ДЫРЭКТЫВА 2001/29/СЕ ЭЎРАПЕЙСКАГА ПАРЛЯМЭНТУ І РАДЫ
ад 22 траўня 2001
аб гарманізацыі некаторых аспэктаў аўтарскага права і сумежных правоў у інфармацыйным грамадзтве
ЭЎРАПЕЙСКІ ПАРЛЯМЭНТ І РАДА ЭЎРАПЕЙСКАГА ЗЬВЯЗУ,
прымаючы да ўвагі Дамову аб заснаваньні Эўрапейскай Супольнасьці, у прыватнасьці ч. 2 арт. 47, арт. 55 і арт. 95,
прымаючы да ўвагі прапанову Камісіі (1),
прымаючы да ўвагі меркаваньне Эканамічнага і Сацыяльнага Камітэту (2),
дзейнічаючы ў адпведнасьці з працэдурай, замацаванай у арт. 251 Дамовы (3),
улічваючы, што:
(1) Дамова прадугледжвае стварэньне ўнутранага рынку і заснаваньне сыстэмы, здольнай абараніць канкурэнцыю на ўнутраным рынку ад яе скажэньня. Рэалізацыі гэтых мэтаў спрыяе гарманізацыя заканадаўчых актаў дзяржаваў-удзельніцаў у сфэры аўтарскага права і сумежных правоў.
(2) Эўрапейская Рада, паседжаньне якой адбылося ў Корфу 24 – 25 чэрвеня 1994 году, падкрэсьліла неабходнасьць стварэньня агульнай гнуткай праўнай сыстэмы на ўзроўні Супольнасьці дзеля разьвіцьця інфармацыйнага грамадзтва ў Эўропе. Акрамя таго, гэтага вымагае наяўнасьць на ўнутраным рынку новых вырабаў і паслугаў. Ужо прынятыя ці на шляху прыняцьця важныя заканадаўчыя акты Супольнасьці, якія прадугледжваюць стварэньне такой праўнай рэглямэнтацыйнай сыстэмы. Аўтарскае права і сумежныя правы маюць вялікае значэньне ў гэтым кантэксьце, бо яны ахоўваюць і стымулююць распрацоўку і прасоўваньне на рынак новых вырабаў і паслугаў, таксама як і стварэньне і выкарыстаньне іх творчага зьмесьціва.
(3) Такая гарманізацыя мусіць спрыяць рэалізацыі чатырох свабодаў унутранага рынку. Яна засноўваецца на адпаведнасьці падставовым прынцыпам права, асабліва права на ўласнасьць (у тым ліку на інтэлектуальную), свабоды выяўленьня і агульнага інтарэсу.
(4) Гарманізаваная праўная сыстэма ў галіне аўтарскага права і сумежных правоў, павышаючы адначасова праўную бясьпеку і высокі ўзровень аховы інтэлектуальнай уласнасьці, судзейнічае прыцягненьню інвэстыцыяў у сфэру творчай і наватарскай дзейнасьці, у прыватнасьці ў інфраструкуру сеціва, і спрыяе такім чынам росту эўрапейскай прамысловасьці і яе какурэнтаздольнасьці. Гэта датычыцца як сэктара забесьпячэньня вырабамі, так і сэктара пастаўкі інфармацыйных тэхналёгіяў, а ў шырэйшым сэнсе – шэрагу сэктараў прамысловасьці і культуры. Такі працэс дазволіць захаваць працоўныя месцы і будзе спрыяць іх павелічэньню .
(5) Тэхналягічная эвалюцыя памножыла і зрабіла больш разнастайнымі вэктары працэсаў стварэньня, вытворчасьці і выкарыстаньня. Калі сам інстытут аховы інтэлектуальнай уласнасьці не патрабуе кардынальна новых зьменаў, то сучаснае заканадаўства ў сфэры аўтарскага права і сумежных правоў мусіць быць адаптаванае і дапоўненае ў мэтах уліку новых эканамічных рэаліяў, такіх, як зьяўленьне новых формаў выкарыстаньня.
