Уводзіны
Па выніках саміту ЕЗ у Бруселі на пачатку чэрвеня 2006 году верагоднае ўступленне ў Звяз Турэччыны было адкладзенае прынамсі на шэсць месяцаў. Кіраўнікі краінаў ЕЗ не вызначылі магчымага часу турэцкага далучэння, але пастанавілі, што пакуль Турэччына не выканае свае абавязанні паводле Анкарскага пратаколу, ЕЗ не пачне перамоваў аб уступленні. Тым самым было падкрэслена, што Турэччына павінна безумоўна прымяняць у дачыненні да ўсіх чальцоў Еўразвязу адзіныя правілы (чаму прысвечаны Анкарскі пратакол). Гэта зноў засьведчыла, што адной з асноўных праблемаў гэтай краіны ёсьць праблематычнасьць яе міжнароднага становішча. Зважаючы на тое, мы хацелі б закрануць тыя праблемы міжнароднага становішча Турэччыны, якія маюць дачыненьне да яе ўзаемінаў з беспасярэднімі суседзямі і патэнцыйна здольныя адбіцца на агульнаеўрапейскай палітыцы.
Турэччына шырока супрацоўнічае з ЕЗ у галіне супольнай вонкавай палітыкі і палітыкі бясьпекі. Але гэтыя стасункі не пазбаўленыя праблематычнасці, бо, напрыклад, Турэччына і ЕЗ прытрымліваюцца розных трактовак пагадненняў ЕЗ і НАТО «Берлін плюс» 2002 году, што замінае стратэгічнаму супрацоўніцтву пры кіраванні крызіснымі сытуацыямі.
Але галоўнай праблемай у вонкавапалітычнай сфэры ёсць двухбаковыя стасункі Турэччыны з сумежнымі краінамі, у якіх па-ранейшаму ёсць нямала праблемаў, нават нягледзячы на значны прагрэс у апошні час. Мяжа з Арменіяй працягвае заставацца зачыненай, а за апошняе дзесяцігоддзе краіна некалькі разоў была на мяжы вайсковага сутыкнення з Грэцыяй і Сірыяй.
На нашую думку, ёсьць усе падставы казаць пра надзвычайную праблематычнасць вонкавай палітыкі і міжнароднага становішча ТР. Зазвычай пры абмеркаванні праблематычнасці ўступлення ТР у ЕЗ пад увагу бяруцца эканамічныя і ўнутрыпалітычныя аспекты. Пры гэтым праблемы нацыянальных меншасцяў, перадусім курдскай супольнасці таксама разглядаюць як унутрыпалітычныя, хаця ёсьць падставы разглядаць курдскае пытаннне як міжнароднае.
ТР мае праблематычныя стасункі амаль з усімі сваімі суседзямі. У першай частцы артыкула мы спрабуем адказаць на пытанне, якое месца займае сам рэгіён Блізкага Ўсходу ў палітыцы ЕЗ і працэсе еўрапейскай інтэграцыі. У другой частцы мы разглядаем стасункі з мусульманскімі краінамі, “мастом” да якіх, яна мусіць быць на думку многіх прыхільнікаў прыняцця Турэччыны ў ЕЗ. Мы паказваем, што граць такую ролю ёй нялёгка з-за гістарычнае спадчыны, амбітнай вонкавай палітыкі, тэрытарыяльных спрэчак і шэрагу іншых пытанняў. У трэцяй частцы ідзецца пра немусульманскія краіны, стасункі з якімі складваюцца па-рознаму, але яны таксама абцяжараныя мноствам праблемаў.
Падсумоўваючы, зазначым, што асноўнай нашай высновай ёсць тое, што Турэччына мае трансфармаваць не толькі сваю ўнутраную палітыку, але і вонкавую, а таксама дамагчыся карэнных зьменаў у стасунках з суседнімі дзяржавамі, што прывядзе да змены яе геапалітычнай ролі – неадменнай перадумовы еўрапейскай інтэграцыі краіны.
І. Месца Блізкага Ўсходу ў працэсе еўраінтэграцыі і вонкавай палітыцы Еўразвязу
Сёння праблемы Блізкага Ўсходу самым беспасярэднім чынам уплываюць як на вонкавую, гэтак і на ўнутраную палітыку Еўрапейскага Звязу. Разам з эвалюцыяй і ростам гэтага аб’яднання еўрапейскіх дзяржаў адбывалася і паступовае ўцягванне яго, як адзінага суб’екта міжнародных адносінаў, у арбіту палітыкі і праблемы Блізкага Ўсходу.
Напачатку ідэя еўрапейскай інтэграцыя натхніла ў 1950-я гады заходнееўрапейцаў на стварэнне сеткі дамоваў, закліканых папярэдзіць новыя праявы гвалту і варожасці ў заходняй частцы кантыненту. Яшчэ адным вязьмом гэтага хаўрусу было процістаянне сацыялістычнаму лагеру на ўсходзе кантыненту. У той самы час да другой паловы 1970-х гадоў Блізкі Ўсход не граў аніякай істотнай ролі ў намаганнях заходнееўрапейскіх лідэраў будаваць адзіны супольны свет без гвалту, пра што сведчаць дакументы, што прымаліся падчас адпаведных сустрэчаў ды самітаў. Кожная з краін-удзельніц працэсу еўрапейскай інтэграцыі, вядома, мела сваю блізкаўсходнюю палітыку, але тая заставалася менавіта ў нацыянальнай кампетэнцыі. Адзіным выключэннем быў хіба што Ізраіль, у дачыненні да якога можна адзначыць пэўныя спробы каардынацыі дзеянняў з боку заходнееўрапейскіх дзяржаў, што бралі ўдзел у Еўрапейскіх супольніцтвах. Гэта было звязана як з актыўнай роляй гэтай краіны ў сусветнай палітыцы, гэтак і з унутрыпалітычнымі меркаваннямі, бо Галакост стаў магутным маральным дакорам не толькі нямецкаму, але і еўрапейскаму сумленню.
Разам з ростам палітычнай і эканамічнай вагі Еўрапейскіх супольніцтваў адбывалася тэрытарыяльнае пашырэнне зоны еўраінтэграцыі, паступовае яе ссоўванне ў бок Блізкага Ўсходу, які пасля дэкаланізацыі 1950-60-х гадоў пачаў выяўляць усё большую палітычную самастойнасць (пікам якой стаў нафтавы крызіс пасля чацвёртай араба-ізраільскай вайны), вымушаючы супольнасць еўрапейскіх краінаў імкнуцца да правядзення супольнай ў дачыненні да Блізкага Ўсходу палітычнай лініі. Урэшце ў 1981 г. з уступленнем у Еўрапейскую супольнасць Грэцыі аб'яднаная Еўропа ўшчыльную наблізілася да рэгіёну Блізкага Ўсходу. Менавіта з пачатку 1980-х гадоў пачынаюцца спробы правядзення актыўнай еўрапейскай палітыкі на Блізкім Усходзе, якая стала асновай для асноўных напрамкаў сённяшняй палітыкі Еўразвязу ў дачыненні да рэгіёна.
Прыняццё Грэцыі азначала для аб'яднанай Еўропу неабходнасць надаць яшчэ больш увагі адносінам з Турэцкай Рэспублікай. Турэччына яшчэ ў 1963 годзе падпісала з Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю Дамову аб асацыяваным сяброўстве і многія сотні тысячаў туркаў з 1960-х гадоў актыўна бралі ўдзел у эканамічным жыцці Заходняй Еўропы, але нягледзячы на ўсе імкненні Анкары, аб'яднаная Еўропа асцярожна ставілася да пытання ўдзелу Турэцкай Рэспублікі ў еўрапейскай інтэграцыі. Грэцыя, у якой пачынаючы з часоў руху аднаўлення незалежнасці ў 1820-х гадах, пераважалі варожыя да туркаў настроі (асабліва пасля грэцка-турэцкай вайны 1920-22 гадоў і маштабнага абмену насельніцтвам, раўназначнага сыходу грэкаў з гістарычных месцаў іх рассялення ў Малой Азіі), спрыяла пэўнаму ахалоджанню адносінаў паміж аб'яднанай Еўропай і Анкарой.
