Тэкст друкуецца з ласкавай згоды аўтара
“Калі я ўжываю слова, — сказаў Шапавал даволі грэбліва, — яно значыць толькі тое, што я выбіраю, каб яно азначала, — ня болей, ня меней”.
Л. Кэрал “Алесіны прыгоды ў дзівоснай краіне”
Тэрарызм, як і прапаганда, — гэта форма камунікацыі пераканання. Як прапаганда, тэрарызм ёсць негатыўнай з’ява. Некаторыя выказваюцца аб тэрарызме, як аб прапагандзе дзеянняў. Але гэта даволі спрэчна, бо такое азначэнне залежыць ад таго, ці пагаджаемся мы з ідэяй, якую нам дасылае тэрарызм. Калі пагаджаемся, мы ўжо не называем дзеянне тэрарызмам.
Пасля аналізу шматлікіх азначэнняў і прыкладаў таго, чым ёсць і чым не ёсць тэрарызм, гэта праца звяртае ўвагу на сімбіятычныя стасункі, якія існуюць паміж тэрарызмам і СМІ. Кожны з іх эксплуатуе адзно аднаго; акрамя таго, тэрарызм не мае ніякага сэнсу без яго асвятлення СМІ ў нашу эру масавай камунікацыі. Тэрарызм выкарыстоўвае СМІ як для тактычных, так і для стратэгічных мэтаў.
У той час, калі СМІ даюць інфармацыю звычайна пра, як мінімум, 9 тэрарыстычных актаў па ўсім свеце кожны дзень, прэса выкарыстоўвае тэрмін “тэрарызм” паўсюдна, далучаючы да яго гэткія з’явы, як партызанскі рух, паўстанні, ваенізаваныя фармаванні, альбо ўжываюць прыметнікі, якія не маюць сэнсу ў дачыненні да тэрарызму, напрыклад, прыручаны тэрарызм. Гэта ўзнімае пытанне эфектыўнасці тэрарызму як з’явы. Прэса прапаноўвае тэрарызму рэкламу, але часцей за ўсё не звяртае ўвагі і не даносіць да людзей прапагандысцкі мэсыдж, які тэрарысты жадалі б бачыць у якасці падтэксту інфармацыйных сюжэтаў. Такім чынам, СМІ пазыцыянуе тэрарызм як звычайнае злачынства ці сабатаж.
Тэрарызм вельмі падобны да прапаганды. Абедзве гэтыя з’явы — гэта формы ці рухавікі камунікацыі. Абедзве больш упэўніваюць, чым інфармацыйныя. Абедзве з’явы выяўляюцца вербальна і невербальна. Абедзве выкарыстоўваюцца ў негатыўным сэнсе. Ніхто не стане зваць сваіх сяброў тэрарыстамі ці прапагандыстамі. Гэтыя тэрміны захоўваюцца для ворагаў. СМІ могуць цытаваць нейкіх асобаў, якія ўжываюць тэрмін “тэрор” ці “тэрарызм” у дачыненні да актаў, якія ажыццяўляюцца пэўнай групай, і да якіх прамоўца ставіцца нейтральна ці негатыўна, але СМІ будзе выкарыстоўваць гэтыя тэрміны ў назвах артыкулаў толькі тады, калі адназначна не ўхвальвае дзеянняў і іх выканаўцаў.
Азначэнні:
Відавочна, калі ніхто не можа высветліць значэнне панятку, складана і нават немагчыма рабіць навуковыя даследванні. Паколькі дзесяткі кнігаў і сотні артыкулаў былі прысвечаны тэме тэрарызму, шматлікія аўтары мусяць быць задаволеныя тым, што яны займаюцца нечым спецыфічным. Напрыклад, аўтары Шміт і дэ Грааф у іх вывучэнні стасункаў тэрарызму і сродкаў камунікацыі акрэсліваюць тэрарызм як “наўмыснае і сістэматычнае выкарыстанне ці пагроза выкарыстання гвалтоўнай сілы супраць чалавечых мішэняў (С) падчас канфліктаў паміж двума ці больш бакамі (А, В). Такім чынам, непасрэдныя ахвяры С — тыя, якія могуць нават не мець ніякага дачынення да бакоў канфлікту, — не маюць магчымасці шляхам змены сваіх стаўленняў ці паводзінаў выйсці з кола канфлікту”. Зыходзячы з гэтых пазіцыяў, аўтары сцвярджаюць, што забойства Кенэдзі не было тэрактам, бо ахвяра і мішэнь ідэнтычныя.