(6) На момант адсутнасьці гарманізаванага заканадаўства на ўзроўні Супольнасьці, заканадаўчыя працэсы на нацыянальным узроўні, у якія ўцягнутыя ўжо шматлікія краіны-ўдзельніцы з мэтай адказу на тэхналягічныя выклікі, могуць стаць прычынай значных неадпаведнасьцяў у галіне аховы аўтарскага і сумежных правоў. Гэта таксама можа абмежаваць свабоднае перамяшчэньне тавараў і паслугаў, якія ўтрымліваюць элемэнты інтэлектуальнай уласнасьці ці базуюцца на такіх элемэнтах, што, у сваю чаргу, можа справакаваць новую фрагмэнтацыю ўнутранага рынку і сутыкненьне нормаў заканадаўстваў розных краінаў. Наступствы такіх неадпаведнасьцяў і юрыдычнай небясьпекі стануць яшчэ больш адчувальнымі з разьвіцьцём інфармацыйнага грамадзтва, якое ўжо ў значнай меры ўзмацніла трансмежнае выкарыстаньне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасьці. Такое разьвіцьцё будзе і павінна працягвацца. Неадпаведнасьці ў заканадаўствах і юрыдычная небясьпека могуць перашкодзіць шырокамаштабнаму скарачэньню выдаткаў на выраб новых аб’ектаў і аказаньня паслугаў, якія ахоўваюцца аўтарскім правам і сумежнымі правамі.
7) Праўная сыстэма ў галіне аховы аўтарскага права і сумежных правоў таксама мусіць быць адаптаваная і дапоўненая ў той меры, у якой гэта неабходна для эфэктыўнага функцыянаваньня ўнутранага рынку. З гэтай мэтай, тыя палажэньні нацыянальных заканадаўстваў розных краінаў у сфэры аўтарскага права і сумежных правоў, якія значна адрозьніваюцца паміж сабой ці якія спрычыняюць праўную небясьпеку, якая пагражае эфэктыўнаму функцыянаваньню ўнутранага рынку і разьвіцьцю інфармацыйнага грамадзтва ў Эўропе, павінны быць урэгуляваныя, а ўспрыманьне вынікаў тэхналягічнага разьвіцьця мусіць быць адэкватным. Тым ня менш, калі такія неадпаведнасьці ў заканадаўствах не перашкаджаюць нармальнаму функцыянаваньню ўнутранага рынку, пазбаўляцца ад іх неабавязкова.
(8) Сацыяльныя, грамадзкія і культурныя вынікі разьвіцьця інфармацыйнага грамадзтва робяць абавязковым улік асаблівасьцяў у зьмесьціве тавараў і паслугаў.
(9) Гарманізацыя аўтарскага права і сумежных правоў павінна грунтавацца на высокім узроўні іх аховы, бо гэтыя правы ёсьць падставовымі ў працэсе інтэлектуальнай творчасьці. Іх ахова спрыяе падтрымцы і разьвіцьцю творчасьці, у чым зацікаўленыя аўтары, выканаўцы, выробцы, спажыўцы, прадпрыемствы, публіка. Інтэлектуальная ўласнасьць прызнаная ў якасьці неад’емнай часткі ўласнасьці ў поўным сэнсе слова.
(10) Аўтары і выканаўцы мусяць атрымліваць адпаведную ўзнагароду за выкарыстаньне сваіх твораў, каб мець магчымасьць у далейшым займацца творчай і мастацкай дзейнасьцю. Тое самае тычыцца і вытворцаў фанаграмаў, каб мець магчымасьць фінансаваць гэтую працу. Фінансаваньне, неабходнае для стварэньня такіх аб’ектаў, як фанаграмы, фільмы ці творы мультымедыя, і паслугаў, такіх як паслугі па запыце, мае важнае значэньне. Адпаведная праўная ахова правоў інтэлектуальнай уласнасьці неабходная з мэтай гарантаваньня выплаты такога ўзнагароджаньня і эфэктыўнасьці пазначанага фінансаваньня.
(11) Эфэктыўная і дакладная сыстэма аховы аўтарскага права і сумежных правоў ёсьць адным з найважнейшых інструмэнтаў забесьпячэньня неабходнымі сродкамі творчай і вытворчай культурнай дзейнасьці, таксама як і аховы незалежнасьці і годнасьці творцаў і выканаўцаў.
(12) У такой жа ступені ёсьць неабходнай і ахова аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў. Арт. 151 Дамовы забавязвае Супольнасьць улічваць заўсёды зьменлівы характар культурных працэсаў.
(13) Агульныя дасьледаваньні і ўзгодненае выкарыстаньне тэхнічных сродкаў аховы твораў і іншых падобных аб’ектаў, забесьпячэньне неабходнай інфармацыяй пра правы атрымліваюць вялікую значнасьць, так як маюць мэтай рэалізацыю прынцыпаў і гарантыяў, прадугледжаных законам.
(14) Гэтая Дырэктыва мае распаўсюджваць веды, у тым ліку культурнага кшталту, праз ахову твораў і іншых падобных аб’ектаў з улікам выключэньняў і абмежаваньняў у грамадзкіх інтарэсах у сфэры адукацыі і навучаньня.
