Warning: getimagesize(/home5/majstarc/public_html/praunik.org/img/maliunki/1d0194e80bb694442960984a72972110.jpg) [function.getimagesize]: failed to open stream: No such file or directory in /home5/majstarc/public_html/praunik.org/artykul.php on line 55
Праўнік | Артыкулы | Таварыствы й таварышы ў нямецкім праве

Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930
   новае на форуме
30 Чэр 07.02  Предлалгаем вашему вниманию очень интересный проект.

06 Трв 07.44  Техника скоростного управления автомобилем

15 Сак 17.26  Шукаю беларускамоўнага натарыюса

15 Сак 15.48  моўныя ляпы

08 Снж 11.58  Працоўны кантракт: за ці супраць?

   юрыдычная кансультацыя
07 Лют 20.02  Праязны дакумэнт як аб'ект аўтарскага права

04 Кас 17.10  атрыманне пенсіі

28 Ліс 12.21  Кансэрваваньне забудовы

02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

бел eng
Галоўная Blog Архіў навінаў Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Таварыствы й таварышы ў нямецкім праве | Марына Каліноўская | 24.6.2006

Аб’ектыўная ацэнка эфектыўнасці ўласнай праўнай сістэмы і яе ўдасканаленне немагчымы без разумення і ведання замежных сістэмаў заканадаўства. З гэтай нагоды я прапаную Вам бліжэй пазнаёміцца з правам таварыстваў Нямеччыны як галіны права, каторая не толькі адлюстроўвае, але ў і значнай ступені вызначае кірунак і ўзровень развіцця эканамічнай сістэмы, можа спрыяць значнаму павышэнню эфектыўнасці прадпрымальніцкай дзейнасці. Ніжэй будзе разгледжаны панятак таварыства ў нямецкім праве і сістэма ягоных формаў на падставе розных крытэрыяў класіфікацыі.

Права таварыстваў — самастойная некадыфікаваная галіна прыватнага права Нямеччыны, каторая мае цесную сувязь з цывільным і гандлёвым правам, а таксама з працоўным, падатковым, банкаўскім правам і інш. Права таварыства змяшчае нормы аб магчымых формах таварыстваў у Нямеччыне, аб парадку іх утварэння і ліквідацыі, а таксама рэгулюе дачыненні ўдзельнікаў таварыстваў між сабой і ў зносінах з трэцімі асобамі[1].

Асноўныя адметнасці таварыства праяўлены ў ягоным вызначэнні: Таварыства — гэта заснаванае на прыватна-праўнай угодзе аб’яднанне асобаў для дасягнення агульнай мэты. Так, абавязковымі перадумовамі ўтварэння таварыства выступаюць заключэнне адпаведнай дамовы і імкненне заснавальнікаў да агульнай мэты. Прычым нямецкія праўнікі адзначаюць, што не кожная мэта можа быць падставай утварэння таварыства, і прыводзяць як прыклад такой “недастатковай” мэты жаданне некалькіх асобаў мець агульную маёмасць і на падставе гэтага несці агульныя правы і абавязкі[2]. Акрамя таго варта адзначыць суадносіны прынцыпу свабоды дамовы і імператыўных нормаў у адносінах да дамовы аб заснаванні таварыства. Так, імператыўныя нормы ў большай ступені датычаць рэгулявання зносін таварыстваў і таварышаў з трэцімі асобамі, чым унутраных зносін паміж таварышамі; у большай колькасці распаўсюджваюцца на таварыствы, заснаваныя на аб’яднанні асобаў (у вузкім сэнсе — адкрытае гандлёвае таварыства, камандытнае таварыства).

