Warning: getimagesize(/home/majstarc/public_html/praunik.org/img/maliunki/83755c8e006897726e40766ca92350e5.jpg) [function.getimagesize]: failed to open stream: No such file or directory in /home/majstarc/public_html/praunik.org/artykul.php on line 55

Warning: getimagesize(/home/majstarc/public_html/praunik.org/img/maliunki/cf516f2f72c94feff0048f43fac7283d.jpg) [function.getimagesize]: failed to open stream: No such file or directory in /home/majstarc/public_html/praunik.org/artykul.php on line 55
Праўнік | Артыкулы | Парадак перамяшчэньня фізычнымі асобамі праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь валюты ды тавараў, якія ня ёсьць прызначаныя для вытворчай ці іншай камэрцыйнай дзейнасьці.

Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Парадак перамяшчэньня фізычнымі асобамі праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь валюты ды тавараў, якія ня ёсьць прызначаныя для вытворчай ці іншай камэрцыйнай дзейнасьці. | Алена Акуліч | 07.7.2006

У адпаведнасьці з арт. 19 Мытнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (далей – МК) усе асобы на роўных падставах маюць права на ўвоз у Рэспубліку Беларусь і вываз зь яе тэрыторыі тавараў і транспартных сродкаў. Пры гэтым абмежаваньні ўжываюцца толькі ў выпадках, якія прадугледжаныя заканадаўствам.

Да суб’ектаў мытнага права належаць у тым ліку й фізычныя асобы. Пад фізычнымі асобамі права разумее грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства.

Агульнае правіла аб перамяшчэньні тавараў фізычнымі асобамі не для камэрцыйных мэтаў устаноўлена ў арт. 109 МК. У адпаведнасьці зь ім, такія тавары могуць перамяшчацца ў спрошчаным, ільготным парадку, пад якім разумеюць:

  • Поўнае ці частковае вызваленьне ад мытаў ды падаткаў;
  • Устанаўленьне адзіных ставак мытаў, падаткаў ці
  • Неўжываньне захадаў эканамічнай палітыкі.

Дзеля ўжываньня спрошчанага парадку мэты перамяшчэньня тавараў не павінны быць камэрцыйнымі. Прызначэньне тавараў вызначаецца з улікам усіх акалічнасьцяў паездкі асобы, зыходзячы з характару, колькасьці ды частасьці перамяшчэньня тавараў. Забавязак пацьверджаньня таго, што тавары ня ёсьць прызначанымі для камэрцыйнай дзейнасьці, ускладаецца на асобу, якая перамяшчае тавары.

Ад 24 студзеня 2000 году для Рэспублікі Беларусь набыла моц Пагадненьне аб забесьпячэньні свабоднага ды роўнага права перасячэньня фізычнымі асобамі межаў дзяржаваў-удзельніцаў Мытнага зьвязу і бесперашкоднага перамяшчэньня імі тавараў і валюты. Удзельнікамі пагадненьня ёсьць таксама Казахстан, Кыргызстан і Расея. У адпаведнасьці з арт. 5 памянёнага Пагадненьня тавары, якія паходзяць зь дзяржаваў-удзельніцаў Мытнага зьвязу, прапускаюцца празь іх унутраныя мытныя межы без абмежаваньняў у вазе, колькасьці, кошце й дэкляраваньня ў пісьмовай форме, спагнаньня мытаў, падаткаў і збораў, за выключэньнем мытных збораў за захаваньне. Дадзенае правіла не распаўсюджваецца на тавары, забароненыя ці абмежаваныя да ўвозу/вывазу ў адпаведнасьці з нацыянальнымі заканадаўствамі дзяржаваў-удзельніцаў. Тавары, якія паходзяць з трэціх краінаў, прапускаюцца праз мытныя межы дзяржаваў-удзельніцаў без дэкляраваньня ў пісьмовай форме, спагнаньня мытаў і мытных збораў за афармленьне пры ўмове, што іх агульны кошт не перавышае сумы, эквівалентнай $ 1000, у межах агульнай вагі багажу да 50 кг. на аднаго чалавека. Перамяшчэньне замежнай і нацыянальнай валютаў дзяржаваў-удзельніцаў празь іх унутраныя мытныя межы ажыцьцяўляецца без абмежаваньня, але з улікам таго, што бакі ўстанаўліваюць узгодненую норму бесперашкоднага (без дэкляраваньня ў пісьмовай форме і прадстаўленьня даведак-сэртыфікатаў) вывазу фізычнымі асобамі замежнай валюты ў трэція краіны. Перамяшчэньне нацыянальных валютаў дзяржаваў-удзельніцаў празь іх зьнешнія межы ажыцьцяўляецца паводле парадку, які ўстаноўлены нацыянальным заканадаўствам той дзяржавы, для якой валюта, што вывозіцца, ёсьць нацыянальнай.

