Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Злосныя мусульмане Эўропы | Робэрт С. Лікэн | 12.8.2006

Пераклад друкуецца з дазволу Foreign Affairs.

Copyright © 2005 by the Council on Foreign Relations. Inc.

Гэты артыкул пад назвай “Europe’s Angry Muslims” быў апублікаваны ў часопісе Foreign Affairs, vol.84 №4 (ліпень-жнівень 2005 году).

Тэлеканал Fox News і вядучы CNN Лоў Добс выказваюць занепакоенасьць што да тэрарыстаў, якія цягаюцца таемна праз амэрыканска-мэксыканскую мяжу, схаваўшыся сярод масы нелегальных імігрантаў. Пэнтагон вядзе вайну на Блізкім Усходзе, каб спыніць тэрарыстычныя напады на Злучаныя Штаты. Тым часам супрацоўнікі Дэпартамэнту нацыянальнае бясьпекі ЗША сьняць іншы кашмар, прычынай якога - муджагеды з Заходняй Эўропы, уладальнікі пашпартоў эўрапейскіх краін-хаўрусьніц, якім не патрэбная віза, каб трапіць у ЗША.

Сетка джыгадысцкіх арганізацыяў ахоплівае ўвесь эўрапейскі кантынэнт - ад Польшчы да Партугаліі. Гэта сталася магчымым дзякуючы распаўсюджаньню радыкальнага ісламу сярод нашчадкаў тых гасьцёвых рабочых з калёній, якія колісь былі нанятыя на працу ў мэтраполію і ў свой час спрычыніліся да “эканамічнага цуду” - аднаўленьня пасьляваеннай эканомікі Эўропы. У задымнёных кавярнях Ратэрдаму й Капэнгагену, самаробных малітоўных залях Гамбургу й Брусэлю, ісламскіх кнігарнях Бэрмінгэму й “Лёнданістану”, у турмах Мадрыду, Міляну й Марсэлю імігранты ды іх дзеці дабраахвотна далучаюцца да джыгаду супраць Захаду. Менавіта галяндзкі мусульманін мараканскага паходжаньня, які нарадзіўся й гадаваўся ў Эўропе, забіў у Амстэрдаме рэжысэра Тэа ван Гога ў мінулым лістападзе [2004 году]. Аналіз дадзеных на 373 муджагедаў з Заходняй Эўропы і Паўночнай Амэрыкі, праведзены Цэнтрам Ніксана ў 1993-2004 гадох, выявіў сярод іх удвая больш французаў, чымся грамадзянаў Саудаўскай Арабіі, і больш брытанцаў, чымся грамадзянаў Судану, Емэну, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Лібану ці Лібіі. Кожнае чацьвертае імя ў гэтым сьпісе належыць грамадзянам краінаў Заходняй Эўропы, якія маюць права на бязьвізавы ўезд у ЗША.

Усё большая колькасьць дамарослых муджагедаў у эўрапейскіх дзяржавах пагражае як Злучаным Штатам, так і самай Эўропе. Між тым, гэты трывожны званочак так і ня быў пачуты на эўрапейска-амэрыканскай “сустрэчы замірэньня” леташняй зімой. Ні прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, ні дзяржсакратарка Кандаліза Райз не закранулі гэтай агульнай для ўсіх праблемы. Тым часам яе вырашэньне павінна прыцягваць да сябе самую пільную ўвагу, пагатоў што сумесная дзейнасьць па ўстараненьні гэтай пагрозы магла б паспрыяць ўмацаваньню салідарнасьці краінаў Захаду.

Твая зямля – мая зямля

Масавая іміграцыя мусульманаў у Эўропу сталася незаплянаваным вынікам ажыцьцяўленьня праграмаў гасьцёвых рабочых. Карыстаючыся падтрымкай і спачуваньнем некаторых палітыкаў і суддзяў, замежныя рабочыя, якія, як меркавалася напачатку, павінны былі знаходзіцца ў Эўропе часова, скарысталіся праграмамі ўзьяднаньня сем’яў і атабарыліся тут назаўжды. Зь некалькіх пасьлядоўных хваляў імігрантаў сфармавалася вялікае мора іх нашчадкаў. На сёньня мусульмане складаюць бальшыню сярод імігрантаў у большасьці заходнеэўрапейскіх краінаў, у тым ліку ў Бэльгіі, Францыі й Нідэрляндах, а ў Вялікай Брытаніі яны зьяўляюцца найвялікшым складнікам імігранцкай абшчыны. Дакладныя лічбы вызначыць цяжка, бо перапісы насельніцтва ў заходніх краінах рэдка калі зьмяшчаюць пытаньне пра веравызнаньне рэспандэнтаў, але па агульных падліках, колькасьць мусульманаў, якія называюць Эўропу сваім домам, вагаецца ад 15 да 20 мільёнаў чалавек, што складае ад 4 да 5 адсоткаў насельніцтва кантынэнта. (Колькасьць мусульманаў у ЗША не пераўзыходзіць трох мільёнаў і складае менш за два адсоткі насельніцтва краіны). Найбольшая доля мусульманаў у агульнай колькасьці насельніцтва зафіксаваная ў Францыі, дзе яна складае прыкладна 7-10 адсоткаў. За Францыяй ідуць Нідэрлянды, Нямеччына, Данія, Швэцыя, Вялікая Брытанія й Італія. Зважаючы на няспынны працэс іміграцыі й высокую нараджальнасьць сярод мусульманскага насельніцтва, паводле прагнозу Нацыянальнай Рады па выведцы, колькасьць мусульманаў у Эўропе да 2025 году падвоіцца.

У адрозьненьне ад мусульманаў у Злучаных Штатах, якія прыяжджалі ў велічэзную краіну, збудаваную імігрантамі, у Эўропу большасьць мусульманаў трапіла толькі пасьля Другой сусьветнай вайны, групуючыся ў невялічкіх культурна аднародных анклявох. Іх наплыў стаўся абсалютна новай зьявай для многіх эўрапейскіх дзяржаваў і часьцяком адмоўна ўспрымаўся жыхарамі прымаючых краін. Акрамя гэтага, выхадцы з краінаў Паўночнай Афрыкі захоўваюць тут неразрыўную повязь з роднай культурай, да якой імігранты ставяцца зь вялікім замілаваньнем. Калі амэрыканскія мусульмане геаграфічна расьцярушаныя па ўсёй краіне, этнічна вельмі разнастайныя, і да таго ж адносна заможныя, іх эўрапейскія адзінаверцы грамадзяцца разам з суайчыньнікамі ў шэрых замкнёных абшчынах: альжырцы ў Францыі, мараканцы ў Гішпаніі, туркі ў Нямеччыне, пакістанцы ў Вялікай Брытаніі.

