Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930
   новае на форуме
30 Чэр 07.02  Предлалгаем вашему вниманию очень интересный проект.

06 Трв 07.44  Техника скоростного управления автомобилем

15 Сак 17.26  Шукаю беларускамоўнага натарыюса

15 Сак 15.48  моўныя ляпы

08 Снж 11.58  Працоўны кантракт: за ці супраць?

   юрыдычная кансультацыя
07 Лют 20.02  Праязны дакумэнт як аб'ект аўтарскага права

04 Кас 17.10  атрыманне пенсіі

28 Ліс 12.21  Кансэрваваньне забудовы

02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

бел eng
Галоўная Blog Архіў навінаў Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Параўнальны аналіз юрыдычных культураў | Эрхард Бланкенбург | 04.8.2006

Тэкст друкуецца з ласкавай згоды аўтара

Навуковыя дыскусіі і штодзённае жыццё падтрымліваюць меркаванне аб тым, што карыстанне судовымі практыкамі ўвесь час павялічваецца ў бальшыні краінаў. “Пранікненне юрыдычных правілаў і працэдур ва ўсе сферы жыцця” прывяло б да перагрузкі ў рабоце судоў праз тое, што палітычныя партыі выкарыстоўвалі б самую маленькую магчымасць, дадзеную юрыдычнымі нормамі, для апеляцыі рашэнняў. Тым ня менш, гэтае меркаванне грунтуецца на абагульненых выніках невялікай колькасці справаў, якія прыцягваюць найбольшую ўвагу. Такія абагульненні практычна ніколі не бываюць дакладныя, калі яны выкарыстоўваюцца для характарыстыкі ўсёй юрыдычнай сістэмы; заўсёды можна знайсці дадатковыя фактары, якія змяншаюць ці павялічваюць ролю судоў. У Злучаных Штатах Галанціе (1983) распачаў сярод прыхільнікаў “працэсульнага буму” дэбаты, мэтай якіх ёсць рэальная ацэнка сітуацыі. Як гэта бывае найчасьцей, у сферы публічнай палітыкі судовая рэформа прыцягвае ўвагу СМІ, тым больш, калі гучныя справы могуць выклікаць скандал. У ЗША адказныя справы — гэта ідэальная падстава для скандалу. Тут існуе столькі гісторыяў, якія суправаджаюць гучныя справы, што часам людзі забываюцца, што шматлікія патэнцыйна юрыдычныя справы вырашаюцца ў судах і па-за іх межамі, не набываючы формы судовага працэсу.

Ужо сам выраз “ патэнцыйна юрыдычная справа” ўказуе на асноўную ідэю гэтай працы. Справы, якія разглядаюцца ў судох, ёсць вынікам вельмі селектыўнага працэсу. Шматлікія канфлікты, якія патэнцыйна мусілі б разбірацца ў судох, самастойна вырашаюцца бакамі ў выніку пагрозаў, прыняцця аднабаковага рашэння ці ў выніку абмеркавання, пасярэдніцтва іншых ўстановаў ці таму, што адзін з бакоў адмаўляецца ад справы. Рэгуляванне гэтых канфліктаў адбываецца па-за межамі сацыяльных стасункаў такім чынам, што з’яўляецца магчымасць пазбегнуць іх у аналагічнай канфліктнай сітуацыі[1]. Сацыяльны вынік ужывання судовых працэсаў мусіць вызначацца не толькі рашэннямі судоў, але і колькасцю справаў, якіх здолелі пазбегнуць.

Магчымасць пазбегнуць працэсу — не толькі вынік персанальнага выбару, збольшага яна залежыць ад культурных мадэляў, як аб гэтым сведчаць дадзеныя параўнальных даследаванняў судовых практык[2] і праца даследчых камітэтаў пяці краінаў[3], якія вывучалі, як часта у пяці еўрапейскіх краінах звярталіся да судовых справаў у перыяд з 1970 па 1984 гг. Вынікі суадносіліся з даследаваннямі 100-гадовага перыяду ў шматлікіх краінах[4]. У гэтым рэзюме некаторых з нашых вынікаў я таксама раблю параўнанне з Японіяй. Усе краіны, якія я разглядаю, адносяцца да адзінай раманскай традыцыі. Параўнанне з краінамі англа-амерыканскай традыцыі зрабіла б неабходным дадаць некаторыя параметры і меркаванні.

