. Пасьля наймальнік мусіць падаць заяву на атрыманьне дазволу на найм працоўных з-за мяжы. Дазвол выдаецца толькі ў дачыненьні да тых месцаў, якія ня могуць быць занятыя тымі, хто шукае працу і зарэгістраваны ў мясцовым Працоўным Офісе (так званы «тэст працоўнага рынку»)[4]. Падача заявы абкладаецца ўнёскам у памеры 2000 чэскіх кронаў[5].

Замежныя грамадзяне (і асобы без грамадзянства) могуць быць нанятыя на працу пры ўмове, што яны атрымалі дазвол на працу і на пражываньне. Працэс дзеяньня і рэгуляваньня дазволу ўваходзіць у кампэтэнцыю Міністэрства працы і сацыяльных справаў (далей «Міністэрства»), у той час як пытаньні пражываньня і неабходнасьці ў візе адносяцца да кампэтэнцыі Мясцовага Офісу. У сваёй галіне Міністэрства ажыцьцяўляе іміграцыйную функцыю, але заява на дазвол на найм ня ёсьць заявай на ад’езд, і міністэрства ня ёсьць агентам Мясцовага Офісу ў дачыненьні да ад’езду.

Замежны грамадзянін можа падаваць заяву на выдачу дазволу на найм як асабіста ці праз даверанасьць, падпісаную і зацьверджаную адвакатам, ці праз наймальніка, на якога замежнік зьбіраецца працаваць ці да якога замежнік накіраваны замежным наймальнікам, што таксама мусіць быць зацьверджана належным чынам. Заява мусіць быць пададзеная да прыезду замежніка на тэрыторыю Чэхіі. Дазвол на найм патрабуецца ад замежніка як у выпадку поўнай занятасьці, так і ў выпадку частковай. На пакрыцьцё працэдураў, зьвязаных з выдачай дазволу на працаўладкаваньне, мясцовы Працоўны Офіс зьбірае ўнёсак у памеры 500 чэскіх кронаў.

Пасьля выдачы дазволу на працаўладкаваньне кампэтэнтны орган, мясцовы Працоўны Офіс, распачне адміністрацыйныя працэдуры, прысьвечаныя таму самаму прадмету, што і ў выпадку выдачы дазволу на найм працоўных з-за мяжы. Адміністрацыйны акт мусіць быць выдадзены замежніку, калі ёсьць зарэгістраваныя асобы, якія шукаюць працу, калі яны адпавядаюць патрабаваньням наймальніка, які дае працоўнае месца, а таксама калі гэта не супярэчыць інтарэсам працоўнага рынку ў Чэскай рэспубліцы.

Працоўны Офіс павінен дасьледаваць, ці сапраўды дадзеная вакансія ня можа быць дадзеная ўжо зарэгістраванай у Чэхіі асобе, якая шукае працу. Свабода гэтай вакансіі і праца правяраюцца двойчы: першы раз падчас працэдуры запыту дазволу на рэкрутаваньне працоўнага з-за мяжы, у другі раз падчас працэдуры абмеркаваньня выдачы дазволу на працаўладкаваньне. Адрозьненьне паміж азначанымі дзьвюма працэдурамі адносяцца толькі да характару заяўніка[6].

Замежнік мае права працаваць на падставе дазволу на працаўладкаваньне цягам азначанага пэрыяду часу, які адпавядае тэрміну кантракту працы, але ня больш за 1 год. Дазвол можа аднаўляцца на некалькі пэрыядаў некалькі разоў. Гэта таксама залежыць ад віду найму і месца працы.

Ажыцьцяўленьне працы без дазволу на працаўладкаваньне расцэньваецца як незаконная праца і ёсьць крымінальным правапарушэньнем[7]. Нягледзячы на папярэдні Закон аб занятасьці 1991 г., які прадугледзеў магчымасьць караць толькі працаўніка як парушальніка, Працоўны Офіс мае права ўскласьці штраф на наймальніка ў памеры 2 000 000 чэскіх кронаў у адпаведнасьці зь цяперашнім Законам аб занятасьці.

Умовы пражываньня для замежных грамадзянаў пералічаныя ў Законе No. 326/1999 Coll аб пражываньні замежных грамадзянаў на тэрыторыі Чэскай рэспублікі, які рэгулюе ўезд, пражываньне і выезд з тэрыторыі Чэхіі. Замежнік мусіць атрымаць так званы «дазвол на пражываньне», які ёсьць трэцім і звычайна апошнім патрабаваньнем для працы за мяжой. Дазвол неабходна атрымаць да прыбыцьця ў Чэхію[8].