(15) Дыпляматычная канфэрэнцыя, арганізаваная Сусьветнай Арганізацыяй Інтэлектуальнай Уласнасьці, якая адбылася ў сьнежні 1996 г., прыйшла да высновы пра неабходнасьць падпісаньня дзвюх новых дамоваў, а менавіта Дамовы САІУ аб аўтарскім праве і Дамовы САІУ аб выкананьнях і фанаграмах, якія тычуцца адпаведна аховы аўтараў і аховы выканаўцаў і выробцаў фанаграмаў. Мэтамі гэтых Дамоваў ёсьць ахова аўтарскага права і сумежных правоў на міжнародным узроўні ў сфэры, што завецца “лічбавай запісной кніжкай”, а таксама паляпшэньне сродкаў барацьбы зь пірацтвам на міжнародным узроўні. Супольнасьць і большасьць краінаў-удзельніцаў ужо падпісалі вышэйназваныя Дамовы і знаходзяцца на шляху іх ратыфікацыі. Гэтая Дырэктыва таксама прадугледжвае рэалізацыю новых міжнародных забавязваньняў.
(16) Праблема адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сецевай прасторы, узьнікае ня толькі датычна парушэньня аўтарскага права і сумежных правоў. Адказнасьць надыходзіць у тым ліку і за такія дзеяньні, як паклёп, хлусьлівая рэкляма, неправамернае выкарыстаньне зарэгістраваных гандлёвых знакаў. Гэтая праблема была дэталёва разгледжаная ў Дырэктыве 2000/31/СЕ Эўрапейскага Парлямэнту і Рады ад 8 чэрвеня 2000, якая тычыцца некаторых юрыдычных аспэктаў у галіне паслугаў у інфармацыйным грамадзтве на ўнутраным рынку, а менавіта электроннага гандлю ( “Дырэктыва аб электронным гандлі” ) (4). Яна высьвятляе і гарманізуе некаторыя юрыдычныя недакладнасьці, зьвязаныя з паслугамі ў інфармацыйным грамадзтве, у тым ліку з электронным гандлем. Палажэньні гэтай Дырэктывы павінны быць уведзеныя ў дзеяньне ў такі тэрмін, які прадугледжаны для Дырэктывы аб электронным гандлі, улічваючы, што апошняя замацоўвае шэраг прынцыпаў і палажэньняў, якія тычацца асобных важных палажэньняў гэтай Дырэктывы. Гэтая Дырэктыва не супярэчыць палажэньням, замацаваным у вышэйазначанай Дырэктыве.
(17) Улічваючы асаблівасьці лічбавай сфэры, неабходна забясьпечыць дасягненьне арганізацыямі калектыўнага кіраваньня маёмаснымі правамі высокага ўзроўню рацыяналізацыі і празрыстасьці з выкананьнем правілаў канкурэнцыі.
(18) Гэтая Дырэктыва дапускае захаваньне нацыянальных асаблівасьцяў, якія існуюць у краінах-удзельніцах у сфэры кіраваньня правамі, такіх, як калектыўныя ліцэнзіі на працяглы тэрмін.
(19) Асабістыя правы праваўладальнікаў ажыцьцяўляюцца ў адпаведнасьці з нацыянальным правам краінаў-удзельніцаў, а таксама палажэньнямі Бэрнскай канвэнцыі аб ахове літаратурных і мастацкіх твораў, Дамовы САІУ аб аўтарскім праве і Дамовы САІУ аб выкананьнях і фанаграмах. Асабістыя правы не падпадаюць пад дзеяньне гэтай Дырэктывы.
(20) Гэтая Дырэктыва заснаваная на прынцыпах і правілах, замацаваных у Дырэктывах, якія ўжо ўзялі моц, а менавіта ў Дырэктывах 91/250/СЕЕ (5), 92/100/СЕЕ(6), 93/83/СЕЕ (7), 93/98СЕЕ (8) і 96/9/СЕ (9). Яна разьвівае гэтыя прынцыпы і правілы і ўлучае іх у падмурак будучага інфармацыйнага грамадзтва. Палажэньні гэтай Дырэктывы павінны прымяняцца, калі яны не супярэчаць палажэньням вышэйазначаных Дырэктываў, акрамя выпадкаў, калі Дырэктыва замацоўвае адваротнае.
(21) Гэтая Дырэктыва павінна акрэсьліць шэраг дзеяньняў, якія складаюць права на рэпрадукаваньне, у дачыненьні да розных бэнэфіцыяраў і ў адпаведнасьці з acquis communautaire. Варта даць такім дзеяньням шырокае азначэньне ў мэтах забесьпячэньня юрыдычнай бясьпекай увесь унутраны рынак.