На ўзроўні нацыянальнага заканадаўства падрабязна рэгулюецца перамяшчэньне тавараў не для камэрцыйных мэтаў фізычнымі асобамі ў Палажэньні аб парадку перамяшчэньня фізычнымі асобамі праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь тавараў, якія не прызначаныя для вытворчай ці іншай камэрцыйнай дзейнасьці, зацьверджанага Ўказам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 57 ад 05.02.2001 года. (са зьмян. і дапаўн., унесенымі Указамі Прэзыдэнта № 259 ад 27.05.2004, №547 ад 24.11.2005 г.). Гэтае Палажэньне вызначае спрошчаны, ільготны парадак перамяшчэньня фізычнымі асобамі такіх тавараў праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь. Пры перамяшчэньні тавараў у службовай асобы не павінна быць падставаў меркаваць, што тавары перамяшчаюцца не дзеля асабістага карыстаньня ці спажываньня фізычнай асобай ці чальцамі яе сям’і. Дзеяньне Ўказу № 57 накіравана, у першую чаргу, на выключэньне сытуацыяў, калі пад выглядам тавараў не для камэрцыйных мэтаў фізычнымі асобамі ў краіну ўвозяцца тавары, прызначаныя на продаж.

Да прыняцьця Ўказу № 259, якім былі ўнесены зьмяненьні ды дапаўненьні ў Указ № 57, выкарыстоўваліся паняткі “тавары, якія не прызначаныя для вытворчай ці іншай камэрцыйнай дзейнасьці”, “асабістая маёмасьць”, “іншыя тавары”. Указ № 259 увёў абагульняючы панятак “тавары не для камэрцыйных мэтаў”, пад якімі разумеюць тавары, што належаць фізычнай асобе на праве ўласнасьці ці валоданьня, карыстаньня і(ці) распараджэньня, і што па сваім характары не прызначаныя для ажыцьцяўленьня вытворчай ці іншай камэрцыйнай дзейнасьці, перамяшчэньне якіх праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь як у суправаджальным, так і несуправаджальным багажы, у міжнародных паштовых адпраўленьнях ці іншым за міжнародную паштовую сувязь спосабам, не зьвязана з ажыцьцяўленьнем такой дзейнасьці. Зьявіўся таксама панятак “непадзельныя тавары”, т.б. тавары не для камэрцыйных мэтаў, якія складаюцца з 1 адзінкі тавару ці 1 камплекту (гарнітур, сэрвіз і г.д.). Акрамя таго, дзеяньне главы 2 Палажэньня стала распаўсюджвацца на тавары, што ўвозяцца ў суправаджальным і несуправаджальным багажы фізычнымі асобамі.

У п. 4 Палажэньня замацавана, што перамяшчэньне жывёлаў і расьлінаў, іх частак і дэрыватаў, а таксама прадуктаў харчаваньня (за выняткам прадуктаў, прызначаных для спажываньня ў часе падарожжа), якія ўвозяцца на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, дапушчаецца пры ўмове прад’яўленьня мытным ворганам дазволаў ворганаў фітасанітарнага ды ветэрынарнага кантролю. Але Палажэньне не рэгулюе парадак перамяшчэньня фізычнымі асобамі замежнай валюты, беларускіх рублёў, каштоўных папераў у замежнай валюце і беларускіх рублях, валютных і культурных каштоўнасьцяў, службовай і цывільнай зброі і боепрыпасаў да яе, лекавых сродкаў, радыёэлектронных сродкаў з радыёвыпраменьваньнем і высокачастотных установак. Іх перамяшчэньне рэгулюецца іншымі нарматыўна-праўнымі актамі.