Асобна ад прынцыпу, што кожны наймальнік мусіць мець дазвол на найм працоўных з-за мяжы і кожны замежнік — дазвол на працаўладкаваньне і пражываньне, стаіць цэлы шэраг выключэньняў для кожнага віду дазволу. Асаблівую цікавасьць уяўляе выключэньне, якое датычыць галоўнага мэнэджара, чый статут усталяваны прызначэньнем ці абраньнем[9].

Спэцыфічныя рысы ўладкаваньня на працу замежніка (калі гэтыя стасункі рэгулююцца чэскім правам) замацаваныя ў Працоўным Кодэксе і накіраваныя ў асноўным на ўсталяваньне[10] ці скасаваньне[11] працоўных дачыненьняў. Выняткі з гэтага агульнага рэгуляваньня можна знайсьці ў спэцыяльных законах. Напрыклад, Закон No. 61/2000 Coll аб марскім плаваньні зьмяняе ўмовы найму ў дачыненьні да каманды, якая працуе на борце. Адносна тэмы гэтага артыкула, асноўнае адрозьненьне становіць пазбаўленьне каманды неабходнасьці ў атрыманьні дазволу на працаўладкаваньне і пражываньне.

Адміністрацыйныя працэдуры, якія дазваляюць найм замежнікаў з-за мяжы, рэгулююцца перш за ўсё Законам аб занятасьці і Законам аб іміграцыі. Улічваючы спэцыяльны характар гэтых законаў, Адміністрацыйны Кодэкс мусіць прымяняцца ў той ступені, у якой недастаткова рэгуляваньне спэцыяльнымі законамі (субсыдыярнае рэгуляваньне).

 

 

 

 

Панятак боку ў адміністрацыйных працэдурах па працаўладкаваньні ў Чэскай рэспубліцы.

 

Агульнае азначэньне ўсіх адміністрацыйных працэдураў, якія не рэгулююцца асобна, замацаванае ў арт. 27 Адміністрацыйнага кодэксу. У адпаведнасьці зь ім, бокам ва ўсіх трох працэдурах, адпаведна зь якімі адбываецца рэкрутаваньне ды найм замежнікаў, ёсьць заяўнік. У працэдурах, што маюць справу з наймам і дазволам на жыхарства, — гэта замежнік, у трэцяй, апошняй, — наймальнік.

 

3.1. Кім ёсьць замежнік?

Заканадаўчае азначэньне замежніка існуе ў некаторых чэскіх законах, але неабходна заўважыць, што гэтыя азначэньні розьняцца адно ад аднаго. Закон аб занятасьці вызначае замежніка як асобу, што не зьяўляецца ні грамадзянінам Чэскай рэспублікі, ні Эўрапейскага Зьвязу, ні чальцом сям’і, што пражывае ў Чэхіі ці ЭЗ. Паводле Закону аб іміграцыі, кожная асоба, якая не зьяўляецца грамадзянінам ні Чэскай рэспублікі, ні Эўрапейскага Зьвязу ёсьць замежнікам. Іншае азначэньне можна знайсьці ў частцы 9 дадатку да статуту № 634/2004 Coll датычна адміністрацыйных збораў. Замежнікам тут завецца толькі такая асоба, якая абавязаная атрымаць дазвол на найм для працы ў Чэскай рэспубліцы.

Зыходзячы з часткі 3 (1) Закону аб занятасьці, замежнік можа выступаць у якасьці боку ў працэдуры па рэкрутаваньні ці найме працаўніка з-за мяжы, толькі калі ён здольны быць нанятым на тэрыторыі Чэхіі. Ніякай дадатковай інфармацыі Закон ня ўтрымлівае. Ёсьць толькі заўвага напрыканцы часткі 3 (1), якая адсылае да часткі 11 чэскага працоўнага кодэксу. Тым жа часам, згодна з рашэньнямі Канстытуцыйнага суду, заўвагі мусяць прымяняцца толькі ў мэтах тлумачэньня, што вымушае нас прымаць да ўвагі іншыя нормы чэскага заканадаўства. Замежнік уяўляе зь сябе так званы «замежны элемэнт». Адпаведна, у юрыдычным аспэкце пры кіраваньні падобнымі стасункамі перавагу маюць нацыянальныя законы. Напрыклад, здольнасьць украінскага працаўніка ўладкавацца на працу ў Чэскай рэспубліцы можа быць урэгуляваная ўкраінскім ці чэскім законам у выпадку адсутнасьці адпаведнай міжнароднай дамовы.

