Тэкст перакладзены і друкуецца з ласкавае згоды аўтара
Нарматыўныя акты, якія рэгулююць дзейнасьць вышэйшых навучальных установаў, ствараліся цягам доўгіх гадоў. Праўная база датычна вышэйшай школы, галоўным чынам, створаная, але, тым ня менш, шэраг ейных праўных актаў вымагае рознага кшталту зьменаў і дапаўненьняў з мэтай разьвязаньня супярэчнасьцяў і пераадоленьня хібаў, што існуюць у дзейным заканадаўстве ў пытаньнях вышэйшае і падыплёмнае прафэсійнае адукацыі.
Згодна з ч.1 арт. 331 Працоўнага Кодэксу РФ да пэдагагічнае дзейнасьці дапускаюць асобаў, якія маюць адукацыйны цэнз, які вызначаецца паводле парадку, які ўстаноўлены тыповым палажэньнем аб адукацыйных установах адпаведных тыпаў і відаў, зацьверджаных Урадам РФ.
Аднак, Тыпавае палажэньне аб установе адукацыі вышэйшае прафэсійнае (вышэйшае навучальнае) установы Расейскай Фэдэрацыі ня месьціць адпаведных нормаў. Яно адно зьвяртае ўвагу на тое, што дзеля замяшчэньня пасады прафэсарска-выкладніцкага складу, у тым ліку пасады дэкану факультэту і загадчыка катэдрай, прэтэндэнты павінныя мець вышэйшую прафэсійную адукацыю і адпавядаць пэўным кваліфікацыйным патрабаваньням.
У адпаведнасьці з ч. 5 арт. 27 Закону РФ “Аб адукацыі” ў Расеі ўсталяваныя наступныя адукацыйныя ўзроўні (адукацыйныя цэнзы):
- падставовая агульная адукацыя; - сярэдняя (поўная) адукацыя; - пачатковая прафэсійная адукацыя; - сярэдняя прафэсійная адукацыя; - вышэйшая прафэсійная адукацыя; - падыплёмная прафэсійная адукацыя.
Пункт 2 арт. 7 Фэдэральнага закону “Аб вышэйшай і падыплёмнай адукацыі” прадугледжвае наступныя ступені вышэйшае прафэсійнае адукацыі: 1) вышэйшая прафэсійная адукацыя, пацьверджаная прысваеньнем асобе, якая пасьпяхова прайшла выніковую атэстацыю, кваліфікацыі (ступені) “бакаляр”; 2) вышэйшая прафэсійная адукацыя, пацьверджаная прысваеньнем асобе, якая пасьпяхова прайшла выніковую атэстацыю, кваліфікацыі “дыплямаваны спэцыяліст”; 3) вышэйшая прафэсійная адукацыя, пацьверджаная прысваеньнем асобе, якая пасьпяхова прайшла выніковую атэстацыю, кваліфікацыі (ступені) “магістар”.
Такім чынам, засваеньне адукацыйнае праграмы вышэйшае прафэсійнае адукацыі кожнай з памянёных ступеняў, а таксама наяўнасьць адпаведнае кваліфікацыі (навуковае ступені і(ці) навуковага званьня) стварае для асобы падставу прэтэндаваць на атрыманьне ў ВНУ любое навукова-пэдагагічнае пасады, у тым ліку і пасады дэкану факультэту і загадчыка катэдрай.
Аднак, на практыцы паўстаюць пытаньні наконт магчымасьці заняцьця тае ці іншае пасады бакалярамі і магістрамі. Найменей вызначаным застаецца становішча бакаляраў, выпуск якіх шэраг ВНУ ажыцьцяўляюць ужо цягам некалькіх гадоў
Падаецца, што заканадаўца павінны ўнесьці адпаведныя тлумачэньні і папраўкі ў шэраг фэдэральных законаў, якія б вызначылі правы асобаў займаць тую ці іншую пасаду ў адпаведнасьці з атрыманай пэўнай ступеньню вышэйшай прафэсійнай адукацыі
Дзейнае Палажэньне аб парадку заступленьня пасадаў навукова-пэдагагічных работнікаў у вышэйшай навучальнай установе Расейскае Фэдэрацыі было зацьверджана Загадам Міністэрства адукацыі Расейскай Фэдэрацыі № 4114 ад 26 лістапада 2002 году. Яно вызначае агульны парадак правядзеньня конкурснага адбору і заключэньня тэрміновага працоўнага кантракту паміж вышэйшай навучальнай установай і работнікам зь ліку навукова-пэдагагічнага складу (прафэсарска-выкладніцкі склад, навуковыя работнікі).