Сярод крыніцаў права таварыстваў у першую чаргу трэба адзначыць наступныя:

  • Цывільны кодэкс 1896 г., каторы змяшчае нормы аб таварыствах-фэрайнах (Verein) і таварыствах (Gesellschaft, BGB-G);
  • Гандлёвы кодэкс 1897 г., які вызначае правілы ўтварэння і дзейнасці адкрытага гандлёвага таварыства (die Offene Handelsgesellschaft, OHG), камандытнага таварыства (die Kommanditgesellschaft, KG), таемнага таварыства (die stille Gesellschaft, StG), параходнай кампаніі (die Reederei);
  • Закон аб таварыствах з абмежаванай адказнасцю ад 1892 г. рэгулюе дзейнасць таварыстваў з абмежаванай адказнасцю (die Gesellschaft mit beschränkter Haftung, GmbH);
  • Закон аб акцыянерных таварыствах ад 1965 г. рэгулюе дзейнасць акцыянернага таварыства (die Aktiengesellschaft, AG) і камандытнага таварыства з акцыямі (die Kommanditgesellschaft auf Aktien, KGaA);
  • Закон аб кааператывах 1889 у рэдакцыі ад 1994 г.;
  • Закон аб страхаванні 1992 г., каторы змяшчае нормы аб таварыстве ўзаемнага страхавання;
  • Дырэктыва Еўрапейскай Рады 2137/85 ад 1985 г. аб стварэнні еўрапейскага таварыства агульных эканамічных інтарэсаў (die Europäische wirtschaftliche Interessenvereinigung, EWIV).

Для сістэматызацыі даволі вялікай колькасці формаў таварыстваў у нямецкім праве выкарыстоўваюцца розныя крытэры класіфікацый. Ніжэй будуць разгледжаны класіфікацыі на падставе трох базавых прыкметаў таварыства як праўнай з’явы: таварыства як аб’яднанне асобаў, агульная мэта ўтварэння таварыстваў і формы афармлення прыватна-праўнай угоды ў аснове іх заснавання.

Класіфікацыя паводле характару аб’яднання асобаў

Усе таварыствы заснаваныя на аб’яднанні асобаў, але праўнае афармленне іх утварэння, структуры і дзейнасці адрозніваецца адпаведна таму, як адрозніваюцца мэты і прыярытэты іх заснавальнікаў. Найбольш значнай для характарыстыкі таварыстваў падаецца іх падзяленне паводле характару аб’яднання на таварыствы, заснаваныя на аб’яднанні асобаў (таварыствы ў вузкім сэнсе) (Personengesellschaften), і таварыствы-фэрайны (таварыствы ў шырокім сэнсе) (Vereinen)[3].

Да таварыстваў, заснаваных на аб’яднанні асобаў, належаць таварыствы па Цывільным кодэксе як іх базавая форма, а таксама адкрытае гандлёвае таварыства, камандытнае таварыства, таемнае таварыства і еўрапейскае таварыства агульных эканамічных інтарэсаў.

Усе іншыя формы таварыстваў трэба адносіць да таварыстваў-фэрайнаў. Найбольш распаўсюджаныя з іх гандлёвыя таварыствы: акцыянернае таварыства, камандытнае таварыства з акцыямі, таварыства з абмежаванай адказнасцю. Базавай формай ёсць таварыства-фэрайн паводле Цывільнага кодэксу, прычым варта адзначыць, што сярод іх заканадаўца вылучае праваздольныя і неправаздольныя таварыствы-фэрайны і толькі праваздольныя прызнаюцца юрыдычнымі асобамі. Судовая практыка і дактрына, з іншага боку, не падтрымліваюць такога падзялення і распаўсюджваюць на ўсе таварыствы-фэрайны нормы для праваздольных таварыстваў[4].

Прынцыповае адрозненне таварыстваў, заснаваных на аб’яднанні асобаў, і таварыстваў-фэрайнаў вызначаецца праз аналіз адпаведных нормаў заканадаўства, з якіх вынікае, што таварыства, заснаванае на аб’яднанні асобаў, у значна большай ступені залежыць ад асобаў (індывідуальнасці) яго ўдзельнікаў, што праяўляецца як у дачыненнях удзельнікаў таварыства між сабой, так і ў іх стасунках з трэцімі асобамі, тым часам як таварыства-фэрайн выступае ў праўных зносінах як самастойная адзінка, адносна незалежная ад заснавальнікаў.