Палажэньнем у п. 6, 7 устаноўлена забарона да перамяшчэньня паасобных катэгорыяў тавараў. Дадзеная забарона праяўляецца ў тым, што некаторыя тавары ня могуць перамяшчацца пры жадных умовах: так, ня могуць вывозіцца з Рэспублікі Беларусь фізычнымі асобамі жалезьзе, адходы чорных, каляровых ды каштоўных мэталяў тэхнічнага прызначэньня, і ня могуць увозіцца ў Рэспубліку Беларусь фізычнымі асобамі алькагольныя напоі больш за 10 літраў, цыгарэты больш за 200 шт альбо тытунь ці іншыя тытунёвыя вырабы больш за 200 грамаў на адну асобу, што дасягнула 18 гадоў. Для іншых тавараў патрабуецца спэцыяльны дазвол. Напрыклад, без такога дазволу ня можа перамяшчацца баявая зброя і боепрыпасы да яе, вайсковыя снарады, наркатычныя сродкі, псыхатропныя, атрутныя, моцнадзейныя, радыёактыўныя і выбухныя рэчывы. Гэта ж тычыцца і ўзораў відаў дзікай фаўны й флёры, якія трапляюць пад дзеяньне Канвэнцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны й флёры, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня, ад 3 сакавіка 1973 года, ды іншых тавараў, увоз і вываз якіх фізычнымі асобамі абмежаваны ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Абмежаваньні ўстаноўлены ў дачыненьні да міжнародных паштовых адпраўленьняў. У паштовых адпраўленьнях ня могуць перамяшчацца тавары, якія не прызначаныя для камэрцыйных мэтаў, забароненыя да перасылкі ў адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі ці заканадаўствам, алькагольныя напоі і тытунёвыя вырабы,  якія перасылаюцца ў Рэспубліку Беларусь; жалезьзе, адходы чорных, каляровых і каштоўных мэталяў тэхнічнага прызначэньня; баявая зброя; наркатычныя сродкі, атрутныя, моцнадзейныя, радыёктыўныя і выбухныя рэчывы і г.д.

Дазвол на ўвоз паасобных катэгорыяў тавараў выдаецца наступнымі ворганамі:

  • баявой зброі і боепрыпасаў да яе, вайсковага рыштунку – Міністэрствам унутраных справаў Рэспублікі Беларусь;
  • наркатычных і псыхатропных сродкаў – Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь;
  • моцнадзейныя, радыёктыўныя, выбухных, атрутных рэчываў – Міністэрствам па надзвычайным сытуацыям Рэспублікі Беларусь;
  • узораў відаў дзікай фаўны й флёры, якія трапляюць пад дзеяньне Канвэнцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны й флёры (СІТЭС) – адміністрацыйным ворганам Канвэнцыі СІТЭС краіны, з тэрыторыі якой ажыцьцяўляецца вываз;
  • радыёэлектронных сродкаў – дзяржаўнаю інспэкцыяй па электрасувязі пры Міністэрстве сувязі Рэспублікі Беларусь.

Пад спрошчаным парадкам разумеюць вызваленьне ад абкладаньня мытнымі платамі асобных тавараў. Глава 2 Палажэньня прадугледжвае такое вызваленьне пры ўвозе ў Рэспубліку Беларусь тавараў у суправаджальным ці несуправаджальным багажы фізычнымі асобамі. Да такіх тавараў належаць:

