Хуткае разьвіцьцё лічбавых тэхналёгіяў паказала, што аўтарскае права не пасьпявае за разьвіцьцём гэтых тэхналёгіяў. Акрамя таго, адсутнічае належная праўная рэглямэнтацыя аўтарскіх правоў у сеціве Інтэрнэт. Таму аўтары сутыкнуліся з праблемай парушэньня сваіх правоў.
У дадзеным артыкуле будуць разгледжаны правы аўтараў і іх зьмяненьне ў выніку разьвіцьця сеціва Інтэрнэт.
Правы аўтараў
Аўтару ў выніку інтэлектуальнай творчай дзейнасьці ў дачыненьні да гэтага выніку належаць дзьве групы правоў рознай прыроды і прызначэньня: асабістыя маёмасныя, якія адлюстроўваюць інтарэсы стваральніка як асобы, і маёмасныя, якія маюць эканамічную каштоўнасьць і вызначаюцца як выключнае права выкарыстоўваць нярэчыўны аб’ект любым спосабам.
Асабістыя немаёмасныя правы належаць аўтару незалежна ад яго маёмасных правоў і захоўваюцца за ім у выпадку пераходу яго маёмасных правоў на вынік інтэлектуальнай дзейнасьці да іншай асобы (ч. 3 п. 1 арт. 982 Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь).
У адпаведнасьці з арт. 15 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”[3] (далей Закон), да асабістых немаёмасных правоў належаць:
1. права прызнавацца аўтарам твору (права аўтарства). Права аўтарства — юрыдычна забясьпечаная магчымасьць стваральніка нярэчыўнага аб’екту лічыць сябе аўтарам і патрабаваць ад усіх іншых асобаў, каб яны не рабілі замаху на гэтае права. Гэтае права можа належаць толькі асобе, творчасьцю якой быў створаны вынік інтэлектуальнай дзейнасьці[4].
2. права выкарыстоўваць ці дазваляць выкарыстоўваць твор пад сапраўдным імем аўтара, псэўданімам альбо без вызначэньня імя, т.б. ананімна. Такое права называецца правам на аўтарскае імя. Аўтар мае права патрабаваць, каб пры любым выкарыстоўваньні ягонага твору ўказвалася імя аўтара. Ён таксама можа патрабаваць, каб пры выкарыстоўваньні твору ягонае імя не скажалася[5].
3. права на абарону твору, у тым ліку яго назвы, ад усялякага скажэньня ці іншага замаху, якім можа быць нанесена шкода гонару і годнасьці аўтара — права на абарону рэпутацыі. Дадзенае права азначае, што не дазваляецца бяз згоды аўтара ўнясеньне нейкіх зьмяненьняў у сам твор, яго назву і імя аўтара. Бяз згоды аўтара таксама нельга пры выданьні твору ставіць перадумовы, пасьляслоўі, ілюстрацыі, камэнтары і г.д.[6]
4. права абнародаваньня ці дазволу абнародаваньня твору ў любой форме, т.б. права абнародаваньня. Пад абнародаваньнем твору ў адпаведнасьці з арт. 4 Закону разумеецца ажыцьцяўленьне са згоды аўтара дзеяньня, якое ўпершыню робіць твор дасягальным для ўсеагульнага доступу празь яго апублікаваньне, публічнае выкананьне, публічны паказ і іншым спосабам[7]. Права на абнародаваньне таксама ўключае ў сябе права на адозьвіны, т.б. права адмовіцца ад папярэдне прынятага рашэньня аб абнародаваньні твору. Але пры рэалізацыі права на адозьвіны неабходна абавязкова ўлічваць патрабаваньні заканадаўства, устаноўленыя ў п. 2 арт. 15 Закону: аўтар мае права адмовіцца ад папярэдне прынятага рашэньня аб абнародаваньні твораў пры ўмове пакрыцьця карыстальніку нанесеных такім рашэньнем стратаў, у тым ліку і неатрыманую выгоду. У тым выпадку, калі твор ужо быў абнародаваны, аўтар забавязаны публічна паведаміць пра яго адозьвіны. Пры гэтым ён мае права выняць за свой кошт з грамадзянскай хады папярэдне зробленыя экзэмпляры твору[8].
Характаразуючы асабістыя немаёмасныя правы аўтараў у сеціве Інтэрнэт, неабходна адзначыць, што пазначаныя правы амаль не зьмяніліся. Выняткам з гэтага правіла стала права на абнародаваньне твору. Сеціва дае аўтарам большыя магчымасьці. Так, твор можа быць выкладзены да ўсеагульнага азнаямленьня на вэб-сайце. Тым больш, што заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае такую форму абнародаваньня, бо пералік спосабаў абнародаваньня пакідаецца адкрытым: “і іншым спосабам”.
Найбольшыя зьмяненьні з-за разьвіцьця сеціва Інтэрнэт атрымалі асабістыя маёмасныя правы.
Закон не дае вызначэньня панятку “выкарыстаньня твору”. Зьмест дадзенага панятку раскрываецца празь пералічэньне правамоцтваў аўтараў ці іншых праваўладальнікаў аўтарскіх правоў, занатаваных у п. 1 арт. 16 Закону. Але тое, што дадзеныя правамоцтвы ёсьць выкарыстаньнем твору, сьведчыць п. 3 разгляданага артыкула, у якім вызначана, што “аўтар мае права на аўтарскую ўзнагароду за кожны від выкарыстаньня твору”.
Разгледзім асабістыя маёмасныя правы аўтараў, занатаваныя ў арт. 16 Закону, і вызначым тыя праблемы і зьмяненьні, якія яны атрымалі ў выніку разьвіцьця сеціва Інтэрнэт.
Традыцыйнымі правамоцтвамі аўтара ёсьць правамоцтва ўзнаўленьня і распаўсюду твораў. Аднак іх выкарыстаньне ў дачыненьні да твораў у Інтэрнэце зьвязана з пэўнымі складанасьцямі.
Права на ўзнаўленьне ці капіяваньне — гэта выраб аднаго альбо больш экзэмпляраў твору альбо аб’екту прылеглага права ў любой матэрыяльнай форме, у тым ліку сталае ці часовае захоўваньне ў лічбавай форме ў электронным сродку.
Распаўсюд — гэта ўвядзеньне ў грамадзянскі зварот экзэмпляраў твору любым спосабам:
- шляхам продажу;
- здачай на патрыманьне;
- іншым спосабам.
У сучаснай практыцы зьяўляюцца новыя формы публікацыі і распаўсюду твораў. Так, напрыклад, у ЗША знакаміты пісьменьнік С. Кінг дзеля абароны сваіх аўтарскіх інтарэсаў выкарыстаў наступную форму публікацыі і распаўсюду. На сваім Інтэрнэт-сайце ён разьмяшчаў пачатак свайго новага твору і побач з творам разьмяшчаў зварот да карыстальнікаў з просьбай выплаціць за карыстаньне творам (а побач з такім зваротам разьмяшчаўся разьліковы рахунак). Пры гэтым аўтарам ставілася ўмова, што наступная частка твору ня будзе апублікавана да таго часу, пакуль разьліковы рахунак не папоўніцца пэўнай сумай (кожнаму карыстальніку прапаноўвалася перавесьці на асабісты рахунак С. Кінга 1 даляр). Правасьвядомыя карыстальнікі, а таксама аматары аўтара пераказвалі грошы за карыстаньне творам, і ўжо пасьля гэтага спадар Кінг публікаваў наступную частку твору.
Нягледзячы на складанасьць выкарыстаньня такой формы стасункаў, яна набывае зараз папулярнасьць, за С. Кінгам яшчэ адзін знакаміты аўтар — Фрэдэрык Фарсайт — пачаў публікаваць свае творы ў сеціве Інтэрнэт. Праўда, пасяроднікам паміж аўтарам і карыстальнікамі сталі Інтэрнэт-крамы.
Але акрамя новых формаў і спосабаў узнаўленьня і распаўсюду твораў аўтараў існуюць пэўныя праблемы. Разгледзім сытуацыю, калі адна асоба, напрыклад, легальна адкрыла доступ да твору праз Інтэрнэт і захавала гэты твор на сваім кампутары. Любая іншая асоба можа таксама атрымаць доступ да ўзноўленай інфармацыі, але ўжо ня праз Інтэрнэт, а праз ужо ўзноўленую інфармацыю. Паколькі інфармацыя можа быць тыражавана неабмежаваную колькасьць разоў бязь ейнага пашкоджаньня, то ў такой сытуацыі ўзьнікае праблема кантролю. Узнаўленьне твору карыстальнікам Інтэрнэту, з аднаго боку, складана прызнаць парушэньнем права на выкарыстаньне твору (гэта ўсё роўна, што імкнуцца спагнаць грошы з гледача за прагляд якога-небудзь твору на ягоным экране), а з другога — практычна нельга пракантраляваць.
У якасьці трэцяга маёмаснага права аўтара ёсьць права на імпарт. Але калі для традыцыйных стасункаў права на імпарт не выклікала аніякіх пытаньняў, то з разьвіцьцём інфармацыйных тэхналёгіяў і сеціва Інтэрнэт з дадзеным правамоцтвам узьнікае пэўная праблема. Адной з сама прывабных і ў той жа час самых небясьпечных рысаў Інтэрнэту ёсьць пераадоленьне дзяржаўных перашкодаў паміж людзьмі. Разьмяшчэньне твору ў сеціве Інтэрнэт робіць яго дасягальным усяму сьвету, і дзяржаўныя межы больш ня граюць значнай ролі.
Права на публічны паказ — асноўны складнік выключнага права на выкарыстаньне. У адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь пад публічным паказам разумеюць паказ арыгіналу альбо экзэмпляру твору непасрэдна ці ў выглядзе слайду, кіна-, тэлекадру на экране, з дапамогай іншага любога тэхнічнага сродку альбо іншым шляхам (у дачыненьні да аўдыёвізуальнага твору — паказ асобных кадраў па-за іх пасьлядоўнасьцю) у месцах, дзе прысутнічаюць ці могуць прысутнічаць людзі, якія не належаць да звычайнага кола сям’і ці да блізкіх знаёмых сям’і (арт. 4 Закону). Публічны паказ набывае новае значэньне ў лічбавым сьвеце. Калі электронныя перададзеныя паведамленьні атрымоўваюцца на многіх кампутарных экранах, прынцып дзейнасьці такі: “Што яны паказалі?” Такое паведамленьне павінна быць накіравана на нявызначанае кола асобаў. Але ў тым выпадку, калі перадача твораў накіравана канкрэтным асобам на іх прыватныя кампутары, то ў такой сытуацыі складана казаць пра публічны паказ.
Зыходзячы з палажэньняў беларускага заканадаўства, можна зрабіць выснову, што публічным паказам будзе прызнана выкладаньне твору ў сеціве ці накіраваньне яго асобам праз Інтэрнэт, пры гэтым такія асобы не павінны належаць да звычайнага кола сям’і ці да блізкіх знаёмых сям’і.
Падсумаваньне
З вышэй адзначанага мы можам зрабіць выснову, што аўтарскае права не пасьпявае за разьвіцьцём інфармацыйных лічбавых тэхналёгіяў, але яно імкнецца асабліва не губляцца. Правы аўтараў набываюць свой новы, нетрадыцыйны зьмест у выніку такога разьвіцьця. Найбольшы ўплыў разьвіцьця сеціва Інтэрнэт адчулі на сабе асабістыя маёмасныя правы аўтараў: узнаўленьне, распаўсюд, імпарт і публічны паказ. Асабістыя маёмасныя правы аўтараў не зьмяніліся. Выняткам з гэтага правіла можна назваць права на абнародаваньне: Інтэрнэт дае аўтарам большыя магчымасьці на абнародаваньне сваіх твораў.
Комментарий к Гражданскому праву Республики Беларусь в трёх томах (постатейный). Руководитель авторского коллектива и ответственный редактор доктор юридических наук, профессор, заслуженный юрист БССР Чигир В.Ф; Коллектив авторов. В 3 т. Минск, 2003. Т. 3. С. 23.
Гражданский кодекс Республики Беларусь: Закон Республики Беларусь от 07.12.1998 № 218-З (изм. И дополн. от 14.07.2000 № 415-З, 03.05.2001 № 7-З, 04.01.2002 № 79-З, 24.06.2002 № 79-З, 17.07.2002 № 128 З, 11.11.2002 № 148-З, 16.12.2002 № 159-З, 26.06.2003 № 211-З, 08.01.2004 № 267-З, 18.08.2004 № 316-З) // Ведомости Национального собрания Республики Беларусь. 05.03.1999. № 7—9, С. 101; Ведомости Национального собрания Республики Беларусь. 2000. № 24. С. 326; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 21.05.2001. № 46, 2/750; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. '318.01.2002. № 7, 2/828; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 08.07.2002. № 75, 2/862; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 29.07.2002. № 84, 2/877; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 20.11.2002. № 128, 2/897; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 03.01.2003. № 1, 2/908; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 09.07.2003. № 74, 2/960; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 16.01.2004. № 4, 2/1016; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 02.09.2004. № 137, 2/1065.
[11] Калятин В.О. Интернет и право. М. 2004.
[13] Об авторском праве и смежных правах...
[14] Луцкер А.П. Авторское право в цифровых технологиях и СМИ. М.: КУДИЦ-ОБРАЗ, 2005. С. 42.
______________________________________
Ганна Жарабцова (нар. у 1983 г. у Буда-Кашалёве) — бакаляўрка права, навучаецца на V курсе аддзяленьня “эканамічнае права” юрыдычнага факультэту БДУ. Галіна юрыдычных інтарэсаў – цывільнае, гаспадарчае, працоўнае права, праўныя аспэкты эканамічнае дзейнасьці.
