Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Інтэрвію
Юры Зісер: Мы толькі пачалі адольваць беларускі рынак Інтэрнэту | Тацяна Куляшова і Воля Парфенчык | 12.5.2006

Сп. Юры Зісер нарадзіўся ў 1960 годзе ў Санкт-Пецярбурзе. Стажаваўся ў ЗША, Нямеччыне і Францыі. Ёсьць прафэсійным праграмістам, сыстэмным аналітыкам і кіраўніком праектаў з 1977 па 1994 год. З 1992 году –сталы дырэктар і ўладальнік УП “Надзейныя праграмы” (гандлёвая марка TUT.BY). Ёсьць дацэнтам Беларускага Дзяржаўнага Ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, аўтарам навуковых дапаможнікаў і шматлікіх артыкулаў у беларускай і расейскай пэрыёдыцы. У 2002 годзе на Пятым Усебеларускім Інтэрнэт-Форуме абраны Чалавекам Году беларускага Інтэрнэту, а ў 2006 годзе IT-Пэрсонай 2005 году. Ідэоляг TUT.BY.

“Праўнік”:  Добры дзень, сп. Зісер! Амаль усім вядомы той факт, што інфармацыйны партал TUT.BY ёсьць бадай што найпапулярнейшым парталам у інтэрнэтавай прасторы Беларусі. Не маглі бы Вы падрабязьней распавесьці пра тое, чым займаецца Вашае прадпрыемства?

Сп. Зісер: На дадзены момант галоўнай мэтай функцыянаваньня навукова-вытворчага прыватнага унітарнага прадпрыемства “Надзейныя праграмы” ёсьць разьвіцьцё інфармацыйнага парталу TUT.BY. Партал быў адкрыты ў 2000 годзе і першапачаткова ўключаў у сабе бясплатную пошту, навіны, зьвесткі аб надвор’і, але ўжо напрыканцы гэтага ж году паўсталі форумы і пачалі аказвацца паслугі платнага хостынгу і інтэрнэтавай рэклямы. У сьнежні 2002 году быў створаны Цэнтар электроннага бізнэсу TUT, мэтай якога ёсьць прадстаўленьне платных і бясплатных паслугаў для беларускіх прадпрыемстваў, арганізацыяў і ўстановаў. Пад такімі паслугамі я маю на ўвазе найперш распрацоўку і прасоўваньне сайтаў, прадстаўленьне паслугаў хостынгу і кансалтынгу. Ад тае пары TUT.BY адзіны ў двух напрамках: Цэнтар электроннага бізнэсу забясьпечвае прыбытковую частку TUT.BY, а інфармацыйны партал TUT.BY ёсьць для многіх сотняў беларусаў бясплатным сродкам атрыманьня інфармацыі. Але нашая праца не стаіць на адным мейсцы, і мы ўвесь час распачынаем усё новыя і новыя разьдзелы.

“Праўнік”: А колькі супрацоўнікаў утрымлівае УП “Надзейныя праграмы”?

Сп. Зісер: Насамрэч нашая арганізацыя невялікая з свайго памеру: штат супрацоўнікаў налічвае 18 асобаў. Як і на звычайным прадпрыемстве, ў нас ёсьць тэхнічны аддзел, спэцыялісты ў галіне маркетынгу, рэдактары, бухгалтэрыя і адміністрацыя. Такі мінімальны кадравы склад дапамагае нам унікнуць тых праблемаў, зь якімі звычайна сустракаюцца вялікія бюракратычныя структуры. Па магчымасьці мы перадаем пэўныя рэчы на аўтсортынг нашым партнэрам, таму калі б мы стараліся рабіць усё самі, то на нашым прадпрыемстве працавалі б каля 100 чалавекаў.

“Праўнік”: Ці можаце Вы распавесьці нам пра ідэю стварэньня падобнага праекту?