Нягледзячы на тое, што колькасць судовых працэсаў хутка павялічылася за апошнія дваццаць год ва ўсіх краінах, ні ў адной з іх не назіраецца пастаяннага росту гэтай лічбы. Калі засяродзіць увагу на колькасці насельніцтва ў суадносінах з паказнікамі эканамічнага развіцця, можна казаць аб агульным змяншэнні колькасці судовых працэсаў, звязаных з эканомікай і эканамічнымі аперацыямі: справы, якія датычаць дамоваў крэдытавання, кантрактаў ці спажывання. Ва ўсіх гэтых разох назіраецца адноснае памяншэнне колькасці працэсаў. З іншага боку, у судах з’яўляюцца новыя практыкі цывільных працэдур, большасць з якіх звязана з павелічэннем сацыяльнай і геаграфічнай мабільнасці. Усе фактары, якія ўплываюць на сканчэнне тых ці іншых дачыненняў, як, напрыклад, звальненне, пераезд ці разрыў сямейных повязяў, ёсць разнастайнасцямі мабільнасці і могуць выклікаць судовыя працэсы.

Гістарычнае вывучэнне колькасці працэсаў адлюстроўвае іх рэзкае павелічэне і памяншэнне за кароткія перыяды, асабліва ў моманты, калі еўрапейскія краіны перажывалі бурныя перамены: эканамічны крызіс амаль заўсёды выклікае раптоўнае павелічэнне колькасці справаў у судох; а ваенныя перыяды характарызуюцца больш павольнай працай судовых установаў (Гл. Rottleuthner, 1985). Разам з такімі кароткатэрміновымі “выбухамі” і “зніжэннямі” назіраюцца і значныя доўгатэрміновыя ваганні: павелічэнне разводаў прывяло да атакі судоў розных краінаў, што звязана не толькі з самой працэдурай разводу, але і з канфліктамі наконт захавання тых ці іншых стасункаў з дзецьмі. Аднак пасля таго, як цэлае пакаленне перажыла драматычнае павелічэнне колькасці разводаў, працэс разводу параўтварыўся ў рутынавую справу. У большасці краінаў пытанні, звязаныя з разводам, вырашаюцца па-за межамі суда, а суддзя набывае ролю натарыуса. Такім чынам, змяншаецца неабходнасць звяртацца да судовага працэсу, каб ажыццявіць развод. Аблягчэнне працэдуры разводу паводле прынцыпу “вы самі вызначаеце ўмовы свайго разводу” і магчымасць разводу без судовых працэсаў у некаторых краінах сталі асновай праграмы шматлікіх рэфарматараў права.

Такая ж самая тэндэнцыя рэгулявання канфліктаў без удзелу судоў назіраецца і ў выпадках парушэння правілаў дарожнага руху. Падчас хуткага росту дарожнага трафіку шматлікія працэсы абвінавачвання перапаўняюць цывільныя суды некаторых краінаў. У тых культурах, дзе імкнуцца пазбегнуць судовага працэсу, скасавалі паняцце віны, тым самым адмяняючы аплату штрафу праз суд — гэта, у сваю чаргу, анулюе канфлікт ці змяншае выплаты па штрафах, таму што страхавыя кампаніі самастойна рэгулююць канфлікт замест таго, каб прыбягаць да паслуг судоў, адвакатаў, прафесійных экспертаў і аплачваць гэтыя паслугі.

У сувязі з тым, што такія спецыфічныя метады рэгулявання ў некаторых галінах права павялічваюцца ва ўсіх юрыдычных культурах, я ўвёў паняцці “культуры, якія пазбягаюць працэсу” і “культуры, якія больш звяртаюцца да працэсу”. Параўнанне розных юрыдычных культур, на падставе якога былі здабытыя нашы дадзеныя, дазваляе выявіць прычыны, чаму ў адных культурах пазбягаюць, а ў іншых надаюць перавагу судовым працэсам. Адметным для гэтых мадэляў ёсць тое, што гістарычна яны імкнуцца да стабільнасці на працягу доўгага перыяду, але гэта сцверджанне заслугоўвае тлумачэння і мусіць ужывацца вельмі асцярожна.