Уплыў мусульманскай дыяспары ў Эўропе ўжо цяпер нашмат больш відавочны, чымся ўплыў лацінаамэрыканцаў у ЗША. У адрозьненьне ад этнічнай супольнасьці так званых лацінасаў у Злучаных Штатах, якая ёсьць стракатай мяшанкай з прадстаўнікоў розных нацыянальнасьцяў, мусульмане Заходняй Эўропы больш выразна адчуваюць і ўсьведамляюць сваю адметнасьць, падтрымліваюць высокую самаарганізаванасьць і ў значна большай ступені схільныя дэманстраваць сваю незадаволенасьць. Эўрапейскія краіны, ня маючы досьведу інтэграваньня ў сваё грамадзтва чужынцаў, сутыкнуліся сёньня з плыньню імігрантаў, якія зацята трымаюцца свайго, не-эўрапейскага, ладу жыцьця. Гэты канфлікт спарадзіў эўрапейскі вырыянт таго, што францускі дасьледчык Аліўе Рой (Olivier Roy) назваў “глябалізаваным ісламам”: ваяўнічы ісламскі супраціў дамінаваньню Захаду, антыімпэрыялізм побач з прапагандай рэлігійнага адраджэньня.

Як зазначыў францускі вучоны Жыль Кепэль (Gilles Kepel), “ані кроў, пралітая паўночнаафрыканскімі мусульманамі, якія змагаліся пад францускімі сьцягамі ў абедзьвюх сусьветных войнах, ані пот рабочых-імігрантаў, што, жывучы ў невыносных варунках, за грашы адбудавалі наноў Францыю (і ўсю Эўропу) пасьля 1945 году, не зрабілі іх дзяцей... паўнавартасна эўрапейскімі грамадзянамі”. Таму й ня дзіўна, што радыкальны лідэр Зьвязу ісламскіх арганізацыяў Францыі, групоўкі, якая мае цесныя стасункі з “Братамі-мусульманамі”, кідае абразы на адрас сваёй новай радзімы: “О, добрая Францыя! Ці ты ўражаная тым, што так шмат тваіх дзяцей натхнёна выкрыкваюць зьедлівае  naal bou la France (дручма Францыю) і клянуць тваіх Бацькоў?”

Як сьледства дэмаграфічных, гістарычных і ідэалягічных чыньнікаў, а таксама адмысловай палітыкі ўладаў, у Заходняй Эўропе высьпела маладое пакаленьне часьцяком пакрыўджаных на свой лёс мусульманаў, якія па пашпарце зьяўляюцца грамадзянамі эўрапейскіх краін, але ў культурным і сацыяльным пляне застаюцца чужымі. У прыступе нейкага забыцьця, калі акадэмічныя колы Эўропы абмяркоўвалі былі пастулят аб неактуальнасьці сёньня такога панятку, як “нацыянальная дзяржава”, Заходняя Эўропа замест былой каляніяльнай імпэрыі атрымала нешта кшталту ўнутранай калёніі, колькасьць насельніцтва якой падобнае да насельніцтва Сырыі. Шмат хто зь яе прадстаўнікоў жадае інтэгравацца ў грамадзтва эўрапейскіх народаў й выкарыстаць свой шанец ускараскацца па сьлізкай сацыяльнай лесьвіцы. Аднак шмат хто з маладых мусульманаў сёньня ўжо не пагаджаецца з сваім статусам меншасьці, на які ўчора вымушаныя былі пагадзіцца іх бацькі. Непрадказальнасьць сытуацыі, у якой эўрапейскі натывізм спалучаецца з дысыдэнцкімі настроямі імігрантаў, пагражае так званай “бясьпецы соцыюму”, згодна з вызначэньнем  данскага сацыёляга Оле Ўайвэра (Ole Waever), ці нацыянальнай еднасьці грамадзтва. Становішча пагаршаецца яшчэ й тым, што сама ізаляцыя дыяспараў адбіваецца на ўнутраным жыцьці абшчынаў, скажае і ўскладняе іх унутраныя працэсы, што й дазваляе муджагедам знаходзіць тут фінансавую падтрымку, свабодна рэкрутаваць у свае шэрагі новых сябраў й весьці падрыхтоўку джыгадыстаў – раскоша, якую муджагеды могуць сабе дазволіць у ня шмат якіх мусульманскіх краінах.

З разьвіцьцём падобных тэндэнцыяў пры канцы 1990-х гадоў нават эўрапейцы лібэральных перакананьняў пачалі пераглядаць сваё стаўленьне да іміграцыі. Няздольнасьць урадаў утаймаваць ці нават ідэнтыфікаваць крыніцы так званай insécurité (францускі эўфэмізм, агульная назва актаў вандалізму, пагарды да закону й злачынстваў на глебе нянавісьці, зьдзейсьненых прадстаўнікамі мусульманскай дыяспары) выклікала абурэньне эўрапейцаў. Урады, як здавалася, былі ня ў стане забясьпечыць належны кантроль над уездам імігрантаў, а грамадзтва, у сваю чаргу, выглядала ня схільным прымаць іх у свае шэрагі. У выніку, не абышлося без праяваў  ксэнафобіі і расізму. Адмоўную рэакцыю грамадзкасьці адчулі на сабе й эўрапейскія палітыкі, апантаныя ідэяй пабудаваць на падвалінах гарманічнага суіснаваньня размаітых абшчын мультыкультурнае грамадзтва, дзе да прыніжаных нацыянальнасьцяў ставіліся б з акцэнтаванай спагадай і стваралі б ім камфортныя ўмовы для жыцьця.

Да 2002 году “электаральныя бунты”, спрычыненыя праблемай іміграцыі, скаланулі палітычныя сыстэмы Аўстрыі, Бэльгіі, Даніі, Францыі й Нідэрляндаў. Галяндцы былі да таго разьюшаныя забойствам у 2002 годзе палітычнага дзеяча Піма Фартэйна, гомасэксуаліста і праціўніка іміграцыі, што галоўныя палітычныя партыі краіны ўключылі ў свае праграмы многія палажэньні яго палітычнай плятформы. У Вялікай Брытаніі ўвесну кіруючая партыя лейбарыстаў распрацавала ўсеабдымны плян па ўзмацненьні жорсткасьці іміграцыйнай палітыкі, які прадугледжваў увядзеньне больш суворых працэдураў атрыманьня палітычнага прытулку й узьяднаньня сем’яў (якія стала парушаюцца паўсюдна ў Эўропе) ды ўвядзеньне кампутарызаванай сыстэмы памежнага кантролю “ўезд-выезд”, прынцып дзеяньня якой падобны да амэрыканскай тэхналёгіі вызначэньня статусу наведвальнікаў і імігрантаў VISIT (Visitor and Immigration Status Indicator Technology). Партыя торы ня толькі падтрымала гэтыя ініцыятывы ўраду, але таксама высунула ідэю ўсталяваньня колькасных абмежаваньняў для імігрантаў.

Каламуць вакол традыцыйных у ісламе жаночых хустак, што віруе ў Францыі; імавернасьць сувязі паміж злоўжываньнямі статусам ўцекача й ростам тэрарыстычнай пагрозы, што абмяркоўваецца ў Вялікай Брытаніі; дыскусія па пытаньнях іміграцыі, што разгарнулася ў Бэльгіі й пагражае раскалоць грамадзтва; гнеў галяндцаў, выкліканы забойствам ван Гога... Жарсьці ў краінах Заходняй Эўропы могуць неўзабаве дасягнуць кропкі кіпеньня.