  • тавары не для камэрцыйных мэтаў, мытны кошт якіх не перавышае суму, эквівалентную 1000 € (для непадзельных тавараў – 1200 €), і/ці агульная вага якіх ня больш за 50 кг. (для непадзельных тавараў – 80 кг) уключна. У склад такіх тавараў могуць уваходзіць ня больш за 1 літар алькагольных напояў, 1 літар піва, 200 шт. цыгарэтаў альбо 200 грамаў тытуню ці іншых тытунёвых вырабаў на адну асобу, якая дасягнула 18 гадоў; ня больш за 5 адзінак ювэлірных вырабаў, 1 адзінкі наручных гадзіньнікаў, 3 прадметы адзеньня з натуральнай скуры і(ці) футры, 4 шыны. Не ўваходзяць у гэтую групу тавараў аўтатранспартныя сродкі, кузавы, прычэпы, мэбля, прадукты харчаваньня і тавары, пазначаныя ў пераліку 1 да Палажэньня.
  • тавары не для камэрцыйных мэтаў незалежна ад іх вагі і мытнага кошту, якія ўвозяцца не часьцей за 1 раз на год у пэрыяд знаходжаньня за мяжой рэзыдэнтамі, накіраванымі дзяржаўнымі ворганамі Рэспублікі Беларусь на працу ў замежную дзяржаву, тэрмін знаходжаньня якіх па-за межамі Рэспублікі Беларусь складае ня менш за 11 месяцаў, пры ўмове дакумэнтальнага пацьверджаньня адпаведным дзяржаўным ворганам пэрыяду й мэты знаходжаньня ў замежнай дзяржаве, ці ўвозімыя іншымі асобамі ад імя і на даручэньне такіх рэзыдэнтаў. У дадзеную групу не ўваходзяць аўтатранспартныя сродкі, кузавы, алькагольныя напоі больш за 1 літар, піва больш за 1 літар.
  • тавары не для камэрцыйных мэтаў, у тым ліку і аўтатранспартныя сродкі, зарэгістраваныя на тэрыторыі замежнай дзяржавы, незалежна ад іх мытнага кошту і вагі, калі яны часова ўвозяцца нерэзыдэнтамі, якія:
    • часова працуюць у Рэспубліцы Беларусь, альбо чальцамі іх сем’яў, акрэдытаванымі (зарэгістраванымі) Міністэрствам замежных справаў Рэспублікі Беларусь, - на тэрмін такой акрэдытацыі (рэгістрацыі);
    • навучаюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь – на тэрмін свайго навучаньня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пры ўмове забесьпячэньня сплаты мытаў у парадку, які вызначанае заканадаўства.
  • аўтатранспартныя сродкі, зарэгістраваныя на тэрыторыі замежнай дзяржавы і часова ўвозімыя:
    • нерэзыдэнтамі, за выключэньнем пазначаных у падпунктах 10.4, - на тэрмін свайго знаходжаньня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, але ня больш за тры месяцы;
    • рэзыдэнтамі, якія часова пражываюць, працуюць ці навучаюцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь – на тэрмін свайго знаходжаньня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, але ня большым за тры месяцы.
  • хатнія жывёлы, якіх часова ўвозяць нерэзыдэнты для паляваньня, спорту і турызму;
  • тавары не для камэрцыйных мэтаў, якія ўвозяцца назад у нязьменным стане (за выключэньнем натуральнага зношваньня й згубы) пасьля часовага вывазу такіх тавараў за мяжу незалежна ад іх мытнага кошту і вагі, пры ўмове пацьверджаньня іх вывазу.

Правілы ў дачыненьні да прадуктаў харчаваньня можна зьвесьці ў наступную табліцу:

             

Таксама ў адпаведнасьці з п. 11 і 12 вызваляюцца ад абкладаньня мытнымі платамі тавары:

  • якія увозяцца ў суправаджальным ці несуправаджальным багажы фізычнай асобай, якая перасяляецца ў Рэспубліку Беларусь на сталае месца жыхарства пры ўмове іх увозу на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з краіны папярэдняга пражываньня не пазьней за 12 месяцаў ад даты прыбыцьця памянёнай асобы на сталае месца жыхарства, і
  • якія атрыманыя рэзыдэнтам у спадчыну па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўвозяцца ім на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у суправаджальным ці несуправаджальным багажы, а таксама накіраваныя на ягоную адрэсу ў міжнародных паштовых адпраўленьнях ці ўвезеныя ў іншы за міжнародную паштовую сувязь спосаб.

Згаданыя вышэй катэгорыі тавараў вызваляюцца ад мытных сплатаў незалежна ад іх мытнага кошту і вагі, у тым ліку і адзін аўтатранспартны сродак і адзін прычэп.

  • Тавары, якія перасылаюцца ў Рэспубліку Беларусь у міжнародных паштовых адпраўленьнях (пад якімі разумеюць адпраўленьні, якія ажыцьцяўляе Рэспубліканскае дзяржаўнае аб’яднаньне “Белпошта” ці іншая арганізацыя, якая мае ліцэнзію Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь на аказаньне паслугаў паштовай сувязі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь) на працягу 1 месяцу па адрэсе аднаго атрымальніка, і мытны кошт якіх эквівалентны суме да € 100 (для непадзельных тавараў – € 120) уключна;
  • Тавары, якія ўвозяцца ў Рэспубліку Беларусь іншым за міжнародную паштовую сувязь спосабам на адрэсу фізычнай асобы, якая не выяжджала па-за межы Рэспублікі Беларусь, мытны кошт якіх (без уліку кошту перавозкі) эквівалентны суме да € 10 (для непадзельных тавараў – € 12) уключна.