Адносіны з Турэцкай Рэспублікай і верагоднасць прыняцця гэтай краіны ў Еўразвяз ёсьць адным з галоўных вектараў блізкаўсходняе палітыкі Звязу сёння. Нягледзячы на фармальную дэкларацыю Бруселя аб пачатку з кастрычніка гэтага году перамоваў з Анкарой аб уступленні, турэцкае далучэнне да ЕЗ выклікае багата пярэчанняў. Яны датычацца праблемы эканамічнага развіцця Турэцкай Рэспублікі (што моцна саступае нават найменш развітым сябрам ЕЗ), Кіпру (паўднёвая частка якога ўжо далучылася да ЕЗ, але дагэтуль непрызнаная Анкарой), гістарычнай спадчыны Асманскай імперыі (праблема генацыду армянаў і праблема ўспрымання еўрапейцамі ролі туркаў у еўрапейскай гісторыі), адмоўных рысаў моцнага традыцыйнага грамадства, а таксама палітычнай культуры ў краіне і праблемы захавання правоў чалавека. Апроч таго, меркаванні геапалітычнага характару таксама разахвочваюць Брусель, бо разам з Турэччынай аб'яднаная Еўропа пашырыцца на рэгіён, для якога характэрнае адставанне ў эканамічным развіцці і перманентная нестабільнасць ды напружанасць, бо з некаторымі суседнімі краінамі Турэччына яшчэ зусім нядаўна знаходзілася на мяжы вайны (як то з Сірыяй, увосень 1998 году).
Яшчэ адным патэнцыйным саюзнікам ЕЗ на Блізкім Усходзе быў і ёсць Ізраіль. Нягледзячы на перыядычную крытыку на адрас Тэль-Авіву з боку Бруселя (што пачалася досыць позна – з трох венецыянскіх дэкларацыяў у чэрвені 1980 году) еўрапейскі і ізраільскі палітычны істэблішмент плённа развіваюць усебаковае супрацоўніцтва і нават артыкулююць магчымасць далучэння ў той ці іншай форме Ізраіля да Еўразвязу. Ізраіль і Турэцкая Рэспубліка актыўна супрацоўнічаюць паміж сабой, іх супрацоўніцтва падмацоўваецца амерыканскай падтрымкай і таму Еўразвяз у сваёй палітыцы на Блізкім Усходзе мусіць граць разам/побач ці насуперак ЗША. Асабліва істотны амерыканскі чыннік ў адносінах ЕЗ-Ізраіль. Таму Брусель часцяком дзейнічае ў супрацы з іншымі дзяржавамі і ЗША (прыкладам ёсць т. зв. «Блізкаўсходні квартэт»).
Пра развіццё зацікаўленасці і актывізацыю палітыкі ЕЗ на Блізкім Усходзе выразна сведчыць палітыка Бруселю ў дачыненні да Ірану, што актывізуецца з сярэдзіны 1990-х гадоў, пасля прасоўвання фокусу інтарэсаў ЕЗ на Ўсход і спробаў Ірану выйсці з міжнароднай ізаляцыі. Адносіны ЕЗ-Іран зусім нядаўна выйшлі на пярэдні план, бо раней яны былі хутчэй другаснымі ў параўнанні з адносінамі ЕЗ-Турэччына, якім Брусель надаваў прыярытэт, што не спрыяла развіццю двухбаковага супрацоўніцтва, калі згадаць пра традыцыйнае суперніцтва Анкары і Тэгерану. Сёння адносіны ЕЗ і Ірану развіваюцца досыць плённа, хаця не дасягнулі і малой часткі таго, што ўдалося дабіцца ЕЗ у дачыненнях з Турэцкай Рэспублікай. Іх развіццю замінала пазіцыя Ірану ў галіне правоў чалавека і міжнароднай палітыкі, у выніку чаго ў 1997 годзе краіны Еўразвязу цалкам разарвалі на некалькі месяцаў адносіны з Тэгеранам. Сёння асноўнай праблемай палітыкі ЕЗ ў дачыненні да Ірана ёсць атамная праграма гэтай краіны. Поспех ў вырашэнні гэтае праблемы дазволіць ЕЗ не толькі прасунуцца далей у супрацы з Тэгеранам, але і сцвердзіць сваю значнасць у сусветным маштабе.
Палітыка ЕЗ у дачыненні да арабскіх краін Блізкага Ўсходу менш выразная і будуецца вакол трох вышэйазначаных напрамкаў. ЕЗ надае арабскім краінам значную дапамогу па развіцці – найбольш вядомым прыкладам ёсць Палестына, але гэтыя праграмы падпарадкаваныя прыярытэтнаму напрамку еўрапейска-ізраільскага збліжэння. Гэткая пазіцыя звязаная з унутрыпалітычнымі меркаваннямі, у тым ліку спробамі пашырэння ў еўрапейскім грамадстве цывілізацыйнага варыянту канцэпцыі еўрапейскай інтэграцыі, што вядзе да падозрана-варожага стаўлення да араба-мусульманскага свету.
Палітыка Еўразвязу на Блізкім Усходзе ў далейшым будзе мяняцца як дзякуючы развіццю двухбаковых сувязяў ЕЗ з краінамі Блізкага Ўсходу і глабальным палітычным тэндэнцыям, гэтак і дзякуючы верагоднаму змяненню геаграфічнай канфігурацыі ЕЗ, яго палітычнай, эканамічнай і вайсковай ролі ў свеце, якое будзе мець месца ў выніку далучэння ўсходнееўрапейскіх дзяржаў ды цяснейшай інтэграцыі краін ва ўсіх сферах. Вельмі важнай падзеяй стане верагоднае прыняцце Турэцкай Рэспублікі ў ЕЗ, што дадасць Звязу як значны аб'ём людскіх рэсурсаў, так і велізарную вайсковую моц, здольную як праецыраваць сілу, так і беспасярэдне ўплываць на развіццё сітуацыі ў рэгіёне. Прыняцце Турэччыны дазволіць павялічыць супрацоўніцтва з Ізраілем, які таксама здольны зрабіць значны ўнёсак ва ўмацаванне ЕЗ.
Апрача вышэйпералічаных вонкавых чыннікаў на развіццё блізкаўсходняй палітыкі ЕЗ і верагоднасць прыняцця новых краін (перадусім Турэччыны) моцна паўплывае ўнутрыпалітычная сітуацыя. На першы погляд здаецца, што прыняцце новых краін выклікала хвалю еўраскептыцызму і адмоўнага стаўлення да еўраінтэграцыі, перш за ўсё з боку еўрапейскіх правых і можа нават адкінуць працэс еўраінтэграцыі назад.
Аднак ў доўгатэрміновай перспектыве варта чакаць, што еўрапейскае грамадства ўсвядоміць мэтазгоднасць пашырэння Звязу з эканамічных і палітычных прычынаў. Апроч таго ў краінах ЕЗ павялічваецца доля выхадцаў з Блізкага Ўсходу (роўна як і іх роля ў грамадскім жыцці), схільных падтрымліваць больш актыўнае ўмяшанне ЕЗ у блізкаўсходнія падзеі. Да таго ж, многія ўнутрыеўрапейскія цяжкасці ў грамадскім ўспрыняцці далейшага пашырэння ЕЗ на ўсход (перш за ўсё на Турэччыну) тлумачацца аб'ектыўным спазненнем з пераменай парадыгмы ў еўраінтэграцыі, еўрапейскай самасвядомасці ды ідэнтычнасці, якое вядзе да фармавання невыразнай вонкавапалітычнай лініі і перакосаў у грамадскім успрыманні міжнародных захадаў Бруселя.