Шляхам галяндцаў – перад абліччам агульнае пагрозы

Няёмкая праўда палягае ў тым, што прававыя абмежаваньні й радыкалізацыя мае месца нават у такіх краінах, як Нідэрлянды, якія зрабілі багата захадаў дзеля ўладкаваньня імігрантаў-мусульманаў. З гонарам за сваю сусьветна вядомую талерантнасьць да меншасьцяў Нідэрлянды далі прытулак дзясяткам тысяч мусульманскіх палітычных уцекачоў, якіх, маўляў, чакала пакараньне на радзіме. Імігранты змаглі напоўніцу скарыстацца выгодамі эўрапейскага дабрабыту, прывілеямі на атрыманьне жыльля, палітыкай найбольшага спрыяньня пры працаўладкаваньні й дармавымі курсамі вывучэньня мовы. Галяндзкія падаткаплатнікі забясьпечвалі фінансаваньне ісламскіх рэлігійных школаў і мячэтаў, а тэлебачаньне трансьлявала перадачы на мараканскай арабскай. Мухамад Баўеры як беспрацоўны атрымліваў грашовую дапамогу ад дзяржавы, калі ён забіў рэжысэра ван Гога.

Забойства ван Гога агаломшыла жыхароў Нідэрляндаў і суседніх краін ня толькі з-за самое асобы правакацыйнага рэжысэра, які быў сваяком вялікага мастака Вінцэнта ван Гога, сапраўднага стода для галяндцаў. Паводле словаў Штэфа Блёка (Stef Blok), старшыні парлямэнцкае камісіі, якая прааналізавала дадзеныя іміграцыйных службаў, Баўеры быў “сярэднестатыстычным імігрантам у другім пакаленьні”. Для эўрапейскіх антытэрарыстычных органаў з гэтым забойствам распачаўся новы этап барацьбы з тэрарызмам: практыка палітычных забойстваў, уласьцівая дагэтуль краінам Блізкага Ўсходу, цяпер дапоўніла арсэнал сродкаў, якімі гатовыя карыстацца й эўрапейскія джыгадысты. Навідавоку паўстала новая пагроза – з боку невядомых асобаў з асяродзьдзя ўласна эўрапейскіх мусульманаў. Ячэйка ў Гамбургу, што была зьвязаная з атакамі 11 верасьня 2001 году, складалася з студэнтаў па абмене, падрыў цягнікоў у Мадрыдзе ў сакавіку 2004 году зьдзейсьнілі імігранты з Марока. Аднак забойца ван Гога як і ягоныя паплечнікі нарадзіліся й выраслі ў Эўропе.

Баўеры быў сынам рабочых-імігрантаў з Марока. Ён пасталеў у “горадзе антэнаў” – працоўных кварталах Амстэрдаму, названых так з-за вялікай колькасьці спадарожнікавых талерак на гаўбцах дамоў, дзе слухаюць праграмы Аль Джазіры й мараканскага тэлебачаньня. Бацькі Баўеры прыехалі ў Галяндыю падчас іміграцыйнай хвалі 1970-х гадоў дый так ніколі і не навучыліся галяндзкай мовы. Баўеры, аднак, скончыў лепшую ў акрузе школу. Яго трансфармацыя з пэрспэктыўнага студэнта ў джыгадыста ішла тыповым шляхам, якім эўрапейскія мусульмане, удалыя й маладыя, прыходзяць да забойства заходнікаў у імя джыгаду.

Па заканчэньні тамтэйшага коледжу Баўеры прайшоў спэцкурсы па бухгальтарскім уліку й інфармацыйных тэхналёгіях, але маладзён з-за свайго неўтаймоўнага нораву неўзабаве трапіў на сем месяцаў за краты за злачынства, зьвязанае з гвалтоўнымі дзеяньнямі. З турмы Баўеры выйшаў ужо ісламістам, які быў абураны падзеямі ў Палестыне й сымпатызаваў Хамасу. Ён вывучае асновы сацыяльнай работы й становіцца адным з актывістаў абшчыны. У мясцовай мусульманскай газэце ён пісаў: “Нідэрлянды цяпер наш вораг, бо яны ўдзельнічаюць у акупацыі Іраку”. Ня даўшы рады атрымаць фінансаваньне для моладзевага цэнтра ў “горадзе антэнаў”, і ня здолеўшы накласьці забарону на продаж піва й прысутнасьць жанчын на арганізаваных ім мерапрыемствах, Баўеры пераяжджае ў цэнтар Амстэрдама, дзе далучаецца да Групы Гофштад (Hofstad Group) – ісламісцкай ваенізаванай групоўкі, у якую ўваходзілі маладыя баевікі зь сем’яў імігрантаў.

Чальцы групоўкі сустракаліся штодватыдні на кватэры Баўеры, каб паслухаць казаньні сырыйскага прапаведніка, вядомага як Абу Хаціб. Група Гофштад падтрымлівала стасункі з аналягічнымі арганізацыямі ў Гішпаніі, Марока, Італіі і Бэльгіі. У пляны дзеяньняў групы, маштабы якіх ахоплівалі геаграфію ўсёй Эўропы, уваходзілі, сярод іншага, шэраг забойстваў галяндзкіх палітыкаў і атака на адзіную ў Нідэрляндах атамную станцыю. Эўрапейскія спэцслужбы выявілі сувязь паміж Групай Гофштад і мараканскай Ісламскай баявой групай, якая мела дачыненьне да выбухаў у Мадрыдзе й атакаў 2003 году ў Касаблянцы. Яе сырыйскі імам быў зьвязаны з муджагедамі ў Іраку й галавой апэратыўнага цэнтру Аль Каіды. Паводле нарвэскага ўрадавага аналітыка, на падставе аналізу асабістых сувязяў Баўеры і міжнародных кантактаў Гофштад можна з пэўнасьцю сьцьвярджаць, што яны мелі дачыненьне да шматлікіх тэрарыстычных змоваў, што былі раскрытыя ў краінах Заходняй Эўропы часам апошніх гадоў.

Групу Гофштад нельга параўноўваць з маргінальнымі эўрапейскімі тэрарыстычнымі групоўкамі мінуўшчыны, кшталту нямецкай групоўкі Баадэра-Майнгоф, францускай Action Directe ці італьянскіх Чырвоных брыгадаў. Як і іншыя сучасныя джыгадысцкія арганізацыі, Гофштад вылучаецца тым, чаго марксысцкія тэрарысты так доўга шукалі й чаго ім заўсёды бракавала, - наяўнасьцю сацыяльнай базы. І яна хутка пашыраецца, дзякуючы, між іншым, вайне ў Іраку.