У Чэскай рэспубліцы калізія законаў урэгуляваная статутам № 97/1963 Coll. У міжнародным прыватным праве і працэсуальным праве гэты статут будзе прымяняцца да дачыненьняў па найме і да іншых падобных дачыненьняў з замежным элемэнтам, калі адсутнічае адпаведная міжнародная дамова. Згодна з арт. 3 (1) CLA, праваздольнасьць рэгулюецца законам краіны, грамадзянінам якой зьяўляецца замежнік. Калі замежнік зьдзяйсьняе юрыдычны акт на тэрыторыі Чэскай рэспублікі, то дастаткова, каб ён валодаў правам на зьдзяйсьненьне такога акту паводле заканадаўства Чэхіі.

Праблема ўзьнікае ў сытуацыі, калі надзяленьне замежніка правам на працу ўлучанае ў сфэру публічнага права, дзе паводле агульнага правіла прымяненьне замежнага права пры рэгуляваньні нацыянальных дачыненьняў немагчымае. Тым ня менш, нам бы хацелася падкрэсьліць, што Закон аб занятасьці сам па сабе не вызначае праваздольнасьці. Ён пакідае гэтае рэгуляваньне іншаму закону, што належыць да грамадзянскага заканадаўства. У дадатак Вярхоўны Суд вырашыў, што рэкрутаваньне ці найм замежніка, у тым ліку выдача дазволаў, мусіць рэгулявацца Coll.

Такім чынам, мы маем дзьве супярэчлівыя нормы, што рэгулююць праваздольнасьць найміта. Першая ўтрымліваецца ў Працоўным кодэксе і надзяляе праваздольнасьцю кожную фізычную асобу, што дасягнула 15 год. Другая норма, арт. 3 (1), адсылае да нацыянальнага заканадаўства замежніка. Гэтая калізія закона мусіць быць разьвязаная з дапамогай арт. 11 (2) Працоўнага кодэксу. Тут замацаваная забарона дзіцячай працы датычна кожнай фізычнай асобы, якая не дасягнула 15 год і ня скончыла абавязковай базавай школы. Асобы, што не адпавядаюць згаданым у папярэднім сказе крытэрам, лічацца дзецьмі і маюць права зьдзяйсьняць акты толькі ў галіне мастацтва, спорту ці рэклямы (гл. арт. 121 Закону аб занятасьці).

Мэтай арт. 11 (2) Працоўнага кодэксу ёсьць ахова інтарэсаў бакоў, але ён таксама стварае падмурак грамадзтва цалкам. Калі прынцып свабоды дамоваў у дачыненьнях з замежным элемэнтам абмяжоўваецца публічным парадкам, які не дазваляе закранутым бакам вызначаць сутнасьці праваздольнасьці найміта, адпаведна той самы прынцып мусіць абмяжоўваць прымяненьне замежнага права. Іншы аргумэнт, што абмяжоўвае прымяненьне замежнага права, палягае ў тым, што законная дзіцячая праца павінна быць дазволеная мясцовым Бюро па працы (тэрытарыяльны прынцып). Таму арт. 11 (2) Працоўнага кодэксу ёсьць імпэратыўнай нормай, прымяненьне якой ня можа быць абмежаванае нават у кантэксьце прымяненьня арт. 3 (1) CLA.

 

3.2. Панятак боку ў працэсе па найме працаўніка з-за мяжы

Перадусім наймальнік, што мае намер наняць замежніка, абавязаны атрымаць дазвол на рэкрутаваньне асобаў з-за мяжы. Гэты адміністрацыйны дакумэнт выдаецца мясцовым Бюро па працы пасьля звычайнай адміністрацыйнай працэдуры. Закон аб занятасьці вызначае наймальніка як адзіную закранутую асобу ў працэсе. Аднак мы мусім улічваць, што адмоўнае рашэньне Бюро па працы забараняе замежніку атрыманьне двух з трох дазволаў, што звычайна патрабуюцца пры ягоным найме на працу (дазвол на найм і дазвол на жыхарства). Гэта зьвязана са шчыльнай сувязьзю абедзьвюх працэдураў: працэдуры па атрыманьні дазволу на рэкрутаваньне працаўніка з-за мяжы і працэдуры па атрыманьні дазволу на найм, вельмі падобнымі адна да адной. Рашэньне, прынятае Бюро па працы аб выдачы ці нявыдачы дазволу на рэкрутаваньне працаўніка з-за мяжы, азначае прыняцьце адміністрацыйным органам аналягічнага рашэньня ў гэтай самай справе ў будучым. Гэтае правіла замацаванае ў арт. 2 (4) Адміністрацыйнага кодэксу.