У гэтыя катэгорыі не ўваходзяць аўтатранспартныя сродкі, кузавы, прычэпы, мэбля і тавары, пазначаныя ў дадатку 1 да Палажэньня.

Пры вывазе з Рэспублікі Беларусь фізычнымі асобамі вызваляюцца ад абкладаньня мытамі каштоўныя мэталі ў выглядзе мерных зьліткаў агульнай вагою ня большай за 500 грамаў для золату і плаціны, 5 кіляграмаў для срэбра й іншыя тавары не для камэрцыйных мэтаў незалежна ад іх мытнага кошту і вагі, калі іншага не прадугледжвае заканадаўства, а таксама тавары, якія перасылаюцца ў міжнародных паштовых адпраўленьнях.

У адпаведнасьці з Пастановай Дзяржаўнага мытнага камітэту ад 18.11.2002 году № 94 (са зьмян. і дапаўн. Ад 06.07.2004 году № 55) “Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб парадку вылічэньня й сплаты мытнаў у дачыненьні да тавараў, не прызначаных для вытворчай ці іншай камэрцыйнай дзейнасьці, якія перамяшчаюць фізычныя асобы праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь” (далей Пастанова № 94) не патрабуецца сплата мытаў пры выдачы мытнага дазволу на перамяшчэньне фізычнымі асобамі праз мытную мяжу асабістай маёмасьці ў межах устаноўленага кошту й вагі ды іншых тавараў, пазначаных у п. 6 Пастановы № 94, тавараў для транзыту праз мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь (у тым ліку й Расеі). Гэта ж тычыцца тавараў, якія увозяцца назад рэзыдэнтамі Рэспублікі Беларусь у нязьменным стане (за выключэньнем натуральнага зношваньня й страты) пасьля часовага вывазу такіх тавараў за мяжу незалежна ад іх мытнага кошту. Для некаторых з гэтых тавараў неабходнай умовай вызваленьня ад сплаты мытаў ёсьць прадстаўленьне дакумэнтаў, якімі пацьвярджаецца права на такое вызваленьне. Да такіх дакумэнтаў у залежнасьці ад акалічнасьцяў, мэтаў перамяшчэньня тавараў і іх прызначэньня належаць дакумэнты, якія пацьвярджаюць перасяленьне на сталае месца жыхарства ў Рэспубліку Беларусь; атрыманьне фізычнай асобай-рэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь спадчыны па-за межамі Рэспублікі Беларусь; акрэдытацыю (рэгістрацыю) фізычнай асобы-нерэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у Міністэрстве замежных справаў Рэспублікі Беларусь ці Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь; факт навучаньня фізычнай асобы-нерэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у навучальнай установе Рэспублікі Беларусь; факт пражываньня, навучаньня ці працы фізычнай асобы-рэзыдэнта Рэспублікі Беларусь па-за межамі Рэспублікі Беларусь.

Парадак абкладаньня мытамі тавараў, што ўвозяцца фізычнымі асобамі у Рэспубліку Беларусь, можна зьвесьці ў наступную табліцу:

             

Пры перасылцы тавараў міжнароднымі паштовымі паведамленьнямі на працягу 1 месяца на адрэсу аднаго атрымальніка (за выключэньнем аўтатранспартных сродкаў, кузаваў, прычэпаў, мэблі, а таксама тавараў, пазначаных у дадатку 1 да Палажэньня) пры іх мытным кошце ў эквіваленце 100-1000 € (для непадзельных тавараў – 120-1200 €) такія тавары абкладаюцца мытамі паводле адзінай стаўкі 30% ад мытнага кошту, але ня менш за 2 € за 1 кг вагі ў частцы перавышэньня вызначаных нормаў. Калі мытны кошт такіх тавараў перавышае суму, эквівалентную 1000 € (для непадзельных тавараў – 1200 €), то яны абкладаюцца паводле адзінай стаўкі 50%, але ня менш за 4 € за 1 кг вагі ў частцы перавышэньня нормаў.