Галоўная служба выведкі й бясьпекі Нідэрляндаў (AIVD) сьцьвярджае, што радыкальны іслам у краіне прадстаўлены “вялікай колькасьцю разнастайных рухаў, арганізацыяў і груповак”. Некаторыя зь іх не заклікаюць да гвалтоўных дзеяньняў, іх аб’ядноўвае толькі адзінства рэлігійных догмаў і агульная нянавісьць да Захаду. Аднак, падкрэсьлівае AIVD, існуюць таксама і іншыя арганізацыі ды рухі, да прыкладу, Аль Каіда, якія “імкліва ўкараняюцца ў галяндзкім грамадзтве”, актыўна рэкрутуючы новых сябраў сярод маладых і адчужаных мусульманаў, што нарадзіліся ў Галяндыі, але так і не знайшлі тут свайго месца. Па дадзеных службы AIVD, новыя рэкруты глядзяць прапагандысцкія фільмы, абмяркоўваюць у інтэрнэт-чатах культ пакутніцтва і самаахвярнасьці, наведваюць гурткі ісламісцкіх чытаньняў, адмысловыя кангрэсы і летнікі. Спэцслужбы Нідэрляндаў прыйшлі да высновы, што сёньня радыкальны іслам у краіне ёсьць “цалкам аўтаномнай зьявай”, і нават пры адсутнасьці беспасярэдняга ўплыву з-за мяжы маладыя галяндзкія мусульмане пакрысе саматугам становяцца прыхільнікамі фундамэнталісцкіх поглядаў. Амаль тое ж самае можна сказаць і пра мусульманскую моладзь Брусэлю, Лёндану, Парыжу, Мадрыду й Міляну.

Хто яны?

Увогуле джыгадыстаў Заходняй Эўропы можна падзяліць на два тыпы: “вонкавых”, ці аўтсайдэраў, і “ўнутраных” - інсайдэраў. Аўтсайдэры – гэта не-грамадзяне, звычайна ўцекачы ці студэнты, якія атрымалі ў лібэральнай Эўропе прытулак, пазьбегнуўшы рэпрэсіяў супраць ісламістаў у краінах Блізкага Ўсходу. Да іх адносяцца й радыкальныя імамы, якія часьцяком атрымліваюць грашовую дапамогу ад Саудаўскай Арабіі, адчыняюць дзьверы мячэтаў для актывістаў тэрарыстычных арганізацыяў і зьяўляюцца ідэйнымі вестунамі й духоўнымі настаўнікамі джыгадысцкіх сетак. Дастаткова аўтсайдэрам пратачыцца ў адну з краін Эўразьвязу – і яны атрымліваюць магчымасьць перасоўвацца па ўсіх краінах-сябрах ЭЗ. Дапамагаць ім могуць як зарэгістраваныя жыхары, так і нелегалы: уладальнікі крамаў, гандляры ці дробныя крымінальнікі, падобныя да тых, што зьдзейсьнілі падрывы ў Мадрыдзе.

Многія з гэтых аўтсайдэраў, імігрантаў у першым пакаленьні, прыехалі ў Эўропу адмыслова дзеля джыгаду. Згодна зь міталёгіяй ісламістаў, міграцыя сама беспасярэднім чынам зьвязаная з пакарэньнем. Церпячы перасьлед у паганскай Мэцы, прарок Мухамад у 622 годзе пракляў старэйшынаў гораду й разам з пасьлядоўнікамі перабраўся ў Мэдыну. Сабраўшы тамака армію, ён у 630 годзе захапіў Мэку й усталяваў ісламскія законы. Сёньня для эўрапейскіх муджагедаў ужо менавіта рэгіён Блізкага Ўсходу падаецца новай паганскай Мэкай, паколькі тут у 1990-х гадох урады некаторых краін задушылі выступы ісламістаў, спрабаваўшых было захапіць уладу. Па аналёгіі Эўропу можна нават уявіць сабе як новую Мэдыну, дзе ідзе набор у войска для другога пакарэньня сьвятой зямлі, якое ўжо пачалося - у Іраку.

Зь іншага боку, інсайдэры - гэта група варожа настроеных паўнапраўных грамадзянаў, дзяцей імігрантаў у другім ці трэцім пакаленьні, як, прыкладам, Баўеры, якія нарадзіліся ў Эўропе і былі выхаваныя згодна зь лібэральнымі прынцыпамі гэтае часткі сьвету. Да падобных інсайдэраў належыць беспрацоўная моладзь з поўных нэндзы кварталаў Марсэлю, Ліёну й Парыжу, ці з былых прамысловых мястэчкаў, кшталту Брэдфарду й Лэйсэстэру. Яны ёсьць самым апошнім, самым небясьпечным прадуктам уплыву імігранцкай літаратуры, якая стосамі распаўсюджаецца па Эўропе. Яны сталіся ўвасабленьнем нязгоды другога пакаленьня, неспадзяваным вынікам таго працэсу, які можна ўмоўна назваць варожай асыміляцыяй – інтэграцыяй у варожую культуру краіны пражываньня.

Аднак больш яскравым прыкладам такой антызаходніцкай вэстэрнізацыі зьяўляецца іншы архетып рэкрута-інсайдэра: сацыяльна мабільны й пасьпяховы маладзён. Такім быў выпускнік унівэрсытэту Закарыя Мусаўі, так званы “дваццаты пілёт-тэрарыст”. Да іх належаў і Амар Хіям, студэнт-кампутаршчык, капітан футбольнай каманды з Сасэксу, які марыў згуляць за нацыянальную сборную Англіі, але быў затрыманы ў красавіку 2004 году разам з васьмю суўдзельнікамі за перахоўваньне паўтоны выбухоўкі, што мусіла быць выкарыстаная ў Лёндане.

Жыхар халупінаў і заможны буржуа - тыповыя прадстаўнікі двух сацыяльных пластоў, якія фармуюць сацыяльную базу для ісламісцкіх рухаў у разьвіваных краінах, такіх як Альжыр, Эгіпет ці Маляйзія. У Заходняй Эўропе яны ўвасобіліся ў пакінутага на ніжніх прыступках сацыяльнай гіерархіі насельніка трушчобаў і пасьпяховага маладзёна-дзялка. Як і ў выпадку з тэрактамі 11 верасьня, адукаваныя кадры складаюць кіруючы штаб апэрацыі, а ўся брудная работа адводзіцца шарагоўцам з плябейскіх асяродкаў.

Нішто не замінае кантактам паміж імігрантамі-аўтсайдэрамі і іх нашчадкамі-інсайдэрамі. Больш за тое, першыя часьцей за ўсё знаходзяць прыхільнікаў сярод апошніх. Сырыйскі імам з Групы Гофштад апекаваўся Баўеры, славуты аднавокі імам Абу Хамза аль-Масры настаўляў Мусаўі ў Лёндане. Дзесяць гадоў таму ў Францыі альжырская Узброеная ісламская група (GIA) рэлігійнымі трактоўкамі прамывала мазгі маладзёнам з beurs (французаў, чые бацькі былі выхадцамі з краінаў Паўночнай Афрыкі) і наварочвала іх у джыгадыстаў, якія цягам 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя тэрарызавалі пасажыраў цягнікоў.

Разам з тым, практыка вярбоўкі пасьля 11 верасьня выглядае больш сыстэматызаванай, яна вядзецца з пэўнай стратэгічнай накіраванасьцю. Увага Аль Каіды засяроджваецца ўжо на дзецях імігрантаў, на другім пакаленьні. Джыгадысцкія актывісты яшчэ могуць часам сустрэць спагадлівых слухачоў сярод нізоў грамадзтва, знайсьці прыязную аўдыторыю ў крымінальных асяродках ці ў турмах. Аднак сёньня куды больш значных посьпехаў яны дасягаюць ва ўнівэрсытэцкіх дворыках, на падрыхтоўчых курсах ці нават у сярэдніх школах.