Той факт, што ў Чэскай рэспубліцы існуюць дзьве працэдуры з адным прадметам, выклікае вялікую колькасьць праблемаў, як абмежаваньне магчымасьцяў аплікаваньня, эстопэль «res judicata» ў гэтых працэдурах (гл. главу 4). Тым ня менш, выкананьне замежнай асобай працы без наяўнасьці атрыманага ягоным наймальнікам дазволу на рэкрутаваньне працаўніка з-за мяжы не зьяўляецца правапарушэньнем паводле Закону аб занятасьці.

Яшчэ адным доказам сувязі паміж працэдурай па атрыманьні дазволу на рэкрутаваньне працаўніка з-за мяжы і юрыдычнага статусу асобнага працаўніка зьяўляецца той факт, як пабудаваныя выняткі з правілаў. Яны зьвязаныя ці з заняткам замежніка, ці зь месцам працы, якое мусіць быць занятае (гл. зноску № 11).

Такім чынам, замежнік, які мае намер уладкавацца на працу ў Чэскай рэспубліцы, ёсьць асобай, для якой мае значэньне, якое рашэньне прынятае па працэдуры выдачы дазволу на рэкрутаваньне працаўніка з-за мяжы, нават калі такі дазвол ці адмова выдадзеныя, у наўпроставым сэнсе, ня супраць яго асабіста. Хоць Адміністрацыйны кодэкс не пазначае замежніка як бок у працэсе, чэскі Адміністрацыйны кодэкс, чые нормы мусяць быць выкарыстаныя ў якасьці дадатковых, выкарыстоўвае панятак так званага «зацікаўленага боку». Зацікаўлены бок — гэта перадусім кожная асоба, якая ў абавязковым парадку падзяляе свае правы ці абавязкі з заяўніком, і, па-другое, чый юрыдычны статус можа быць непасрэдна закрануты выдадзеным рашэньнем.

У адпаведнасьці з чэскай юрыдычнай тэорыяй, сувязь паміж наймальнікам, які мае жаданьне наняць замежніка, і самім замежнікам не дастаткова шчыльная, каб быць названай абавязковым партнэрствам у сэнсе папярэдняга сказу. Абавязак па атрыманьні дазволу на рэкрутаваньне працаўніка з-за мяжы цалкам ляжыць на наймальніку.

Таму, тут неабходна сканцэнтраваць увагу на іншай катэгорыі. Вырашальным крытэрам тут зьяўляецца ступень юрыдычнай зацікаўленасьці замежніка ў выніку адміністрацыйнай працэдуры. Безумоўна, яна адрозьніваецца ў кожным выпадку. Але ў сытуацыі наяўнасьці дзьвюх асобных працэдураў з адным прадметам на працоўным рынку (як ужо было пазначана раней) замежнік павінен быць зацікаўлены ва ўмацаваньні пазыцыяў свайго наймальніка (то бок павінен валодаць асаблівымі якасьцямі ці ведамі).

Калі Бюро па працы вызначыла ўдзел замежнай асобы ў працэдуры неабавязковым, яно павінна даць афіцыйнае рашэньне па дапушчальнасьці прысутнасьці замежніка. Замежнік можа абскардзіць яго, але працэс будзе працягвацца нават у выпадку ягонай адсутнасьці. Калі скарга будзе задаволеная, а замежнік будзе выключаны з працэсу, ён губляе магчымасьць прымаць дзеяньні, якія ён/яна мог прыняць у выпадку іншага выніку, замежнік надзяляецца правам зьдзяйсьняць такія дзеяньні на працягу пятнаццаці дзён, пачынаючы з дня, калі ён даведаўся аб рашэньні органа, у які ён скардзіўся.

 

III.3 Канцэпт занятасьці

 

Ажыцьцяўленьне працы (па-чэску “zaměstnání”) вельмі шчыльна зьвязана з пэўнымі патрабаваньнямі да атрыманьня дазволаў, аб якіх ішла гаворка вышэй. Праўнае азначэньне занятасьці замацавана ў Законе аб Занятасьці і аб’ядноўвае тры асобныя тыпы працы на тэрыторыі Чэхіі — заўсёдная праца (1), выкананьне простых абавязкаў (2) і дапамога іншым працоўным (3).