Цесная сувязь таварыства, заснаванага на аб’яднанні асобаў, з яго ўдзельнікамі (таварышамі) выяўляецца, па-першае, у тым, што такому таварыству нямецкі заканадаўца не надае статусу юрыдычнай асобы, а носьбітамі ягоных правоў і абавязкаў ёсць самі таварышы, якія ажыццяўляюць дзейнасць таварыства і прадстаўніцтва яго ў вонкавых зносінах. Такім чынам, супрацоўніцтва і асабісты ўдзел таварышаў у справах таварыства паўстае абавязковым, таварышы маюць узаемныя правы і абавязкі, а змены ў складзе ўдзельнікаў звязаны са значнымі цяжкасцямі.

Таварыства-фэрайн, з іншага боку, уяўляе сабой самастойны суб’ект, створаны праз аб’яднанне асобаў у шырокім сэнсе, які прызнаецца юрыдычнай асобай, а значыць, мае пэўныя правы і абавязкі і ў праўных зносінах выступае ад свайго імя. Праваздольнасць таварыства-фэрайн рэалізуе праз ягоныя органы, каторыя ажыццяўляюць вядзенне справаў, кіраванне і прадстаўніцтва ў значнай ступені незалежна ад асобаў заснавальнікаў таварыства.

Беларускаму праўніку, звыкламу з усведамленнем усіх формаў таварыстваў як юрыдычных асобаў, можа падацца цікавым падыход нямецкага заканадаўцы, каторы надае статус юрыдычнай асобы таварыствам фэрайнам, але не таварыствам, заснаваным на аб’яднанні асобаў (у вузкім сэнсе). Гэта, аднак, не азначае, што ў апошнім выпадку мае месца выключна персанальная праваздольнасць таварышаў — удзельнікам адкрытага гандлёвага таварыства, камандытнага таварыства і таварыства па Цывільным кодэксе належыць сумесная маёмасць, што ёсць праявай прынцыпу сумеснасці і чыннікам пэўнага адасаблення гэтых таварыстваў[5].

З вышэйазначанай класіфікацыяй таварыстваў на таварыствы, заснаваныя на аб’яднанні асобаў, і таварыствы-фэрайны не трэба атаясамліваць падзяленне на таварыствы, заснаваныя на аб’яднанні асобаў (Personengesellschaften), і таварыствы, заснаваныя на аб’яднанні капіталу (Kapitallgesellscaften), у аснове каторага ляжыць спосаб дасягнення мэты таварыства: ці праз асабісты ўнёсак таварышаў, іх удзел у працы таварыства, ці праз больш безасабовы абмежаваны ўнёсак капіталу[6].

Хаця прыкметы адпаведных групаў таварыстваў у дзвюх класіфікацыях значна супадаюць, высновы з такога падзялення на таварыствы, заснаваныя на аб’яднанні асобаў, і таварыствы, заснаваныя на аб’яднанні капіталу, варта рабіць з асцярогай, бо прыкладам таварыства, заснаванага на аб’яднанні асобаў, у гэтым сэнсе ёсць толькі адкрытае гандлёвае таварыства, а прыкладам таварыства, заснаванага на аб’яднанні капіталу, у чыстым выглядзе ёсць толькі акцыянернае таварыства. Аднак трэба сказаць, што заканадаўча да апошняй групы таксама аднесена таварыства з абмежаванай адказнасцю і камандытнае таварыства з акцыямі.

Класіфікацыя паводле мэты заснавання

Большасць таварыстваў, у тым ліку акцыянернае таварыства, таварыства з абмежаванай адказнасцю, камандытнае таварыства, могуць быць заснаваны для дасягнення любой законнай мэты. Тым часам як асобныя формы таварыстваў прадугледжаны для ажыццяўлення пэўнай дзейнасці: адкрытае гандлёвае таварыства — для гандлёвай дзейнасці, еўрапейскае таварыства агульных эканамічных інтарэсаў — для падтрымкі гаспадарчай дзейнасці ягоных чальцоў. Варта адзначыць, што ажыццяўленне некаторых відаў дзейнасці дазваляецца толькі праз утварэнне прадугледжаных законам формаў таварыстваў. Так, напрыклад, інвестыцыйны фонд можа існаваць толькі ў форме акцыянернага таварыства альбо таварыства з абмежаванай адказнасцю.

