Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Нядобрасумленная канкурэнцыя й дамэнныя імёны | Паліна Шабуня | 14.5.2006

Ролю дамэну можна параўнаць з роляй імя для чалавека ці то з таварным знакам (знакам абслугоўваньня) для прадукцыі. Добра раскручанае дамэннае імя зь віртуальнай прасторы здольна прыносіць рэальны даход свайму ўладальніку. А тое, што прыносіць даход, натуральна, можа стаць аб’ектам захопу — ці то гэта таварны знак (знак абслугоўваньня) ці то дамэннае імя зь віртуальнай прасторы. Захоп, у сваю чаргу, ёсьць першым крокам да нядобрасумленнай канкурэнцыі.

Дзеля высьвятленьня таго, якім чынам рэгістрацыя дамэннага імя можа стаць парушэньнем палажэньняў Закону Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі”, неабходна напачатку даць асноўныя паняткі і вызначыцца з праблематыкай.

Дамэн — гэта галіна прасторы гіерархічных імёнаў сеціва Internet, якая абслугоўваецца наборам сэрвэраў дамэнных імёнаў (DNS) і цэнтралізавана адмініструецца[1].

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь як такое не дае панятак “дамэн”. Адзіным нарматыўным актам, у якім зроблена спроба вызначыцца з дэфініцыяй разгляданага панятку, ёсьць Пастанова Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь ад 3 сакавіка 2001 г. № 7 “аб зацьверджаньні інструкцыі па сецівах і службах перадачы дадзеных”. Але дадзены акт ёсьць вузка спэцыялізаваным і таму ня можа ўжывацца да цывільна-праўных стасункаў.

Зразумела, што дамэннае імя ёсьць самастойным сродкам індывідуалізацыі, хоць і мае агульныя рысы з правам на такія сродкі. Практыка паказала, што акрамя адрасацыі інфармацыі пры яе перасылцы ў межах кампутарнага сеціва дамэннае імя выконвае функцыі, аналягічныя функцыям таварнага знаку (знаку абслугоўваньня) і іншым сродкам індывідуалізацыі.

Зараз у дачыненьні да дамэнных імёнаў адсутнічае традыцыйнае для таварных знакаў (знакаў абслугоўваньня) абмежаваньне пералікам тавараў ці паслугаў дзеяньня сродкаў індывідуалізацыі.

Як правіла, дамэннае імя выкарыстоўваецца дзеля ажыцьцяўленьня дзейнасьці стасоўна любых тавараў і паслугаў, за выняткам абмежаваньняў, прадугледжанных заканадаўствам, якія будуць разгледжаны ніжэй. Але само права на дамэннае імя мае часовыя межы: яно ўзьнікае толькі з моманту рэгістрацыі.

Наагул, права на дамэннае імя складаецца з двух правамоцтваў: права на адміністраваньне дамэну і права на выкарыстаньне дамэннага імя. У дадзенай працы будзе закранута другое правамоцтва.

Зьмест права на выкарыстаньне дамэннага імя ў сваім агульным выглядзе — гэта ўстанаўленьне магчымасьцяў яго выкарыстаньня ў межах Інтэрнэту. Неабходна таксама ўлічваць, што ў поўнай ступені кантроль ажыцьцяўляецца толькі толькі над часткай дамэннага імя, якая ўказвае на дамэн, кантраляваны ўладальнікам дамэннага імя. Дадзеная частка называецца ядзеркам дамэннага імя. Уладальнік дамэннага імя мае права кантраляваць ня толькі само імя, але і ўсе іншыя стварэньні на ягонай падставе.

Адсюль вынікаюць наступныя праблемы:

  1. немагчымасьць кантролю выкарыстаньня ядзерка дамэннага імя ў найменьні іншых дамэнных імёнаў;
  2. магчымасьць наўмыснага выкарыстаньня падобных дамэнных імёнаў дзеля ўвядзеньня спажыўцоў у зман;
  3. наўмыснае выкарыстаньне падобных дамэнных імёнаў дзеля выкарыстаньня чужой рэпутацыі альбо дзеля зьнявагі і г.д.

Аднак дадзеныя праблемы ўзьнікаюць тады, калі канкрэтны карыстальнік здолеў зарэгістраваць менавіта тое дамэннае імя, якое пажадаў. І натуральна, што тут узьнікае ня вырашаная заканадаўствам праблема кібэрсквотынга.