1)                 Як і ў іншых замежных заканадаўствах, напрыклад, Нямеччыны ці Аўстрыі, неабходнасьць дазволаў датычыць, у першую чаргу, так званага «залежнага працаўладкаваньня». Яго канцэпцыя была распрацаваная шэрагам судовых рашэньняў; яго дэфініцыя цяпер выкладзеная ў новым Працоўным Кодэксе (закон № 262/2006 Coll.): “Праца, што выконваецца работнікам пад наглядам працадаўцы, калі праца выконваецца работнікам пэрсанальна, адпаведна з інструкцыямі працадаўцы, ад яго імя, за ўзнагароду, у працоўны ці ў іншы абумоўлены час, на працоўным ці іншым абумоўленым месцы, за кошт працадаўцы і пад яго адказнасьць”.

2)                 Паводле арт. 89 Закону аб Занятасьці, каб пазьбегнуць далейшага парушэньня закону[12], панятак «занятасьць» яднае выкананьне простых абавязкаў, прапанаваных партнэрам, органам кіраўніцтва, чальцом карпаратыўнага органу ці чальцом кампаніі (ці іншымі службовымі асобамі — глядзі адпаведную главу). Панятак «простыя абавязкі» замацаваны ў арт. 13(2) Закону аб Занятасьці, каб забараніць нелегальную працу. Аднак сам арт. 89 датычыць толькі прымяненьня гэтага палажэньня. Пад гэты панятак падпадаюць абавязкі, што вынікаюць з прадмету бізнэсоўца ці карпарацыі, якія шчыльна зьвязаныя з вытворчасьцю і адміністраваньнем прадукцыі ці паслугаў, а таксама дзейнасьць, якая падпадае пад гэтыя ж нормы рэгуляваньня. Гэтыя абавязкі павінны ажыцьцяўляцца ад імя працадаўцы, пад яго адказнасьць і на спэцыяльна прыстасаваным месцы[13].

Суды праз свае рашэньні фармуюць межы магчымых прадметаў бізнэсу, які ў любым выпадку павінен быць зарэгістраваны ў адпаведным дзяржаўным рэестры. Толькі ў выпадку існаваньня далейшай сувязі зарэгістраванага прадмета бізнэсу і дзейнасьцю, якая разглядаецца судамі, працадаўца мае права самастойна вырашаць, якім чынам кіраваць ажыцьцяўленьнем гэтай дзейнасьці[14].

3) Дазвол на працаўладкаваньне патрабуецца і ў выпадку, калі замежны грамадзянін хоча працаваць у Чэхіі на замежнага працадаўцу, які наймае замежніка на працу ў Чэхіі на падставе камэрцыйнай ці іншай дамовы з чэскай фізычнай ці юрыдычнай асобай.

Іншыя формы эканамічнай актыўнасьці, што ажыцьцяўляецца на тэрыторыі Чэхіі, напрыклад, дабрачынная дзейнасьць, праца па камэрцыйных кантрактах і г. д., не рэгулююцца Законам аб Занятасьці, але гэта ня значыць, што яны забароненыя.

 

IV. Ці гарантуецца дазвол на працаўладкаваньне ipso facto?

 

Паводле арт. 92 Закону аб Занятасьці, неграмадзянін, які адпавядае патрабаваньням, выкладзеным у законе, «могуць» \хіба “можа”? а ня могуць\ атрымаць дазвол на працаўладкаваньне. Аднак канцэпт двух працэдураў, што зьвязаны з так званым тэстам рынку працы, прыводзіць да ўзьнікненьня законнага пытаньня: наколькі выдача дазволу на найманьне замежнай працоўнай сілы абавязкова для Працоўнай службы, якая будзе кіраваць выдачай тады, калі дазвол атрымае статут \статус?\ res judicata.

Падставай для нашых разважаньняў ёсьць адсутнасьць адпаведнага кіраваньня ў арт. 51(2) закону аб Занятасьці. У гэтым палажэньні недвухсэнсоўна пазначана, што замежнік ня мае права патрабаваць дазволу на пражываньне. Гэта было зацьверджана рашэньнем Вярхоўнага Суду ад 16 кастрычніка 2002 г., 2 As 29/20032 As 29/2003, публікацыя ў Sbírce rozhodnutí Nejvyššího správního soudu, 2004, №.5, ст. 522. Але гэта пытаньне яшчэ не было канчаткова вырашана судом.