Праблему тэрарызму і СМІ магчыма разглядаць з гледзішча канцэпцыі ідэнтыфікацыі Кенэта Бёрка. Паводле Бёрка, ідэнтыфікацыя ёсць ключ да рытарычнага поспеху. Калі гледачы пачынаюць атаясамліваць сябе з ахвярай, тэрарыст пацярпеў няўдачу. Увадначас калі яны пачынаюць атаясамліваць сябе з тэрарыстам альбо ставіцца да яго нейтральна ці абыякава, гэта ёсць перамога тэрарыста.
Але пададзенае вышэй азначэнне тэрарызму дазваляе класіфікаваць не ўсе тэрарыстычныя акты як тэрарыстычныя. Гэтае азначэнне ніякім чынам не канфліктуе з афарызмам: “камусь тэрарыст, а камусь барацьбіт за свабоду”.
Такім чынам, тэрарызм выкарыстоўвае гвалт ці пагрозу яго; гэта палітычны акт; яго ахвяры — гэта трэція асобы; поспех тэрарызму залежыць ад ідэнтыфікацыі аудыторыі з тэрарыстамі, а не з ахвярамі.
Але і гэта азначэнне не задавальняе цалкам. Калі б тэрарыст жадаў захаваць свае дзеянні ў сакрэце, як тое робяць злачынцы, мы б мелі справу не з тэрарызмам, а са злачынствам. Іншымі словамі, тэрарызм павінен быць публічным актам. Аднак жаданне публічнасці — безумоўна важны элемент — само па сабе не дастатковае для характарызавання дзеянняў як тэрарызму.
Відавочнай мэтай дзяржаўнага тэрарызму, калі магчыма выкарыстоўваць гэты тэрмін, ёсць не публічнасць, але кантроль над насельніцтвам шляхам запалохвання. Тэрмін дзяржаўнага тэрарызму зрэдку выкарыстоўваецца ў дачыненні да рэвалюцыйных урадаў, якія атрымалі ўладу, але недалёка адышлі ад рэвалюцый, што іх нарадзілі. Гэты тэрмін часта ўжываюцца ў дачыненні да шматлікіх груповак, якія выйшлі з рэвалюцыі, але надалей набылі павагу.
Тэрарызм заўжды быў больш паспяховым у дасягненні стратэгічных, доўгатэрміновых мэтаў. Да гэтых мэтаў можна хутчэй аднесці публічнасць свае групоўкі. Шмат у якіх тэрарыстаў не атрымліваецца адразу дасягнуць сваіх першапачатковых мэтаў, напрыклад, вызвалення зняволеных, але яны вельмі паспяхова атрымліваюць поўную публічнасць для сябе, у першую чаргу шырокі разгляд іх справы ў СМІ.
Тактычны тэрарызм складаецца з захопаў закладнікаў, захопаў транспартных сродкаў, бомбавых і ядравых пагрозаў. Стратэгічны тэрарызм — гэта забойствы звычайных і палітычных асобаў, падпальванні, бомбавыя выбухі.
Увогуле, магчыма меркаваць, што тэрарысты больш зацікаўленыя ў рэкламе, чым у ахвярах. Шміт і дэ Грааф цытуюць аднаго прадстаўніка Арганізацыі Вызвалення Палестыны, які сказаў, што, “калі б гэта дапамагала, мы б кідалі ружы, а не бомбы”. У некаторых выпадках тэрарыстычныя групоўкі бяруць на сябе адказнасць за бомбавыя выбухі, якія яны не ўчынялі.
З гэтага магчыма зрабіць выснову, што ўсім тэрарыстам патрэбна вялікая аудыторыя, і яны прызвычаіліся выкарыстоўваць працу СМІ для максімізацыі асвятлення справы. “Чырвоныя брыгады”, напрыклад, выбіралі сераду ці суботу ў якасці “ўлюбёных дзён для паведамленняў”, каб патрапіць у найбольш папулярныя газэты ў чацвер і нядзелю. “Мы прызнаем, — казаў адзін удзельнік АВП, — што спорт ёсць сучасная рэлігія заходніх краінаў. Мы ведалі, што жыхары Англіі і Амерыкі пераключаюць каналы сваіх телевізараў з праграмаў аб тэрактах АВП на каналы, дзе транслююць нейкі спартыўны матч. Таму мы вырашылі выкарыстаць іх Алімпійскія гульні, каб прыцягнуць увагу свету да нас. Мы забяспечылі чалавечыя ахвяраванні для вашых багоў спорту і тэлебачання”. Тэрарысты, акрамя таго, больш зацікаўлены ажыццяўляць тэракты ў Заходняй Еўропе, таму што публічнасць, якую яны могуць набыць там, большая, чым дзе-кольвек яшчэ, акрамя ЗША.