Па сутнасьці, кібэрсквотэры — гэта асобы (як фізычныя, так і юрыдычныя), якія імкнуцца атрымаць выгоду з зарэгістраванага дамэннага імя. Такія асобы рэгіструюць дамэны, да якіх ня маюць прамога дачыненьня, дзеля іх найдалейшага перапродажу. Зразумела, што кібэрсквотэры падбіраюць дамэнныя імёны, на якіх можна зарабіць, і рэгіструюць у першую чаргу імёны, сугучныя зь вядомымі таварнымі знакамі (знакамі абслугоўваньня) ці то наўпрост агульнаўжывальныя словы, т.б. лёгкія для запамінаньня дамэны.

Адзін з кірункаў “дзейнасьці” кібэрсквотараў заснаваны на варыянтах напісаньня таго ці іншага дамэннага імя ці магчымых памылках у набіраньні як самога імя, так і ў напісаньні дамэну. Эканамічны разьлік просты — “чалавечы” чыньнік мае месца, і памылкі ў наборы дамэнаў, каторыя часта наведваюць, будуць заўсёды і, такім чынам, будзе ўстойлівая наведвальнасьць дамэнаў-двайнятаў. А вось што будзе разьмешчана на гэтых дамэнах-двайнятах, ужо невядома. Часам рэкляма, якая разьмяшчаецца на такіх дамэнах-двайнятах, здольная акупіць выдаткі кібэрсквотэра на ўтрыманьне дамэну, незалежна да таго, ці атрымаецца яго калі-небудзь прадаць, ці не. Такі від дзейнасьці мае назву тайпсквотынг.

І, нарэшце, ня так даўно зьявілася яшчэ адна разнавіднасьць кібэрсквотынга: капіююцца ня толькі назвы папулярных сайтаў, але і іх дызайн, а галоўнае формы зьбіраньня карыстальніцкіх дадзеных (менавіта гэтыя дзеяньні і трапляюць пад катэгорыю “нядобрасумленная канкурэнцыя”). Калі кібэрсквотэр дастаткова падобна клянуе сайт, а карыстальнік трапіцца нядбайны, то пароль, а таксама і нумар крэдытнай карткі, трапляюць у распараджэньне махляра.

Неабходна адзначыць, што такая разнавіднасьць кібэрсквотынгу ў нас пакуль амаль не сустракаецца, што выклікана, хутчэй за ўсё, недастатковым узроўнем разьвіцьця электроннай камэрцыі. Падчас буму дот-комаў некаторыя дамэнныя імёны прадаваліся за мільёны даляраў — напрыклад, напрыканцы 1999 г. business.com быў набыты за 5 млн, а loans.com — за 1 млн. напрыканцы 2000 г.

У Рэспубліцы Беларусь органам-каардынатарам па рэгістрацыі і дэлегаваньні дамэнаў другога ўзроўню ў зоне BY ёсьць Дзяржаўны цэнтар бясьпекі інфармацыі пры Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь (ДзЦБІ), у адпаведнасьці з рашэньнем, зацьверджаным адпаведным запісам у базе дадзеных ссTLD галаўных міжнародных арганізацыяў па прызначэньні адрэсаў і імёнаў у сеціве Інтэрнэт — ICANN і IANA. ДзЦБІ дзейнічае на падставе “Палажэньня аб Дзяржаўным цэнтры бясьпекі інфармацыі пры Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь”, зацьверджанага Ўказам Прэзыдэнта Рэспубліка Беларусь ад 28 лістапада 2000 г. № 639[2]. Характэрна, што правілы па рэгістрацыі дамэнных імёнаў другога ўзроўню ў зоне BY не прадугледжваюць, што дзяржаўны орган будзе правяраць наяўнасьць супадзеньня зарэгістраваных таварных марак і дамэнных імёнаў. Правіламі ўстанаўліваецца, што карыстальнікі толькі “выкарыстоўваюць назвы арганізацыі ці групы арганізацыяў, ад імя якой падаецца заяўка. Заяўніку пры выбары дамэннага імя неабходна пазьбягаць назваў, якія яўна супадаюць з найменьнямі вядомых гандлёвых марак і арганізацыяў”[3].

А вось у п. 2.5 разгляданых правілаў ДзЦБІ наогул здымае зь сябе ўсялякую адказнасьць: “заяўнік нясе поўную адказнасьць за магчымае парушэньне ім правоў на гандлёвую марку ці іншую інтэлектуальную ўласнасьць, як і за канфліктныя сытуацыі, якія могуць узьнікнуць пры выкарыстаньні назваў іншых арганізацыяў”[4].