Ірацкі чыньнік

Паводле заяваў кіраўнікоў контравыведкі, сакрэтных інструкцыяў спэцслужбаў і вынікаў праслухоўваньня, джыгадысты пасьля 11 верасьня 2001 году, рэарганізаваўшыся, пашырылі сваю дзейнасьць у Эўропе. Самая апошняя хваля актыўнасьці супала з пачаткам інтэрвэнцыі ў Ірак. Усама бэн Ладэн цяпер акрэсьлівае стратэгічныя арыентыры й натхняе на дзеі шматлікія эўрапейскія джыгадысцкія групоўкі. Гэтыя адносна аўтаномныя арганізацыі мабілізуюцца дзеля выкананьня пэўнай місіі. Падключыўшы з рэзэрву неабходных прафэсіяналаў і шараговых выканаўцаў, яны наносяць удар – і распускаюцца. З тым, каб пазьней сабрацца ізноў.

Зазвычай падобныя групоўкі выступаюць супраць краін, што падтрымалі ірацкую кампанію ЗША. Пра гэта сьведчаць выбухі ў Мадрыдзе, замахі на брытанскія будынкі ў Стамбуле ў лістападзе 2003 году ды большасьць з прыкладна 30 амбітных, але няўдалых апэрацыяў, што плянаваліся тэрарыстамі пасьля падзеяў 11 верасьня. У сакавіку 2004 году, літаральна празь некалькі дзён пасьля заявы галавы лёнданскай паліцыі аб “неўнікнёнасьці” тэрарыстычнай атакі на Лёндан, яго падначаленыя раскрылі пляны змовы, у якой удзельнічалі дзевяць брытанцаў пакістанскага паходжаньня, і знайшлі найбольшае ад часоў росквіту Ірляндзкай рэспубліканскай арміі сховішча матэрыялаў, патэнцыйна прыдатных дзеля прыгатаваньня бомбы. Празь некалькі месяцаў Скотлэнд-Ярд выставіў абвінавачаньне ў вырабе “бруднай бомбы” васьмі брытанцам - дзецям імігрантаў з Паўднёвай Азіі, якія, як сьцьвярджаецца, прайшлі падрыхтоўку ў лягерох Аль Каіды. Трое зь іх мелі падрабязныя схемы разьмяшчэньня фінансавых установаў у трох буйных гарадох ЗША.

Некалькі сотняў баевікоў з Эўропы – у тым ліку дзясяткі галяндзкіх імігрантаў другой генэрацыі, якія, паводле нідэрляндзкай службы выведкі, “не ў ладах з сваёй ідэнтычнасьцю”, – таксама падаліся ваяваць у Ірак, у так званы “суніцкі трохкутнік”. Заходняя Эўропа, у сваю чаргу, выконвае функцыі перасоўнага пункту для параненых муджагедаў. Ірацкая сетка ёсьць часткай разгалінаванай структуры руху супраціву, арганізатарам і кіраўніком якой зьяўляецца Абу Мусаб аз-Заркаўі, на сёньня – афіцыйны хаўрусьнік бэн Ладэна й “эмір” Аль Каіды ў Іраку[1]. З кагадзе рассакрэчаных дакумантаў судовых органаў Гішпаніі вынікае, што падчас сустрэчы ў Стамбуле ў лютым 2002 году Заркаўі, прадугледжваючы доўгатэрміновую вайну ў Іраке, пачаў распрацоўку пляну арганізацыі двухбаковага каналу паміж Эўропай і Блізкім Усходам з мэтай адпраўкі баевікоў-валанцёраў з Эўропы ў Ірак, і вербавальнікаў з Блізкага Ўсходу й нелегалаў - у Эўропу. Заркаўі таксама актывізаваў закансэрваваныя ячэйкі, створаныя ў эўрапейскіх гарадах за часам басьнійскага канфлікту.

Галоўны сьледчы антытэрарыстычных службаў Міляну Арманда Спатара зацеміў, што “амаль усе краіны Эўропы сутыкнуліся з праблемай вярбоўкі людзей (для адпраўкі ў Ірак)”. Неверагодна, але ў лік гэтых краінаў уваходзяць таксама Нарвэгія, Швэйцарыя, Баўгарыя, Польшча й Чэхія. Ірацкія баявыя структуры, зброю якім пастаўляюць зь Нямеччыны балканскія бандфармаваньні, карыстаюцца мэтадамі рэкрутаваньня, аналягічнымі тым, што прымяняюцца ў Чачэніі й Кашміры. Італія, вядомая цэнтрамі высакаякаснай вытворчасьці падробных дакумантаў, ператварылася ў пункт адпраўкі дабраахвотнікаў, а Гішпанія стала вакзалам для прыбылых з Паўночнай Афрыкі і пунктам збору для атак на “аль-Андалюс” – тэрыторыю былога гішпанскага халіфату.

Lax Populi

Дарма што выбухі ў Мадрыдзе сталіся для некаторых эўрапейцаў лёсавызначальнай падзеяй, што зьмяніла іх жыцьцё падобна таму, як атакі 11 верасьня 2001 году паўплывалі на жыхароў ЗША, - гэтыя эўрапейцы, асабліва ў палітычных колах, застаюцца ў меншасьці. Між тым, таму, што амэрыканцы лічаць эўрапейскай разьняволенасьцю, можна лёгка знайсьці тлумачэньне. Напады 11 верасьня адбыліся не ў Эўропе, дзе доўгі час досьвед тэрарыстычных актаў абмяжоўваўся падрывамі машынаў і бомбамі-расьцяжкамі ў сьметніцах. Тэрарызм тамака ўсё яшчэ разглядаецца як праблема злачыннасьці, а ня як падстава пачынаць вайну. Больш за тое, некаторыя эўрапейскія палітыкі лічаць, што згодніцтвам датычна Блізкага Ўсходу можна гарантаваць бясьпеку. І сапраўды, у тым самым часе, калі бэн Ладэн адвольна выбіраў сярод хаўрусьнікаў ЗША мішэні для сваіх нападаў, ён адначасна прапаноўваў замірэньне тым эўрапейскім краінам, якія засталіся па-за канфліктам.

За некалькімі выняткамі, эўрапейскія ўлады пазьбягаюць рабіць рашучыя захады ў сфэрах заканадаўства й бясьпекі, якія зрабілі Злучаныя Штаты. Перад неабходнасьцю пачынаць “вайну супраць тэрору” - з мабілізацыяй арміі, усталяваньнем адмысловых турмаў, узмацненьнем памежнага кантролю, увядзеньнем машыначытэльных пашпартоў, высылкай з краіны прапаведнікаў, што прапагандуюць нянавісьць, і падаўжэньнем надзвычай кароткіх тэрмінаў зьняволеньня асуджаных тэрарыстаў - яны аддаюць перавагу паліцэйскаму нагляду і звычайнаму судоваму перасьледу. Тая акалічнасьць, што змоўшчыкі, якія мелі дачыненьне да атак 11 верасьня, не былі асуджаныя судом Нямеччыны, выявіла негатовасьць эўрапейскай грамадзкасьці, за выняткам Францыі ды, магчыма, Нідэрляндаў, да вядзеньня вайны супраць тэрарызму.