Палажэньне датычна прафэсарска-выкладніцкага складу распаўсюджваецца на прафэсараў, дацэнтаў, старшых выкладнікаў, выкладнікаў і асыстэнтаў вышэйшае навучальнае ўстановы Расейскай Фэдэрацыі.
Што да навуковага складу, яно распаўсюджваецца на навуковых работнікаў (кіраўнік навукова-дасьледніцкага сэктару, аддзелу, лябараторыі, іншага навуковага падразьдзелу, галоўны навуковы супрацоўнік, вядучы навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік, навуковы супрацоўнік, малодшы навуковы супрацоўнік) навуковага падразьдзелу, катэдры вышэйшае навучальнае ўстановы Расейскай Фэдэрацыі.
Праўнай формай рэалізацыі працоўных правоў навукова-пэдагагічных супрацоўнікаў ВНУ ёсьць працоўная дамова. Аднак, працоўныя стасункі гэтае катэгорыі работнікаў узьнікаюць не на падставе толькі аднае працоўнае дамовы. Уласна падстава ўзьнікненьня іх працоўных правадачыненьняў ёсьць нашмат глыбейшай. Яна месьціць у сабе ў якасьці абавязковага конкурснае правадачыненьне, у якое асоба, што мае намер заключыць тэрміновую працоўную дамову, павінна ўступіць з ВНУ, якая абвясьціла конкурс на адпаведную пасаду. Адпаведна, конкурснае правадачыненьне папярэднічае працоўнаму правадачыненьню, якое ўзьнікае ў выніку на падставе працоўнай дамовы. Яно ёсьць абавязковым з тае прычыны, што паводле дзейнага заканадаўства абраньне на паставе конкурсу зафіксавана як неадменная ўмова для ўзьнікненьня працоўных правадачыненьняў паміж навукова-пэдагагічным работнікам і ВНУ.
У палажэньні ад 26 лістапада не адлюстраваныя шматлікія пытаньні што да арганізацыі і правядзеньня конкурсу, якія традыцыйна ўключалі ў ранейшае дзейнае Палажэньне аб парадку заступленьня конкурсных пасадаў. Падаецца, што ўкладальнікі памянёнага Палажэньня, улічваючы агульную тэндэнцыю пашырэньня правоў адукацыйных арганізацыяў, якая асабліва выразна адлюстраваная ў Законе “Аб адукацыі”, у Законе “Аб вышэйшай і падыплёмнай прафэсійнай адукацыі”, а таксама ў Працоўным Кодэксе РФ, прызналі неабходнасьць надаць ВНУ права самім вызначаць парадак правядзеньня конкурснага адбору на заступленьне пасадаў навукова-пэдагагічных работнікаў. Пры гэтым, абмежаваўшыся выкладам адно падставовых канцэптуальных ідэяў правядзеньня конкурсу.
У працэсе конкурснага адбору можа ўзьнікнуць неабходнасьць з боку ВНУ ўнесьці пэўныя зьмены ў раней абвешчаныя ўмовы конкурсу ці нават яго скасаваць. Але ўнясеньне зьменаў, а тым больш скасаваньне конкурсу значна закранае інтарэсы асобаў, якія выказалі жаданьне ўзяць у ім удзел, і асабліва тых, хто ўжо падаў заяву на ўдзел у конкурснай адборы. На жаль, ані працоўнае заканадаўства, ані Палажэньне ад 26 лістапада 2002 г. не даюць адказу на пытаньне: ці мае ВНУ права, як арганізатар конкурсу, ўносіць адпаведныя зьмены ва ўмовы конкурснага адбору прэтэндэнтаў, а таксама скасаваць яго, і якім ёсьць працэдурны характар гэтых дзеяньняў?