Такім чынам, дзейнічаюць лібэральныя правілы рэгістрацыі дамэнных імёнаў у зоне BY. Як і ў большасьці адкрытых дамэнаў, у зоне BY дзейнічае заяўны парадак рэгістрацыі імёнаў. Рэгістратар не ўпаўнаважаны на правядзеньне папярэдняй праверкі заяўленых да рэгістрацыі дамэнных імёнаў на адпавяданьне іх якім небудзь аб’ектам, у тым ліку і аб’ектам інтэлектуальнай уласнасьці. Выбар імя дамэну і яго выкарыстаньне ажыцьцяўляе заяўнік. Адпаведна і рызыка магчымых наступстваў, якія зьвязаны з выбарам імя дамэну і яго выкарыстаньнем, нясе ўладальнік дамэннага імя.

У Беларусі пакуль што спрэчак па рэгістрацыі дамэнных імёнаў не ўзьнікала, але такія спрэчкі вельмі распаўсюджаны за мяжой.

Складанасьць разгляду канфліктных сытуацыяў паміж уладальнікамі таварных знакаў (знакаў абслугоўваньня) і ўладальнікамі дамэнных імёнаў заключаецца ў недастатковай распрацаванась- ці праўнай сутнасьці дамэннага імя і яго адрозьненьняў ад таварных знакаў (знакаў абслугоўваньня).

Сярод падставаў пазначаных канфліктаў можна назваць наступныя:

1.         адрозьненьне паміж сыстэмай наданьня правоў на таварныя знакі (знакі абслугоўваньня) і сыстэмай наданьня правоў на дамэнныя імёны;

2.        адрозьненьне паміж сыстэмай рэгістрацыі таварных знакаў (знакаў абслугоўваньня) і сыстэмай рэгістрацыі дамэнных імёнаў;

3.         адрозьненьне паміж нацыянальнымі заканадаўствамі аб таварных знаках (знаках абслугоўваньня);

4.        адсутнасьць на сучасным этапе адпаведнага прававога мэханізму, неабходнага дзеля вырашэньня спрэчак, якія ўзьнікаюць паміж уладальнікамі таварных знакаў (знакаў абслугоўваньня) і ўладальнікамі дамэнных імёнаў і г.д.

Падаецца дзіўным, што ў сваей працы дзеля абароны правоў асобы ад незаконнага выкарыстаньня таварнага знаку (знаку абслугоўваньня) мы выбралі не грамадзянскі позыў, заснаваны на праве інтэлектуальнай уласнасьці, а таксама таварных знакаў і знакаў абслугоўваньня, а зьвярнуліся да заканадаўства аб супрацьдзеяньні нядобрасумленнай канкурэнцыі. Аднак некаторыя нормы Закону Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі” могуць быць выкарыстаны дзеля абароны правоў праваўладальніка ад нядобрасумленнай канкурэнцыі пры выкарыстаньні дамэннага імя.

Арт. 14-2 п. 1 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі” вызначае: “Забараняюцца і прызнаюцца ў вызначаным парадку супрацьпраўнымі ўсе дзеяньні, здольныя выклікаць зман у дачыненьні да суб’ектаў гаспадараньня, тавараў ці то прадпрымальніцкай дзейнасьці канкурэнтаў, у тым ліку незаконнае выкарыстаньне суб’ектам гаспадараньня не належнага яму фармальна найменьня, таварнага знаку (знаку абслугоўваньня), найменьня месца паходжаньня тавару на таварах, іх пакунках, на шыльдах, пры дэманстрацыі экспанатаў на выставах і кірмашах, у рэклямных матэрыялах, друкаванай і іншай дакумэнтацыі”[5].

У памянёным артыкуле істотныя тры наступныя моманты:

  1. ці выклікае выкарыстаньне дамэннага імя зман ці то можа яго выклікаць;
  2. ці можна лічыць, што дамэннае імя будзе таварным знакам ці то іншым сродкам індывідуалізацыі ў кантэксьце разгляданага артыкула;
  3. якой формай выкарыстаньня сродку індывідуалізацыі ёсьць дамэннае імя, калі ёсьць сродкам індывідуалізацыі.