ІI. Еўрапейская інтэграцыя Турэцкай Рэспублікі ў кантэксце стасункаў з мусульманскімі краінамі рэгіёну
Прымаючы ў свой склад Турэцкую Рэспубліку, Еўразвяз прымае краіну, якая беспасярэдне ўцягнутая ў блізкаўсходнюю палітыку і, асабліва з канца 1980-х гадоў, спрабуе стаць рэгіянальным цэнтрам сілы, а таксама арыентырам для шэрагу былых савецкіх рэспублік Сярэдняй Азіі і Паўднёвага Каўказа з пераважна мусульманскім насельніцтвам. Актывізацыя палітыкі Анкары на Блізкім Усходзе ў апошнія гады прывяла да таго, што Турэччына сутыкнулася з чатырма асноўнымі выклікамі ў галіне замежнай палітыкі:
- ісламізм, у прыватнасці, пабудова ісламскай рэспублікі ў Іране, што стварае перашкоды для адносінаў Турэччыны з гэтай дзяржавай, нягледзячы на значныя супольныя інтарэсы;
- пытанне забеспячэння вадой: праект GAP – амбітная задума пабудовы арашальнай сістэмы і вытворчасці электраэнергіі, стварыла водную праблему для Сірыі і Іраку;
- курдская праблематыка наагул: палітычная і вайсковая няздатнасць Турэччыны ў курдскім пытанні на пачатку разгляданага намі перыяду прывяла да таго, што гэтая праблема пачала набываць больш шырокае рэгіянальнае вымярэнне. Аперацыі турэцкага войска ў ірацкім Курдыстане і сірыйская падтрымка РКК абцяжарвала стасункі ў трохкутніку Анкара-Багдад-Дамаск;
- нявырашаныя праблемы ў адносінах паміж Ізраілем і арабскімі краінамі: узмацняецца занепакоенасць арабскіх суседзяў Турэччыны (і арабскага свету, наагул), а таксама Ірака, якія не выключаюць, што дзве самыя дужыя з вайсковага пункту гледжання дзяржавы рэгіёну могуць перайсці ад палітычных рашэнняў у сваіх узаемінах з суседзямі да ваенных. Ужо ў 1992 г. адзначаныя першыя азнакі збліжэння паміж Турэччынай і Ізраілем.
Погляды турэцкай палітычнай эліты па гэтых пытаньнях у цэлым супадае з агульнай пазыцыяй кіраўніцтва ЕЗ. У той жа час, калі для ЕЗ гэтыя пытаньні важныя, але не пагражаюць самаму існаваньня краінаў ЕЗ, дык для Турэччыны гэтыя праблемы маюць экзістэнцыйнае значэньне.
Нацыянальныя меншасці і гістарычная спадчына. Разглядаючы міжнародныя адносіны Турэччыны, у тым ліку з краінамі рэгіёну і Еўразвязу, варта адзначыць тую надзвычай вялікую ролю, якую граюць у іх два наступныя чыннікі – існаванне ў гэтай краіне нацыянальных меншасцяў (перадусім курдскай) і гістарычныя рэмінісцэнцыі ролі Асманскай імперыі ў рэгіёне.
Паводле афіцыйнага турэцкага падыходу да нацыянальных мешасьцяў належаць выключна немусульманскія супольніцтвы, пра якія ідзецца ў Лёзанскай дамове 1923 году – габрэі, армяне і грэкі. Пры гэтым у Турэччыне ёсьць і іншыя меншасьці, якія падпадаюць пад гэтае азначэньне паводле міжнародных і еўрапейскіх стандартаў, перадусім прыкладна 12-мільённая курдская супольнасць.
Яшчэ ў 1987 г. распачалося гвалтоўнае перасяленне курдскага насельніцтва ва ўнутраныя раёны Турэччыны. Толькі ў 1993 г., па інфармацыі Amnesty International, было знішчана 874 курдскія вёскі, а многія іх жыхары былі інтэрніраваныя ў лагерах. Натуральна, гэта, побач з шэрагам іншых парушэнняў правоў чалавека ў Турэцкай Рэспубліцы, выклікала хвалю абурэння ў Еўропе і нашкодзіла міжнароднаму іміджу Анкары.
Такое становішча курдскай меншасці стала прычынай шэрагу паўстанняў і хваляванняў. Апошнім уздымам курдскага нацыянальнага рух у стала распачатая ў 1984 годзе Партыяй працоўных Курдыстану (РКК) вайна за аддзяленне Курдыстану ад Турэччыны, якая цягнецца да гэтага моманту і пашырылася на турэцкую супольнасць у краінах Еўрапейскага Звязу. Сёньня РКК прызнаная ЕЗ тэрарыстычнай арганізацыяй.
Роля туркаў і Асманскай імперыі ў рэгіёне Блізкага Ўсходу і Каўказу можа быць параўнаная з роляй расейцаў і Расейскай імперыі ва Ўсходняй Еўропе. Таму ёсьць усе падставы сумнявацца ў тым, што Турэччына можа ў агляднай будучыні стаць для аб’яднанай Еўропы мастом ва ўсходні/ ісламскі/ арабскі свет. Як зазначае ўсходазнаўца Бэрнар Льюіс, «уздым нацыяналізму [на Блізкім Усходзе] звязаны з новым поглядам на рэчы [аб прычынах і віноўніках адсталасьці]. Арабы цяпер змаглі ўскласьці віну на туркаў, якія імі кіравалі цягам многіх стагоддзяў. Туркі маглі назваць арабаў адказнымі за сваю культурную стагнацыю, быццам камень на шыі заміналі яны творчай энергіі турэцкага народу. Персы маглі ўскласці віну за страту сваёй колішняй славы на арабаў, туркаў і манголaў адначасова.»
Сірыя. Адным з прыкладаў варожасці, карані якой ляжаць у асманскай спадчыне ёсьць супрацьстаяньне Анкары і Дамаску. Каментуючы агульны стан турэцка-сірыйскіх стасункаў у апошнія дзесяцігоддзі часопіс Іnternationale Politik, ахарактарызаваў іх наступным чынам – “новыя акцэнты ў застарэлай варажнечы” (Feindschaft). Гэта трапнае азначэнне, бо дачыненні Анкары з Сірыяй былі традыйна благімі ад таго часу, як у 1938 годзе Турэччына далучыла вобласць цяперашняга Іскендэруна (Хатай).
Напружанасць у стасунках паміж Дамаскам і Анкарой спрычыненая шэрагам пытанняў. Рэжым Асада апрача пытання Хатаю меў прэтэнзіі да Турэччыны ў справе кантролю водных рэсурсаў і, як адзначалі Turkish Times, з-за ўдзелу Турэцкай рэспублікі ў заходніх арганізацыях, перадусім НАТО. У сваю чаргу, туркі былі занепакоеныя сірыйскай кантрабандай, памежнымі інцыдэнтамі і, галоўнае – сірыйскай падтрымкай тэрарыстычных групаў і нацыянальна-вызвольных рухаў[15].
Адной з прычынаў непрыязнасці паміж Анкарой і Дамскам ёсць пытанне Іскендэруну, вядомае таксама як “праблема раёну Хатай” усе гады існаванне незалежнай Сірыі заставалася адным з спрэчных пунктаў у сірыйска-турэцкіх стасунках. Дамаск дэманстрацыйна неаднаразова ставіў пад пытанне слушнасць далучэння Іскендэруну і ваколіцаў да Турэччыны і патрабаваў вярнуць гэтую вобласць у склад Сірыі. Дамаск любым спосабам імкнуўся зафіксаваць прыналежнасць Хатаю да Сірыі, пазначаючы на мапах паміж Хатаем і Сірыйскай Арабскай Рэспублікай “часовую” мяжу. Апрача таго, Сірыя выказвала тэрытарыяльныя прэтэнзіі на цяперашнія турэцкія землі ля хрыбта Таўрус[16].
Далучэнне раёну Хатай Анкара разглядае, як дакладнае выкананне Лазанскай дамовы 1923 г. Дзякуючы прысутнасці ў порце Іскендэруне базы НАТО, Турэччына атрымала дапамогу хаўрусу ў супрацьстаянні з Сірыяй. Няздатнасць Сірыі вярнуць страчаныя тэрыторыі Іскендэруну падштурхнула краіну да разнастайных захадаў, накіраваных супраць Турэччыны, адным з якіх стала падтрымка курдскіх партызанаў у Турэччыне.