Выглядае на тое, што нельга адмаўляць такое магчымасьці для ВНУ, а таксама ставіць неабходнасьць зьменаў умоваў конкурсу ці ягонага скасаваньня ў залежнасьць ад волевыяўленьня прэтэндэнтаў. Вось чаму, ВНУ павінная мець права ўносіць зьмены ў абавязковыя ўмовы конкурсу ці скасоўваць яго нават у тых выпадках, калі хтосьці з прэтэндэнтаў ужо падаў заяву на ўдзел у конкурсным адборы. Зьмена ўмоваў конкурсу альбо ягонае скасаваньне мусяць быць даведзеныя да ведама магчымых і рэальных яго ўдзельнікаў, т.б. тых асобаў, на якіх была разьлічаная аб’ява пра конкурсны набор. Аб’ява пра зьмены ва ўмовах конкурсу альбо пра яго скасаваньне мусіць быць зробленая згодна з тым самым парадкам і той самай формай, у якіх конкурс быў абвешчаны. Толькі выкананьне гэтага патрабаваньня можа вызваліць ВНУ ад забавязку прымаць заявы на ўдзел у конкурсным адборы, нават калі прэтэндэнт і ня ведаў пра зьмены, ўнесеныя ва ўмовы конкурсу, альбо пра ягонае скасаваньне.
Такім чынам, права ВНУ ўносіць адпаведныя зьмены ва ўмовы абвешчанага конкурсу альбо права яго скасаваньня, а таксама працэдура ўнёску гэтых зьменаў ці скасаваньня конкурсу мусяць быць праўна замацаваныя ў лякальным нарматыўна-праўным акце ВНУ, напрыклад, у Палажэньні аб парадку заступленьня навукова-пэдагагічных пасадаў у гэтай ВНУ.
Апошнім часам у юрыдычнай літаратуры ўсё часьцей згадваюць пра наяўнасьць хібаў у праўным рэгуляваньні працоўных і непасрэдна зьвязаных зь імі дачыненьняў. Часткова спрэчныя пытаньні былі разьвязаныя Вярхоўным Судом РФ ў Пастанове Пленуму ад 17 сакавіка 2004 №2. Але, тым ня менш Працоўны кодэкс Расеі застаецца нарматыўным актам з купай загадкаў і парадоксаў. На жаль, ня ёсьць выняткам і Палажэньне ад 26 лістапада 2002 г. Спынімся на адной з такіх загадкаў.
У адпаведнасьці з п.3 Палажэньня ад 26 лістапада 2002 г. конкурсны адбор абвяшчаецца ВНУ ня менш чым за два месяцы да яго правядзеньня. Калі літаральна датрымлівацца гэтага патрабаваньня, то прэтэндэнты ня могуць праходзіць конкурсны адбор падчас навуковай рады ВНУ (факультэту) да заканчэньня двухмесячнага тэрміну ад дню абвяшчэньня конкурсу ў сродках масавае інфармацыі. Цягам першага месяцу пасьля абвяшчэньня конкурсу ВНУ зьвязаны забавязкам прыёму заяваў ад асобаў, што прэтэндуюць на заступленьне на адпаведную конкурсную пасаду, і паводле досыць зразумелых прычынаў ня мае права ладзіць конкурсны адбор да заканчэньня гэтага тэрміну. Але падобнае абмежаваньне цягам другога месяца выклікае пэўнае неўразуменьне. Чаму ВНУ ня можа зладзіць конкурсны адбор на навуковай радзе ВНУ (факультэту) цягам згаданага тэрміну і якім ёсьць “глыбокі сэнс” падобнае штучнае затрымкі? Навуковая рада ВНУ зазвычай ладзіць свае пасяджэньні раз на месяц ў адзін зь дзён апошняга тыдню каляндарнага месяцу. Навуковая рада факультэту таксама адбываецца не радзей за адзін раз на месяц. Звычайна гэта адбываецца ў адзін зь дзён перадапошняга тыдню каляндарнага месяцу, каб прынятыя рашэньні, у тым ліку і што да конкурсу можна было вынесьці на навуковую раду ВНУ. Такім чынам, калі ўсталяваны двухмесячны тэрмін ад моманту абвяшчэньня конкурсу сканчваецца ў дзень пасяджэньня навуковае рады факультэту ці пасьля ягонага правядзеньня, то працэдура абраньня прэтэндэнтаў пераносіцца на паседжаньні навуковых радаў факультэту і ВНУ, якія зараз адбываццамуць толькі ў наступным каляндарным месяцы. Адпаведна, працэдура конкурснага адбору штучна зацягваецца прыкладна яшчэ на месяц. Згаданае абмежаваньне стварае часам сур’ёзныя праблемы ў правядзеньні конкурснага адбору. Так пры зацягваньні працэдуры конкурснага абраньня на навуковай радзе ВНУ (факультэту) у навукова-пэдагагічнага работніка, які займае пасаду, на якую абвешчаны конкурс, і які падаў заяву на ўдзел у конкурсе можа скончыцца тэрмін раней заключанае зь ім працоўнае дамовы. Як даць рады ВНУ ў гэтай сытуацыі? Палажэньне ад 26 лістапада 2002 г. не дае адказу на гэтае пытаньне.