Вывучэнне ўжывання судовых працэсаў мае сэнс толькі ў тым разе, калі яно ставіцца ў кантэкст узнікнення сацыяльнага канфлікту. Мы можам рабіць параўнанне толькі калі мы маем звесткі пра асновы з’яўлення канфлікту. Такім чынам, я выбраў спецыфічную падставу судовых справаў — адміністрацыйная адказнасць у выпадках грубых парушэнняў правілаў дарожнага руху. Халей (1978) параўноўваў выпадкі такога тыпу ў ЗША і Японіі. Крытыкуючы традыцыю японскага грамадства пазбягаць канфлікту, ён паказаў, што нешматлікія выпадкі зваротаў у суды ў ЗША таксама былі б падставай да судовых справаў у Японіі. Японская культура прапануе мноства інстытутаў па рэгуляванні канфліктаў, якія дазваляюць не звяртацца ў суды. Так, у выпадку смяротнасці праз парушэнне правілаў руху тут назіраецца чатыры звароты ў суд — у два разы менш, чым у Каліфорніі (восем зваротаў). Гэта адпавядае вобразу амерыканцаў як “працэсуальнай” нацыі. Тым не менш, параўнанне з Еўропай сведчыць аб тым, што ёсць яшчэ больш працэсуальныя нацыі. У ФРГ налічваецца шаснаццаць зваротаў ў суд у выніку смяротнага выніку пры парушэнні правілаў, тым часам у Бельгіі гэта лічба удвая больш. У той жа час, іх непасрэдная суседка Галандыя абганяе нават Японію, што датычыць колькасці зваротаў у суды: у судзе разглядюцца толькі дзве справы ў сувязі са смяротным вынікам (трэба адзначыць, што нельга параўноўваць гэтыя вынікі з большасцю статыстык ці з невялікай колькасцю прыкладаў, узятых у паліцэйскіх архівах. Але, з аднаго боку, яны адлюстоўваюць мадэль надання перавагі працэсу ці тэндэнцыі яго пазбегнуць, з іншага боку, мы можам выкарыстоўваць іх для таго, каб потым растлумачыць нацыянальныя асаблівасці ўжывання працэсу.).

Трэба сказаць, што такі прыклад, як адміністрацыйная адказнасць у выніку парушэння правілаў дарожнага руху, не дае нам поўнага ўяўлення аб працэсуальнай мадэлі, якая ўпісваецца ў агульную юрыдычную культуру. Рэгуляванне канфліктаў у выніку парушэння правілаў дарожнага руху знаходзіцца ў сферы дзеяння страхавых кампаніяў. Ва ўсіх краінах яны маюць аднолькавы інтарэс пазбегнуць выплат па выніках суда, тым больш, што вялікія страхавыя кампаніі ўяўляюць сабой міжнародную алігаполію і ўсе яны аднолькава ставяцца да хуткага развіцця дарожнага руху Эўропы. Чаму ў Бельгіі існуе больш працэсуальная мадэль у параўнанні з Заходняй Нямеччынай? Меркаванне расходаў мусіць адыгрываць сваю ролю, як гэта адлюстроўваюць вынікі параўнальнага аналізу для Францыі: калі розныя тыпы справаў адміністрацыйнай адказнасці павялічваліся у 1970-х гг., адсотак справаў, якія датычаць парушэння руху, знізіўся з 10% да нязначнай лічбы. Здаецца, што французскія страхавыя кампаніі дамовіліся аб унутраным вырашэнні канфліктаў, пязбягаючы выплатаў паводле вынікаў судовых справаў і аплаты юрыстаў[5].