(22) Стымуляваньне распаўсюду ведаў культурнага кшталту не павінна супярэчыць парадку аховы правоў і падтрымліваць незаконныя формы абегу кантрафактнай ці пірацкай прадукцыі.
(23) Гэтая Дырэктыва мусіць скіраваць сваю ўвагу на дасканалую гарманізацыю права на паведамленьне да ўсеагульнага ведама. Гэтае права павінна ўжывацца ў шырокім сэнсе і азначаць права на любы способ паведамленьня твора публіцы, якая не знаходзіцца ў месцы непасрэднага адбываньня такога паведамленьня. Гэтае права ўключае права на перадачу ці рэтрансляцыю твора публіцы па правадах ці сродкамі бяздротавай сувязі, у тым ліку перадачу ў этэр. Яно не ўключае ніякі іншы спосаб паведамленьня.
(24) Права зрабіць твор даступным, якое разгледжанае ў ч. 2 арт. 3, уяўляе сабой права на любое дзеяньне, празь якое твор робіцца даступным публіцы, якая не прысутнічае ў месцы, дзе такое давядзеньне непасрэдна адбывалася, і не ўключае ніякае іншае дзеяньне.
(25) Юрыдычная небясьпека існуе вакол права на перадачу твораў на запыт, што рэалізуецца празь сеціва. Гэтая небясьпека павінна быць ліквідаваная праз гарманізацыю заканадаўства ў сфэры аховы аўтарскага права і сумежных правоў на ўзроўні Супольнасьці. Неабходна зрабіць відавочным, што толькі ўладальнікі правоў, замацаваных гэтай Дырэктывай, маюць выключнае права зрабіць свае творы даступнымі празь іх перадачу на запыт у інтэрактыўным рэжыме. Такая перадача азначае, што кожная асоба мае магчымасьць атрымаць доступ да аб’ектаў зь любога месца і ў любы час па яе ўласным выбары.
(26) У дачыненьні да перадачы на запыт арганізацыямі тэлерадыёвяшчаньня сваіх тэле-і радыёпраграмаў, што ўтрымліваюць апублікаваныя ў камэрцыйных мэтах фанаграмы, існуе неабходнасьць стымуляваньня заключэньня калектыўных ліцэнзійных пагадненьняў у мэтах палягчэньня спагнаньня аплаты за карыстаньне адпаведнымі правамі.
(27) Простая пастаўка абсталяваньня, з дапамогай якога рэалізуецца працэс давядзеньня да ўсеагульнага ведама, не ўяўляе сабой давядзеньне ў тым сэнсе, у якім тэрмін ужываецца ў гэтай Дырэктыве.
(28) Ахова аўтарскага права ў межах дзеяньня гэтай Дырэктывы ўключае выключнае права аўтара кантраляваць распаўсюд твору, замацаванага на пэўным матэрыяльным носьбіце. Першы продаж арыгіналу ці асобнікаў твору праваўладальнікам ці зь яго згоды іншай асобай на тэрыторыі Супольнасьці азначае вычарпаньне яго права кантраляваць далейшы іх продаж на тэрыторыі Супольнасьці. Гэтае права не вычэрпваецца, калі продаж арыгіналу ці асобнікаў твору ажыцьцяўляецца па-за межамі Супольнасьці самім праваўладальнікам ці зь яго згоды іншай асобай. Права аўтара здаваць свае творы ў пракат і даваць у пазыку замацаванае ў Дырэктыве 92/100/СЕЕ. Права на распаўсюд, прадугледжанае гэтай Дырэктывай, не павінна супярэчыць праву здаваць твор у пракат ці даваць у пазыку, якому прысьвечаны разьдзел I азначанай Дырэктывы.
(29) Аўтарскае права і сумежныя правы не вычэрпваюцца пры аказаньні паслугаў, у прыватнасьці пры аказаньні on-line паслугаў. Гэтае палажэньне прымяняецца і да мэханічнага капіяваньня твору карыстальнікам такіх паслугаў са згоды праваўладальніка. Правы не вычэрпваюцца і ў выпадку ажыцьцяўленьня права пракату ці пазыкі арыгіналу або асобнікаў твору, так як сутнасьць гэтага права ёсьць аказаньне паслугі. У адрозьненьні ад дыскаў CD-ROM i CD-I, на якіх аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці зафіксаваныя як на матэрыяльных носьбітах і якія ўяўляюць сабой тавар, кожная on-line паслуга ёсьць па сутнасьці дзеяньнем, якое павінна быць дазволенае, бо гэта ёсьць прынцыпам аўтарскага права ці сумежных правоў.