Пачнем зь першага пункту. Ці можа выклікаць выкарыстаньне дамэннага імя зман? Думаем, што адказ на дадзенае пытаньне будзе адназначным. Як правіла, арганізацыі імкнуцца, пераносячы сваю дзейнасьць і ў сфэру Інтэрнэт, каб іх вэб-адрэса супадала з гандлёвай маркай ці фірмовым найменьнем тавару. На што разьлічвае карыстальнік, зайшоўшы, напрыклад, на старонку nokia.by? Адказ адназначны — карыстальнік разьлічвае пабачыць інфармацыю аб прадукцыі, якая выпускаецца дадзенай фірмай. Вялікай бяды ня будзе, калі замест прадукцыі фірмы Nokia на сайце будзе разьмешчана інфармацыя, напрыклад, пра дзіцячы часопіс. Хоць у Расеі кампанія Nokia перамагла ў спрэчцы па валоданьні правам на гэтае дамэннае імя. Неабходна адзначыць, што калі сайт, які мае падобнае найменьне з таварным знакам, не выкарыстоўвае вестак, якія ганяць праваўладальніка альбо ня ўводзяць карыстальніка ў зман, то нормы арт. 14-2 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі” ня будуць выкарыстоўвацца. У дадзенай сытуацыі ўзьнікла спрэчка з таго, ці меў права ўладальнік дамэннага імя на яго рэгістрацыю. Зараз судовая практыка разьвітых краінаў ідзе наступным чынам. Калі дамэннае імя было зарэгістравана да таго, як быў зарэгістраваны таварны знак (знак абслугоўваньня, фірмовае найменьне і г.д.), то правам на дамэннае імя валодае той, хто яго зарэгістраваў. Калі наадварот, то ў парадку пазыўнога судаводзтва праваўладальнік таварнага знаку можа адсудзіць дамэннае імя.

У якасьці прыкладаў прывяду некалькі справаў, якія былі разгледжаны ў Расеі: спрэчка аб дамэне Mosfilm.ru была выйграна Масфільмам; couner-strike.ru была выйграна ўладальнікам правоў на аднаіменную гульню і г.д. Аднак, возьмем і іншы прыклад. Спрэчка пра дамэннае імя Denso.com была прайграна японскай фірмай расейскай фірме ТАА “Денсо”. Суд абгрунтаваў свае рашэньне тым, што адказьнік (ТАА “Денсо”) зарэгістраваў дамэннае імя, якое супадае зь яго найменьнем, а таксама і тым, што японская фірма ня ёсьць шырокавядомай у Расеі[6].

Падсумоўваючы, адзначым, што ўжываньне главы 4 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі” да “нядобрасумленнай канкурэнцыі” магчыма толькі тады, калі дамэннае імя выкарыстоўваецца дзеля зману. Калі ж інфармацыя, якая разьмяшчаецца на сайце, не прыводзіць да ўвядзеньня спажыўца ў зман, то да такіх спрэчак будзе ўжывацца Закон Рэспублікі Беларусь “Аб таварных знаках і знаках абслугоўваньня”.

Ці можна лічыць дамэннае імя таварным знакам (знакам абслугоўваньня) у кантэксьце артыкула 14-2 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі” “Формы нядобрасумленнай канкурэнцыі”?

Менавіта дадзенае пытаньне і выклікае найбольш складанасьцяў. Неабходна адзначыць, што Закон Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі” быў прыняты ў 1992 г. Безумоўна, што на той час размова пра рэгістрацыю дамэнных імёнаў і не ішла. Мы лічым абсалютна лягічным і заканамерным, што арт. 14-2 разгляданага закону распаўсюджвае сваё дзеяньне і на дамэнныя імёны па аналёгіі з Законам Рэспублікі Беларусь “аб таварных знаках і знаках абслугоўваньня” і іншых нарматыўных актах па рэгуляваньні правоў на інтэлектуальную ўласнасьць.