Закон аб Занятасьці 1991 г. у арт. 1 вызначыў, што кожны грамадзянін Чэскай Рэспублікі мае права мець працу. Гэта гарантуецца дзяржавай. Сучасны Закон аб Занятасьці пазначае, што кожная фізычная асоба, а ня толькі грамадзянін, можа быць суб’ектам працаўладкаваньня, калі яна адпавядае тром крытэрам: здольнасьць да працы, жаданьне працаваць і сапраўдны пошук працы. Стан рэчаў ускладняецца толькі патрабаваньнем атрымаць дазвол. Аднак гэты заканадаўчы акт толькі акрэсьлівае само патрабаваньне і не адмаўляе ў існаваньні права. Апроч таго, гэта норма закону можа часткова супадаць з палажэньнямі Адміністрацыйнага Кодэксу. Калі Працоўная служба праз працэдуру працоўнага тэсту зацьвердзіла існаваньне неабходнасьці прыцягненьня замежнай працоўнай сілы і сытуацыя не зьмянілася, не існуе падставаў для адмаўленьні асобе ў выдачы дазволу на працаўладкаваньне.

           

V. Заключэньне

 

Гэты артыкул датычыць некалькіх праблемаў, што вынікаюць з таго факту, што замежныя грамадзяне — не грамадзяне краінаў ЭЗ і ня іхныя сваякі — ня маюць права на пражываньне і неабмежаванае права працаваць на тэрыторыі Чэхіі і адпаведна ня маюць поўнай свабоды жыць і працаваць там без дазволу службаў іміграцыі.

Асноўны дакумэнт, які рэгулюе доступ да чэскага рынку працы, — гэта Закон аб Занятасьці № 435/2004. Умовы пражываньня замежных грамадзянаў пазначаныя ў Законе аб пражываньні замежных грамадзянаў на тэрыторыі Чэскай Рэспублікі № 326/1999. замежныя грамадзяне (і асобы без грамадзянства) могуць уладкоўвацца на працу на тэрыторыі Чэхіі, калі іх будучы наймальнік атрымаў «дазвол на найманьне замежных працоўных» і адпаведна яны самі атрымалі дазвол на працу і дазвол на пражываньне.

Гэта патрабаваньне замацавана ў арт. 3 Закону аб Занятасьці. Згодна з гэтым палажэньнем, замежны грамадзянін можа стаць працоўным у Чэхіі толькі калі ён валодае законным правам замаўляць працоўны кантракт. Аднак пытаньне здольнасьці самім законам не вырашаецца. Акт толькі выкарыстоўвае спасылку на арт. 15 Працоўнага кодэксу Чэхіі. У адпаведнасьці з рашэньнем Канстытуцыйнага Суду Чэхіі, спасылкі ня ёсьць часткай агульназабавязваючага нарматыўнага акту, яны маюць толькі тлумачальную функцыю. Такім чынам, улічваючы тое, што замежны грамадзянін ёсьць замежным элемэнтам праваадносінаў, нас цікавіць, ці будзе выкарыстоўвацца нацыянальнае права замежніка, на якое спасылаецца чэскае міжнароднае прыватнае права ці Працоўны Кодэкс Чэхіі. Тым ня менш, раз адпаведныя нормы чэскага права абавязковыя і замацоўваць забарону дзіцячай працы, прымяненьне замежнага права, якое можа супярэчыць чэскаму разуменьню праваздольнасьці замежнікаў, немагчымае.

У працэдурах атрыманьня «дазволу на найманьне замежных працоўных» і атрыманьня дазволу на працу, падставовым ёсьць вырашэньне аднолькавага фактычнага пытаньня. Тым ня менш, Працоўная служба падыходзіць да яго вырашэньня з двух розных бакоў. У першым Працоўная служба мусіць зацьвердзіць, што працадаўца сапраўды мае вольнае працоўнае месца, якое ня можа быць занятае грамадзянінам Чэхіі. У другім Працоўная служба высьвятляе, ці замежны грамадзянін сапраўды падае заяўку на працоўнае месца, якое дзякуючы адпаведнай кваліфікацыі ці недахопу кадраў ня можа быць занятае іншымі асобамі. Аўтар гэтага артыкула ўпэўнены, што, ня лічачы вялікага прыбытку ад мытаў (адміністрацыйнае мыта накладаецца на кожную працэдуру), толькі магчымасьць ствараць розныя правілы для розных катэгорыяў працы ці замежных працоўных пры атрыманьні абодвух тыпаў дазволу можа лічыцца аргумэнтам у падтрымку гэтага патрабаваньня. Зь іншага боку, чэскі рынак працы можа разьвівацца і розныя схемы па яго ахове могуць ажыцьцяўляцца толькі ў межах рознаўзроўневага абавязаньня атрымліваць дазвол. Пры гэтым замежны працоўны павінен атрымліваць дазвол на працаўладкаваньне заўсёды.