Падсумоўваючы, льга сказаць, што нягледзячы на некаторую тэарэтычнасць і віртуальнасць сірыйскіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў, яны ёсць прычынай многіх выпадкаў напружанасці паміж дзвюма краінамі, і, асабліва, сірыйскай “тэрарыстычнай кампаніі”. Турэцкае падозранне: сірыйцы падтрымліваюць анты-турэцкую дзейнасць "каб раздрабіць Турэччыну і атрымаць магчымасць анексіі Хатаю (to fragment Turkey so they can annex Hatay)".[17]
Воднае пытанне. Вялікім цяжарам у стасунках Турэччыны з суседзямі ёсць нявызначанасць у водным пытанні. Воды ракі Еўфрат у найноўшы час заўжды былі крыніцай непаразуменняў паміж Сірыяй, Іракам і Турэччынай. З 1984 году гэтая праблема ўсё цясней звязваецца з курдскай праблематыкай. У той час Турэччына прыняла рашэнне працягнуць ажыццяўленне Паўднёва-ўсходняга анаталійскага праекту (GAP). Будаўніцтва плаціны Ататурка на ўсходзе Турэцкай рэспублікі – пятай па велічыні грэблі ў свеце і асноўнага аб’екту праекта GAP, якая цалкам аддала Еўфрат пад кантроль Анкары, выклікала занепакоенасць Дамаску, што да таго, ці зможа Сірыя атрымліваць дастатковы аб’ём вады з Еўфрату.
Турэцкія палітыкі не пакідаюць ніякіх сумневаў, што яны ўважаюць Еўфрат і Тыгр за "прыродныя рэсурсы" Турэччыны, і будуць распараджацца імі адпаведным чынам. Тут прысутнічае і папулістычная рыторыка, маўляў, чаму туркі плацяць за арабскую нафту, а арабы дарма атрымліваюць “турэцкую” ваду.
Сірыйцы празрыста намякалі на магчымасць ужыцця вайсковай сілы супраць гідратэхнічных турэцкіх спарудаў цягам 1990-ых гг. У супрацьстаянні з Турэччынай Сірыя абапіраецца на падтрымку Ірана, а таксама нацыянальна-вызвольных арганізацыяў нацыянальных мяншыняў Турэччыны: армянскай – АСАЛА і курдскай – PKK.
Крызіс 1998 году. Адным з важных момантаў ёсць адрозная геапалітычная арыентацыя дзвюх дзяржаў. Як удзельніца NATO, Tурэччына ёсць фармальным хаўруснікам ЗША. Да 1991 г. Сірыя цвёрда трымалася прасавецкай арыентацыі, а сёння падтрымлівае цесныя сувязі з Іранам, што ізноў супрацьпастаўляе дзве краіны адна адной.
У 1998 г. краіны апынуліся на мяжы вайны. Аб’ём двухбаковага гандлю скараціўся больш чым удвая, інцыдэнты на мяжы і ўзаемныя абвінавачанні і пагрозы сталі штодзённай з’явай. У сярэдзіне верасня Турэччына пачала серыю палітычных і вайсковых манэўраў, як то ўльтыматум агучаны Дэмірэлем, што калі Сірыя не спыніць падтрымку РКК, турэцкі бок звернецца да вайсковых сродкаў вырашэння спрэчкі. Ва ўльтыматум уваходзілі таксама патрабаванні адмовіцца ад тэрытарыяльных прэтэнзій, зачыніць базы РКК і выслаць Аджалана. Дэмірэль заявіў: "Нашае цярпенне заканчваецца і мы пакідаем за сабой права на помсту".
Прэм’ер-міністр назваў Сірыю “штаб-кватэрай тэрарызму” і папярэдзіў Дамаск, што турэцкае войска “чакае загаду” атакаваць. Кіраўнік Генштаба Хусэйн Кіўрыкаглу ахарактарызаваў адносіны з Дамаскам, як “неабвешчаную вайну”. Усе палітычныя партыі, прадстаўленыя ў парламенце, ухвалілі дэкларацыю, што заклікала Дамаск спыніць падтрымку PKK або “быць гатовай да наступстваў” ("bear the consequences.")
Антысірыйская акцыя суправаджалася беспрэцэдэнтнымі манёўрамі турэцкай арміі на мяжы. Войскі атрымалі загад адкрываць агонь у выпадку любых правакацый і чакалі загадаў на баявых пазіцыях, самалёты былі гатовыя эвакуяваць з Дамаску ўсіх турэцкіх дыпламатаў. Адначасова 10 000 турэцкіх жаўнераў пачалі ўварванне ў Паўночны Ірак з мэтай ліквідацыі базаў РКК. Егіпецкі прэзідэнт Мубарак спрабаваў метадам чаўночнай дыпламатыі прадухіліць вайну. Асад капітуляваў. 20 кастрычніка 1998 г. урады Турэччыны і Сірыі падпісалі пагадненне ў Aдaне па пытаннях бяспекі.
Ірак. З 1991 году Захад (як ЗША, так і некаторыя краіны ЕЗ) падтрымліваў курдаў у процістаянні з Садамам Хусейнам. Гэтая дапамога непакоіла Анкару, бо РКК выкарыстоўвала і выкарыстоўвае ў сваёй барацьбе тэрыторыю Паўночнага Іраку, часткова кантраляванага курдскімі партыямі Іраку. Адным з адказаў турэцкай палітычнай эліты на гэтыя працэсы стала артыкуляцыя даўніх тэрытарыяльных прэтэнзіяў да Іраку. Сёння Анкара афіцыйна выказвае сваю занепакоенасць наяўнасцю на Поўначы Іраку базаў курдскіх партызанаў, становішчам туркменаў і стастусам места Кіркук.
Лазанская дамова вызначыла ўсе турэцкія межы, за выняткам кардону з Іракам, дзе была праведзеная часовая мяжа т.зв. “Брусельская лінія”. Пасля доўгага перыяду напружанасці Турэччына мусіла падпісаць у ліпені 1926 году пагадненне, па якім правінцыя Масул заставалася ў складзе Іраку. Зноў пытанне Масулу паўстала праз шэсцьдзесят гадоў у часе ірана-ірацкай вайны, калі Багдад фактычна страціў кантроль над паўночнымі раёнамі краіны.
Умяшанне ТР у справы Іраку не ёсць нечым экстраардынарным. Чатыры разы, пачынаючы з траўня 1983 г., Садам Хусэйн дазваляў турэцкім войскам перайсці мяжу, пераследуючы партызанаў Партыі працоўных Курдыстана. Таму грамадская думка ўжо была да некаторай ступені падрыхтаваная, калі пад час аперацыі “Бура ў пустыні” турэцкі друк пачаў уздымаць пытанне Масульскага рэгіёну, а ўрад праінфармаваў сваіх саюзнікаў, што возьме пад кантроль Масул і ваколіцы, калі багдадскі рэжым напаткае калапс.
Напачатку траўня 1995 г. прэзідэнт Турэччыны Дэмірэль даў інтэрв’ю некалькім турэцкім СМІ, у якіх фактычна заклікаў да змянення існуючых паміж Турэччынай і Іракам межаў. Гэта мела месца падчас аперацыі “Сталь” турэцкага войска на поўначы Іраку.
Як толькі турэцкія сілы пакінулі тэрыторыю Іраку Дэмірэль заявіў: ”Мяжа праведзена памылкова. Правінцыя Масул была ў складзе Асманскай імперыі. Калі б гэтыя абшары былі зараз часткай Турэччыны, то ніводнай з тых праблемаў, з якімі мы зараз сутыкаемся, проста не было б.”
На іншай сустрэчы з галоўнымі рэдактарамі турэцкіх газет Дэмірэль паказаў на мапу і існуючыя межы ды выснаваў: Мяжа па тых вышынях няправільная. Фактычна, гэта мяжа нафтаноснага рэгіёну. Турэччына пачынаецца там, дзе ён заканчваецца. Яе правялі геолагі. Гэта – не нацыянальная мяжа Турэччыны. Гэта мае быць выпраўлена… давайце скарэктуем мяжу. Tурэччына не можа перарабляць кардон з Іракам сама. Лінію мяжы на ўзвышшах трэба перанесці ў ніжэйшыя мясціны. Я паўтараю -- лінія мяжы аблудная.