Прыярытэт юрыдычнай культуры пазбягаць судовага працэсу часта характарызуецца як працэс, дзе прыватнае вырашэнне справаў замяшчае юрыдычныя нормы, а перамовы і арбітраж выцясняюць юрыдычнае вырашэнне. Гэтая ідэя адлюстроўваецца тым, што Тобнер (1983) называе “рэфлексіўнае права” (droit réflexif): канфлікты вырашаюцца зацікаўленымі сацыяльнымі інстанцыямі, а права і юрыдычныя інстанцыі разглядаюцца як апошніі стадыі вырашэння справы, якая ўжо не паддаецца самарэгуляванню. Тым не менш, гісторыя паказвае, што да такога гледзішча часта падыходзяць з іншага боку. І гэта таксама падпадае пад прыклады, якія прыводзіць Тобнер: самарэгуляванне калектыўных стасункаў у прамысловасці ці разгляд скаргаў спажыўцоў нефармальнымі інстытутамі, доступ да якіх вельмі лёгкі, ёсць спробай фармалізаваць сферу дачыненняў, якія раней не рэгуляваліся юрыдычнымі нормамі, таму што раней гэтае рэгуляванне стрымлівалася нейкім супраціўленнем ці прысутнасцю бар’ераў у выкарыстанні афіцыйных метадаў. Мне задецца, што адсутнасць фармалізму ў гэтым разе ў большай ступені прыводзіць да больш саліднага юрыдычнага падмурку, чым адмова ад юрыдычных правілаў на карысць самарэгуляцыі. Але, калі мы назіраем за развіццём працэсу на працягу доўгага перыяду, можна ўбачыць, што мадэлі, якія пазбягаюць працэсу, прыводзяць да дэюрыдызацыі. Тут можна прывесці шмат прыкладаў: выплата кампенсацыі без прызнання віны, самарэгуляванне транспартных здарэнняў, разводаў, аблягчэнне юрыдычнага вырашэння сямейных праблемаў, крэдытаванне на спажыванне, аўтаматычнае рэгуляванне запазычанасцяў[6] (апошнія ёсць менш выразнымі прыкладамі, але тлумачаць, чаму адміністрацыйныя працэсы не развіваюцца з той самай хуткасцю, што і эканамічны прагрэс).

Існуюць іншыя інстытуты, якія дапамагаюць пазбегнуць ужывання судовага працэсу. Яны больш распаўсюджаныя ў адных краінах, менш — у іншых. Адна з такіх магчымасцяў — рэгуляванне канфлікту пры пасярэдніцтве цывільнай, а не судовай установы — гэта прыклад шматлікіх разводаў у Даніі ці Японіі. Калі ў шмат якіх краінах Эўропы развод ажыцяўляецца ў судох, у краінах Далёкага Ўсходу ці Даніі дазваляецца ажыцяўленне разводу ва ўстанове аналагічнай той, дзе падавалася заява на шлюб. Магчымасць пазбернуць суда ў гэтых краінах не ўказвае на адсутнасць неабходных нормаў, а, наадварот, сведчыць аб наступным: калі цывільная ўстанова рэгулюе разрыў сацыяльных стасункаў, яна робіць гэта пры дапамозе больш аўтарытарных нормаў, чым якія прымяняліся б суддзёю. Карыстанне судовымі практыкамі можа сведчыць аб тым, што суб’екты пазбаўляюцца цывільных абавязкаў, што прызнаецца іх свабода без надання юрыдычнага статусу іх персанальнай аўтаномнай прасторы. Пазбегнуць суда азначае ў гэтым разе ажыцяўленне больш вялікай ступені рэгулявання.

Тым не менш, існуюць іншыя формы рэгулявання канфліктаў па-за межамі судоў, менш фармальныя у параўнанні з судовымі працэсамі. Наяўнасць у сацыяльнай прасторы шматлікіх інстытутаў пасярэдніцтва і арбітражу сведчыць аб тым, што ў гэтай культуры імкнуцца пазбегнуць судоў, звяртаючыся да пабочнай дапамогі. У шматлікіх краінах індустрыяльныя дачыненні ўжо на працягу доўгага часу звязаны з неюрыдычнымі традыцыямі: British Industrial Relation Act 1970—1974 гг. уяўляе сабою найлепшы прыклад пераходу да сацыяльнай сістэмы аўтаномнага рэгулявання, развіваючы юрыдычную сферу і паскараючы яе прагрэс. Тым не менш, рэгуляванне працоўных дачыненняў адбываецца ў Вялікай Брытаніі значна менш пры дапамозе судоў, чым у Францыі, Бельгіі ці Нямеччыне, дзе яшчэ існуюць моцныя традыцыі працоўных трыбуналаў. А сярод краінаў, якія мы параўноўвалі, з аднаго боку знаходзіцца Данія, дзе ўсе працоўныя дачыненні рэгулююцца ў рамках карпарацыйных перамоваў, а з іншага боку — Галандыя, якая падтрымлівае традыцыю не адпускаць работніка, пакуль ён не будзе зволены дзяржаўным органам рэгулявання працоўных дачыненняў. Тут амаль што незалежнае рэгуляванне спалучаецца з адміністрацыцнай працэдурай. У Даніі і Галандыі дазваляецца звяртацца ў суд у выключным выпадку, але вырашэнне канфліктаў, звязаных з працай, вельмі рэдка завяршаецца судовым працэсам у гэтых краінах.