Напрыканцы перад намі паўстае даволі спрэчнае пытаньне: ці мае замежны грамадзянін, які цалкам адпавядае ўсім патрабаваньням заканадаўства, права на атрыманьне дазволу на працаўладкаваньне ці не?

Праўнае рэгуляваньне працаўладкаваньня замежнікаў стварае дынамічны шэраг правілаў, важнасьць якіх на працягу апошніх гадоў толькі расьце. Але ці адпавядае гэты імклівы рост зьменам у грамадзтве і эканоміцы Чэскай Рэспублікі?



[1] Статыстычныя дадзеныя канца 2004 г. паказваюць, што больш за 173 200 замежнікаў мелі на законных падставах месца працы ў Чэхіі. Амаль палова зь іх, 85 891 чалавек, зьяўляліся грамадзянамі Эўрапейскага Зьвязу. Самая меншая частка замежных працоўных з не ЭЗ-краінаў паходзілі з Украіны. Гл.: Kol. Autorů: Cizinci v České republice za rok 2005. Praha: Český statistický úřad, 2005. Кніга даступная на http://www.czso.cz/csu/edicniplan.nsf/publ/1414-05-za_rok_2005. Колькасьць замежных працоўных на тэрыторыі Чэхіі пастаянна ўзрастае з 1989 г.

[2] Панятак “працэдураў, накіраваных на атрыманьне дазволу на рэкрутаваньне і найм замежнікаў зь іншых краінаў” выкарыстоўваецца як абагульняючы панятак для трох асобных адміністрацыйных працэдураў, зьвязаных з падачай заявы на атрыманьне дазволу на рэкрутаваньне працоўных за мяжой, дазволу на найм і на пражываньне. У сувязі са спецыфічнай заканадаўчай сытуацыяй у Чэскай рэспубліцы гэтыя тры працэдуры ці, дакладней, адміністрацыйныя акты, якія вынікаюць з гэтага, утвараюць “ланцуг”. Яны зьвязаныя паміж сабой; папярэдні акт абумоўлівае наступны. Гл., напрыклад: Hendrych, D. Správní právo: Obecná část. [Administrative Law: General Part] 5th issue. Prague: C. H. Beck, 2003. P. 154.

[3] Невыкананьне гэтага правіла ёсьць крымінальным парушэньнем і караецца штрафам у 500 000 чэскіх кронаў.

[4] Панятак “асоба, якая шукае працу” азначаны ў арт. 24 Закону аб занятасьці як “асоба, якая падае заяву ў кампэтэнтны Працоўны Офіс для пасярэдніцтва ў пошуку працы і зьяўляецца беспрацоўнай, якая падобным чынам ужо працавала ці не была ўладкаваная на працу, ці зьяўлялася студэнтам (і адпавядае іншымя ўмовам, пачначаным у Законе аб занятасьці), і якая мусіць быць зарэгістраваная ў спэцыяльным рэгістры. Замежнікі ня выключаныя са сфэры дзеяньня гэтага Закону, аднак азначэньне замежніка з пазыцыі “асобы, якая шукае працу” абмежаванае арт. 5(b) Закону аб занятасьці няпрама. Ён/яна мусіць мець права на рэгістрацыю.

[5] Заява мусіць падавацца ў той Працоўны Офіс, рэгуляваньне якога ахоплівае тую сфэру, дзе працоўны будзе працаваць.

[6] Нягледзячы на сучаную тэндэнцыю сымпліфікацыі, якую можна ўбачыць, напрыклад, у Нямеччыне (гл.: Mastmann, G.; Oberwinter, J.W. Vorübergehender Einsatz ausländischer Mitarbeiter // Arbeit und Arbeitsrecht. 2005. № 1. S. 24 et seq.), чэская іміграцыйная сыстэма настойвае на захаваньні складанай сыстэмы трох узаемазьвязаных працэсаў, якія адлюстроўваюць стан 1991 г., калі краіна прыцягвала зусім невялікую колькасьць мігрантаў.