Падаецца, што для выключэньня падобнага непаразуменьня неабходна скарэктаваць п. 3 Палажэньня ад 26 лістапада 2002 г. Дзеля гэтага неабходна згадаць у ім, што абвяшчэньне пра конкурсны адбор у сродках масавай інфармацыі мусіць быць зроблена ВНУ не пазьней, чым за два месяцы да заканчэньня тэрміну дзеяньня працоўнае дамовы навукова-пэдагагічнага работніка, які займае згаданую ў абвестцы пасаду.
Станоўчае заканчэньне конкурснага абраньня прэтэндэнта на навукова-пэдагагічную пасаду і далейшае зацьвярджэньне рашэньня навуковае рады загадам рэктара ВНУ аўтаматычна не азначаюць узьнікненьня працоўнага правадачыненьня паміж ВНУ і асобай, якая была абраная на пасаду. Такая асоба ў далейшым можа і ня выказаць жаданьня заключаць тэрміновы працоўны кантракт, альбо зусім не зьявіцца ў ВНУ.
Пры адсутнасьці працоўнае дамовы працоўнае правадачыненьне не ўзьнікае, хоць конкурс і адбыўся. Тэрмін, цягам якога абраны на падставе конкурсу прэтэндэнт ня тэрмін і абмежаваньне права прэтэндэнта на заключэньне працоўнае дамовы пасьля заканчэньня гэтага тэрміну мусяць быць замацаваныя ў арт. 18 ПК Расеі ці ў Палажэньні ад 26 лістапада 2002 г.
Але і ВНУ на сваю ініцыятыву не павінна перашкаджаць своечасоваму заключэньню працоўнае дамовы з пераможцам(-ай) конкурсу. Выглядае, што цягам таго самага месячнага тэрміну ВНУ ў асобе рэктара (прарэктара) павінная заключыць з абранай на падставе конкурсу асобай працоўную дамову на тэрмін абраньня. У супрацьлеглым выпадку рэктар у пісьмовай форме забавязаны выкласьці прэтэндэнту прычыну, якая перашкаджае заключэньню зь ім дамовы, што дазволіць асобе, абранай на падставе конкурсу, у судзе абскардзіць дзеяньні ВНУ. Памянёны тэрмін і падобны абавязак ВНУ таксама пажадана замацаваць ў Палажэньні ад 26 лістапада 2002 г.
Канкрэтныя тэрміны дзеяньня працоўнае дамовы навукова-пэдагагічнага работніка вызначаюцца бакамі гэтае дамовы (ВНУ і навукова-пэдагагічным работнікам). Аднак, Палажэньне ад 26 лістапада 2002 г. зьвяртае ўвагу на тое, што і пры разьвязаньні гэтага пытаньня неабходна ўлічваць вызначаны, таму на практыцы гэтае пытаньне вызначаецца паводле згоды бакоў. Аднак, брак канкрэтнасьці ў гэтым пытаньні можа спрычыніцца да нэгатыўных наступстваў. Выглядае на тое, што асоба, якая была абраная на падставе конкурсу на навукова-пэдагагічную пасаду ў ВНУ, павінна, напрыклад, паводле аналёгіі з ч. 4 арт. 64 ПК РФ цягам месяцу па зацьвярджэньні праз рэктара вынікаў конкурсу заключыць працоўную дамову з ВНУ. Незьяўленьне прэтэндэнта без паважнае прычыны для заключэньня працоўнае дамовы цягам згаданага тэрміну пазбаўляе прэтэндэнта права патрабаваць ад ВНУ заключэньня пагадненьня на падставе акту абраньня паводле конкурсу. Конкурс, такім чынам, губляе сваё юрыдычнае значэньне. На думку аўтара, згаданы зьмест калектыўнае дамовы і меркаваньне навуковае рады ВНУ (факультэту). Таму, пры абраньні на адпаведную пасаду навукова-пэдагагічнага работніка навуковая рада прымае таксама рашэньне што да тэрміну дзеяньня працоўнае дамовы, на які яна будзе пасьля з абраным прэтэндэнтам заключаная.