У трэцім інтэрвію, Дэмірэль абвінаваціў Захад у імкненні яшчэ і зараз увасобіць у жыццё Сеўрскі трактат: "Яны хочуць прысабечыць абшары за Еўфратам." Гэтыя словы спрычынілі беспасярэднюю й рэзкую рэакцыю ў рэгіёне Блізкага Ўсходу. Прадстаўнік ірацкае Рады рэвалюцыйнага камандавання абвесціў, што "Ірак пратэстуе супраць любых абмеркаванняў гэтага пытання і папярэджвае Турэччыну аб недапушчальнасці любых аднабаковых крокаў, што могуць парушыць нацыянальную мяжу. Iрак будзе супраціўляцца любым дзеянням такога кшталту, выкарыстоўваючы ўсе законныя сродкі." Ірацкая інфармагенцыя распаўсюдзіла заяву-папярэджанне, што "ірацкі народ будзе супраціўляцца любым замерам паквапіцца на нацыянальныя межы Іраку і тэрытарыяльную цэласць краіны. Mэсапатамія назаўжды застанецца адзінай – ад паўночнага да паўднёвага ўскрайкаў."
Міністр замежных спраў Егіпту Aмр Mусa абвесціў пра адмоўнае стаўленне свайго ўрада да "любых замахаў на тэрытарыяльную цэласць арабскага свету, у тым ліку цэласць Іраку." Ананімны прадстаўнік егіпецкага кіраўніцтва зазначыў "размовы пра гістарычныя правы на арабскія землі – старая песня" i раіў Aнкары адмовіцца ад "размоваў пра гістарычныя правы" і "шкодніцтва ірацкай тэрытарыяльнай цэльнасці." Галоўны рэдактар каірскай Аль-Ахрам назваў Дэмірэлевы словы патрабаваннем анексіі часткі Іраку. Але што “сапраўды выклікае гнеў", заўважыў ён, "дык гэта маўчанне Захаду, і, адметна – Злучаных Штатаў."
Дэмірэль адказаў на гэтыя каментары новымі прылюднымі выступамі: "Размова аб зменах [мяжы] павінна ісці праз дыялог і каардынацыю з закранутымі краінамі." Калі гэтае заявы выявілася недастаткова, каб суцішыць крытыку, Дэмірэль больш яўна абверг свае ранейшыя словы: «Выказаныя мной погляды былі няправільна зразуметыя. Турэцка-ірацкая мяжа ёсць праблемай. Але гэты стан справаў не ёсць пытаннем, якое можна развязаць проста зараз. Tурэччына не мерыцца застасаваць сілу, каб вырашыць праблему альбо захапіць тэрыторыі. Менавіта гэта я меў на ўвазе тады».
Напярэдадні амерыканскага ўварвання ў Ірак, у студзені 2003 году, міністр замежных спраў Турэччыны Яшар Якыш абвесьціў пра тое, што ягоная краіна ізноў разглядае магчымасць аднаўлення юрыдычных прэтэнзіяў на паўночнаірацкія раёны Масулу і Кіркуку. Новыя тэрытарыяльныя прэтэнзіі Анкары да суседзяў некаторыя аналітыкі патлумачылі імкненнем Турэччыны атрымаць долю ў нафтавых радовішчах на Поўначы Іраку пасля зрынання рэжыму Садама Хусейна. Але ў любым разе такія перыядычныя заявы не спрыяюць стабільнасці і ўмацаванню даверу ў рэгіёне.
На працягу 1990-х гадоў Турэччына шэсць разоў праводзіла буйнамаштабныя і працяглыя вайсковыя аперацыі на тэрыторыі Паўночнага Іраку. Анкара адкрыта падтрымлівае рух ірацкіх туркмэнаў і нефармальным чынам стварыла ў рэгіёне сетку сваіх невялікіх базаў і адпаведную вайсковую інфраструктуру. Вясна 2006 году зноў была адзначаная чуткамі аб магчымасці чарговага турэцкага ўварвання на поўнач Іраку.
Іран. Стасункі паміж Турэччынай і Іранам (як і Сірыяй) ускладняюцца рознасьцю геапалітычнай арыентацыяй гэтых краінаў. Яшчэ колькі гадоў таму хаўрусу Ізраіль-ЗША-Турэччына-Азербайджан жорстка процістаяў хаўрус Расея-Іран-Арменія-РКК. У цэлым гэтыя групоўкі існуюць і сёння, хаця канфрантацыя ўжо не мае такога жорсткага характару.
Іран доўгі час абгрунтавана абвінавачваўся Анкарой у падтрымцы курдскіх партызанаў у Турэччыне, перадусім РКК. Акрамя таго Ісламская Рэспубліка Іран ажыццяўляла палітыку дапамогі шэрагу ісламісцкіх груповак ва ўсім свеце, у тым ліку ў Турэччыне. У адказ Турэччына доўгі час дазваляла іранскай левай арганізацыі Моджагэддзін-э Хальк дзейнічаць з сваёй тэрыторыі. Пры канцы 1990-х – пачатку 2000-х на іранска-турэцка-ірацкім памежжы ішла неабвешчаная вайна нізкай інтэнсіўнасці паміж Іранам і Турэччынай, а з боку ўплывовых турэцкіх палітыкаў (як то Мэсута Ілмаза, які абвесціў, што Іран ёсць «ворагам Турэччыны нумар адзін») гучэлі пагрозы нанесці вайсковы ўдар па Ірану за падтрымку РКК.
Пасля вайсковай паразы РКК і рашучых дзеянняў Турэччыны, якія дайшлі да бамбардавання памежных раёнаў Ірана 11 жніўня 1999 году было падпісанае пагадненне аб узаемнай бяспецы і супрацоўніцтве ў барацьбе з “тэрарыстычнымі групамі”. Пасля гэтага часу ў адносінах паміж ІРІ і Турэцкай рэспублікай не было значных канфліктаў, дарма што турэцкія прадстаўнікі раз-пораз абвінавачвалі Іран у падтрымцы РКК. Супярэчнасці паміж Турэччынай і Іранам звязаныя з рэгіянальным суперніцтвам і імкненнем абедзвюх дзяржаў дамінаваць у рэгіёне. Сённяшнія праблемы двухбаковых стасункаў звязаныя з адсутнасцю даверу паміж краінамі, а таксама праблематычнасцю іранскай ядравай праграмы і стаўленнем да яе Турэччыны і ЕЗ. У той самы час варта адзначыць, што іранска-турэцкія стасункі сёння адрозніваюцца меншай праблематычнасцю ў параўнанні з дачыненнямі Турэччыны з іншымі краінамі.
ІІІ. Еўрапейская інтэграцыя Турэцкай Рэспублікі ў кантэксце стасункаў з краінамі Еўропы, Каўказа І Ізраілем
Сёння найбольшай праблематычнасцю вылучаюцца стасункі Турэцкай Рэспублікі з Кіпрам і Грэцыяй. У фактычным тупіку апынуліся дачыненні з Арменіяй пасля 1991 году, што звязана з карабахскім канфліктам і падтрымкай Турэччынай Азербайджану. Усе гэтыя праблемы аб'ядноўвае адная асаблівасць – жорстка рэальна-палітычная пазіцыя ТР у іх дачыненні. Турэцкая палітычная эліта аддае перавагу адстойванню сваіх інтарэсаў любым коштам, не зважаючы на падпісаныя Анкарой міжнародныя пагадненні і канвенцыі.
Такім самым рэальна-палітычным разлікам варта тлумачыць і цеснае ўзаемадзеянне Турэччыны з Ізраілем. Яно выгаднае турэччыне дзеля ўмацаванне яе пазіцыяў у рэгіёне, перш за ўсё ўсупрацьстаянні з арабскімі краінамі – Іракам і Сірыяй.
