Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Зямельнае пытаньне і праблема рэпатрыяцыі ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым | Раман Мамчыц | 22.6.2006

Хваля самазахопаў зямлі, якая абрынулася на Крым пасьля парлямэнцкіх выбараў, якія прывялі да безуладзьдзя, безумоўна, зьявілася рэзанансаваю для ўкраінскіх праўнікаў. Такога масавага характару, як зараз, самазахопы пакуль не набывалі, тым болей, што да крымскататарскага насельніцтва далучыліся прадстаўнікі славянскіх нацыянальнасьцяў. Тым ня меней, гэтага варта было чакаць, па-першае, з-за шматлікіх юрыдычных “дзірак”, якія дазваляюць, абыходзячы заканадаўства, ажыцьцяўляць рознага кшталту махінацыі зь зямлёю, па-другое, з-за адсутнасьці з боку афіцыйных Кіева і Сімфэропалю выразнай нацыянальнай палітыкі ў такім шматэтнічным рэгіёне, як Крым. Артыкул будзе цікавым ня толькі для беларускіх адмыслоўцаў з замежнага права, але і для ўсіх, хто цікавіцца этнічнымі працэсамі ва Ўкраіне і СНД.

Крымскія татары ў сучаснай этнічнай карціне Крыма.

У 1942 і 1944 гадах карэнныя народнасьці Крыму, такія як крымскія татары, грэкі, баўгары, армяне, італійцы, немцы былі ў поўным складзе дэпартаваныя на падставе этнічнай прыналежнасьці, пераважна ў Сярэднюю Азію, Марыйскую і Мардоўскую АССР, Сібір. Падставаю зьявілася безгрунтоўнае абвінавачаньне ў калябарацыянізьме зь нямецкімі захопнікамі. Дэпартацыі карэнных этнасаў адбываліся ў аўральным парадку, з ужыткам гвалту, часьцей за ўсё дэпартантам нават не давалі магчымасьці ўзяць з сабою асабістых рэчаў. Паводле розных дадзеных, пад час транспартаваньня ў “сталыпінскіх вагонах” загінула да 40 % крымскіх татараў і да 50% немцаў, якія падвяргаліся асабліва жорсткаму абыходжаньню. Існуюць дакумэнтальныя зьвесткі аб тым, што першапачаткова выканаўцы “правасудзьдзя” забыліся на некалькі крымскататарскіх сёлаў на Арабацкай касе, аднак потым, у якасьці “работы над памылкамі” іх насельніцтва проста загналі ў баржу, якую, каб пазьбегнуць транспартных затрат і схаваць перад кіраўніцтвам сваю “хібу”, патапілі ў Чорным моры.

На крымскіх татараў зноў “забыліся” ўжо ў гады выкрыцьця культу асобы, калі ўсім дэпартаваным этнасам, акрамя крымска-татарскага, дазволілі вяртаньне ў Крым. Падчас гарбачоўскай перабудовы, дзякуючы намаганьням Мэджлісу крымскататарскага народу на чале з Мустафом Джамілевым, а таксама савецкіх дысыдэнтаў Андрэя Сахарава, Пятра Грыгарэнкі, Ільлі Габая, Вячаслава Чарнавола, урад Рыжкова дазволіў крымскім татарам з-за складанай міжнацыянальнай сытуацыі ва Ўзбэкістане перасяліцца ў Краснадарскі край. Адтуль і пачалася стыхійная першая хваля рэпатрыяцыі ў Крым, якую саслабелыя савецкія ўлады ўжо не маглі спыніць.

Паколькі фігурантамі самазахопаў і акцый пратэсту ёсьць менавіта крымскія татары, размова ў артыкуле пойдзе выключна пра становішча гэтай дыяспары. Грэкі, немцы, італійцы і іншыя аказаліся ня здольнымі адэкватна змагацца за свае правы з-за сваёй малалікасьці, хаця дзяржава рабіла шэраг захадаў што да паляпшэньня іх жыльлёвых умоваў у Крыме. Прадстаўніца Мэджлісу Краснагвардзейскага раёну аўтаноміі пракамэнтавала гэта наступным чынам: “Гэта таксама карэнныя народы, аднак нашыя ўлады чуюць ня тых, каму сапраўды цяжэй за ўсіх, а тых, хто гучней раве. Аднак, калі б мы не раўлі, мы б таксама нічога не дабіліся”.