П. 17 Палажэньня, зацьверджанага Ўказам № 57 ад 05.02.2001 года, вызначае стаўкі сплатаў у дачыненьні да тавараў, якія перамяшчаюцца іншым за міжнародную паштовую сувязь чынам на адрэсу фізычнай асобы, якая не выязджае па-за межы мытнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пры іх мытным кошце ў эквіваленце ад 10 да 1000 € уключна (для непадзельных тавараў – ад 12 да 1200 €) тавары абкладаюцца згодна з адзінай стаўкай у 30%, але ня менш за 2 € за 1 кг вагі ў частцы перавышэньня ўстаноўленых нормаў, а пры мытным кошце больш за 1000 € (для непадзельных тавараў – больш за 1200 €) згодна з адзінай стаўкай 60%, але ня менш за 4 € за 1 кг вагі ў частцы перавышэньня нормаў.

Каштоўныя мэталі, што вывозяцца фізычнымі асобамі ў выглядзе мерных зьліткаў агульнай вагой больш за 500 грамаў для золату і плаціны, 5 кг для срэбра, абкладаюцца паводле адзінай стаўкі 30% ад іх мытнага кошту, але ня менш за 2500 € за 1 кг вагі золата, 4500 € за 1 кг вагі плаціны, 40 € за 1 кг вагі срэбра.

У п. 22 Палажэньня, зацьверджанага Ўказам № 57 ад 05.02.2001 года, прадугледжвае выпадкі, калі пры перамяшчэньні фізычнымі асобамі транзытам праз мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь не патрабуецца прадстаўленьне забесьпячэньня сплаты мытаў. Гэта ўжываецца ў дачыненьні да тавараў, якія вызваляюцца ад абкладаньня мытамі пры ўвозе ў Рэспубліку Беларусь, а таксама аднаго аўтатранспартнага сродку і прычэпу, зарэгістраваных у краіне часовага ці сталага пражываньня асобы, якая іх перамяшчае. У іншых выпадках асобе неабходна прадставіць забесьпячэньне сплаты мытаў (п. 33 Пастановы № 94) у памеры сумы мытаў, якая б мела быць сплачанай, калі б на момант перамяшчэньня праз мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь тавары былі заяўлены для сталага разьмяшчэньня на мытнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь альбо сумы, эквівалентнай 1000 $, датычна транспартных сродкаў, якія перамяшчаюць транзытам праз мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, і ад моманту выпуску якіх прайшло ня менш за 3 гады (уключна), незалежна ад іх прабегу (у дачыненьні да іншых транспартных сродкаў, якія перамяшчаюць транзытам – 500 $).

Указам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2005 года № 547 былі ўнесены зьмяненьні ды дапаўненьні ў Указ № 57. У адпаведнасьці зь імі з дадатку да Палажэньня былі выключаны некаторыя віды тавараў. Так, зараз не абкладаюцца мытамі пры ўвозе фізычнымі асобамі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь не для камэрцыйных мэтаў прасы, машыны вылічальна-лічбавыя партатыўныя вагой ня больш за 10 кг, кампутарныя маніторы каляровага адлюстраваньня з электронна-промневай трубкай і з вадка-крысталічным экранам. У той жа час, мытамі паводле адзіных стаўкаў абкладаюцца будаўнічыя матэрыялы, газавыя кухенныя пліты, пыласосы, мікрахвалевыя печы, лядоўні, пральныя і швейныя машыны, а таксама іншыя тавары. У адпаведнасьці з дадаткам 1 Палажэньня ў дачыненьні да згаданых тавараў ужываецца камбінаваная стаўка пошліны: адзіная стаўка складае 30%, дыферэнцуюцца толькі мінімальны памер, які мае быць сплачаны (ад 10 да 1000 € за 1 шт/ 1-2 € за кг).

Памеры збораў за мытнае афармленьне ўстаноўленыя Пастановай Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 29.03.2005 № 17. Напрыклад, за мытнае афармленьне тавараў не для камэрцыйных мэтаў дзейнічае стаўка 5 €, за аўтатранспартныя сродкі – 10€.

Паколькі перамяшчэньне валюты рэгулюецца спэцыяльнымі актамі заканадаўства, то Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь сумесна з Дзяржаўным мытным камітэтам прыняў сумесная Пастанова ад 30.04.2004 года № 73/38, якой зацьверджана Інструкцыя аб парадку ўвозу, вывазу і перасылкі замежнай валюты, беларускіх рублёў, сплатных інструкцыяў у замежнай валюце, дакумэнтарных каштоўных папераў у беларускіх рублях і замежнай валюце фізычнымі асобамі праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь (далей – Інструкцыя № 73/38). Гэтая Інструкцыя вызначае перасылку як фактычнае перамяшчэньне замежнай валюты, беларускіх рублёў, сплатных інструкцыяў у замежнай валюце, дакумэнтарных каштоўных папераў у беларускіх рублях і замежнай валюце праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь у міжнародных паштовых адпраўленьнях.