Калі стасункі з Ізраілем адпавядаюць агульнай пазіцыі еўрапейскіх краінаў, дык дачыненні з Грэцыяй, Кіпрам і Арменіяй не могуць заставацца ў іх цяперашнім стане, калі ТР хоча ўступіць у ЕЗ. Патрэбныя новыя рамкі дачыненняў з пералічанымі краінамі, што будуць грунтавацца на агульнаеўрапейскіх нормах міжнароднага ўзаемадзеяння і адмовы ад гвалту, у прыватнасці замацаваных у дакументах АБСЕ і Парыскай хартыі. Мусіць змяніцца самое мысленне турэцкага палітычнага кіраўніцтва і палітычны дыскурс, адбыцца пераадоленне мінуўшчыны і стэрэатыпаў, якія пануюць у грамадстве. Толькі гэта дазволіць вырашыць настолькі суб'ектыўныя і ірацыянальныя пытанні, як праблему Кіпру і пытанне прызнання генацыду армянаў.
Кіпр. Ваенная стадыя міжсупольнасцевага канфлікту на атоцы закончылася больш за 30 гадоў таму. У 1974 годзе Турэччына акупавала паўночную частку Рэспублікі Кіпр. Нагодай стаў вайсковы пераварот на Кіпры пад лозунгамі ўз’яднання-«энозыса» з Грэцыяй. Перавaрот не дасягнуў мэты, але на Кіпры высадзіліся турэцкія аддзелы, якія спынілі свой наступ толькі пасля таго як усталявалі справядлівую, на думку Анкары і грамады туркаў-кіпрыётаў, лінію падзелу Кіпра. Турэцкія войскі дагэтуль застаюцца на Кіпры і працягваюць кантраляваць 37 адсоткаў тэрыторыі атокі. Буферную зону паміж грэцкай і турэцкай часткамі атокі патрулююць сілы ААН.
Шматгадовыя перамовы аб мірным уз'яднаньні атокі не далі плёну. Турэцкі бок адмаўляецца прызнаць права грэкаў на вяртанне ў родныя мясціны на поўначы атокі ды вывесці з Кіпру свае войскі, а таксама перасяліў на атоку нямала жыхароў мацерыковай Турэччыны. Грэкі-кіпрыёты дамагліся міжнароднага прызнання абранага без удзелу туркаў-кіпрыётаў урада ў якасці адзінага законнага ўраду Рэспублікі Кіпр, які запатрабаваў вываду турэцкіх войскаў і мірнага ўз'яднання атокі. Аднак у 1983 годзе турэцкая грамада абвесціла самастойную Турэцкую Рэспубліку Паўночнага Кіпру (ТРПК). Турэччына прызнала незалежнасць ТРПК і не прызнае ўраду Рэспублікі Кіпр, называючы яго «кіраўніцтвам грамады грэкаў-кіпрыётаў».
Пасьля падзелу атокі надвая, абедзве часткі сталі зусім апрычонымі тэрыторыямі. Цягам 1990-х гадоў эканоміка паўднёвай часткі атокі разьвівалася надта дынамічна, тады як паўночная частка атокі (нягледзячы на значную фінансавую падтрымку з боку Турэччыны) пакутавала ад міжнародных санкцыяў ды нявырашаных эканамічных праблемаў. Асабліва негатыўна адбілася на Паўночным Кіпры ўведзеная з 1994 году забарона на экспарт у краіны ЕЗ цытрусавых і таматаў – дзвюх асноўных экспартных культураў ТРПК.
Пазіцыі бакоў пачалі збліжацца пад ціскам Еўразвязу, далучыцца да якога хацелі абедзве супольнасці атокі. У 2003 годзе турэцкія ўлады на Кіпры змякчылі прапускны рэжым, што дазволіла многім грэкам наведаць Поўнач. Уступленне Кіпру ў ЕЗ 1 траўня 2004 году прыспешыла мірны працэс. Паводле «плану Анана», аб'яднаны Кіпр меў нагадваць па дзяржаўным ладзе Швайцарыю, а прадстаўнікі грэцкай і турэцкай грамадаў па чарзе былі б прэзідэнтамі краіны. План прадугледжваў магчымасць вяртання з пэўнымі абмежавальнымі ўмовамі толькі для нязначнай колькасці грэцкіх уцекачоў. Перасяленцы з мацерыковай Турэччыны мелі б права застацца, захоўвалася і вайсковая прысутнасць Турэччыны. Турэцкая грамада ў адказ павінна была саступіць грэцкай 8 адсоткаў кантраляванай ёй тэрыторыі. У выпадку ўхваленьня «плану Анана» атоцы была абяцаная буйная міжнародная фінансавая дапамога.
ЗША і ЕЗ выступалі за «план Анана» і ўскосна пагражалі грэцкай грамадзе, што ў выпадку яго адхілення ТРПК можа быць выведзеная з міжнароднай ізаляцыі. Турэцкі ўрад неаднаразова заяўляў пра сваю падтрымку ідэі комплекснага вырашэння кіпрскае праблемы ў адпаведнасці з планам Генеральнага сакратара ААН. У той самы час кіраўніцтва грэцкага Кіпру заклікала галасаваць на рэфэрэндуме супраць «плану Анана». Па выніках рэфэрэндуму ў красавіку 2004 году «план Анана» адхілілі больш за 2/3 грэкаў-кіпрыётаў. Туркі-кіпрыёты прагаласавалі за (64,9%).
Пасля ўступлення ў ЕЗ Кіпр застаўся падзеленым на дзве часткі. Усе законы ЕЗ і выгоды ад чалецтва ў Звязе пашыраюцца толькі на грэцкі сектар. Зважаючы на станоўчыя вынікі галасавання туркаў-кіпрыётаў ЕЗ дэкляравала вылучыць паўночнаму Кіпру 260 млн. еўра ў якасці эканамічнай дапамогі, а таксама аслабіла эмбарга на імпарт тавараў з непрызнанай ТРПК. Цяпер тавары з Поўначы дазволена ўвозіць на поўдзень атокі, адкуль яны без абмежаванняў і мытаў могуць быць накіраваныя ў любы край ЕЗ. Пры гэтым гандаль з ТРПК рэгулюецца Еўракамісіяй, а не ўрадам Кіпру.
Міністр замежных спраў Турэччыны Абдула Гюль абвесціў, што адмова грэкаў-кіпрыётаў падтрымаць аб'яднанне азначае, што падзел Кіпра будзе пастаянным. Турэччына наўпрост зацікаўленая ва ўрэгуляванні на Кіпры, бо з ім звязаныя яе ўласныя перспектывы чалецтва ў ЕЗ.
29 ліпеня 2005 году Турэччына падпісала Дадатковы пратакол, што дапасоўваў Дамову аб асацыяцыі Турэччыны з ЕЗ да пашыранага складу Зьвязу, пасьля ўступлення ў яго дзесяці новых краінаў 1 траўня 2004 году. У той жа час Турэччына выступіла з дэклярацыяй, у якой абвесціла, што падпісанне Дадатковага пратаколу не азначае прызнання Рэспублікі Кіпр. 21 верасьня ЕЗ прыняла контрдэкларацыю, у якой указала на аднабаковасць турэцкай дэкларацыі, якая не ўваходзіць у склад Пратаколу і не мае юрыдычных наступстваў для турэцкіх абавязанняў паводле Пратаколу. У дэкларацыі ЕЗ падкрэсліваецца, што прызнанне ўсіх дзяржаваў-чальцоў ёсць неабходным складнікам працэсу далучэння. Падкрэслівалася таксама неабходнасць падтрымкі намаганняў Генеральнага сакратара ААН па дасягненні ўсеахопнага развязання кіпрскае праблемы, якое спрыяла б міру, стабільнасці і гарманічным стасункам у рэгіёне.
Турэччына працягвала накладаць вэта на чалецтва Кіпру ў некаторых міжнародных арганізацыях, а таксама на яго ўдзел у Васэнаарскім пагадненьні па Кодэксе паводзінаў у дачыненні да экспарту зброі і тавараў падвойнага выкарыстання.