Пасярэдніцтва, нефармальныя скаргі, трыбуналы спажыўцоў, амбудсман, юрыдычная камісія — усё гэта інстытуты для рэгулявання канфліктаў без суда, якія прысутнічаюць у гэтых дзвюх краінах. Тым часам у больш працэсуальных краінах, як Францыя ці Заходняя Нямеччына, вельмі цяжка знайсці аналагі такіх інстытутаў: іх праца ажыццяўляецца ў больш абмежаваных умовах, а скаргі не заўсёды вырашаюцца. На першы погляд, можна палічыць, што пазбяганне суда павінна быць звязана з памерамі краіны, тым не менш, у нашым аналізе Бельгія знаходзіцца сярод краінаў, найбольш схільных да судовых працэсаў, так сама, як такія невялікія краіны, як Аўстрыя і Фінляндыя. Японія, краіна з большай колькасцю насельніцтва, наадварот увасабляе прыклад культуры, якая імкнецца пазбегнуць судовых скаргаў.

На жаль, усе статыстычныя паказнікі вельмі павярхоўна адлюстроўваюць уплыў гэтых пазасудовых альтэрнатываў. Прыкладам гэтага можа быць выпадак аблегчанай справаздачы і працэдура выплаты пазыкі. У некаторых з тых краінаў, дзе найбольш распаўсюджаныя судовыя працэсы (Аўстрыя, Заходняя Нямеччына), аблегчаная справаздача па выплаце пазыкі дазваляе найбольш эфектыўна вярнуць пазыку, якая не аспрэчваецца, а ў іншых краінах гэты працэс замяшчае судовую кампетэнцыю. Аднак такія рашэнні збольшага прымаюцца завочна. Гэта тлумачыць, чаму ў Даніі даволі вялікая колькасць працэсаў пры тым, што процілеглыя працэдуры не вельмі распаўсюджаныя. Апеляцыі таксама ёсць дадатковым добрым паказачыкам змяненняў колькасці альтэрнатыўных працэдур: суды Заходняй Нямеччыны прадэманстравалі сваю эфектыўнасць у выкарыстанні аблегчанай справаздачы пры наяўнасці вялікай колькасці апеляцыяў (у параўнанні з культурамі, якія пазбягаюць суда), але яна менш, чым у краінах, якія найбольш выкарыстоўваюць судовыя працэсы (Аўстрыя, Бельгія). Галандыя і Японія застаюцца краінамі, якія варожа ставяцца да судоў, нават нягледзячы на тое, што суды гэтых краінаў займаюцца выплатай пазыкі (гл. табліцу 1 у дадатку).

Больш дакладна, культура, якая імкнецца пазбегнуць судовага працэсу, — не тая, дзе няма ніводнай скаргі. Паводле вынікаў нашага параўнання развітых краінаў, змяншэнне зваротаў да судоў суправаджаецца павелічэннем колькасці іншых установаў сацыяльнага рэгулявання канфліктаў. Гэта можа выклікаць больш відавочны кантроль зацікаўленых бакоў, збольшага гэта характэрна для адміністрацыйнага рэгулявання, калі альтэрнатыўныя інстытуты выкарыстоўваюць больш фармальныя працэдуры. Такія альтэрнатыўныя ўстановы дапамагаюць пазбегнуць судовых працэсаў. Але яны таксама могуць існаваць у саміх трыбуналах, дапамагаючы бакам пасля звароту ў суд. Ужыванне розных метадаў да пачатку працэсу, а таксама арбітраж у саміх судах даюць магчымасць пазбегнуць суда — процілегласць вельмі развітага фармалізму англа-амерыканскай сістэмы. Кантынентальная сістэма пакідае судззі меншую свабоду выбару і, такім чынам, змяншае апазіцыю паміж бакамі і іх адвакатамі. Альтэрнатыўны падыход у гэтым выпадку — вельмі цікавае ўнутранае пагадненне ў судзе (гл. Röhl і інш., 1983), таму што яно не дае магчымасці праіграламу баку звяртацца ў вышэйшую інстанцыю (характэрна для кантынентальнай сістэмы ў параўнанні з тым, як суд адбываецца ў сістэме common law). З гэтага гледзішча пазбегнуць суда не азначае, што канфлікты будуць урэгуляваныя па-за межамі суда, але можа наадварот прывесці да больш хуткага разгляду справы трыбуналам. У такім разе нам нестае дадзеных, каб высветліць, ці прыводзіць практыка пазбягання судовага працэсу трыбуналамі да меншай працэдуральнасці працэсу. Але калі рабіць дэталёвае параўнанне паміж Галандыяй і Заходняй Нямеччынай, здаецца, што такая сувязь існуе: немцы больш схільныя да судовага працэсу, больш выкарыстоўваюць апеляцыю, чым іх суседзі галандцы, якія, па-першае, пазбягаюць судовага працэсу, больш за тое, аддаюць перавагу спыненню працэдуры.