Важнае значэнне мае таксама адрозненне камерцыйных таварыстваў ад некамерцыйных у залежнасці ад таго, ставяць яны перад сабой гаспадарчыя ці негаспадарчыя (ідэальныя) мэты. Такое адрозненне вызначае, напрыклад, парадак атрымання праваздольнасці таварыствам-фэрайнам па Цывільным кодэксе.

Класіфікацыя паводле формы заснавання

Па сутнасці, спосаб заснавання ўсіх таварыстваў у нямецкім праве адзін — заключэнне прыватна-праўнай угоды, якая можа быць аформлена праз укладанне дамовы аб заснаванні альбо праз зацвярджэнне статуту. Падзяленне таварыстваў на падставе формы дакумента аб заснаванні даволі павярхоўнае, бо і статут, і дамова — гэта арганізацыйныя дакументы, у каторых заснавальнікі выяўляюць сваё жаданне і згоду сумесна дзейнічаць для дасягнення агульнай мэты ў пэўнай арганізацыйна-праўнай форме.

Такім чынам, для сістэматызацыі таварыстваў нямецкага права першаснае значэнне мае падзяленне іх на таварыствы, заснаваныя на аб’яднанні асобаў (таварыствы ў вузкім сэнсе), і таварыствы-фэрайны (таварыствы ў шырокім сэнсе): на падставе аднясення таварыства да адной з гэтых групаў можна рабіць высновы аб правах і абавязках таварышаў і таварыства. Беларускай дактрыне такое падзяленне таварыстваў неўласцівае, таксама як і незнаёмыя формы таварыстваў, каторыя не прызнаюцца юрыдычнымі асобамі. Гэтыя адрозненні, аднак, не сведчаць аб большай ці меншай эфектыўнасці адной з праўных сістэмаў. Высновы аб эфектыўнасці падаецца магчымым рабіць толькі на ўзроўні аналізу і параўнання нормаў аб канкрэтных формах таварыстваў, што ўжо ёсць тэмай асобнага артыкула.

Крыніцы:       

1. Основы немецкого торгового и хозяйственного права. Gründzuge des deutschen Handels- und Wirtschaftsrechts. Москва: издательство БЕК, 1995.

2. Eisenhardt Ulrich. Gesellschaftsrecht. — 8. Auflage. — München: Beck, 1999.

3. Gehling Alfons. Gratzfeld Klaus. Wirtschaftsrecht: Zivil- und Handelsrecht, Sozial- und Berufsrecht. — 3., überarb. und erw. Auflage. — München: Beck, 2002.

4. Kluzinger Eugen. Grundzüge des Gesellschaftsrechts. — 11., überarb. Auflage. — München: Vahlen, 1999

5. Kraft Alfons. Kreuz Peter. Gesellschaftsrecht. — 10., überarb. und erw. Auflage. — Neuwied: Luchterhand, 1997.



[1] Eisenhardt Ulrich. Gesellschaftsrecht. — 8. Auflage. München: Beck, 1999. S. 2.

[2] Gehling Alfons, Gratzfeld Klaus. Wirtschaftsrecht: Zivil- und Handelsrecht, Sozial- und Berufsrecht. — 3., überarb. Und erw. Auflage. München: Beck, 2002. S. 147.

[3] Kraft Alfons, Kreuz Peter. Gesellschaftsrecht. — 10., überarb. und erw. Auflage. Neuwied: Luchterhand, 1997. S. 3.

[4] Ibid. S. 4.

[5] Ibid. S. 5.

[6] Ibid.

______________________________

Марына Каліноўская навучаецца на IV курсе аддзялення “Эканамічнае права” юрыдычнага факультэту БДУ. Галіна юрыдычных інтарэсаў — цывільнае і гаспадарчае права, у асаблівасці, права юрыдычных асобаў і пытанні змянення і скасавання дамовы, а таксама еўрапейскае права.



   
© 2004-2009, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!