На гэты момант у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым стала пражывае каля 270 тыс. крымскіх татараў – грамадзянаў Украіны. Гэта складае каля 13 % насельніцтва паўвыспы. Колькасьць тых, хто пакуль не атрымаў прапіскі і грамадзянства, але ўжо перасяліўся ў Крым з Узбэкістану, невядомая. Ва ўсіх рэгіёнах аўтаноміі існуюць крымскататарскія дыяспары, аднак крымскія татары ў аніводным з раёнаў ня ёсьць дамінуючым этнасам. Ёсьць толькі адзін раён – Белагорскі – дзе крымскія татары складаюць найбуйнейшую этнічную групу – там іх 34 % ў параўнаньні з 30% расейцаў, і прыкладна гэткім жа адсоткам украінцаў (астатнія – грэкі, крымчакі, караімы і г.д.). Больш за 20% крымскіх татараў у жывуць Сімфэропалі, Эўпаторыі, Сімфэропальскім, Бахчысарайскім, Сацкім, Ленінскім, Краснагвардзейскім, Першамайскім, Ніжнегорскім раёнах. Найніжэйшая колькасьць – менш за 3% - у Севастопалі і на Паўднёвым беразе Крыму.

Дзеля таго, каб атрымаць паўнюткую карціну, трэба заўважыць, што крымскія татары – неаднастайны па паходжаньні народ. Гэта хутчэй супэрэтнас, аб’яднаны шэрагам тэрытарыяльных, рэлігійных, у меншай ступені моўных чыньнікаў, які стаў такім у тым унікальным этнічным плавільным катле, якім быў Крым у сярэднявеччы. Ішнымі словамі, крымскія татары – агульная назва цюркамоўных мусульманаў-сунітаў ханіфіцкага мазхабу, якія лічаць сваёю радзімаю Крым.

Асноўныя этнічныя групы крымскіх татараў – таты, нагаі і ялыбоі, хоць некаторыя этнолягі вылучаюць сярод апошніх яшчэ ускуцкіх (ускютлю) і судацкіх татараў. Таты (татлар) – найбуйнейшая сярод этнічных групаў крымскіх татараў. Гэта насельніцтва гістарычнай вобласьці «Орта ёлак» (у перакладзе – сярэдняя паласа), зоны паміж першай і другой градамі Крымскага хрыбту з перадгор’ямі, да якіх прымыкаюць, у тым ліку Бахчысарай, Сакалінае (Кок-Коз), Інкерман, Байдарскую даліна, Белагорск (К’арасувбазар). Відавочна, гэта нашчадкі куманаў (полаўцаў) зь вялікім германскім (гоцкім) дамешкам. Размоўны дыялект (орта ёлак шывесі) належыць да кыпчацкай галіны цюрскіх моваў, мае асобныя агускія, іранскія, раманскія і грэцкія запазычаньні, менавіта на ягонай аснове сфармавалася сучасная літаратурная крымска-татарская мова. Горнае насельніцтва – кок-коз (блакітнавокія) – сьветлыя эўрапэоіды, сярэднеэўрапейскі тып (шыракатварыя шатэны, масіўнага целаскладу, часта сустракаюцца рудыя валасы), зьнешне цалкам адпавядаюць апісаньню полаўцаў у старажытных летапісах, аднак сустракаюцца і людзі, якія абсалютна не адрозьніваюцца ад паўночных народнасьцяў. Жыхары перадгор’яў – тургайлар (ластаўкі), цёмныя эўрапэоіды міжземнаморскага, або пантыйскага, дынарскага і нават блізкага на насельніцтва Паўночнага Каўказу тыпаў.