Параўнанне гэтых дзвюх краінаў з падобнымі сацыяльнымі і эканамічнымі структурамі абсалютна натуральнае. Такім чынам, надаецца выдатная магчымасць зрабіць параўнальны аналіз дзвюх юрыдычных культур, таму што на першы план выходзяць фактары, якія ўплываюць на ўжыванне працэсу. У першую чаргу паставім сябе на месца хадайніка. Таму што гэтыя краіны знаходзяцца, выкарыстоўваючы эканамічную тэрміналогію, на адным узроўні дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, ёсць усе падставы меркаваць, што яны маюць аднолькавую колькасць канфліктаў[7]. Няма ніякай падставы надаць вялікую ўвагу традыцыям ці менталітэту для тлумачэння розных падыходаў. Памылкова меркаваць, што галандцы маюць ментальнасць, якая змяншае ролю скаргаў у параўнанні з немцамі, якія жывуць на другім баку мяжы. Можна сказаць, што традыцыі аказваюць большы ўплыў на адрозненні паміж прусамі і баварцамі, чым паміж галандцамі, бельгійцамі ці жыхарамі рэйнскага рэгіёна. Існуюць рэгіянальныя адрозненні, а таксама лакальныя юрыдычныя культуры ў кожнай краіне, а таксама існуе розніца паміж горадам і вёскай ў тым, што датычыць карыстання працэсам (гл. Prognos, 1974). Але ні адзін з гэтых фактараў не тлумачыць важнай розніцы паміж галандцамі, якія схільныя да працэсу, і заходнімі немцамі, якія імкнуцца яго пазбегнуць. Немагчыма растлумачаць розніцу юрыдычных культураў толькі на індывідуальным узроўні, прычыну трэба шукаць у рознай інстытуцыйнай інфраструктуры, якая падштурхвае немцаў выкарыстоўваць працэс і даводзіць яго да канца. Наадварот, інстытуты падтрымліваюць галандцаў падаваць скаргі ў альтэрнатыўныя ўстановы і вырашаць іх па-за межамі судоў ці, калі працэс быў распачаты, шукаць магчымасці яго хуткага заканчэння.

Нарэшце, было б цікава правесці паралель паміж выкарыстаннем працэсу і колькасцю юрыстаў і юрыдычнага перасналу. Здаецца, што жыхары англа-амерыканскай сістэмы мусяць вельмі добра абараняць свае інтарэсы: колькасць праўнікаў у ЗША каля трохсот на сто тысяч жыхароў, у Англіі/Уэльсе — каля ста, а ў кантытентальных краінах — менш за сто. У той самы час прапорцыя суддзяў у большай колькасці кантынентальных краінаў складае 10 і 20, а ў Заходняй Нямеччыне — максімум 28. У дзвюх юрыдычных традыцыях праўнікі робяць розны тып кар’еры, а суддзі маюць розныя паўнамоцтвы. У кантынентальных краінах (а таксама ў англа-амерыканскіх юрыдычных культурах) можна параўноўваць суадносіны колькасці праўнікаў і суддзяў. Наша параўнанне паказвае, што колькасць суддзяў падтрымлівае версію аб культурах больш/менш схільных да ўжывання судовага працэсу[8]. Такая ж сітуацыя і з узаемасувяззю паміж колькасцю праўнікаў[9] і схільнасцю пазбягаць судоў, хаця ў Аўстрыі назіраецца меншая колькасць праўнікаў у параўнанні з вялікай колькасцю судовых працэсаў. Аднак не трэба быць вельмі здзіўленымі вынікамі параўнання паміж колькасцю суддзяў і праўнікаў, з аднаго боку, і колькасцю працэсаў, з іншага, нават калі прыстасаваць гэта да большай колькасць краінаў, таму што афіцыйная лічба праўнікаў не адпавядае колькасці тых, хто рэальна займаецца юрыдычнай практыкай[10] (гл. дадатак, табліца 2).