На сустрэчы 2006 году ў Бруселі кіраўнікі краінаў ЕЗ зноў зазначылі, што Турэччына не выконвае так званы Анкарскі пратакол, што здымае ўсе фармальныя абмежаванні, у тым ліку датычна Кіпра, у прыватнасці пры выкарыстанні турэцкіх партоў і аэрапартоў. У адказ прадстаўнікі турэцкага ўраду абвесцілі, што пусцяць кіпрскія судны і летакі на сваю тэрыторыю толькі пасля таго, як будзе вызначаны статус Паўночнага Кіпра, населенага туркамі.
Грэцыя. Як зазначае палітолаг Брус Клярк, “мала знойдзецца народаў, у якіх адносіны былі гэткімі ж дваістымі і непастаяннымі, як паміж грэкамі і туркамі». За мінулае дзесяцігоддзе Грэцыя і Турэччына прынамсі двойчы былі на мяжы вайны. У студзені 1996 году распачалася спрэчка што да прыналежнасьці дзвюх невялікіх атокаў Кардак (Імія) ў Эгейскім моры, якую атрымалася разьвязаць толькі ў апошні момант дзякуючы ўмяшальніцтву ЗША і НАТО. Другое абвастрэнне мела месца ў 1999 годзе, калі арыштаваны кіраўнік Партыі працоўных Курдыстану Абдула Аджалан заявіў, што яго партыя атрымлівала значную дапамогу з Грэцыі.
Працягвалася пазітыўнае развіцьцё стасункаў паміж Грэцыяй і Турэччынай. Апошнім часам адбылося некалькі візітаў высокага ўзроўня, у тым ліку грэцкага міністра замежных спраў у Турэччыну ў красавіку 2005 году. Былі створаныя новыя мэханізмы, закліканыя зменшыць напружанасць паміж дзвюма краінамі, уключаючы правядзенне наўпростай тэлефоннай лініі паміж авіябазай у турэцкім месце Эскішэгір і адпаведнай базай у грэцкай Ларысе. Былі ажыццёўленыя дадатковыя захады ў стварэнні даверу, у тым ліку арганізаваная супраца вайсковых аддзелаў па ліквідацыі наступстваў катастрофаў, супольныя вучэнні, удзел вайсковага персаналу абедзвюх краінаў у моўных курсах вайсковых вучэльняў, а таксама вайсковыя спартакіяды. У студзені 2005 году адбыўся пяцідзённы візыт галоўнакамандуючага грэцкага флоту ў Турэччыне, а ў чэрвені турэцкі галоўнакамандуючы сухаземнымі сіламі наведаў Грэцыю.
Да жніўня 2005 году прайшлі 31 раўндаў пасяджэнняў на ўзроўні заступнікаў міністраў замежных спраў у рамках папярэдніх перамоваў, пачатых у 2002 годзе.
Прэм'ер-міністры Турэччыны і Грэцыі прынялі ўдзел ва інаўгурацыі пачатку будаўніцтва газаправоду паміж Караджабэем (Турэччына) і Камоціні (Грэцыя). У красавіку 2005 году старшыня парлямэнту заявіў, што Турэччына магла б адмовіцца ад спасылкі на “casus belli” супраць Грэцыі датычна магчымага пашырэння тэрытарыяльных водаў, пра які йдзецца ў рэзалюцыі, прынятай турэцкім парламентам у 1995 годзе. Гэтая прапанова была падтрыманая міністрам замежных спраў Гюлем, але ажыццёўленая пакуль не была.
У той самы час, нягледзячы на 31 раўнд перамоваў, праведзеных пачынаючы з 2002 году, бакі так і не змаглі дасягнуць вырашэння існуючых памежных спрэчак, а ў траўні 2006 году над Эгейскім морам зноў адбыўся памежны паветраны інцыдэнт, які засведчыў наяўнасць праблемаў у турэцка-грэцкіх стасункаў.
Напачатку чэрвеня 2006 году Грэцыя прапанавала Турэччыне вырашыць спрэчныя пытаньні (у прыватнасці аб мяжы тэрытарыяльных водаў у Эгейскім моры) ў міжнародным судзе ў Гаазе. Было падпісанае пагадненне аб правядзенні гарачай лініі паміж вайсковымі ведамствамі дзвюх краінаў. «Мы павінны ажыццявіць усе магчымыя ініцыятывы, накіраваныя на зніжэнне напружанасці ў басейне Эгейскага мора», - зазначыла міністр замежных спраў Грэцыі Дора Бакаяніс[35].
Адной з асноўных праблемаў у стасунках паміж дзвюма суседнімі краінамі, што адначасова ёсць чальцамі НАТО ляжаць рознагалоссі што да межаў тэрытарыяльных водаў і паветранай прасторы ў Эгейскім моры. Грэцыя настойвае на тым, што яе межы пралягаюць на 10 міляў вакол атокаў, а Турэччына прызнае за Грэцыяй толькі 6-мільную мяжу.
Арменія. Адной з галоўных праблемаў у турэцка-армянскіх стасунках застаецца ацэнка падзеяў 1915-1923 гадоў, калі ў перыяд распаду Асманскай імперыі загінула каля 1,5 млн армян. У выніку генацыду было фізічна вынішчанае і выгнанае армянскае насельніцтва на большай частцы армянскае этнічнае тэрыторыі – у Заходняй Арменіі і Кілікіі. Армянскія ўлады настойваюць на тым, што гібель армянаў была генацыдам. Турэччына не перапрасіла за ўчыненыя мільённыя забойствы на нацыянальна-рэлігійнай глебе, але і не прызнала факту генацыду. Турэцкія ўлады адмаўляюць факт генацыду, кажучы, што галоўнай прычынай масавай гібелі армянаў была вайна. Дарма што асобнага пытаньня аб генацыдзе армянаў няма ў парадку дня перамоваў аб уступленьні Турэччыны ў ЕЗ, Анкары давядзецца яго вырашаць, бо згодна з патрабаваньнямі Брусэля, Турэччына павінна нармалізаваць стасункі з Арменіяй[36].
У цяперашні час паміж дзвюма краінамі няма дыпламатычных стасункаў. Турэччына працягвае эканамічную блакаду Арменію, адмаўляючыся ў прыватнасці выконваць пункты 17 і 19 Карскае дамовы 1921 году, паводле якіх чыгунка і іншыя сродкі зносінаў павінны функцыянаваць і забяспечваць бесперашкоднае перасоўваньне людзей і тавараў, а таксама мусяць быць усталяваныя консульскія зносіны. Спрабуючы пазбавіцца ціску з боку Еўразвязу ў армянскім пытаньні, турэцкі ўрад тлумачыць, што “нягледзячы на закрытую мяжу, у Арменіі з Турэччынай ёсць сувязь праз Грузію, грамадзяне Арменіі вольна наведваюць Турэччыну, тавараабарот паміж двума краінамі расце, перавысіўшы 100 млн. даляраў, дзейнічаюць авіярэйсы. Больш за тое, 30 тысячаў грамадзянаў Арменіі жывуць і працуюць у Турэччыне. А таму пра якую блакаду ўвогуле ідзецца?”
Анкара патрабуе, каб Ерэван вывеў войскі з занятых азэрбайджанскіх раёнаў, прызнаў Карскую дамову і адмовіўся ад прызнаньня генацыду армянаў. Між тым армянскія ўлады лабіруюць дзяржавы–чальцы ЕЗ, патрабуючы ўзняць пытанне аб прызнанні трагедыі 1915-1923 гадоў на перамовах аб уступленні Турэччыны. Афіцыйнае прызнанне Турэччынай факту генацыду было, згодна з пастановай Еўрапарлямэнту ў 1987 годзе (і паўторна ў 2000 годзе), прызнанае неабходнай умовай уступлення ў ЕЗ. Праўда, кажучы пра гэтыя рэзалюцыі, варта зважаць на неабавязковасць рашэнняў Еўрапарламенту ў галіне вонкавай палітыкі Звязу.