Сп. Зісер: Пачалося ўсё з маіх вандровак па сьвеце, дзе я сутыкнуўся з тым фактам, што Інтэрнэт ёсьць вельмі карысным інструмэнтам ня толькі ў вузкапрафэсійных колах, але і сярод самых шырокіх катэгорыяў насельніцтва. У той час, калі ва ўсім сьвеце Інтэрнэт актыўна распаўсюджваецца і ўжываецца, ў нашай краіне гэтая сфэра зусім не разьвітая. Першапачатковая мэта заключалася ў стварэньні бясплатнага паштовага сэрвісу для беларусаў, але потым яна трансфармавалася ў ідэю заснаваньня буйнога парталу, які здолее заняць цэнтральнае месца ў беларускім сэктары Інтэрнэту.

“Праўнік”:. На Вашую думку, які ў нас узровень разьвіцьця Інтэрнэта ў параўнаньні зь іншымі краінамі сьвету?

Сп. Зісер: Ведаеце, гэта залежыць ад таго, зь кім параўноўваць: з Вялікай Брытаніяй і ЗША ці з краінамі Афрыкі. Мяркую, тут мы стаім на той жа прыступцы, што і нашы бліжэйшыя суседзі Расея і Ўкраіна, але ў той жа час дзяржавы, што нядаўна сталі чальцамі  Эўразьвязу, дасягнулі большых посьпехаў: у Эстоніі, напрыклад, зацьверджаная Дзяржаўная праграма разьвіцьця Інтэрнэту і актыўна рэалізуецца ідэя электроннага ўраду. Што датычыцца Беларусі, то ў нас таксама існуе Дзяржаўная праграма інфарматызацыі Рэспублікі, але ўсё пакуль разьвіваецца марудна. Спадзяюся, што гэтая сытуацыя зьменіцца ў бліжэйшай будучыні.

 “Праўнік”: Скажыце, калі ласка,  якія ў Вас дачыненьні зь дзяржаўнымі органамі? Ці ёсьць нейкія патрабаваньні зь іх боку ўва ўсталяваньні на партале цэнзуры?

Сп. Зісер: Зь дзяржаўнымі органамі мы падтрымліваем афіцыйныя працоўныя стасункі: мы выконваем усе патрабаваньні, прадугледжаныя заканадаўствам, а яны, у сваю чаргу, не ствараюць сур’ёзных перашкодаў і праблемаў. Што датычыцца цэнзуры, мне б хацелася найперш зрабіць акцэнт не на афіцыйнай, а на самацэнзуры, якую мы стала падтрымліваем і межы якой мы ня маем пераходзіць.

“Праўнік”: Як Вы ацэньваеце нашае заканадаўства ў галіне рэгуляваньня Інтэрнэту? Ці ёсьць асаблівыя праблемы і недахопы?

Ю.А.Зіссер: Насамрэч справа не ў заканадаўстве, а ў тым, як яно прымяняецца. Усе, хто цікавіцца прававым рэгуляваньнем Інтэрнэту і аўтарскім правам, напэўна, памятаюць паказальны судовы працэс над каардынатарам сайту pesniary.com Фёдарам Караленкам, да якога былі прымененыя штрафныя санкцыі толькі за тое, што ён разьмясьціў на сваім сайце спасылкі на аўтарскі твор бяз згоды самага аўтара. Нашая арганізацыя была таксама прыцягнутая да гэтага працэсу ў якасьці экспэрту. І мне здаецца, што вынікі гэтае справы сьведчаць пра брак ведаў аб самай сутнасьці Інтэрнэту, бо спасылка ёсьць неад’емным сродкам ягонага  існаваньня і функцыянаваньня. А наяўнасьць такіх спасылкаў, мяркую, можа спрыяльна паўплываць на далейшы аб’ём продажу матэрыяльных носьбітаў з тымі ж песьнямі, а не наадварот. 

“Праўнік”: Зараз вядома, што дзяржаўныя органы плянуюць зрабіць пэўныя захады ў мэтах наданьня Інтэрнэту статусу друкаваных выданьняў. Што Вы думаеце з гэтае нагоды?