Міжнародны тэрарызм:
Транснацыянальны тэрарызм магчыма вызначыць, як “інцыдэнты, якія ўзнікаюць у адной краіне і сканчваюцца ў другой”, а таксама “інцыдэнты, якія ўтрымліваюць патрабаванні адной нацыі, але ажыццяўляюцца на тэрыторыі іншай”. Тэрмін “міжнародны тэрарызм” павінен ужывацца да груповак ці індывідаў, якія кантралююцца суверэннымі дзяржавамі, у той час калі транснацыяльны тэрарызм ажыццяўляецца звычайна аўтаномнымі недзяржаўнымі суб’ектамі, не зважаючы на тое, што гэтыя суб’екты могуць карыстацца некаторай падтрымкай з боку пэўных дзяржаваў. Але ЦРУ прызнае, што “калі існуе элемент урадавай падтрымкі, мяжа паміж транснацыянальным і міжнародным тэрарызмам робіцца вельмі хісткай і амаль не мае месца”.
Як ужо адзначалася, усе заходнія СМІ ставяцца да міжнароднага тэрарызму як да важных навінаў. У камуністычных краінах і краінах трэцяга свету, дзе менш увагі надавалася аб’ектыўнасці інфармацыі, выпадкі тэрактаў узгадваліся толькі тады, калі яны мелі нейкую дыдактычную каштоўнасць ці калі яны ручылі сучаснай ідэалогіі ці палітыцы краіны. Але, увогуле, гэты тэрмін выкарыстоўваюць СМІ па ўсім свеце.
Вывучэнні замежнай прэсы:
Пілотнае даследаванне было праведзена на падставе пяцёх замежных газетаў: амерыканскай The Washington Post, ангельскай The Times, нямецкай Die Frankfurter Allgemeine Zeitung, ізральскай The Jerusalem Post і егіпецкай The Egyptian Gazette. Даследаванне складаецца з пяці не звязаных дзён чэрвеня і ліпеня аднаго году — даволі невялікае, але дастатковае, каб прапанаваць поўнае ўяўленне таго, якім чынам гэтыя СМІ інфармуюць аб тэрактах і дзеяннях тэрарытстычных арнанізацыяў. Былі разгледжаны ўсе артыкулы, якія мелі дачыненне да выкарыстання гвалту ці пагрозы выкарыстання гвалту палітычна арыентаванай групоўкай і якія датычылі бомбавых выбухаў, захопаў закладнікаў, перастрэлак і г.д. Адметнай рысай усіх гэтых артыкулаў было тое, што асобы, адказныя за тэракты, былі невядомыя. Захопы закладнікаў і транспартных сродкаў для асабістых мэтаў не ўлічваліся.
Усяго за пяць дзён было выбрана 45 артыкулаў навінаў, якія распавядалі пра тэрарызм ці пра тое, што паводле нашага азначэння магчыма ўважаць за тэрарызм, пры гэтым штодня з’яўлялася каля дзевяці артыкулаў. Усяго было адзначана 70 артыкулаў у пяці выданнях, то бок 25 сюжэтаў датычылі тых самых інцыдэнтаў. Гэтым чынам, калі б усе сюжэты былі б асветлены ўсімі выданнямі, колькасць артыкулаў складала б не 70, а 225.
З 70 разгледжаных артыкулаў толькі 16 насамрэч выкарыстоўвалі тэрмін “тэрарызм”, “тэрарыст” ці “тэрор”. Астатнія 54 артыкулы датычылі партызанаў, паўстанцаў, гвалту ўвогуле і г.д. Высветлілася, што The Jerusalem Post часцей за ўсё апісваў дзеянні тэрарыстаў (25 артыкулаў) і таксама часцей за ўсё выкарыстоўваў тэрмін “тэрарызм” (9 разоў). The Egyptian Gazette меней за ўсё звярталася да тэрарыстычных дзеянняў (8 артыкулаў) і ніколі не ўжывала тэрмін “тэрарызм”.