Стасункі з Ізраілем. Разьвіцьцё стратэгічнага партнэрства паміж Турэччынай і Ізраілем было адной з важнейшых геапалітычных тэндэнцыяў мінулых пятнаццаці гадоў. Яно было фармалізаванае ў 1996-97 гг. серыяй пагадненняў у вайсковай, навучальнай, эканамічнай і гандлёвай сферах. Турэцка-ізраільскі хаўрус выклікаў мноства здагадак і падозранняў, бо карыстаўся падтрымкай ЗША і меў на мэце стварэнне новай восі, накіраванай на распадзел уплываў на Сярэднім Усходзе і Ўсходнім Міжземнамор'і.
Ізраільска-турэцкі хаўрус стаў адным з самых значных альянсаў у рэгіёне. Абедзве краіны – гэта ізаляваныя ў рэгіянальным плане празаходнія, секулярныя дэмакратыі, бяспецы якіх пагражае шэраг радыкальных ісламісцкіх групаў, а таксама супольныя ворагі ў асобе Сірыі, Ірана і (да нядаўняга часу) Ірака.
Ізраіль заўжды імкнуўся да цесных стасункаў з Турэччынай, часткова таксама дзеля таго, што супрацоўніцтва з фармальна мусульманскай дзяржавай дазволіць зменшыць рэлігійны складнік арабска-ізраільскага канфлікту. Турэччына таксама была цэнтральным стаўпом ізраільскай дактрыны “перыферыйных дзяржаў”, у рамках якой Ізраіль імкнуўся супрацьстаяць ізаляцыі шляхам укладання хаўрусаў з больш аддаленымі, неарабскімі дзяржавамі. Турэччына была першай краінай з пераважна мусульманскім насельніцтвам, якая прызнала Ізраіль, хаця пазытыўныя стасункі з Ізраілем не зьяўляліся агульным прыярытэтам вонкавай палітыкі краіны цягам большае часткі яе гісторыі. Ізраільска-турэцкае збліжэнне сталася адным з наступстваў заканчэння халоднае вайны, у выніку чаго змянілася важнасць Турэччыны для Захаду, які раней гарантаваў яе бяспеку. Анкара атрымала ў Ізраілі шчодрую крыніцу зброі з краіны, якая абыякава ставілася да парушэння Турэччынай правоў чалавека, і дазволіла абыходзіць абмежаванні на перадачу Турэччыне заходніх ваенных тэхналогіяў. Праўда пасля перамогі ў 2002 годзе на парламенцкіх выбарах у Турэччыне ісламісцкай Партыі справядлівасці і развіцця (AKP), Анкара пачала больш стрымана кантактаваць з Ізраілем. Яна таксама пачала праводзіць больш аўтаномную палітыку, апануючы ЗША падчас пачатку ірацкай вайны і асцярожна абменьваючыся пасланнямі з Дамаскам і Тэгеранам.
Імкнучыся далучыцца да Еўразвязу, Турэччына пачала ўзгадняць свае дыпламатычныя пазіцыі ў стасунках з Ізраілем, асабліва ў палестынскім пытанні, з стаўленнем Еўропы, што больш схільная прыслухоўвацца да палестынскага боку, чым напрыклад ЗША. AKP таксама паспрабавала зменшыць ролю войска ў палітычным жыцці, часткова каб задаволіць адпаведныя вымаганні еўрапейцаў. Але акурат войска, што ёсць гарантам захавання ідэалогіі Ататурка, выступае за развіццё трывалых стасункаў з Ізраілем, а таму змяншэнне яго ролі негатыўна адбіваецца на стасунках з Ізраілем. Анкара ўжо пакінула ізраільскія фірмы без кантрактаў на такія вайсковыя тавары, як верталёты і беспілотныя лятальныя апараты. Афіцыйна гэта тлумачылася падтрымкай айчыннай прамысловасці, але магчыма ішлося таксама пра прыцягненне еўрапейскіх фірмаў. Праўда, магчымае пагаршэнне стасункаў можа быць таксама звязаным з з’яўленнем паведамленняў аб супрацоўніцтве Ізраіля з курдскімі арганізацыямі на поўначы Іраку, і падрыхтоўцы ізраільскімі спецыялістамі курдскіх вайскоўцаў. Падтрымка Тэль-Авівам ірацкіх курдаў, несумненна, сур’ёзна пагражае турэцка-ізраільскім стасункам.
Як зазначае ізраільскі экспэрт Брайян Магер, відавочны адыход Анкары ад Ізраіля патэнцыйна значна зменіць дынаміку падзеяў у рэгіёне. “Калі Турэччына працягне дрэйфаваць з сваіх традыцыйных пазыцыяў у бок больш праеўрапейскай арыентацыі, ЗША больш не змогуць уважаць Турэччыну за надзейнага партнэра, якім яна была падчас супрацьстаяння з СССР”. Першай прыкметай гэткае тэндэнцыі была пазіцыя Турэччыны перад пачаткам вайны ў Іраку, што была куды больш блізкая пазыцыі старых чальцоў ЕЗ – Францыі і Нямеччыны, чымся ЗША ці Ізраіля.
Падсумаванне
На шляху да ўступлення ў Еўразвяз Турэччыне давядзецца перажыць дзве хвалі трансфармацыі ў сферы міжнароднай палітыкі. Па-першае, перагледзець свае стасункі з суседзямі і ролю ў рэгіёне. Па-другое, прыладзіцца, узгадніць (accommodate) сваю адпаведную палітыку і структуру адпаведных інстытуцыяў і падрыхтавацца да свайго верагоднага новага статусу краіны-чальца Звязу.
Гэтыя пераўтварэнні вымагаюць значных высілкаў ад палітычнае эліты краіны і пэўнага разрыву з мінулым, але ўся гісторыя турэцкай Рэспублікі ад часоў яе заснавання Ататуркам была гісторыяй разрываў і драматычных пераменаў і гэта палягчае задачу турэцкага кіраўніцтва. У палітыцы кемалізм грунтуецца на выкарыстанні жорсткіх метадаў Realpolitik (мала прымальных у цяперашніх стасунках на еўрапейскім кантыненце), але ў той самы час адным з запаветаў Кемаля была мадэрнізацыя ды вестэрнізацыя – “рух у Еўропу”, фактычна любым коштам. Таму адмаўленне ад метадаў “рэальнай палітыкі” дзеля вышэйшай мэты – далучэння да Еўропы ёсць рэальна ажыццявімай задачай турэцкага кіраўніцтва на бліжэйшую будучыню.
Яно ўжо спрабуе праявіць гнуткасць ў гэтым дачыненні, напрыклад, падпісаўшы Анкарскі пратакол, зблізіўшыся з Грэцыяй, паслабіўшы рэпрэсіі супраць нацыянальных меншасцяў і г.д. Вядома, многія з гэтых абавязанняў застаюцца намінальнымі дэкларацыямі, але інакш быць не можа, зважаючы на мудрагелістую структуру вонкавай палітыкі любой буйной дзяржавы.
Трансфармацыя вонкавай палітыкі і міжнароднага становішча Турэччыны неабходнае не толькі дзеля падрыхтоўкі краіны да існавання ў рамках ЕЗ, але і дзеля таго, каб Рэспубліка сапраўды змагла выконваць тую ролю, якую ёй адводзяць прыхільнікі турэцкага сяброўства ў ЕЗ – то бок ролю “мосту”/ “правадніка”/ “прадстаўніка” ісламскага/усходняга свету.
Падчас дыскусіяў аб прыняцці Турэччыны ў ЕЗ перадусім гучаць аргументы, што датычацца ўнутрыпалітычнага становішча, эканамічнага развіцця, ступені развітасці дэмакратыі. Гэта безумоўна слушныя прыярытэты ў такіх дэбатах, але варта разглядаць таксама і вонкавапалітычныя моманты. Кажучы пра іх, звычайна абмяжоўваюцца ўказаннем на тое, што з прыняццем Турэцкай Рэспублікі Звяз пачне межаваць з такімі краінамі як Сірыя, Ірак і Іран