Так, без абавязковага дэкляраваньня ў пісьмовай форме дазваляецца ўвоз і вываз фізычнымі асобамі беларускіх рублёў у суме, якая не перавышае на адну асобу 500 базавых велічыняў, устаноўленых у Рэспубліцы Беларусь на дату ажыцьцяўленьня ўвозу/вывазу беларускіх рублёў. Дакумэнтарныя каштоўныя паперы ў беларускіх рублях могуць увозіцца/вывозіцца фізычнымі асобамі без абмежаваньняў у суме й без абавязковага дэкляраваньня ў пісьмовай форме.

Замежную валюту фізычным асобам можна ўвозіць у Рэспубліку Беларусь без абмежаваньня сумы, але з выкананьнем парадку мытнага афармленьня. Калі сума замежнай валюты перавышае ў эквіваленце 3000 $, якая разьлічаная згодна з афіцыйным курсам беларускага рубля да адпаведнай замежнай валюты на дзень мытнага афармленьня ўвозімай замежнай валюты, ажыцьцяўляецца абавязковае дэкляраваньне ў пісьмовай форме. Калі сума не перавышае 3000 $, пісьмовае дэкляраваньне не патрабуецца.

Пры вывазе фізычнымі асобамі замежнай валюты па-за межы Рэспублікі Беларусь таксама неабходна выканаць парадак афармленьня валюты, што вывозіцца. Але згодна з п. 8 Інструкцыі № № 73/38 устаноўленыя абмежаваньні паводле сумы. Так, на вывазную суму болей за 10 000 $ неабходна мець дазвол; на суму меней за 10 000 $ такія дакумэнты не патрабуюцца. Пры вывазе фізычнымі асобамі замежнай валюты ў суме, што перавышае на адну асобу ў эквіваленце 3000 $, ажыцьцяўляецца абавязковае дэкляраваньне ў пісьмовай форме мытнаму воргану Рэспублікі Беларусь. Да дазваляльных дакумэнтаў належаць мытная дэклярацыя ці валютнае пасьведчаньне, якім зацьвярджаецца ўвоз замежнай валюты на тэрыторыю дзяржаваў-удзельніцаў Мытнага зьвязу ці банкаўскі дакумэнт, які выдаецца банкамі дзяржаваў-удзельніцаў Мытнага зьвязу, і які дазваляе вываз замежнай валюты й сплатных дакумэнтаў у замежнай валюце зь дзяржаваў-удзельніцаў Мытнага зьвязу. Пры гэтым дазваляльныя дакумэнты, на падставе якіх фізычная асоба ажыцьцяўляе вываз з Рэспублікі Беларусь замежнай валюты й сплатных дакумэнтаў у замежнай валюце, належаць здачы мытнаму воргану, які ажыцьцяўляе мытнае афармленьне замежнай валюты, што вывозіцца. Дакумэнты маюць моц у межах тэрміну іх дзеяньня і толькі ў дачыненьні да валюты, пазначанай у гэтых дакумэнтах.

Неабходна адзначыць, што забараняецца перасылка ў Рэспубліку Беларусь і з Рэспублікі Беларусь фізычнымі асобамі беларускіх рублёў, дакумэнтарных каштоўных папераў у беларускіх рублях у лістах і іншых відах міжнародных паштовых адпраўленьняў. Магчыма перасылка ў Рэспубліку Беларусь ці з Рэспублікі Беларусь замежнай валюты ў лістах з аб’яўленым коштам у суме, якая не перавышае 200 $, разьлічанай згодна з афіцыйным курсам беларускага рублю да адпаведнай замежнай валюты на дзень прыёму ліста з аб’яўленым коштам у паштовай установе краіны яго здачы.

Банкаўскім дакумэнтам, на падставе якога дазваляецца вываз замежнай валюты з Рэспублікі Беларусь, а таксама замежнай валюты й сплатных дакумэнтаў у замежнай валюце з Расеі, ёсьць даведка формы № 0406007.