Вось чаму цяжка прызнаць праўна абгрунтаванымі дзеяньні ВНУ, калі пры абраньні навукова-пэдагагічнага работніка на падставе конкурсу пытаньне наконт тэрміну працоўнае дамовы не разглядаецца на навуковай радзе. У далейшым ВНУ ў асобе рэктара за аднабаковым парадкам вызначае тэрмін, на які будзе заключаная працоўная дамова з абраным прэтэндэнтам. Падобная практыка ставіць навукова-пэдагагічнага работніка ў залежнасьць ад суб’ектыўнага рашэньня, якое прымаецца аднаасобна рэктарам. Пры гэтым рэктар мае магчымасьць заключыць з абраным на падставе конкурсу работнікам тэрміновую працоўную дамову на мінімальны тэрмін.
Падаецца, што ў п. 9 Палажэньня ад 26 лістапада 2002 году неабходна згадаць, што адначасова з абраньнем на навукова-пэдагагічную пасаду канкрэтнага прэтэндэнта навуковая рада ВНУ (факультэту) вызначае і тэрмін, на які зь ім у далейшым будзе заключаная тэрміновая працоўная дамова.
Рэальнае жыцьцё ВНУ паказвае, што большасьць выкладнікаў працуе ў ВНУ не адное дзесяцігодзьдзе, але пры гэтым яны вымушаныя пэрыядычна праходзіць конкурсны адбор і заключаць чарговую працоўную дамову на тэрмін абраньня. Конкурс ладзіцца зазвычай пад канкрэтнага кандыдата, які ўжо працуе на дадзенай пасадзе, і, адпаведна, вынік конкурсу загадзя прадвызначаны. Па сутнасьці, працоўныя дачыненьні выкладніка з ВНУ маюць сталы характар, але пры гэтым ён (выкладнік) змушаны згодна з законам заключаць толькі тэрміновыя працоўныя дамовы, што робіцца, безумоўна, не ў ягоных інтарэсах і нават ня ў інтарэсах ВНУ і студэнтаў. ВНУ і студэнты, што ў ёй навучаюцца ёсьць зацікаўленымі ў высокакваліфікаваным прафэсарска-выкладніцкім калектыве, які працуе на стала. Падобны калектыў на катэдры, на факультэце, у ВНУ фармуецца цягам даўгіх гадоў. І, зазвычай, сыход з катэдры хоць бы аднаго выкладніка стварае шмат цяжкасьцяў у пошуках вартае замены выкладніку, што сыйшоў.
Такім чынам, у інтарэсах ВНУ, у інтарэсах навучальнага працэсу пажадана забясьпечыць у рамках праўнага рэгуляваньня працы выкладніка пэўныя гарантыі, улучна з заключэньнем працоўных дамоваў бяз вызначанага тэрміну.
Гэткія дамовы былі-б гарантыяў таго, што звальненьне выкладніка стала-б магчымым адно з прафэсійных матываў, на агульных падставах і пры выкананьні належных працэдураў, якія выключаюць ўсялякае перадузятае стаўленьне пры спыненьні зь ім працоўных дачыненьняў. Працоўныя дамовы бяз вызначанага тэрміну можна-б было заключаць толькі з тымі выкладнікамі, што адпавядалі-б пэўным аб’ектыўным крытэрам, а таксама з улікам патрабаваньняў вышэйшае навучальнае ўстановы. Прынамсі, заключэньне падобных дамоваў з асобамі, якія заступаюць пасады прафэсараў і маюць найвышэйшы ўзровень навуковае кваліфікацыі выкладніка, не павінна выклікаць пярэчаньняў. Заключэньню падобнае дамовы мог-бы папярэднічаць усталяваны законам разумны выпрабавальны тэрмін, але ня большы за адзін год. Але дзеля гэтага неабходна ў пэўны спосаб зьмяніць дзейнае заканадаўства, што рэгулюе працу навукова-пэдагагічных работнікаў.
Падаецца слушным у інтарэсах ВНУ ўвесьці ў прафэсарска-выкладніцкі склад пасаду прафэсара-кансультанта. Увядзеньне гэтае пасады дазволіла-б ВНУ (факультэту) вырашыць шэраг праблемаў, што тычацца веку выкладнікаў.