У той час, калі 14 сюжэтаў навінаў атрымалі транснацыянальнае асвятленне (былі разгледжаны ў некаторых з адзначаных выданняў), толькі два з іх былі змешчаны ў двух выданнях выданнях ці болей, якія б ужывалі азначэнне “тэрарызм”. Што датыкае аднаго з гэтых сюжэтаў, два выданні выкарыстоўвалі тэрмін “тэрарызм”, і тры выданні рабілі тое ж самае ў выпадку іншага сюжэту.
Высновы:
У той час, калі тэрарыстычныя інцыдэнты працягваюць заставацца дастаткова частымі сюжэтамі ў СМІ — каля 9 артыкулаў штодня, — яны не заўжды звяртаюць на сябе ўвагу міжнароднай прэсы, не зважаючы на тое, што яны “зроблены дзеля навінаў”. З гэтага гледзішча падаецца, што было б цалкам бессэнсоўна ажыццяўляць акт тэрарызму ў краінах, дзе грамадства мае цвёрды кантроль над сваёй прэсай, таму што без публічнасці, без рэкламы тэрарызм не мае сэнсу. Самы галоўны, калі не адзіны, сэнс тэрарызму — гэта той, які яму надаюць тлумачэнні, зробленыя сродкамі масавай інфармацыі. Калі пагадзіцца з выказваннем, што “тэрор мае беспрэцэдэнтную ўладу над грамадствам за кошт сваёй інфармацыйнай каштоўнасці”, тады атрымліваецца, што “тэрарызм толькі тады паспяховы, калі ўяўляе сабой захапляючае відовішча”. Далёка не ўсе тэракты разглядаюцца транснацыянальна, таму, каб захаваць сваю інфармацыйную якасць, тэрарыстычныя арганізацыі павінны трымаць планку захапляючых відовішчаў.
Акрамя таго, калі існуе кантроль над прэсай, тэрарысты маюць патрэбу павялічваць колькасць тэрактаў, каб прайсці ўсталяваны бар’ер інфармацыйнай сакрэтнасці. З іншага боку, шматлікія акты надзвычайнай жорсткасці могуць прывесці да адваротных вынікаў — грамадства аб’яднаецца з мэты супрацьстаяць тэрарызму. Магчымым вынікам цэнзуры СМІ можа стацца сітуацыя, калі тэрарысты прымушаны рабіць захопы тэлевізійных станцыяў, каб перадаваць свае пасланні грамадству. Таму ў краінах Лацінскай Амерыкі і Афрыкі, дзе такі варыянт найбольш верагодны, тэлевізійныя станцыі ахоўваюцца гэтак жа добра, як і рэзідэнцыі прэзідэнтаў.
Такім чынам, якая павінна быць роля сродкаў масавай інфармацыі? Відавочна, што людзі маюць права ведаць не толькі аб вар’ятах сярод іх ці аб існуючых пагрозах іх жыццю ці маёмасці, але і аб чынніках, якія прымушаюць іншых людзей прытрымлівацца пэўнай ідэі і нават ахвяраваць сваім жыццём дзеля яе. Аднак, хто ведае, мабыць, людзі пачнуць падтрымліваць тэрарыстаў, калі нават не фізічна, то, напрыклад, маральна ці матэрыяльна. Калі не абмежаваць спосабы і сродкі надання публічнасці для тэрарыстаў, мы атрымаем магчымасць назіраць, як дзяржаўныя дзеячы і простыя асобы пачнуць у імя супрацьстаяння тэрарызму рабіць для яго справы па знішчэнню дэмакратыі больш, чым усе тэрарыстычныя арганізацыі свету разам.
З ангельскай пераклала Аляксандра Рагажынская
___________________________
Л. Джон Марцін, Ганаровы Прафесар і Амбудсман Універсітэта Мэрыленда, ЗША. 20 год працаваў у каледжы журналыстыкі імя Філіпа Мэрыла. Скончыў працу выкладчыка ў 1989 годзе, але захаваў сувязь з Універсітэтам і зараз выконвае абавязкі факультэцкага амбудсмана: працуе з тымі выкладчыкамі і студэнтамі, якім патрэбны канфідэнцыйныя парады і дапамога па пытаннях, звязаных з працай. Вядомы сваімі журналісцкімі даследаваннямі і супрацай з Федэральным Урадам ЗША ў якасці кансультанта.