Паўднёвабярэжныя татары (ялыбоі, ялыбойцы), саманазва – “ялы-бойлу”, ў перакладзе – прыбярэжныя – гэта насельніцтва Паўднёвага берагу Крыму ад Кадыкою (Кадыкаўка, частка Балаклавы, сучаснага раёну Севастопалю) да Феадосіі. Паходжаньне мяшанае, цюркі, тым болей, кыпчакі, мелі ў іх этнагенэзе далёка не асноўнае значэньне. Размоўны дыялект паўднёвабярэжных татараў (ялыбой шывесі) належыць да агускай галіны цюрскіх моваў і роднасны некаторым гаворкам Заходняй Турэччыны, аднак мае “таварную колькасьць” запазычаньняў з італійскай і грэцкай моваў. Асноўная частка ялыбояў належыць да міжземнаморскай расы і зьнешне не адрозьніваецца ад італійцаў або гішпанцаў, акрамя выхадцаў зь Нікіты (зараз прадмесьце Ялты), Капсіхора (с. Марское пад Алуштаю), Фаросу, якія належаць да атлянта-балтыйскай расы, гэта, верагодна, таксама нашчадкі готаў.

Некаторыя дасьледнікі вылучаюць сярод ялыбояў таксама судацкіх і ускуцкіх татараў. Татары Судаку і навакольля размаўляюць анаталійскім дыялектам турэцкай мовы з моцнымі італійскімі лексычнымі украпваньнямі. Акрамя “міжземнаморцаў” сустракаюцца людзі досыць экзатычнага аблічча: рудыя альбо сьветла-каштанавыя валасы, “грэцкі профіль”, выяўленая даліхацэфалія, густыя бровы, сьветлыя мігдалападобныя вочы, вельмі сьветлая скура. Паходжаньне няяснае. Ускуцкія татары (ускютлю) таксама вельмі адрозьніваюцца сваім дыялектам: мяккае вымаўленьне гука “у”, замест “къ” – “х” і г.д.

Матэрыяльная культура ялыбояў адрозьніваецца ад матэрыяльнай культуры іншых крымскіх татараў і цюрцкіх народаў наагул. Для ялыбояў характэрныя дамы з пляскатымі дахамі і крыжападобным плянаваньнем пакояў, пашырэньне вінаградарства, як асноўнае галіны сельскай гаспадаркі. Трэбы улічваць, што да дэпартацыі большасьць насельніцтва на Паўднёвым беразе Крыму складалі менавіта крымскія татары, а колькасьць ялыбояў тады сярод крымскіх татараў увогуле набліжалася да 40%. ПБК, дарэчы, ніколі не уваходзіў у склад Крымскага ханства. Да падзеньня ў 1492 г. Мангупу і заваяваньня паўднёвай часткі Крыму Асманскай імпэрыяй ПБК быў уладаньнем італійскай Гэнуі, а затым – банку Сьв. Юр’я. Таму можна зрабіць выснову, што ялыбоі – гэта атурэчанае і канвэртаванае ў іслам мясцовае італійска-грэцкае насельніцтва.

Нагаі (сьцепнякі), саманазва – ногъайлар – гэта выхадцы са сьцяпной часткі Крыму, Таманскай паўвыспы, прычарнаморскіх стэпаў Паўднёвай Украіны. Размаўляюць нагайскім дыялектам (ногъай шывесі), які займае прамежкавае месца паміж літаратурнаю крымска-татарскаю моваю і мовамі кыпчацкіх народаў Дагестану: нагайцаў, кумыкаў, карачаеўцаў, некаторае падабенства назіраецца з казахскаю моваю. Фанэтыка мае некаторыя спэцыфічныя рысы, напрыклад, рэдукцыю гуку “б” у “м”: літ кр.-тат. бурун, нагайск. мурун (нос, мыс). Цёмныя эўрапэоіды з значным мангалоідным дамешкам рэзка вылучаюцца абліччам сярод астатняга насельніцтва Крыму. У рэлігійнай культуры захаваліся яўныя рысы тэнгрыянства.

Трэба заўважыць, што этнонім “к’ырымтатарлар” у якасьці саманазвы зьявіўся ўжо пасьля далучэньня Крыму да Расейскай Імпэрыі. У той час расейцы называлі татарамі значную частку цюрцкіх народаў: напрыклад, азэрбайджанцы называліся “каўкаскімі татарамі”. Ў часы Крымскага ханства ялыбоі і таты звалі сябе «к’ырымлы» - крымскія. Нагаі фігуравалі пад сваёю саманазваю і лічыліся асобнаю нацыянальнасьцю. Гэткае стаўленьне да нагаяў працягвалася і ў царскія гады. Запісаныя яны ў пашпартах крымскімі татарамі былі толькі пасьля рэвалюцыі. Высылка ў Сярэднюю Азію паслужыла моцным кансалідуючым фактарам для ўсяго насельніцтва Крыму, якое ідэнтыфікуе сябе як крымскія татары, таму пытаньне аб расавых і культурных адрозьненьнях паміж этнічнымі групамі было на доўгі час забытым.