Насуперак меркаваньню, якое ўсталявалася ў многіх амэрыканцаў падчас спрэчкі паміж Вашынгтонам і Парыжам напярэдадні ірацкай кампаніі, Францыя ёсьць выняткам на тле агульнай улагоджанасьці эўрапейскіх дзяржаваў. Задоўга да падзеяў 11 верасьня Францыя ўвяла найбольш дзейсны ў параўнаньні зь іншымі заходнімі краінамі антытэрарыстычны рэжым. Верагодна, што ад праблемы джыгаду ўвагу брытанцаў адцягнуў ірляндзкі тэрарызм, а ўвагу гішпанцаў – тэрарызм басконскі, але альжырскі тэрарызм у Францыі меў адваротны эфэкт.

Каб перадухіліць пашырэньне агрэсіўнай рэлігійнай прапаганды сярод францускіх мусульманаў, большасьць якіх паходзіць з краінаў Паўночнай Афрыкі, у 1990-х гадох улады Францыі катэгарычна адмаўлялі ў прытулку радыкальным ісламістам - нават тады, калі тых ветліва сустракалі ў суседніх краінах. Як адзначае Кепэль, баючыся, што з-за гэтай заразы “сацыяльныя нараканьні мусульманаў з прадмесьцяў буйных гарадоў” могуць перарасьці ў экстрэмізм і тэрарызм, францускія ўлады прынялі жорсткія захады супраць джыгадыстаў, затрымліваючы падазроных да чатырох дзён без прад’яўленьня абвінавачваньняў і без кансультацыяў з адвакатам. Сёньня ў сьвецкай Францыі няма ніводнага месца адпраўленьня культу, куды паліцыя ня мела б доступу. Прапаганда нянавісьці гарантуе візыт паліцыі, занясеньне ў “чорны сьпіс” і робіць імавернай пэрспэктыву дэпартацыі. Падобная практыка адпавядае жорсткай галісцкай мадэлі палітыкі асыміляцыі, якая ізалюе рэлігію ад грамадзка-палітычнай сфэры (адсюль і спрэчка вакол хустак мусульманак).

Поўнай процілегласьцю францускаму падыходу ёсьць сэпарацыйная палітыка мультыкультуралізму, характэрная для Вялікай Брытаніі. У адпаведнасьці зь ёй, брытанскія ўлады давалі арабскім ісламістам прытулак разам з магчымасьцю вольна чытаць казані, але чынілі за імі пільны нагляд. Француская моладзь па-ранейшаму магла слухаць джыгадысцкія прамовы праз спадарожнікавую тэлевізію ці інтэрнэт, але ў Вялікай Брытаніі адкрытая прапаганда радыкальных ідэяў спрычынілася да стварэньня тэрарыстычных ячэек. Большасьць астатніх краін Эўропы скарысталіся няжорсткім падыходам, падобным на брытанскі, але зь меншай увагай да паліцэйскага нагляду.

Пасьля выбухаў у Мадрыдзе й забойства ван Гога, узмацніліся пазыцыі тых палітыкаў, якія выступаюць за больш рашучыя дзеяньні. Сярод іх міністар унутраных справаў Нямеччыны сацыял-дэмакрат Ота Шылі й былы міністар унутраных справаў Францыі Нікаля Сарказі[2], які ўзначальвае кіроўную партыю “Саюз у падтрымку народнага руху”. Яны заклікалі Брусэль, Лёндан, Мадрыд, Парыж і Гаагу павялічыць колькасьць пэрсаналу, які заняты супрацьтэрарыстычнай дзейнасьцю, і выдаткаваць большыя сродкі на барацьбу з тэрарызмам.

Увогуле эўрапейскія палітыкі, адказныя за пытаньні бясьпекі, ня кажучы ўжо пра супрацоўнікаў органаў выведкі й бясьпекі, якія штодня атрымліваюць адпаведныя справаздачы, прытрымліваюцца больш рашучай, амэрыканскай, лініі паводзінаў. Шылі прапанаваў стварыць усеэўрапейскую “кампутарызаваную сыстэму асабовых дасье” для ідэнтыфікацыі муджагедаў. Зьяўленьне “сьвятых ваяроў” у Эўропе, а таксама распаўзаньне па кантынэнце радыкальных груповак, якія маюць ці мелі сувязі з Аль Каідай, падштурхнулі ўрады некаторых эўрапейскіх краінаў узмацніць супрацоўніцтва па лініі супрацьтэрарыстычнай дзейнасьці й павялічыць рэсурсы і штат супрацоўнікаў, задзейнічаных у гэтай вобласьці.

Аднак джыгадыст дагэтуль можа амаль бескантрольна перасоўвацца па Эўропе. Нават па выяўленьні ён усё роўна можа зьмяніць імя ці прасьлізнуць празь мяжу, карыстаючыся з усюдыісных юрыдычных шчылінаў у заканадаўстве й бюракратычнай цяганіны. Пасьля мадрыдзкіх выбухаў чыноўнік сярэдняга зьвяна быў прызначаны скаардынаваць эўрапейскае антытэрарыстычнае заканадаўства й удасканаліць палітыку Эўразьвязу ў сфэры бясьпекі. Аднак у цёмным лесе законаў 25 краін ён часьцяком выглядае як лясьнік у бураломе.

Пасьля падзеяў у Мадрыдзе міністар унутраных справаў Гішпаніі патроіў штат занятых выключна контратэрарыстычнай дзейнасьцю апэратыўнікаў, давёўшы іх агульную колькасьць да 450 чалавек. Адначасова нацыянальная паліцыя Гішпаніі мае вылучыць такую ж колькасьць агентаў для адсочваньня муджагедаў. Гішпанскія праваахоўныя органы стварылі адмысловую групу, куды ўвайшлі спэцыялісты паліцыі й выведкі, якая мусіць чыніць нагляд за мусульманскімі кварталамі і турэмнымі мячэтамі. Гэтаксама і ў кожным з дваццаці двух рэгіёнаў Францыі арганізоўваюцца адмысловыя паліцэйскія падразьдзяленьні, узмацняецца назіраньне за мячэтамі, мусульманскімі кнігарнямі, міжнароднымі тэлефоннымі лініямі, мяснымі крамамі і рэстаранамі халальных страваў.

25 краін Эўразьвязу таксама санкцыявалі ўвядзеньне агульнаэўрапейскага ордэру на арышт, які дазволіць пазьбегнуць доўгіх працэдур экстрадыцыі. Нягледзячы на распаўсюджаныя хваляваньні што да магчымых парушэньняў права на прыватнае жыцьцё, некалькі краін Эўразьвязу пасьля забойства ван Гога дазволілі больш цеснае супрацоўніцтва паліцыі й спэцслужбаў. Нямеччына мае намер аб’яднаць свае 16 паліцэйскіх ведамстваў пад адзіным кіраўніцтвам. У Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Нідэрляндах, Нямеччыне і Францыі практыкуецца арганізацыя сустрэчаў між супрацоўнікамі спэцслужбаў й афіцэрамі паліцыі ў так званых “ваенных пакоях”, найсучасьнейшых цэнтрах сувязі, дзе адмыслоўцы абменьваюцца разнастайнай інфармацыяй, накшталт вынікаў допытаў, зьвестак ад інфарматараў, запісаў праслухоўваньня, відэазапісаў і здымкаў са спадарожнікаў.