На гэтую пасаду рэктар меў-бы права (па-за конкурсным абраньнем) пераводзіць тых прафэсараў (дактароў навук), якія з аб’ектыўных прычынаў, найперш старэчага веку, ня ёсьць у стане выконваць сваю нагрузку ў поўным аб’ёме, але ў захаваньні якіх зацікаўленыя катэдры і факультэт. Прафэсар-кансультант мог-бы выконваць палову нагрузкі, якая ўсталяваная для штатнага прафэсара навучальна-пэдагагічнае нагрузкі, дапамагаючы плённа рыхтаваць навуковую зьмену праз перадачу маладым выкладнікам багатага досьведу пэдагагічнае, навуковае і навучальна-мэтадычнае працы.
Артыкул 59 ПК Расеі дазваляе заключаць тэрміновую працоўную дамову з асобамі, якія працуюць у дадзенай арганізацыі па сумяшчальніцтве. Аднак, калі кіравацца п. 2 Палажэньня ад 26 лістапада 2002 г. можна ўлічыць, што заключэньню працоўнае дамове, у тым ліку па сумяшчальніцтве, абавязкова мусіць папярэднічаць конкурсны адбор прэтэндэнтаў, які ў адпаведнасьці з п. 3 памянёнага Палажэньня павінны абвяшчацца ня менш як за два месяцы да яго правядзеньня. Выключыўшы з Палажэньня ад 26 лістапада 2002 г. якія-кольвек выпадкі, калі ВНУ меў-бы права заключаць працоўныя дамовы без арганізацыі конкурснага абраньня, укладальнікі Палажэньня склалі для ВНУ і для сумяшчальнікаў дастаткова складаную сытуацыю. Падобнае абмежаваньне звужае магчымасьці ВНУ апэратыўна выкарыстоўваць як унутраных, так і вонкавых сумяшчальнікаў і робіць працэдуру залічэньня сумяшчальнікаў ня толькі складанай, але і досыць працяглай.
На думку аўтара, усё-ж мусіць дзейнічаць той парадак прыёму на працу сумяшчальнікаў, які склаўся цягам апошніх гадоў. Згодна зь ім, сумяшчальнікі прымаліся на працу бяз конкурснага абраньня, але на падставе дамоўленасьці з ВНУ іх залічэньню мог папярэднічаць конкурсны адбор у адпаведнасьці з тым самым парадкам, які выкарыстоўваўся для штатных навукова-пэдагагічных работнікаў. Цяпер няма важкіх прычынаў дзеля зьмяненьня практыкі прыёму сумяшчальнікаў, што склалася ў ВНУ.
Асабліва хацелася-б спыніцца на ідэі ўвядзеньня ў ВНУ інстытуту прэзыдэнтуры. Рэалізацыя падобнае ідэі вымагае зьменаў існай структуры кіраўніцкіх органаў вышэйшых навучальных установаў і працэдуры іх фармаваньня.
Па-першае, заканадаўца павінны дакладна акрэсьліць кампэтэнцыю і адказнасьць прэзыдэнта ў сфэры рэпрэзэнтаваньня ім інтарэсаў ВНУ, як ва ўнутраных, так і ў вонкавых стасунках.
Дзеля гэтага неабходна разьмежаваць пэрсанальную адказнасьць і кампэтэнцыю прэзыдэнта, а таксама пэрсанальную адказнасьць і кампэтэнцыю рэктара. У іншым выпадку цалкам верагодным ёсьць стварэньне ў ВНУ двоеўладзьдзя, што можа выклікаць пэўныя нэгатыўныя наступствы.
Па-другое, неабходна стварыць канкрэтныя крытэры для заступленьня пасады прэзыдэнта ВНУ. Напрыклад, пасаду прэзыдэнта можа займаць асоба, што заступала пасаду рэктара дадзенае ВНУ і мае высокі аўтарытэт ў калектыве дадзенай ВНУ і навукова-пэдагагічнае супольнасьці.
Па-трэцяе, дэталёва прадугледзіць працэдуру заснаваньня пасады прэзыдэнта, а таксама пытаньні, што тычацца ягонага абраньня, у тым ліку парадку высоўваньня кандыдатаў. Падаецца, што стварэньне пасады прэзыдэнта ў ВНУ мусіць вырашаць выключна навуковая рада гэтага ВНУ ў адпаведнасьці зь яе статутам.