Зямельная праблема: гісторыя і сучасны стан.

Як вядома, на месца дэпартаваных крымскіх татараў былі прымусова заселеныя жыхары Чарназёмнага рэгіёну Расеі, украінскіх Падольля і Палесься. Першая хваля перасяленцаў была пазбаўленая магчымасьці ўзяць з сабою ў Крым нават сама неабходныя рэчы. Другой хвалі (галоўным чынам, валынянам, а таксама палешукам з Чарнігаўшчыны і Сумшчыны) было дазволена ўзяць з сабою быдла і прадметы ўжытку, нават абразы, нацыянальную вопратку і іншыя матэрыяльныя атрыбуты нацыянальнай і рэгіянальнай ідэнтычнасьці. Нашчадкі перасяленцаў лічаць сябе карэнным насельніцтвам і атаясамліваюць сябе выключна з Крымам. Яны не засталі дэпартацыі крымскіх татараў і ставяцца да іх як да мігрантаў. Гэта адная з прычынаў зямельнага канфлікту – нежаданьне славянскага насельніцтва “дзяліцца” зямлёю з крымскімі татарамі, нягледзячы на тое, што значная частка перасяленцаў займае менавіта былое татарскае жытло.

Масавая рэпатрыяцыя крымскіх татараў на гістарычную радзіму пачалася толькі ў 1987 годзе. Ў Крыме іхныя інтарэсы прадставіў Мэджліс (К’ырымтатар Міллі Мэджлісі). Значэньне Мэджлісу ў крымска-татарскім нацыянальным руху вельмі спрэчнае: ягоныя дзеячы, фактычна, стварылі палітычную манаполію, не дапускаючы ніякіх “ухілаў”. Да таго ж, існуе шэраг дзеячоў Мэджлісу, якія зарабляюць сабе на жыцьцё шляхам махінацыяў зь зямлёю, якая ў выніку не дастаецца простым крымскім татарам.

Самавольныя заняцьці зямлі з пабудоваю на ёй дамоў крымскімі татарамі мелі першапачаткова неарганізаваны характар. Першы самазахоп адбыўся ў 1989 годзе ў сяле Красны Рай пад Алуштаю. Многія крымскія татары вымушаныя былі прадаваць сваё жытло ва Ўзбэкістане за бесцань, зьведваючы дыскрымінацыю з прычыны нацыяналістычных настрояў уладаў гэтай саюзнай рэспублікі. Тых грошаў далёка не заўсёды хапала на тое, каб набыць жытло ў Крыме. Таму людзі, якім было ўжо няма куды дзецца з Крыму, вымушаныя былі будаваць намётавыя мястэчкі, ставіць бытоўкі і т.д.

Прыкладна з 1994 – 1995 гадоў ўлады Крыму былі вымушаныя зьмірыцца зь існаваньнем самавольнай забудовы і ўнесьці шэраг забудаваных земляў у гарадзкія жыльлёвыя фонды. У прыватнасьці, так узьніклі селішчы на ўскраінах Сімфэропалю – Фантаны, Ак-Мячэт, Сонечная Даліна, Хош-Кельды і т.д. Далей Мэджліс узяў ініцыятыву ў свае рукі і самазахопы атрымалі арганізаваны характар. Пры гэтым узьнікла выразная лякалізацыя самазахопаў: падобныя акцыі сталі ладзіцца, ў асноўным, на землях рэкрэацыйнага прызначэньня на ПБК. Матывавалася гэта тым, што раней на гэтых землях жылі прадстаўнікі паўднёвабярэжнай галіны крымскататарскай нацыянальнасьці – ялы-бойлу. Сапраўды, да дэпартацыі каля 70% крымскататарскага насельніцтва пражывала ў Паўднёвым Крыме. Аднак ад дзеяньняў Мэджлісу карціна распаўсюджаньня крымскіх татараў не зьмянілася: большая частка жыве ў стэпавай частцы Крыму.