Аднак антытэрарыстычныя агенствы дагэтуль ня схільныя дзяліцца далікатнай інфармацыяй і супрацоўнічаць у сфэры судовага перасьледу. Захады, прапанаваныя адразу пасьля мадрыдзкіх тэрактаў, сярод якіх стварэньне агульнаэўрапейскай базы дадзеных на адбіткі пальцаў і аналізы ДНК, а таксама ўвядзеньне пашпартоў зь біямітрычнымі паказьнікамі ўладальніка, так і застаюцца да сёньня ўсяго толькі прапановамі. Разьяднанасьць і суперніцтва службаў бясьпекі ды іншых эўрапейскіх інстытутаў па-ранейшаму абмяжоўваюць эфэктыўнасьць антытэрарыстычных высілкаў. Цягам амаль дзесяцігодзьдзя Францыя намагалася экстрадыцыі зь Вялікай Брытаніі арганізатара шэрагу выбухаў у мэтро ў 1990-х гадох, адылі справа гадамі прамаруджвалася ў брытанскіх судах, пакідаючы ў разгубленасьці й Парыж, і брытанскае Міністэрства ўнутраных справаў.

Новае пакаленьне муджагедаў ня толькі выпрабоўвае эфэктыўнасьць традыцыйных сродкаў барацьбы з тэрарызмам – яго зьяўленьне гэтаксама кідае выклік самай мэнтальнасьці, якая сфармавалася ў заходнеэўрапейскім грамадзтве пасьля Другой сусьветнай вайны. Шок і абурэньне эўрапейцаў, пацярпеўшых ад нацызму й палітыкі каляніялізму, трансфармаваліся ў спачуваньне да ўсіх рэлігійных меншасьцяў якога-кольвечы гатунку. Напачатку, мусульманскіх гасьцёвых работнікаў добразычліва сустракалі ў Эўропе, бо, згодна з пастулятамі традыцыйнага лібэралізму, да іх звычайна ставіліся як да ахвяраў, што церпяць ад бяспраўя. У некаторых краінах, як, да прыкладу, у Нідэрляндах і Вялікай Брытаніі, такое мысьленьне спарадзіла адмысловыя формы мультыкультуралізму, ці шматкультурнага грамадзтва. Брытанская мадэль межавала з сэпарацыяй: улады даруюць прытулак ісламістам, дазваляюць ім адкрыта прапаведаваць і распаўсюджваць погляды рэлігійных фанатыкаў, але адначасова ўзмацняюць за імі паліцэйскі нагляд. Падобная мадэль разьмежаваньня вабіла зь дзьвюх прычынаў: з аднаго боку, практыка дараваньня шматлікіх правоў дазваляла дзяржавам выглядаць талерантнымі ў дачыненьні да меншасьцяў, з другога, яна вяла хутчэй да сэгрэгацыі меншасьцяў, чымся да іх абсарбацыі ў грамадзтве. Мультыкультуралізм выдатна пасаваў да ўсё больш няўцямных этычных нормаў заходняга грамадзтва, задавальняючы як лібэральныя асяродкі, так і прыхільнікаў лібэртарыянскіх ідэяў абсалютнай свабоды й захаваньня мінімальнай ролі дзяржавы ў жыцьці грамадзтва.

Аднак цяпер многія эўрапейцы зразумелі, што падобнае патураньне зайшло занадта далёка й можа быць нават небясьпечным. З-за такой рэлігійнай талеранцыі гамбургская ячэйка змагла набраць моц, а ў нямецкіх ўнівэрсытэтах пачалі прыслухоўвацца да рыторыкі радыкальнага ісламу. Зараз эўрапейцы заклікаюць мусульманаў самім навучыцца рэлігійнай талерантнасьці й прытрымлівацца каштоўнасьцяў прымаючых краін. Урад Тоні Блэра патрабаваў, каб асобы, якія спадзяюцца атрымаць брытанскае грамадзянства, вучыліся “брытанскасьці”. Гэтаксама й новая палітыка нідэрляндзкага кіраўніцтва засяроджваецца на панятку “галяндзкіх каштоўнасьцяў”. З падобнымі прапановамі выступіў Бэрлін, Брусэль і Капэнгаген. Патрык Вэйль (Patrick Weil), знаны экспэрт у пытаньнях іміграцыі й сябар Сацыялістычнай партыі Францыі, адзначыў агульнаэўрапейскую тэндэнцыю да збалянсаваньня “абавязкаў” імігрантаў зь іх “правамі”.

Рэакцыя галяндцаў на забойства ван Гога, рэакцыя брытанцаў на злоўжываньні прывілеямі палітуцекача з боку джыгадыстаў, а таксама рэакцыя французаў на праблему нашэньня хустак ёсьць сьведчаньнямі таго, што спакваля эўрапейскі мультыкультуралізм сутыкаецца зь лібэралізмам, права на прыватнае жыцьцё - з нацыянальнай бясьпекай. Калісьці мультыкультуралізм стаяў на цэнтральнай вітрыне культурнага лібэралізму Эўропы, пра які брытанскі журналіст Джон О’Саліван казаў, як пра “свабоду ад раздражняльных традыцыйных маральных звычаяў і культурных абмежаваньняў”. Аднак калі мультыкультуралізм азначае паблажлівасьць датычна тэрарыстаў, сьцежкі мультыкультуралізму й лібэралізму разьбягаюцца. Розьніца паміж абодвума ўжо відавочная ў Вялікай Брытаніі, Нідэрляндах, Францыі і, у пэўнай ступені, нават у Нямеччыне, дзе лібэралізм вырадзіўся ў такую форму рэлігійнай талеранцыі, што гамбургская ячэйка, упэўненая ў сваёй недатыкальнасьці з боку паліцыі, здолела пераўтварыць малітоўні ў собскія ваенныя пакоі.

Тым ня менш, дасюль невядома, ці спрацуюць новыя палітычныя ўстаноўкі, што даюцца зьверху, без адпаведных зьменаў у грамадзкіх поглядах, якія ісьці мусяць зьнізу. Ці могуць мусульмане стаць эўрапейцамі, калі Эўропа не адчыняе перад імі дзьверы ў свае сацыяльныя й палітычныя інстытуты? На сёньня можна канстатаваць, што палітыка поўнай асыміляцыі Францыі не спрацоўвае, але гэтаксама не дае рады палітыка сэгрэгацыі Нямеччыны, церпіць паразу й палітыка шматкультурнасьці Вялікай Брытаніі й Нідэрляндаў. Ці існуе іншы шлях? Нашэньне хустак забаранілі ў дзяржаўных школах Францыі і сярод дзяржаўных службоўцаў Нямеччыны. У Вялікай Брытаніі гэтае рашэньне віталі, у Злучаных Штатах – зьмірыліся зь ім.  Зважаючы на адносна больш пазытыўны досьвед Злучаных Штатаў у інтэграваньні імігрантаў, хтосьці запытаецца, ці можа Эўропа скарыстаць зьмешаную амэрыканскую мадэль – аддзяленьне рэлігіі ад палітыкі, але бязь іх катэгарычнага разьмежаваньня, спрыяньне ў павольнай адаптацыі імігрантаў у грамадзтве з захаваньнем іх адноснай культурнай аўтаноміі, - і рушыць новым курсам, які б пралягаў паміж усё больш небясьпечным мультыкультуралізмам і непрыхаваным сэкулярызмам, які адштурхоўвае мусульманаў ды іншых вернікаў. Ясна адное: нават калі ідзецца выключна пра барацьбу з тэрарызмам, Эўропе патрэбная эфэктыўная сыстэма інтэграцыі імігрантаў. Аднак гэтага не дасягнуць вокамгненна.