Аднак дадзеную частку артыкула можна растлумачыць і зь іншага боку. Калі таварны знак ці іншы сродак індывідуалізацыі не належыць асобе, то як яна наогул можа яго зарэгістраваць і ці будзе рэгістрацыя такога дамэну незаконнай? Будзем лічыць, што такая рэгістрацыя ўжо сама па сабе ёсьць незаконнай. Такое палажэньне прыводзіць да яшчэ большых несутыковак і супярэчнасьцяў. У гэтай сытуацыі асоба забавязана правяраць, ці ёсьць выбранае ёй дамэннае імя сродкам індывідуалізацыі. Неабходна адзначыць, што праваўладальнікамі дамэнных імёнаў часьцяком ёсьць не юрыдычныя асобы, а фізычныя. А ў апошніх няма ня толькі магчымасьці, але і неабходнасьці звароту за запытам. На нашую думку, аптымальным у дадзеным выпадку ёсьць сытуацыя, калі пры рэгістрацыі дамэннага імя рэгіструючым органам будзе адначасова праводзіцца праверка на наяўнасьць такога таварнага знаку ці іншага сродку індывідуалізацыі.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што арт. 14-2 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі” можа ўжывацца (пры належным абгрунтаваньні) у поўнай меры да выкарыстаньня дамэнных імёнаў, калі такім выкарыстаньнем парушаюцца правы праваўладальніка на сродкі індывідуалізацыі, што прыводзіць да нядобрасумленнай канкурэнцыі.

Якой формай выкарыстаньня сродкаў індывідуалізацыі ёсьць дамэннае імя?

Лягічна, што выкарыстаньне дамэннага імя ня ёсьць ні пакункам, ні шыльдай, ні ўсім іншым, што пералічана ў Законе Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі”. Аднак пералік спосабаў выкарыстаньня ў Законе Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі” ня ёсьць вычэрпным.

Закон Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі” адзначае “і іншай дакумэнтацыі”. У дадзеным выпадку неабходна дакладна разумець, што само дамэннае імя па сваёй сутнасьці ня ёсьць матэрыяльным аб’ектам, а вось вэб-бачына, разьмешчаная пад канкрэтным дамэнным імем, можа быць разгледжана як дакумэнт. Безумоўна, вэб-бачына ня ёсьць электронным дакумэнтам у вузкім сэнсе слова, як трактуецца ў Законе Рэспублікі Беларусь “Аб электронным дакумэнце”. Каб быць электронным дакумэнтам у кантэксьце Закону Рэспублікі Беларусь “Аб электронным дакумэнце”, такі дакумэнт павінен мець дакладна вызначаную структуру і рэквізыты, якія дазволяць яго ідэнтыфікаваць. У прыватнасьці, структура электроннага дакумэнту складаецца зь дзьвюх частак: непасрэдна самога зьместу, т.б. інфармацыі, і электроннага подпісу. У арт. 7 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб электронным дакумэнце” дакладна вызначаецца, што электронны подпіс ёсьць неад’емным элемэнтам электроннага дакумэнту. Можна было б лічыць, што інфармацыя, якая зьмяшчаецца на вэб-бачыне і адлюстроўваецца на маніторы (дысплэі) кампутара, ёсьць зьнешняй формай адлюстраваньня электроннага дакумэнту, але гэта ня так. Немагчыма занатаваць лічбавым подпісам дакумэнт, які будзе прачытаны тысячамі карыстальнікаў толькі па адной прычыне: тэхнічна немагчыма даць ім закрыты ключ подпісу. Ды, уласна кажучы, і няма патрэбы.

Чым жа тады ёсьць вэб-бачына? Лічым, што назваць яе іншым чынам немагчыма. У такім выпадку заканадаўцу неабходна дадаць адпаведныя палажэньні наступным “а таксама праз адлюстраваньне інфармацыі ў сеціве Інтэрнэт”. Такая фармуліроўка дазволіць уключыць у сябе ўсе магчымыя варыянты адлюстраваньня інфармацыі і ня будзе патрабаваць у далейшым дадаткаў і ўдакладненьняў.

Такім чынам, з вышэйпамянёнага можна зрабіць выснову, што адпаведныя палажэньні арт. 14-2 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі” могуць выкарыстоўвацца дзеля абароны ад нядобрасумленнай канкурэнцыі праз ужываньне антыманапольнага заканадаўства пры наступных умовах:

  1. выкарыстаньне дамэннага імя прыводзіць да пераблытваньня яго з таварнымі знакамі і іншымі сродкамі індывідуалізацыі незалежна ад таго, ці супадае яно цалкам, ці то розьніцца некалькімі сымбалямі;
  2. інфармацыя, разьмешчаная на такой вэб-бачыне пад адрэсай канкрэтнага дамэну, наўмысна ўводзіць карыстальнікаў у зман.

Наагул, па дадзенай частцы артыкулу можна прывесьці канкрэтны прыклад.