Пры выезьдзе ў іншыя краіны неабходна таксама ведаць устаноўленыя ў іх нормы ўвозу замежнай і нацыянальнай валютаў. Так, напрыклад, што да Ўкраіны Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь сваім Лістом ад 07.04.2004 № 31-14/807 “Аб увозе ва Ўкраіну валюты Ўкраіны” інфармуе, што пастановай Управы Нацыянальнага банку Ўкраіны ад 18.02.2004 года № 61 былі ўнесены зьмены ў дзейную Інструкцыю аб перамяшчэньні валюты Ўкраіны, замежнай валюты, сплатных дакумэнтаў, іншых банкаўскіх дакумэнтаў і сплатных картак празь мытную мяжу Ўкраіны.  У адпаведнасьці з гэтымі зьменамі фізычным асобам-нерэзыдэнтам дазволены ўвоз ва Ўкраіну валюты Ўкраіны ў суме 1000 грыўняў без наяўнасьці мытнай дэклярацыю на іх увоз.

У Інструкцыі № 73/38 вызначаны асаблівы парадак у дачыненьнях зь дзяржавамі-ўдзельніцамі Мытнага зьвязу. Так, дазваляецца ўвоз/вываз беларускіх рублёў фізычнымі асобамі на/з тэрыторыю(і) дзяржаваў-удзельніцаў без абмежаваньняў сумы і без абавязковага дэкляраваньня ў пісьмовай форме мытнаму воргану Рэспублікі Беларусь. Датычна замежнай валюты ў суме, што перавышае ў эквіваленце 3000$ на адну асобу, пры ўвозе/вывазе ажыцьцяўляецца абавязковае дэкляраваньне ў пісьмовай форме мытнаму воргану Рэспублікі Беларусь замежнай валюты, што ўвозіцца/вывозіцца.

У адпаведнасьці з п. 15 Пастановай № 94 вылічэньне мытаў, якія належаць сплаце ў што да тавараў не для камэрцыйных мэтаў, ажыцьцяўляецца ў беларускіх рублях, а падставай для вылічэньня мытных збораў за мытнае афармленьне ёсьць мытны кошт тавараў. Сплата ж мытаў учыняецца на жаданьне сплатніка як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце, курс якой устаноўлены Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь.

Неабходна таксама адзначыць, што Пастановай Дзяржаўнага мытнага камітэту Рэспублікі Беларусь ад 20.02.2002 года № 7 “Аб парадку дэкляраваньня тавараў, не прызначаных для вытворчай ці іншай камэрцыйнай дзейнасьці, якія перамяшчаюць фізычныя асобы праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь” вызначаныя спосабы дэкляраваньня такіх тавараў. Імі ёсьць пісьмовая, вусная ці спрошчаная формы. Пры гэтым у дэклярацыі неабходна пазначыць мэты перамяшчэньня тавараў і іншыя зьвесткі, неабходныя для мытных мэтаў, а таксама выкарыстаньне ў якасьці дазваляльнага дакумэнту мытных ворганаў, якім адлюстраваны вынікі мытнага афармленьня. Праз запаўненьні дэклярацыі заяўнік згодна з ўстаноўленым парадкам (пры пісьмовым дэкляраваньні) ці праз паведамленьне службовай асобе мытні неабходных вестак пра рэчы ў вуснай форме (пры вусным дэкляраваньні), альбо празь дэкляраваньне ў іншай форме ажыцьцяўляе заяўленьне мытнага рэжыму (п. 7 Загаду Дзяржаўнага мытнага камітэту Рэспублікі Беларусь ад 26.08.1997 № 264-ОД). Мытнаму кантролю падлягаюць усе тавары й транспартныя сродкі, якія перамяшчаюцца праз мытную мяжу фізычнымі асобамі дзеля праверкі дакладнасьці зьвесткаў, якія пазначаюцца пры дэкляраваньні.

Сьпіс выкарыстаных крыніцаў:

1.      Габричидзе Б.Н., Российское таможенное право, М., 1998г.

2.      Игнатюк А.З., Таможенное право Республики Беларусь, Мн., 2002г.

3.     Сиротский А.Н., Комментарий к Таможенному кодексу Республики Беларусь, Мн., 2002г.

4.      http://www.customs.gov.by/index.php?ch=129

5.      http://tourism.bdg.by/data/static/news.phtml?21211

6.      http://belta.by/7days.nsf

____________________________

Алена Акуліч – юрыст, у 2006 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэта, спэцыяльнасьць “эканамічнае права”. Галіна праўных зацікаўленасьцяў: цывільнае, гаспадарчае, мытнае права, эўрапейскае права.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!