Сапраўды, бездань паміж лібэралізмам і мультыкультуралізмам пашыраецца. Пашыраецца ў той самы момант, калі на эўрапейскім кантынэнце адбываюцца найбольш значныя - з тых часоў, калі ў першым тысячагодзьдзі хрысціянства азіяцкія плямёны рушылі на захад, - зьмены ў структуры народанасельніцтва. Іміграцыя, натуральна, кранае балючыя мазалі нацыянальнай бясьпекі, але разам з тым яна ўздымае пытаньні эканамічнага й дэмаграфічнага парадку. Як даць рады працэсу старэньня нацыяў, які ўжо не патрабуе ніякіх доказаў? Як захаваць еднасьць унутры грамадзтва, калі хрысьціянства здае пазыцыі, а сэкулярызм і іслам іх займаюць? Ці мусіць Эўразьвяз ажыцьцяўляць памежны нагляд і кантраляваць інстытут грамадзянства? І, нарэшце, чым для Эўразьвязу абернецца далучэньне Турэччыны зь ейнымі 70 мільёнамі мусульманаў? Больш за тое, эўрапейскія муджагеды пагражаюць ня толькі Старому Сьвету - яны ўяўляюць беспасярэднюю пагрозу і для Злучаных Штатаў.

З дробным сітам

Адносны посьпех Злучаных Штатаў у палітыцы асыміляцыі імігрантаў-мусульманаў даводзіць, што межы краіны мусяць пільнавацца як мага больш уважліва. Плянуючы атакі на ЗША, Аль Каіда абапіраецца больш на пранікненьне ў краіну звонку, чымся на патэнцыял сьпячых ячэек унутры краіны. Паводле справаздачы спэцыяльнае камісіі Кангрэсу ЗША па расьследваньні падзеяў 11 верасьня 2001 году, Аль Каіда сутыкаецца з “праблемай падарожніка”: як даставіць муджагедаў з базы да месца атакі? Мусульмане з Эўропы могуць стаць рашэньнем праблемы.

У New York Times паведамлялася, што бэн Ладэн даручыў распрацоўку наступнага відовішчнага нападу на ЗША “вонкаваму плянаваму цэнтру”. Вельмі верагодна, што гэты цэнтар разьмешчаны ў Эўропе і ў ягоны склад войдуць эўрапейскія грамадзяне. Зазвычай грамадзянства ў эўрапейскіх краінах даецца імігрантам згодна з правам глебы, таму патэнцыйныя муджагеды, народжаныя ў Эўропе, маюць права на эўрапейскі пашпарт і адпаведна – дазвол на бязьвізавы ўезд у Злучаныя Штаты без інтэрвію зь іміграцыйнымі службамі на мяжы. Чальцы гамбургскай ячэйкі, якія ўзялі ўдзел у атаках 11 верасьня, прыляцелі з Эўропы па Праграме бязьвізавага ўезду VWP (Visa Waiver Program), якую ажыцьцяўляе вонкавапалітычнае ведамства ЗША. Якраз такім чынам у Злучаныя Штаты трапілі і Мусаўі, і падрыўнік Рычард Рэйд са знакамітай выбухоўкай у боце.

Ці азначае гэта, што праграма VWP мусіць быць спыненая, як патрабуюць таго некаторыя кангрэсмэны? Ні ў якім разе. З нагоды падзеяў 11 верасьня Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША прыкладае максымум намаганьняў для ўвядзеньня больш дасканалага мэханізму выдачы візаў, які прадугледжвае больш часу на сумоўе, большы штат супрацоўнікаў, большую колькасьць затрымак. Адмена праграмы VWP запатрабуе агромністых выдаткаў на бюракратычныя й дыпляматычныя патрэбы, і да таго ж пасварыць ЗША зь іх апошнімі эўрапейскімі сябрамі. Замест гэтага Злучаныя Штаты павінны ацаніць эфэктыўнасьць пашпартнага кантролю й абнавіць крытэры, па якіх вядзецца пэрыядычны аналіз краінаў, што ўдзельнічаюць у праграме VWP, улічваючы гэтым разам такі паказчык, як рэкруцыйная актыўнасьць тэрарыстычных арганізацыяў. Пры аналізе можна было б выкарыстоўваць дадзеныя спэцыяльных падразьдзяленьняў, створаных у супрацоўніцтве з эўрапейскімі калегамі. Улады ЗША й эўрапейскіх краін мусяць разам настойваць на тым, каб авіякампаніі патрабавалі ад пасажыраў пашпартныя дадзеныя пры пакупцы квіткоў на трансатлянтычныя рэйсы ў ЗША. Падобныя захады дазволілі б новаўтворанаму Нацыянальнаму цэнтру адсочваньня (U.S National Targeting Center) ашчаджаць больш часу на праверках пасажыраў і пазьбягаць затрымак вылетаў. Да таго ж, ля пунктаў рэгістрацыі павінны стаяць афіцэры, якія будуць затрымліваць падазроных асобаў.

Хваля муджагедаў, што ўздымаецца ў Эўропе, пагражае ўсім краінам Захаду. Сумесная работа ва ўтаймаваньні гневу з боку мусульманаў, ці, прынамсі, па ўтрыманьні эўрапейскіх муджагедаў па-за межамі ЗША можа дапамагчы прымірыць пасвараных было хаўрусьнікаў. Агульная пагроза й адзінства інтарэсаў павінна прыцягнуць увагу СМІ, палітыкаў і ўвогуле грамадзкасьці паабапал Атлянтыкі. Канцэнтрацыя сумесных высілкаў на вырашэньні агульных праблемаў можа прынесьці хоць і трохі запозьненую,  але жаданую палёгку ў напружаныя апошнім часам адносіны паміж Эўропай і Амэрыкай.

Пераклаў з ангельскай Павал Лычкоўскі



[1] Абу Мусаб аз-Заркаўі быў забіты ў выніку спэцапэрацыі арміі ЗША 7 чэрвеня 2006 году ля ірацкага места Бакуба (заўвага перакладніка).

[2] Сарказі ўзначальваў МУС Францыі ў 2002-2004 гг. ва ўрадзе Жан-П’ера Рафарэна. Улетку 2005 году Сарказі  ізноў атрымаў партфэль міністра ўнутраных справаў ва ўрадзе Дамініка дэ Вільпэна. (заўвага перакладніка).

____________________________

Робэрт С. Лікэн ёсьць дырэктарам Праграмы іміграцыі й нацыянальнай бясьпекі (Immigration and National Security Program) у Цэнтры Ніксана й чальцом-нерэзыдэнтам Інстытута Брукінгз (Brookings Institution). Ён аўтар кнігі Bearers of Jihad? Immigration and National Security after 9/11.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!