Рэгіструецца дамэннае імя, якое супадае ці падобна вельмі блізка да найменьня фірмы, якая мае добрую дзелавую рэпутацыю і шырокае кола кліентаў. І з такога сайту будзе прадавацца тавар, аналягічны фірме праваўладальніку. Напрыклад, “Pepsi”; і прадавацца будзе ліманад. Гэтая дзейнасьць на 99,9% прывядзе да таго, што многія замоўнікі будуць думаць, што замаўляюць прадукцыю кампаніі “Pepsi” нават з улікам таго, што поўнае найменьне вытворцы пазначаецца па-іншаму. А зараз крыху зьменім сытуацыю: уладальнік дамэннага імя прадае прадукцыю, разьлітую і ўпакаваную арыгінальнай, але ніжэйшай па сваім якасным характарыстыкам. У такой сытуацыі натуральна, што канкрэтны спажывец тавару адмовіцца ад спажываньня прадукцыі арыгінальнай кампаніі, а не ад прадукцыі ўладальніка дамэну. Т.б. тут яўны выпадак нядобрасумленнай канкурэнцыі.

Частка 2 арт. 14-2 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі” ўстанаўлівае: “Забараняецца і прызнаецца ва ўстаноўленым парадку неправамернымі сьцьвярджэньні пры ажыцьцяўленьні прадпрымальніцкай дзейнасьці, якія здольныя дыскрэдытаваць суб’екты гаспадараньня, тавары ці прадпрымальніцкую дзейнасьць канкурэнта, у тым ліку ў выніку распаўсюду суб’ектам гаспадараньня непасрэдна ці празь іншых асобаў у сродках масавай інфармацыі, рэклямных і іншых выданьнях і іншымі спосабамі падманных, неадпаведных, скажоных зьвестак пра прадпрымальніцкую дзейнасьць, фінансавы стан, навукова-тэхнічныя і вытворчыя магчымасьці, тавары канкурэнтаў.

Гэты артыкул наўпрост, без усялякіх дадатковых тлумачэньняў можа выкарыстоўвацца да інфармацыі, якая распаўсюджваецца празь сеціва Інтэрнэт і да разгляданай намі праблемы аб нядобрасумленнай канкурэнцыі праз рэгістрацыю дамэнных імёнаў.

Падсумаваньне

На жаль, але, можа, і на шчасьце, на дадзены момант у Рэспубліцы Беларусь не было разгледжана ніводнай спрэчкі па дамэнных імёнах. Але зразумела, што ў хуткім часе такія справы зьявяцца і нашыя суды сутыкнуцца з неўрэгуляванасьцю дадзенага пытаньня заканадаўствам. Ужываньне аналёгіі закону і аналёгіі права далёка не заўсёды апраўдвае сябе ў сеціве Інтэрнэт. Лічым, што ў першую чаргу будуць ужывацца нарматыўныя акты, накіраваныя на абарону спосабаў індывідуалізацыі. Ужываньне антыманапольнага заканадаўства будзе мэтазгодным тады, калі іншыя спосабы абароны ад нядобрасумленнай канкурэнцыі будуць безвыніковымі. Заўсёды добра мець яшчэ адзін шанец на абарону ад нядобрасумленнай канкурэнцыі.



[1] Калятин В.О. Право в сфере Интернета. М., 2004. С. 33.

[2] http://www.tld.by/rules_new.html Правила регистрации и делегирования доменных имен второго уровня в зоне BY. п. 1.2.

[3] http://www.tld.by/rules_new.html Правила регистрации и делегирования доменных имен второго уровня в зоне BY. п. 2.4.

[4] http://www.tld.by/rules_new.html Правила регистрации и делегирования доменных имен второго уровня в зоне BY. п. 2.5.

[5] О противодействии монополистической деятельности и развитии конкуренции: Закон Республики Беларусь от 10.12.1992 № 2034-XII (с изм. и дополн. Законов Республики Беларусь от 10.01.2000 N 364-З, от 02.12.2002 N 154-З) // Консультант Плюс: Беларусь [Электрон. ресурс] / ООО “ЮрСпектр”, Нац. центр правовой информации Республики Беларусь. Мн., 2005.

[6] http://www.internet-law.ru/intlaw/precedents.htm

_______________________________

Паліна Шабуня — бакаляўрка права, навучаецца на 5 курсе юрыдычнага факультэту БДУ на аддзяленьні “эканамічнае права”. Галіна зацікаўленасьцяў: электронная камэрцыя.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!