Наконт вылучэньня дзялянак Мэджлісам для шараговых крымскіх татараў існуе сумны анэкдот. “Знайшлі вучоныя ў Крыме новы пік, якога дагэтуль ня ведалі, вышэйшы за Раман-Кош і Ай-Пэтры. Туды накіравалі альпіністаў. Тыя дабраліся да вяршыні, толькі памкнуліся сьцяг узьняць, глядзяць – а на самай вяршыні, на невялічкім плато проста побач зь імі мужык у цюбецейцы арэ зямлю, побач трухлявая халупа і пасьвяцца авечкі. “Ты хто?”- пытаюцца зьдзіўленыя альпіністы. “Я – Энвер” – адказвае мужык. “Энвер, а як ты сюды трапіў?” – “Як, як, дзе Мэджліс зямлю вылучыў, туды і трапіў”.

Юрыдычныя праблемы.

Любое незаконнае заняцьце зямлі і будоўля на ёй жытла паводле законаў Украіны ёсьць як мінімум самаўпраўствам. Аднак першыя самазахопы ўсё ж можна апраўдаць: гэта быў вымушаны крок з боку аднаго з карэнных народаў, які вярнуўся ў Крым, і якому было няма дзе жыць. Тым ня меней, у цяперашні час рэспубліканскія ўлады ажыцьцяўляюць актыўную працу ў надзяленьні рэпатрыянтаў зямлёю, таму пра “змушанасьць” самазахопаў ня можа быць і гаворкі.

Да 2001 году гэткія дзеяньні кваліфікаваліся КК Украіны як самавольнае заняцьце зямельнай дзялянкі, аднак затым крымінальная адказнасьць за гэта была скасаваная.  Крымінальная адказнасьць ў пэрыяд з 2001 да 2004 году кваліфікавалася паводле арт. 356 “Самаўпраўства”, які прадугледжваў штраф альбо пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 месяцаў, альбо заводзілася адміністратыўная адказнасьць, якая прадугледжвала пакараньне ў выглядзе штрафу для грамадзянаў ад 1 да 10 неабкладальных мінімумаў. У выпадку з крымскімі татарамі звычайна справа абмяжоўвалася штрафамі. Да таго ж, у шэрагу выпадкаў з самазахопамі на ПБК заводзіліся крымінальныя справы паводле ўжо згаданага арт. 252-1. У 2004 годзе ВР АРК ініцыявала папраўку ў КК і КПК Украіны, якая прадугледжвала пакараньне ў выглядзе папраўчых работ на тэрмін ад 6 месяцаў да году, альбо штрафу ад 100 да 250 неабкладальных мінімумаў прыбыткаў грамадзянаў. Самазахоп, які быў ажыцьцёўлены на падставе папярэдняй змовы, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў. Аднак паводле гэтага артыкулу крымінальныя справы пакуль не заводзіліся, паколькі апраўданьнем для падазраваных служыць тое, што гэта было не самавольнае заняцьце зямельнай дзялянкі, а наладжваньне намётавага мястэчка, “паляны пратэсту”. У прыватнасьці, не ўяўляецца магчымым узбуджэньне крымінальных справаў супраць асобаў, якія захапілі ў Сімеізе вілу “Ксенія”, нягледзячы на тое, што над ёю быў ўзьняты сьцяг з сымболікаю Мэджлісу.

Фармальна, вылучэньне зямельных дзялянак рэпатрыянтам ёсьць прэрагатываю Камітэту па нацыянальнасьцях і пытаньнях уладкаваньня дэпартаваных грамадзянаў. Але шэрагам указаў уладаў аўтаноміі ягоны статус быў зьменшаны,  і зараз ён ёсьць ніжэйшы за статус міністэрства. Афіцыйныя праграмы будаўніцтва жытла для рэпатрыянтаў падтрымліваюцца толькі нешматлікімі забудоўнікамі, для якіх няма выгады будаваць бюджэтнае жытло.

__________________________

Раман Мамчыц – беларускі фінансавы аналітык, рэгіянальны карэспандэнт па Аўтаномнай Рэспубліцы Крым ў кіеўскай газэце Property Times (спэцыялізаванае выданьне па рынку нерухомасьці), кансультант ТАА "Ірлана-Крым".



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!