Па-чацьвертае, адпаведныя зьмены варта ўнесьці ў Фэдэральны закон “Аб вышэйшай і падыплёмнай прафэсійнай адукацыі”.
Па-пятае, пажадана захаваць дзейны дэмакратычны парадак абраньня рэктара ВНУ патаемным галасаваньнем на альтэрнатыўнай падставе працоўным калектывам ВНУ з далейшым зацьвярджэньнем абранае кандыдатуры фэдэральным органам выканаўчае ўлады. Гэтае камісія складаццаме з чыноўнікаў, але працавацьме як мяркуецца на грамадзкіх пачатках.
Хацелася-б заўважыць, што стварэньне падобнага адміністрацыйнага фільтру (атэстацыйнае камісіі, якая дзейнічае да пачатку працэдуры абраньня рэктара) варта разглядаць як істотны адыход ад фундамэнтальных прынцыпаў незалежнасьці і аўтаноміі ВНУ, якія рэкамэндаваныя ЮНЭСКА і Радай Эўропы і ёсьць падмуркам Балёнскага працэсу, да якога Расея далучылася ў 2003 годзе.
Пераклаў з расейскае Кірыл Касьцян
[1] Типовое положение об образовательном учреждении высшего профессионального (высшего учебного) заведения Российской Федерации // СЗ РФ. 2001. № 16. Ст. 1595 (п. 77).
[2] Закон РФ «Об образовании» (в ред. ФЗ от 13 января 1996 г. № 12-ФЗ, с последующими изменениями и дополнениями) // СЗ РФ. 1996. №3. Ст. 150.
[3] Федеральный закон «О высшем и послевузовском профессиональном образовании» от 22 августа 1996 г. № 125-ФЗ, (с последующими изменениями и дополнениями) // СЗ РФ. 1996. № 35. Ст. 4135.
[4] У дарэвалюцыйнай Расеі магістар займаў мейсца паміж спэцыялістам і кандыдатам навук і меў немалыя прывілеі. Меў права скласьці стараньне аб залічэньні ў патомныя ганаровыя грамадзяне, мог быць залічаным на пасаду экстраардынарнага прафэсара ўнівэрсытэту, атрымліваў права на чын дзевятае клясы пры паступленьні на цывільную службу, атрымліваў срэбныя акадэмічныя знакі і г.д.
[5] Найвышэйшая кваліфікацыйная калегія судзьдзяў РФ разглядае ступень бакаляўра юрыспрудэнцыі як першую ступень вышэйшае адукацыі, якая не дае права на атрыманьне пасады судзьдзі. Афіцыйны сайт Вярхоўнага суду РФ: http://www.supcourt.ru/ojc/mgbj/exp.
[6] Вестник образования России. 2003. № 5. Далей - Положение от 26 ноября 2002 г.
[7] Гл., напр., «Положение о порядке замещения должностей преподавательского состава государственных высших учебных заведений РФ», утвержденное приказом Госкомвуза России от 15 сентября 1993 г. № 207 (Бюллетень Государственного комитета РФ по высшему образованию. 1993. № 11).
[8] Постановление Пленума Верховного Суда РФ «О применении судами Российской Федерации Трудового кодекса Российской Федерации» от 17 марта 2004 г. № 2. // Бюллетень Верховного суда РФ. 2004. № 6.
[9] Гл., Головина С. Ю. «Загадки и парадоксы Трудового кодекса РФ». Российский ежегодник трудового права № 1 за 2005 год. СПб. 2006. С. 179 – 186.
[10] Падобная асоба можа браць удзел у конкурсным абраньні адначасова ў дзьвюх альбо больш ВНУ, што не пярэчыць дзейнаму заканадаўству.
[11] Пасады прафэсараў-кансультантаў упершыню былі ўведзеныя ў 1962 г. для дактароў навук і прафэсараў старэчага веку, якія ня мелі магчымасьці выконваць поўны аб’ём навукова-пэдагагічнае працы і выйшлі на пэнсію. У цяперашні час падобная пасада адсутнічае ў пераліку пасадаў прафэсарска-выкладніцкага складу ВНУ.
[12] Супольная заява эўрапейскіх міністраў адукацыі, м. Балёнья, 19 чэрвеня 1999 году.
__________________________
Аляксандар Заўгародні – кандыдат юрыдычных навук, дацэнт катэдры працоўнага права юрыдычнага факультэту Санкт-Пецярбурскага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту.