Праблема допінгу вельмі актуальная ў сучасным сьвеце спорту, які імкліва разьвіваецца. Штогод ва ўсім сьвеце праводзяць больш за 500 тыс. допінг-тэстаў, да сотняў спартоўцаў прымяняюцца розныя санкцыі. Ужываньне допінг-субстанцыяў, якія штогод удасканальваюцца, ператвараецца ў эпідэмію.
Упершыню пытаньне пра прымяненьне допінгу ў спорце было ўзьнята ў 1960 г. На Міжнародным Кангрэсе па псыхафізыялёгіі. У 1962 г. сэсія Міжнароднага Алімпійскага Камітэту (МАК) у Маскве прапанавала рэкамэндацыі датычна забароны прымяненьня допінгу. У 1967 г. МАК прыняў рашэньне пра ўвядзеньне антыдопінгавага кантролю на Алімпійскіх Спаборніцтвах і стварэньне Мэдычнай Камісіі для арганізацыі і кіраўніцтва такім кантролем. Пазьней адпаведныя рашэньні былі прынятыя амаль усімі Міжнароднымі Фэдэрацыямі для розных відаў спорту. У некаторых краінах былі прынятыя і дзейнічаюць законы аб крымінальнай адказнасьці за ўжываньне і распаўсюд допінгу. Зараз ніводная краіна ня мае права правядзеньня міжнародных спаборніцтваў на сваёй тэрыторыі, калі яна не валодае службай допінг-кантролю. У Савецкім Саюзе допінг-кантроль быў уведзены ў 1961 г. Упершыню выбарачны допінг-кантроль быў праведзены на XIX Алімпійскіх Гульнях 1968 г. (Мэхіка), а з 1972 г. ён зрабіўся абавязковым ва ўсіх відах Алімпійскай праграмы, а пазьней і на спаборніцтвах сьвету і кантынэнтаў па большасьці відаў спорту, што адлюстравана ў Статуце МАК і Міжнародных спартовых фэдэрацыяў.
У адпаведнасьці з адным з азначэньняў, допінгам прызнаецца біялягічна актыўнае рэчыва, а таксама спосабы і мэтады штучнага павышэньня спартовай працаздольнасьці, якія аказваюць пабочныя эфэкты на арганізм і для якіх існуюць спэцыяльныя мэтодыкі выяўленьня. Эўрапейская Канвэнцыя 1989 г. супраць прымяненьня допінгу не дае азначэньня допінгу, яна толькі фармулюе словазлучэньне “допінг у спорце” — увядзеньне спартоўцамі ці прымяненьне імі розных відаў фармакалягічных допінгавых прэпаратаў і мэтаду допінгу. Сусьветны антыдопінгавы кодэкс 2003 г. пад допінгам разумее невыкананьне наступных патрабаваньняў:
Прысутнасьць забароненых субстанцыяў ці іх мэтабалітаў у пробе, якая бярэцца ў спартоўца;
- Ужываньне ці спроба ўжываньня забароненай субстанцыі ці мэтаду;
- Адмова праводзіць пробы ці здаваць іх пасьля таго, як ён быў праінфармаваны пра неабходнасьць іх здачы;
- Парушэньне патрабаваньняў датычна даступнасьці спартоўца для таго, каб узяць у яго пробу падчас спаборніцкага пэрыяду;
- Фальсыфікацыя ці спроба фальсыфікацыі ў любой сфэры допінг-кантролю;
- Валоданьне забароненымі субстанцыямі і іх мэтадамі;
- Распаўсюд любой забароненай субстанцыі ці мэтаду;
- Прызначэньне ці спроба прызначэньня спартоўцу забароненай субстанцыі, спрыяньне, падбухторваньне, укрывальніцтва ці іншы спосаб суўдзелу ў невыкананьні ці спробе невыкананьня патрабаваньняў.
Як можна ўбачыць, сьпіс дзеяньняў, якія падпадаюць пад рэгуляваньне допінгу, вельмі шырокі і ўключае ня толькі непасрэднае ўжываньне самога допінгу. Сьпіс допінгаў павінен быць даведзены да спартоўцаў і кіраўнікоў камандаў загадзя. Допінг-кантроль ажыцьцяўляюць службы краіны-арганізатара спаборніцтваў пад кантролем і кіраўніцтвам мэдычнай камісіі МАК ці Міжнароднай фэдэрацыі па канкрэтным відзе спорту. Лябараторыя, акрэдытаваная для кантролю, праводзіць дасьледаваньні пры дапамозе комплексу сучасных мэтадаў, што дазваляе выявіць практычна ўсе вядомыя рэчывы і іх мэтабаліты. Вынік лічыцца станоўчым, калі ён атрыманы пры дапамозе некалькіх мэтадаў адначасова. Ужываньне допінгавых прэпаратаў перад ці пасьля спаборніцтваў у мэтах лекаваньня забаронена. Калі спартовец не зьяўляецца на допінг-кантролі, гэта лічыцца пацьвярджэньнем ужываньня допінгу.
Антыдопінгавае заканадаўства Рады Эўропы
На 13-й неафіцыйнай канфэрэнцыі міністраў спорту, праведзенай у Атэнах 1 і 2 чэрвеня, падчас працяглай дыскусіі паводля пытаньня ўжываньня допінгу ўдзельнікі пагадзіліся, што ў рамках працы, якая праводзіцца Радай Эўропы ў сфэры антыдопінгавага кантролю, было б добра падрыхтаваць антыдопінгавую канвэнцыю, да якой маглі б далучыцца ня толькі дзяржавы-ўдзельніцы Рады Эўропы. Тэкст гэтай канвэнцыі павінен засноўвацца на дакумэнтах, якія былі прынятыя раней Радай Эўропы (Напрыклад, на Эўрапейскай антыдопінгавай хартыі спорту, прынятай Камітэтам міністраў 25 верасьня 1984 г.).
Тэкст Эўрапейскай канвэнцыі супраць прымяненьня допінгу быў прыняты Камітэтам міністраў 19 верасьня 1989 г. і адкрыты для падпісаньня 16 лістапада 1989 г. на 85 сэсіі Камітэту міністраў. Яна заснаваная на ўсёй папярэдняй працы Рады Эўропы ў сфэры барацьбы з допінгам. Усе акты ў гэтай сфэры прымаліся аднагалосна.
Першым дакумэнтам у гэтай сфэры ёсьць Рэзалюцыя (67)12. Перадумовай да яе прыняцьця былі падзеі 1966 г., калі пяцёрка вэлясыпэдыстаў, якая прымала ўдзел у сусьветных гонках, адмовілася прайсьці допінг-кантроль, а таксама сьмерць вэлясыпэдыста, які прымаў удзел у Tour de France у 1967 г. у выніку злоўжываньня наркотыкамі. Прынятая Рэзалюцыя мела часовы характар, але ў той жа час гэта быў першы міжнародны дакумэнт у гэтай сфэры. Праз год МАК усталяваў першы допінг-кантроль на Алімпійскіх Гульнях 1968 г. У Рэзалюцыі (67)12 было замацавана азначэньне допінгу, размова вялася пра фізычныя і хімічныя маніпуляцыі. Гэты дакумэнт зрабіў акцэнт на маральных і этычных прынцыпах спорту, на небясьпецы для здароўя спартоўцаў. Ён рэкамэндаваў спартовым арганізацыям разьвіваць неабходнае рэгуляваньне ў гэтай сфэры і караць вінаватых. Таксама дапускаўся пэўны ўдзел ураду пры непрыняцьці дастатковых мераў спартовымі арганізацыямі.
У наступныя гады на гэтай базе былі прынятыя акты, якія рэгулявалі барацьбу супраць ужываньня допінгу ў Бэльгіі і Францыі (1965 г.), Турэччыне і Італіі (1971 г.). У 70-х г. адпаведныя меры прымаліся нацыянальнымі спартовымі арганізацыямі (Нямеччына, Нарвэгія).
На падставе гэтай Рэзалюцыі была распрацаваная Рэкамэндацыя Рады Эўропы (79)8, якая датычыла допінгу ў спорце. Яна была накіраваная на разьвіцьцё дакладных тэстаў, якія выяўляюць ужываньне забароненых прэпаратаў, стварэньне пэўнай колькасьці адпаведных лябараторыяў, стварэньне ўласных сыстэмаў кантролю (мэдычнага) удзельнікаў спартовых спаборніцтваў, міжнародную стандартызацыю нормаў, якія прадугледжваюць санкцыі і пакараньні. Гэтая Рэкамэндацыя была заснаваная на прынцыпе падзелу паўнамоцтваў ураду й спартовых арганізацыяў.
Пасьля Алімпійскіх Гульняў у Бадэн-Бадэне ў 1981 г. атлеты заклікалі сусьветнае грамадзтва прыняць меры ў дачыненьні да тых, хто ўжывае допінгавыя прэпараты, азначаючы допінг як найвялікшае парушэньне, што патрабуе пакараньня. Надышоў час каардынацыі і супрацы паміж урадамі і спартовымі арганізацыямі, якія несьлі нястачу фінансавай і тэхнічнай падтрымкі. У 1991 г. была праведзеная сустрэча экспэртаў па допінгу, кіраўніцтва лябараторыяў для распрацоўкі канвэнцыі. Была прынятая да ўвагі неабходнасьць супрацоўніцтва паміж рознымі бакамі ў сфэры допінг-кантролю — урадамі, спартовымі арганізацыямі, мэдыцынай і навукай. У 1984 г. была прынятая Эўрапейская антыдопінгавая хартыя, што мела статуc Рэкамэндацыі 84(19). У тым самым годзе Генэральная Асацыяцыя міжнародных спартовых арганізацыяў і МАК прынялі адпаведныя рэзалюцыі ў падтрымку гэтай хартыі. На гэтую хартыю ёсьць спасылкі ў заканадаўстве такіх арганізацыяў, як Сусьветная Арганізацыя Аховы Здароўя, ЮНЭСКА і інш. Хартыя рэгулюе антыдопінгавыя меры на 2 узроўнях — міждзяржаўным і паміж міжнароднымі спартовымі арганізацыямі.
У кастрычніку 1986 г. у Дубліне на канфэрэнцыі эўрапейскіх міністраў спорту была прынятая рэзалюцыя, якая прадугледжвала пашырэньне кола краінаў і рэгіенаў, якія маглі б прыняць і прымяняць прынцыпы, прадугледжаныя Эўрапейскай антыдопінгавай хартыяй. І ў 1988 г. Камітэт міністраў Рады Эўропы паводля прапановы 13 неафіцыйнай сустрэчы міністраў спорту ўхваліў Рэкамэндацыю (88)12 аб стварэньні антыдопінгавага кантролю не падчас спаборніцтваў без папярэджаньня. Такім чынам, тэкст Эўрапейскай канвэнцыі супраць прымяненьня допінгу быў прыняты Камітэтам міністраў 19 верасьня 1989 г.
У Канвэнцыі зазначаецца, што ўжываньне допінгу пагражае этычным прынцыпам і адукацыйным каштоўнасьцям, абвешчаным Алімпійскай хартыяй, Міжнароднай хартыяй спорту і фізычнага выхаваньня ЮНЭСКА і Эўрапейскай хартыі. Сваёй задачай Рада Эўропы абвесьціла забесьпячэньне больш цеснай супрацы паміж яго ўдзельнікамі з мэтай захаваньня і разьвіцьця ідэалаў і прынцыпаў, якія ёсьць іх агульным набыткам, а таксама судзеяньня іх сацыяльна-эканамічнаму прагрэсу. Канвэнцыя зазначае, што дзяржаўныя органы і добраахвотныя спартовыя таварыствы нясуць дадатковую адказнасьць у барацьбе з допінгам у спорце і, у прыватнасьці, у справе забесьпячэньня належнага правядзеньня спартовых мерапрыемстваў гарантыямі на падставе прынцыпу сумленнай гульні, а таксама ў справе ўмацаваньня здароўя тых, хто прымае ў іх удзел, і прызнае, што гэтыя органы і таварыствы павінны супрацоўнічаць на ўсіх адпаведных узроўнях. Канвэнцыя прадугледжвае ня толькі міжнароднае супрацоўніцтва ў сфэры барацьбы з допінгам, але і супрацоўніцтва са спартовымі арганізацыямі. Што датыкае міжнароднай супрацы на міжнародным узроўні, то бакі абавязаныя:
- Заахвочваць свае спартовыя арганізацыі судзейнічаць прымяненьню палажэньняў канвэнцыі да ўсіх спартовых арганізацыяў, у якія яны ўваходзяць, у прыватнасьці, праз адмову рэгістраваць сусьветныя ці рэгіянальныя дасягненьні, якія не суправаджаюцца адмоўнымі вынікамі афіцыйнай антыдопінгавай праверкі;
- Заахвочваць супрацу паміж пэрсаналам лябараторыяў антыдопінгавага кантролю;
- Усталёўваць двухбаковае і шматбаковае супрацоўніцтва паміж іхнымі органамі, уладамі і кампэтэнтнымі арганізацыямі;
- Бакі, якія маюць створаныя лябараторыі, павінны дапамагаць іншым бакам у атрыманьні досьведу, кампэтэнцыі, неабходных для стварэньня сваіх уласных лябараторыяў.
Бакі забавязваюцца заахвочваць свае спартовыя арганізацыі і празь іх міжнародныя арганізацыі да распрацоўкі і прымяненьня ўсіх неабходных мераў па барацьбе з допінгам, якія адносяцца да іх кампэтэнцыі.
Кожны бок перадае Генэральнаму Сакратару Рады Эўропы на адной з афіцыйных моваў Рады Эўропы ўсю неабходную інфармацыю ў дачыненьні да прынятых заканадаўчых і іншых мераў, накіраваных на выкананьне палажэньняў канвэнцыі. Бакі каардынуюць палітыку і дзейнасьць іншых зацікаўленых дзяржаўных арганізацыяў, якія займаюцца барацьбой супраць допінгу ў спорце. Яны сочаць за практычным прымяненьнем канвэнцыі, даручаючы пры неабходнасьці ажыцьцяўленьне некаторых палажэньняў канвэнцыі якой-небудзь урадавай ці няўрадавай спартовай установе ці спартовай арганізацыі.
Канвэнцыя прадугледжвае інфармацыйна-асьветніцкую дзейнасьць у сфэры барацьбы з ужываньнем допінгу. З гэтай мэтай бакі абавязваюцца распрацоўваць і ажыцьцяўляць пры неабходнасьці ў супрацоўніцтве з зацікаўленымі спартовымі арганізацыямі і з прыцягненьнем сродкаў масавай інфармацыі адукацыйныя праграмы і інфармацыйныя кампаніі, якія паказваюць небясьпеку для здароўя праз ужываньне допінгу і шкоду на этычныя каштоўнасьці спорту. Гэтыя праграмы і кампаніі зьвяртаюцца як да моладзі ў школьных установах і спартовых клюбах і іх бацькоў, так і да дарослых спартоўцаў, спартовых кіраўнікоў. Для асобаў, якія працуюць у галіне мэдыцыны, такія адукацыйныя праграмы падкрэсьліваюць важнасьць прытрымліваньня мэдычнай этыкі. Таксама бакі забавязваюцца заахвочваць і падтрымліваць у супрацы з зацікаўленымі арганізацыямі дасьледаваньні, зьвязаныя з распрацоўкай праграмаў фізыялягічнае і псыхалягічнае трэніроўкі, якія будуюцца на навуковай базе і якія паважаюць суцэльнасьць чалавечай асобы.
Канвэнцыя адкрытая для падпісаньня дзяржавамі-ўдзельніцамі Рады Эўропы, іншымі дзяржавамі-ўдзельніцамі Эўрапейскай культурнай канвэнцыі і дзяржавамі, якія ня ёсьць чальцамі Рады Эўропы, але якія прымалі ўдзел у распрацоўцы канвэнцыі і якія могуць выявіць сваю згоду быць зьвязанымі ёй праз:
- Падпісаньне без умовы ратыфікацыі, прыняцьця ці зацьвярджэньня;
- Падпісаньне з умовай пра ратыфікацыю, прыняцьце ці зацьвярджэньне пры далейшай ратыфікацыі, прыняцьці ці зацьвярджэньні.
Канвэнцыя мае Дадатак, які зьмяшчае пералік клясаў забароненых рэчываў і мэтадаў. Паводля свайго зьместу ён выглядае наступным чынам:
І. Клясы забароненых рэчываў:
- Стымулятары;
- Наркатычныя рэчывы;
- Анабалітычныя рэчывы;
- Дыўрэтыкі;
- Пэптыдныя і глікапратэінаваныя гармоны і іх аналягі.
ІІ. Забароненыя мэтады:
- Крывяны допінг;
- Фармацэўтычныя, хімічныя і/ці фізычныя маніпуляцыі.
ІІІ. Клясы рэчываў, што прымяняюцца з пэўнымі абмежаваньнямі:
- Алькаголь;
- Марыхуана;
- Мясцовыя анэстэзавальныя рэчывы;
- Кортыкастэроіды;
- Бэта-блякатары.
Гэты сьпіс забароненых рэчываў не вычарпальны. Многія рэчывы, не ўзгаданыя ў ім, забароненыя, бо належаць да “тых, што адносяцца да дадзенай клясы рэчываў”. Гэты сьпіс прыводзіцца па стане на 1 студзеня 2005 г.
Супрацоўніцтва Рады Эўропы з Сусьветнай Антыдопінгавай Агенцыяй
Пасьля падзеяў, якія ўзрушылі сьвет роварнага спорту ўлетку 1998 г., МАК правёў у Лязане з 2 па 4 лютага Сусьветную Канфэрэнцыю па праблемах допінгу ў спорце. Дэклярацыя, прынятая пасьля сканчэньня канфэрэнцыі, абвесьціла стварэньне незалежнай міжнароднай Антыдопінгавай Агенцыі. Сусьветная Антыдопінгавая Агенцыя (САДА) была заснаваная 10 лістапада 1999 г., яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Лязане.
САДА — гэта арганізацыя, што падпарадкоўваецца швайцарскаму нацыянальнаму праву, у якім бяруць удзел МАК, міжнародныя спартовыя арганізацыі, няўрадавыя міжнародныя арганізацыі, урады, органы дзяржаўнай улады і іншыя публічныя і прыватныя інстытуцыйныя адзінкі, якія вядуць барацьбу проці ўжываньня допінгу. Зараз у САДА бярэ ўдзел аднолькавая колькасьць прадстаўнікоў спартовых рухаў і органаў дзяржаўнай улады.
Мэтай САДА ёсьць разьвіцьце і каардынацыя дзеяньняў па барацьбе супраць усіх формаў допінгу ва ўсіх відах спорту на міжнародным узроўні. У склад САДА ўваходзяць:
- Устаноўчая Рада;
- Выканаўчы камітэт;
- 5 працоўных камітэтаў.
Рада Эўропы і група маніторынгу Эўрапейскай Антыдопінгавай Канвэнцыі гралі актыўную ролю ў стварэньні САДА і вызначэньні яе статусу, галоўных палажэньняў і мэтаў. Актыўная прысутнасьць Рады Эўропы ў САДА — гэта лягічны вынік актыўнага ўдзелу Рады Эўропы ў барацьбе супраць прымяненьня допінгу з 1960-х г. Рада Эўропы і САДА істотна судзейнічаюць на выкананьне палажэньняў Антыдопінгавай Канвэнцыі, прынятай у 1989 г. Акрамя таго, немалаважным фактам ёсьць тое, што для большасьці краінаў, якія далучыліся да Канвэнцыі, праца ў Радзе Эўропы — гэта адзіная магчымасьць мець сваіх прадстаўнікоў у САДА.
Сусьветны антыдопінгавы кодэкс і дзейнасьць МАК
Міжнародны Алімпійскі Камітэт — найвышэйшы заўсёдна дзеючы орган сучаснага алімпійскага руху, заснаваны ў 1894 г. па ініцыятыве П. Дэ Кубэртэна. Гісторыкі лічаць, што ўжываньне допінгу падчас алімпійскіх гульняў пачалося з самога пачатку спаборніцтваў у 776 г. да н.э. Удзельнікі гульняў прымалі галюцынагенныя і болесуцяшальныя экстракты з грыбоў, розных траваў і віна. Сёньня гэтыя прэпараты былі б забароненыя, аднак у старажытнасьці і нават пасьля адраджэньня Алімпійскіх гульняў у 1896 г. спартоўцам не забаранялася ўжываць падобныя рэчывы, якія дапамаглі б ім перамагчы.
У адпаведнасьці з Алімпійскай хартыяй МАК ад 14 ліпеня 2001 г. Алімпійскі антыдопінгавы кодэкс — гэта абавязковая норма для ўсяго алімпійскага руху. Кодэкс прадугледжвае, сярод іншага, забарону на прымяненьне допінгу, вызначае сьпісы клясаў забароненых мэдыкамэнтаў, публікуе сьпісы акрэдытаваных лябараторыяў, забавязвае ўдзельнікаў спаборніцтваў прайсьці мэдычны кантроль і агляд, замацоўвае санкцыі, якія павінны прымяняцца ў выпадку парушэньня гэтага кодэксу.
Ва ўводзінах Сусьветны кодэкс зьмяшчае наступныя задачы кодэксу і самой сусьветнай антыдопінгавай праграмы:
- Ахова фундамэнтальных правоў спартоўцаў удзельнічаць у спаборніцтвах, свабодных ад допінгу, і з гэтай мэтай магчыма прапаганда здароўя, справядлівасьці і роўнасьці для ўсіх спартоўцаў;
- Стварэньне пагаднёных, скаардынаваных і эфэктыўных антыдопінгавых праграмаў як на міжнародным, так і на нацыянальным узроўні з мэтай раскрыцьця, стрыманьня і прадухіленьня выпадкаў прымяненьня допінгу.
Сусьветная антыдопінгавая праграма ўлучае ўсе кампанэнты, неабходныя для забесьпячэньня гарманізацыі і ўкараненьня лепшых мэтадаў арганізацыі ў міжнародных і нацыянальных антыдопінгавых праграмах. Галоўныя кампанэнты Сусьветнай антыдопінгавай праграмы — гэта:
1. Кодэкс;
2. Міжнародныя стандарты;
3. Мадэлі лепшых мэтадаў арганізацыі працы.
Кодэкс ёсьць фундамэнтальным і ўнівэрсальным дакумэнтам, на якім заснаваная Сусьветная антыдопінгавая праграма. Мэтай яго стварэньня было аб’яднаньне агульных намаганьняў у барацьбе з допінгам. Ен дастаткова канкрэтны ў тых месцах, дзе патрабуецца ўзгодненасьць для дасягненьня гарманізацыі ў барацьбе супраць допінгу, і ў той жа час ён унівэрсальны, калі патрабуецца гнуткасьць у тых ці іншых выпадках.
Міжнародныя стандарты ствараюцца з мэтай гарманізацыі стасункаў з антыдопінгавымі арганізацыямі, адказнымі за тэхнічныя моманты антыдопінгавых праграмаў. Дакладнае датрыманьне міжнародных стандартаў абавязковае. Яны могуць ад часу да часу пераглядацца Выканаўчым камітэтам САДА пасьля кансультацыяў з бакамі і ўрадамі.
Мадэлі лепшых мэтадаў арганізацыі працы распрацаваныя з мэтай увядзеньня ў практыку барацьбы з допінгам сучасных аптымальных рашэньняў. Аднак гэтыя мадэлі ня будуць уводзіцца ў прымусовым парадку. САДА павінна ня толькі забясьпечваць бакі адпаведнай дакумэнтацыяй, але і арганізоўваць трэнінгі для зацікаўленых бакоў. Міжнародныя стандарты ўступілі ў моц зь 1 студзеня 2005 г. Яны прадугледжваюць, што ўжываньне любых прэпаратаў павінна быць абмежавана і апраўдана мэдычнымі паказаньнямі.
Прэзыдэнт МАК прызначае Мэдычную камісію, у абавязкі якой уваходзіць:
- Прымяненьне Антыдопінгавага кодэксу алімпійскага руху ў адпаведнасьці з інструкцыямі ыканаўчага камітэту МАК;
- Распрацоўка інструкцыі па мэдычным забесьпячэньні і здароўі спартоўцаў.
Чальцы Мэдычнай камісіі ня могуць выступаць у якой-небудзь мэдычнай якасьці ў дачыненьні да дэлегацыі нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК) на Алімпійскіх гульнях, таксама як і ня могуць прымаць удзел у абмеркаваньні пытаньняў аб невыкананьні Антыдопінгавага кодэксу алімпійскага руху чальцамі адпаведных дэлегацыяў НАК. Выканаўчы камітэт МАК можа пазбавіць акрэдытацыі любую асобу, якая парушае Алімпійскую хартыю. Больш за тое, вінаваты спартовец ці нават каманда дыскваліфікуюцца і губляюць усе заваяваныя месцы. Усе заваяваныя мэдалі і дыплёмы канфіскуюцца.
Артыкул 10 Сусьветнага антыдопінгавага кодэксу прапаноўвае наступныя віды санкцыяў да спартоўцаў у індывідуальных відах спорту за парушэньне антыдопінгавага заканадаўства: ануляваньне вынікаў, дыскваліфікацыя (на розны тэрмін). Каманды таксама могуць быць дыскваліфікаваныя. На рашэньне аб прымяненьні санкцыяў можна падаць апэляцыю. Для правядзеньня антыдопінгавых праграмаў кодэкс заклікае да супрацоўніцтва МАК, Міжнародны Паралімпійскі Камітэт, міжнародныя фэдэрацыі, НАК, нацыянальныя антыдопінгавыя арганізацыі, САДА, спартоўцаў і ўрады.
Сусьветныя антыдопінгавыя праграмы закліканыя захаваць тое, што насамрэч важна і каштоўна для спорту, што часта называюць “духам спорту” і што становіць сутнасьць алімпійскага руху. Дух спорту — гэта ўслаўленьне чалавечага духу, цела і розуму. Ён характарызуецца наступнымі каштоўнасьцямі:
- Этыка, справядлівасьць і сумленьне;
- Здароўе;
- Неперасягнутае майстэрства;
- Рэпутацыя;
- Культура;
- Радасьць і задавальненьне;
- Калектывізм;
- Адданасьць;
- Павага да правілаў і законаў;
- Павага да сябе і да супраціўнікаў;
- Мужнасьць;
- Супольнасьць і салідарнасьць.
Допінг у корані супярэчыць духу спорту.
Крыніцы:
1. Anti-doping Convention Strasbourg, 16.XI.1989.
2. Council of Europe — Explanatory report to the Anti-Doping Convention.
3. European Anti-Doping Charter for Sport 25 September 1984.
4. Co-operation with the World Anti-Doping Agency www.coe.ru
5. Сусьветны антыдопінгавы кодэкс 2003 г.
6. Алімпійская Хартыя Міжнароднага Алімпійскага Камітэту 2001.
_______________________
Тацяна Куляшова (нар. у 1985 г. у Менску) — навучаецца на IV курсе аддзяленьня міжнароднага права факультэту міжнародных стасункаў БДУ. Спэцыялізуецца на эўрапейскім праве. Сфэра юрыдычных інтарэсаў: права інтэрнэту (асаблівасьці рэгуляваньня, кампутарная злачыннасьць і інш.), інфармацыйнае права, эўрапейскае права.