Сп.Зісер:  Я лічу, што наданьне Інтэрнэту такога статусу сьведчыла б аб адсутнасьці ўсялякага разуменьня таго, што ён сабой уяўляе. Так як любы сродак масавай інфармацыі павінен зараз ліцэнзавацца, адпаведна кожны сайт, якіх зараз велізарная колькасьць, таксама мусіць прайсьці праз такую складаную і шматступенную працэдуру, што па сутнасьці немагчыма. А што значыць прапанова абавязаць інтэрнэт-выданьні выпускаць навіны і  артыкулы па нумарох, калі гэтая інфармацыя на сайтах зьмяняецца ледзь не кругласутачна? Нам здаецца, што калі і весьці гутарку пра гэта, то Інтэрнэт трэба параўноўваць з арганізацыямі вяшчаньня, што, аднак, не пазбаўляе ад іншых праблемаў. Галоўная праблема заключаецца ў тым,  што ў сьвеце існуюць каля 88 мільёнаў сайтаў, таму зарэгістраваць іх у пэўным Міністэрстве нашае краіны падаецца немагчымай справай. Таму я лічу,што ліцэнзаваньне СМІ – гэта самападман органаў, якія ліцэнзуюць дадзеную дзейнасьць, ліцэнзаваньне у дадзенай сфэры – гэта ілюзія рэгуляваньня.

“Праўнік”: Раней на Вашым партале існаваў разьдзел Інтэрнэт-знаёмстваў, але Вы былі вымушаныя яго выдаліць. Скажыце, чаму Вы пайшлі на такія захады?

Сп.Зісер: Справа ў тым, што знакамітаму Дэкрэту Прэзыдэнта № 3 (у пытаньнях супрацьдзеяньня гандлю людзьмі) было нададзенае пашыранае тлумачэньне, і ў адпаведнасьці зь ім вынікае, што дзейнасьць па распаўсюджваньні інфармацыі аб фізычных асобах у мэтах іх знаёмства падлягае ліцэнзаваньню. Зьявіліся пэўныя ўмовы для атрыманьня ліцэнзіі і для выкананьня прадугледжаных ліцэнзіяй патрабаваньняў. Сярод іх можна вылучыць ня толькі неабходнасьць мець дамовы з адпаведнымі замежнымі шлюбнымі агенцтвамі, але і неабходнасьць рэгістраваць пашпартныя зьвесткі ўсіх тых, хто зьвярнуўся да  іх, а таксама перадаваць Міністэрству Ўнутраных Справаў сьведчаньні пра людзей, якія пакінулі Беларусь пасьля такіх знаёмстваў.  Прадугледжаныя і іншыя патрабаваньні, але ў Інтэрнэце іх немагчыма выканаць. Пакуль нам зручней зусім адмовіцца ад гэтай дзейнасьці, бо не зважаючы на тое, што яна прыносіла пэўны прыбытак, яна вымушае вялікай адказнасьці і стварае падчас невырашальныя праблемы.

“Праўнік”: Не зважаючы ні на што, Інтэрнэт у нашай краіне разьвіваецца. Ці валодаеце вы інфармацыяй, колькі людзей на Беларусі ёсьць карыстальнікамі Інтэрнэту?

Сп. Зісер: На Беларусі лічба карыстальнікаў Інтэрнэта даволі невялікая. Увогуле Інтэрнэтам карыстаюцца каля двух з паловай мільёнаў чалавек, але да гэтай колькасьці адносяцца і тыя карыстальнікі, якія наведваюць Інтэрнэт-прастору раз на паўгады. Калі гаварыць аб актыўных карыстальніках, то гэтая лічба памяншаецца да паловы мільёна чалавек.

“Праўнік”:  Зь якімі праблемамі сутыкаецца Вашая арганізацыя ў сфэры аказаньня рэклямных паслугаў?

Сп. Зісер: Напэўна, галоўнай праблемай ёсьць вельмі маленькі памер рынку Інтэрнэт-рэклямы, што абумоўлена эканамічнымі прычынамі. Вось жа, у нашай краіне большасьць прадпрыемстваў (недзе каля 90 адсоткаў) дзяржаўныя, а яны рэклямуюцца неахвотна. Да таго ж 70 адсоткаў нашае эканомікі працуе на экспарт, а рэкляма на Беларусі ў такім выпадку непатрэбная.