[7] Канцэпцыя “незаконнай працы” была створаная з мэтай стварыць магчымасьць пакараньня тых, хто парушае законы (у асноўным Закон аб занятасьці) і азначаная ў арт. 5 п. “е” Закона аб занятасьці як 1) эксплюатацыя асобы, якая забяспечвае выканаьне паслугаў ці працы для наймальніка за заработную плату ці іншую ўзнагароду, калі кантракт мае наўвеце, што працоўны ёсьць незалежным бокам; ці 2) найм замежніка, які не адпавядае ўмовам, пазначаным у дазволе на працаўладкаваньне і пражываньне, ці факт найму замежніка без азначаных дазволаў.

[8] Гл. арт. 27 (2), 31 (2), 35 (2), 44 (5) Lit. e), 46 (3) і 70 (4) Закону аб іміграцыі.

[9] Выключэньні з правілаў кантролю працоўнага рынку праз патрабаваньне дазволу на найм працоўных з-за мяжы маюць шчыльную сувязь з характарам дазволу на працаўладкаваньне ці з самой асобай замежніка. Існуюць наступныя выключэньні: 1) у дачыненьні да тых, каму дазвол на працаўладкаваньне падораны ў незалежнасьці ад сытуацыі на працоўным рынку (арт. 97 Закону аб занятасьці); 2) для тых, хто “вызвалены ад дазволу на працаўладкаваньне” (арт. 98 Закону аб занятасьці); для партнэраў, чальцоў узаконенага органу ці чальцоў карпарацыйнай арганізацыі, ці чальцоў партнэрскага ці іншага офісу, пазначаных у арт. 89 Закону аб занятасьці. Дазвол на працаўладкаваньне не патрэбны таксама замежным грамадзянам, у якіх ёсьць дазвол на пастаяннае пражываньне на тэрыторыі Чэскай рэспублікі, якім быў дадзены прытулак, ці чыё знаходжаньне ў офісе не перавышае 7 каляндарных дзён запар ці ўсяго 30 дзён за 1 каляндарны год, калі асоба зьяўляецца: артыстам, пэдагогам, супрацоўнікам унівэрсытэту, навукоўцам ці чальцом дасьледчай групы, якая бярэ ўдзел у навуковай канфэрэнцыі ці сустрэчы, студэнтам ці вучнем да 26 год, спартоўцам, асобай, якая забясьпечвае пастаўку тавараў ці паслугаў у Чэскую рэспубліку ці асобай, якая забясьпечвае пастаўку такіх тавараў і паслугаў, ці асобай, якая выконвае працу па зборцы на падставе камэрцыйнага пагадненьня ці якая выконвае гарантыйную ці рамонтную працу.

[10] У адпаведнасьці з Канцэпцыяй працы Чэхіі, найм ня мае права быць без атрыманьня дазволу на працаўладкаваньне. Гл.: Leiblová, Z. Zákon o zaměstnanosti včetně prováděcích předpisů k 1.3.2005 [Закон аб занятасьці, другое рэгуляваньне], 2nd edition, Nakladatelství ANAG. P. 77 et seq.

[11] Калі пагадненьне не скасаванае іншым чынам, найм замежніка ці нацыянальнага працоўнага мусіць скончыцца ў адпаведнасьці з арт. 42(3) Працоўнага Кодэксу а) у дзень, калі знаходжаньне асобы на тэрыторыі Чэхіі ў адпаведнасьці заканчваецца згодна з дазволам на пражываньне; b) у дзень, калі перамяшчэньне асобы за межы Чэскай рэспублікі набывае законную сілу.

[12] Гл. рашэньне Вярхоўнага Адміністрацыйнага суду ад 18.12.2003, 6 A 45/2001, публікацыя ў: Sbírka rozhodnutí Nejvyššího správního soudu. 2004. № 4. С. 293.

[13] Існуюць рашэньні судоў у наступных пытаньнях: 1) продаж бэнзіну заправачнымі станцыямі: Канстытуцыйны суд, рашэньне ад 14.05.2001, ІІ ÚS 304/98, публікацыя ў: Coll.US. Vol. 21. P. 391; 2) выкананьне экскурсійнай дзейнасьці турысцкімі агенцыямі: Вярхоўны суд, рашэньне ад 17.12.2003, публікацыя ў: Sbírka rozhodnutí Nejvyššího správního soudu. 2004. № 4. С. 329.

[14] Гл. рашэньне Вярхоўнага суду ад 08.03.2005, 21 Cdo 2137/2004, публікацыя ў: Sbírka soudních rozhodnutí a stanovisek. 2006. № 3. С. 273—272.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!