Канечне, суадносіны паміж колькасцю працэсаў і колькасцю юрыдычнага персаналу могуць інтэрпрэтавацца па-рознаму: культуры, у якой працэсаў шмат, патрабуецца багата праўнікаў, таму што яны ажыццяўляюць шмат працэсаў. Адвакаты прымаюць удзел у пачатку працэсу, суддзі — у яго заканчэнні. Але адвакаты шукаюць альтэрнатыўныя формы вырашэння скаргаў: нямецкія і галандскія адвакаты займаюцца больш чым паловай скаргаў па-за межамі суда. Эфектыўнасць трыбуналаў уплывае на даўжыню працэсаў, гэта, а таксама выдаткі падштурхоўваюць бакі шукаць альтэрнатыўныя інстытуты для вырашэння канфліктаў. Такім чынам, запыт бакоў і адказ, які на яго даецца, беспасярэдне залежаць ад рацыянальнасці суадносінаў выдаткі—аддача.

Аднак існуюць іншыя фактары, акрамя выдаткаў і матэрыяльных абмежаванняў. Культуры, якія пазбягаюць працэсу, маюць альтэрнатыўныя метады не толькі з матэрыяльных прычынаў, але таксама з якасных. Галандскія, дацкія і японскія аўтары настойваюць на перавазе не-судовага рэгулявання ў сферы адказнасці і разводаў; у ЗША альтэрнатыўныя формы вырашэння падаюцца (аднак яшчэ не да канца) у якасці дабрадзейных. Калі ў некаторых краінах (як Італія ў нашых даследаваннях) пазбяганне працэсу перш за ўсё абумоўлена недаверам да вельмі палітызаваных і неэфектыўных судоў, у другіх (напрыклад, Данія ці Галандыя) агульны давер юрыдычным установам звязаны з эфектыўнасцю альтэрнатыўных інстытутаў, якія пазбягаюць працэсу. Такія розныя тлумачэнні робяць магчымым суіснаванне процілеглых феноменаў у тым, што датычыць карыстання судамі. З аднаго боку, назіраецца агульнае развіццё юрыдычнага працэсу, што прыводзіць да большай кольсці працэсаў, рашэнняў Вярхоўных судоў, студэнтаў і даследчыкаў права, да большай колькасці юрыдычнай літаратуры ў бібліятэках. З іншага боку, можна таксама знайсці магчымасці пазбегнуць працэсу праз сістэму, якая выпрацоўвае больш нефармальных правілаў; меншая колькасць апеляцыяў памяншае аб’ём юрыспрудэнцыі, што, у сваю чаргу, вядзе да змяншэння рознагалоссяў у юрыдычнай навуцы. У выніку, культуры, дзе пазбягаецца працэс, адрозніваюцца меншай прававой сферай.

Права як сацыяльная сістэма больш абумоўлена прысутнасцю розных інстытутаў, чым колькасцю скаргаў: на яго ўплываюць функцыянаванне юрыдычных інстытутаў, працэсуальныя ўмовы, кошт, іх даступнасць, а таксама колькасць альтэрнатыўных установаў. Тэндэнцыя пазбягання працэсу можа быць абумоўлена як дзяржаўнымі ўстановамі, так і працэсуальнай практыкай. Адметнымі тут ёсць вялікія адрозненні ў карыстанні ці пазбяганні працэсаў у заходніх краінах, а таксама тое, што гэтыя варыяцыі адлюстроўваюць падобную гістарычную тэндэнцыю, нават калі сацыяльныя патрэбы і сацыяльныя канфлікты вельмі часта супадаюць.