“Праўнік”:  Якія ў Вашай арганізацыі пляны на будучыню?

Сп. Зісер: Мы толькі пачалі адольваць беларускі рынак Інтэрнэту і Інтэрнэт-паслугаў, таму будзем расьці і разьвіваць далей сваю дзейнасьць, абыходзіць вострыя куты. Так, на самым пачатку гэтага шляху ў нас ужо ёсьць пэўныя дасягненьні, але мы будзем працаваць і шукаць новыя сфэры прымяненьня нашых ведаў.

“Праўнік”: І напрыканцы размовы хацелася б задаць пытаньне, якое мусіць зацікавіць нашых чытачоў. Скажыце калі ласка, як Вы ацэньваеце патэнцыял беларускамоўнага сэгмэнту сеціва?

Сп. Зісер: На жаль, сёньняшні беларускамоўны Інтэрнэт займаецца выключна праблемай формы, калі прынцыповым ёсьць толькі тое, на якой мове напісаныя тэксты, іх жа зьмест – другасны. Беларускі Інтэрнэт, які сканцэнтраваны выключна на праблемах гісторыі і прасоўваньня беларускае мовы і культуры, знаходзіцца на пэрыфэрыі беларускае грамадзкае думкі. Ён, як кніжны рабак, застаўся ў мінулым, ці нават у пазамінулым стагодзьдзі, у той час як жыцьцё за вакном значна зьмянілася і працягвае зьмяняцца. Загадзя выключыўшы зь ліку карыстальнікаў тых беларусаў, для якіх глыбокі інтарэс да беларускае мовы ня ёсьць самамэтай, беларускамоўны Інтэрнэт не прэтэндуе на ролю нацыянальнага, тым самым з пачатку пазбавіўшы сябе права казаць ад імя беларускае нацыі. Таму нядзіўна, што ў такім абмежаваным (больш дакладна, самаабмежаваным) Інтэрнэце і не зьявяцца яскравыя і вядомыя асобы, “уладальнікі думаў”, якія будуць аўтарытэтам для большасьці беларусаў. Я думаю, што ў беларускім Інэрнэце дасягнуцьмуць тыя рэсурсы, якія будуць займацца ня формай (мова, альфабэта, артаграфія), а найперш зьместам матэрыялаў. Канечне ж гэта маё глыбока ўласнае меркаваньне, якое не прэтэндуе на сапраўднасьць у апошняй інстанцыі, і я ня маю сумневаў, што мяне мусяць раскрытыкаваць наведвальнікі Вашага рэсурсу. Зрэшты існуе і цалкам аб’ектыўны спосаб ацэнкі патэнцыялу – дынаміка наведваньня і колькасьці беларускамоўных рэсурсаў паводле дадзеных беларускага сэрвэру статыстыкі akavita.by. Калі хто-небудзь правядзе аналіз дадзеных у дынаміцы, ён, магчыма, зразумее, што спрабаваць зьмяніць (а пры пэўных выпадках – і зламаць) жыцьцё цэлага народу дзеля формы ня толькі ня мае сэнсу, але і цалкам утапічна, як бы мы з вамі не спачувалі з гэтае нагоды.

“Праўнік”: Калі нарэшце зьявіцца беларускі інтэрфэйс tut.by?

Сп. Зісер:: Беларускі інтэрфэйс tut.by хутка зьявіцца. На жаль, актуальных навінаў на беларускай мове ў нас з гэтае нагоды не прыбавіцца – іх як і раней няма дзе браць, бо нашыя агенцыі навінаў іх як і раней не выдаюць, а апошнія беларускамоўныя газэтныя крыніцы закрываюцца.

“Праўнік”: Дзякуй Вам за цікавую размову. Мы зычым Вам посьпехаў у Вашай дзейнасьці! Можа менавіта Вашая праца прывядзе нашую краіну да пабудаваньня сапраўднага інфармацыйнага грамадзтва і адкрые новыя прасторы для яе жыхароў.

Сп. Зісер: Дзякуй вялікі. Да пабачэньня.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!