З французскае пералажыла Святлана Касілава

Поўная бібліяграфія да артыкула:

http://www.reds.msh-paris.fr/publications/revue/html/ds016/ds016-08.htm

Дадатак

Табліца 1

Цывільныя працэсы на 100 000 жыхароў (1984)

 

Цывільныя працэсы з улікам працэдур сплаты пазыкі

Супярэчлівыя цывільныя працэсы

Апеляцыя ў першасныя інстанцыі

Юрыдычныя культуры, схільныя да ўжывання працэсаў

Аўстрыя

10 800

5020

430

Бельгія

 

4800

536

Заходняя Нямеччына

9400

3561

251

Краіны з сярэднімі вынікамі

Францыя

3640

1950

250

Італія

2400

1640

145

Краіны, якія пазбягаюць працэсу

Данія

4800

64

Галандыя

1600

1430

37

Японія[11]

 

500

15

Табліца 2

Колькасць суддзяў і адвакатаў на 100 000 жыхароў (1984)

Краіна

Адвакаты

Суддзі

Аўстрыя

31

20

Бельгія

94

20

Заходняя Нямеччына

80

28

Італія

72

11

Данія

59

10[12]

Францыя

32

10

Галандыя

33

6

Японія

9

2

 


[1] Гл. дыскусію паміж Felstiner і Danzig/Lowy, 1974/75

[2] Гл. Blankenburg, 1989.

[3] B.M. Blegvad/A. Wulff, Капенгаген; H. Ietswaard, Парыж; F.V. Loon/E. Langerwerff, Антвэрпэн; I. Verwoed/Blankenburg, Гага—Амстэрдам.

[4] Hellmut Wollschläger, Bielefeld, 1989.

[5] Iestwaard, 1989.

[6] Гл. Kagan, 1984.

[7] У параўнанні са скандынаўскімі краінамі і Нямеччынай Галандыя была пастаўлена на больш высокія пазіцыі ў тым, што датычыць дзяржаўнага рэгулявання (вывучалася Флора ў 1982г.), тым не меньш Нямеччына ідзе адразу за ёй.

[8] Можна памыліцца, калі даваць тлумачэнне статыстыкі датычна судоў. У некаторых краінах вялікая колькасць суддзяў працуе няпоўны працоўны дзень, у іншых — таксама падлічваюцца спецыяльныя суддзі. У нашых даследаваннях мы ўлічвалі суддзяў з поўнай і частковай занятасцю, прафесіяналаў (гэта значыць, якія атрымалі юрыдычную адукацыю). Каб паглыбіць даследаванні, можна таксама надаваць увагу працы служачых, якія займаюцца скаргамі (Галандыя), але ў іншых краінах (Заходняя Нямеччына) гэта прэрагатыва толькі прафесіянальных суддзяў.

[9] У даследаванні ўлічваюцца зарэгістраваныя адвакаты. Не ўсе з іх практыкуюць (працуюць у трыбуналах). Напрыклад, у Заходняй Нямеччыне трэцяя частка зарэгіставаных адвакатаў робіць праўнікамі ў кампаніях і захоўваюць рэгістрацыю з матэрыяльных матываў, праз праблемы са страхаваннем ці дзеля свае рэпутацыі. У некаторых краінах (Італія) іх колькасць нават большая, але ў іншых (Галандыя, ці Данія) — іх менш. У гэтым даследаванні мы выкарыстоўваем дадзеныя ўсіх зарэгістраваных адвакатаў, таму што вельмі цяжка вылучыць рэальны ўзровень практыкі адвакатаў.

[10] Abel/Lewis, 1989.

[11] Wollschläger 1989, Blankenburg 1989, Pelligrini 1990.

[12] Таксама і іх намеснікі.

_____________________________

Эрхард Бланкенбург з 1980г. выкладае сацыялогію права ў Вольным універсітэце Амстэрдаму. Мае ступень Магістра Арыгонскага універсітэту і доктарскую ступень (Баль, Швейцарыя і Фрайбург, Нямеччына). Быў кансультантам Quickborn Team Hamburg да 1972 г., даследчыкам у Прагнос (Баль) да 1974 г. Гэтаксама працаваў у Інстытуце Max-Planck (Фрайбург) да 1975 і ў Навуковым цэнтры Берліна да 1980 г. Мае шмат публікацыяў у сферы публічнага працэсу, грамадзянскага працэсу, працоўнага заканадаўства, юрыдычнай дапамогі і сацыялогіі права.



   
© 2004-2009, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!