(30) Правы, замацаваныя гэтай Дырэктывай, могуць быць перададзеныя, саступленыя, перададзеныя на падставе ліцэнзіі, калі гэта не супярэчыць нацыянальным нормам аўтарскага права і сумежных правоў.
(31) Неабходна падтрымліваць справядлівую раўнавагу ў сфэры правоў і інтарэсаў паміж рознымі катэгорыямі праваўладальнікаў, а таксама паміж праваўладальнікамі і карыстальнікамі твораў. Выключэньні і абмежаваньні ў дачыненьні да правоў, замацаваных у гэтай Дырэктыве, павінны быць наноў разгледжаныя, улічваючы асаблівасьці лічбавага асяродзьдзя, бо валодаюць пэўнымі недакладнасьцямі і, такім чынам, адмоўна ўплываюць на функцыянаваньне ўнутранага рынку аўтарскага права і сумежных правоў. Такія неадпаведнасьці маюць набыць яшчэ мацнейшы характар ва ўмовах пашырэньня транснацыянальнага выкарыстаньня твораў і разьвіцьця трансмежных працэсаў. У мэтах гарантаваньня эфэктыўнага функцыянаваньня ўнутранага рынку, гэтыя выняткі і абмежаваньні павінны быць акрэсьленыя больш гарманічна. Эфэктыўнае функцыянаваньне ўнутранага рынку залежыць ад узроўню гарманізацыі гэтых выключэньняў.
(32) Гэтая Дырэктыва зьмяшчае вычарпальны пералік выключэньняў і абмежаваньняў у дачыненьні да права на рэпрадукаваньне і права на паведамленьне да ўсеагульнага ведама. Некаторыя выключэньні ці абмежаваньні тычацца толькі права рэпрадукаваньня. Выключэньні і абмежаваньні замацаваныя з улікам юрыдычных традыцыяў краінаў-удзельніцаў з мэтай забесьпячэньня належнага функцыянаваньня ўнутранага рынку. Выключэньні і абмежаваньні прымяняюцца краінамі-ўдзельніцамі ўзгоднена, і спрэчныя пытаньні будуць разгледжаныя падчас будучага паўторнага дасьледаваньня ўжо рэалізаваных палажэньняў.
(33) Выключнае права на рэпрадукаваньне мусіць утрымліваць вынятак, у адпаведнасьці зь якім дазваляецца ажыцьцяўленьне некаторых дзеяньняў па часовым рэпрадукаваньні, калі такія дзеяньні маюць пераходны і выпадковы характар, ёсьць неад’емнай і асноўнай часткай тэхналягічнага працэсу і рэалізуюцца толькі ў мэтах эфэктыўнай перадачы твору ў сеціве паміж трэцімі асобамі пры дапамозе пасярэдніка ці ў мэтах іншага законнага выкарыстаньня твору. Такія дзеяньні не павінны мець самастойнага эканамічнага значэньня. Калі вышэйазначаныя ўмовы выконваюцца, гэтае выключэньне распаўсюджваецца на такія дзеяньні, як навігацыя ў сеціве (browsing), папярэдняе чытаньне на хуткасным носьбіце (caching), а таксама на тыя, якія дазваляюць эфэктыўнае функцыянаваньне сістэмаў перадачы. Пры гэтым пасярэднік мусіць не зьмяняць інфармацыю і не перашкаджаць правамернаму выкарыстаньню тэхналёгіяў, шырока прызнаных і ўжытых на прамысловасьці, у мэтах атрыманьня зьвестак па карыстаньні інфармацыяй. Выкарыстаньне ёсьць законным, калі яно дазволенае праваўладальнікам ці не абмежаванае законам.
(34) Краіны-ўдзельніцы павінны прадугледжваць некаторыя выключэньні і абмежаваньні аўтарскага права, а менавіта такія выключэньні, як выкарыстаньне твораў у навуковых і вучэбных мэтах, выкарыстаньне твораў публічнымі ўстановамі тыпу бібліятэкаў і архіваў, выкарыстаньне ў мэтах паведамленьня ў навінах, цытаваньня, выкарыстаньня твораў інвалідамі, у мэтах грамадзкай бясьпекі і рэалізацыі адміністрацыйных і юрыдычных працэдураў.
(35) У выпадках, калі існуюць такія выключэньні і абмежаваньні, праваўладальнікі павінны атрымліваць справядлівую кампэнсацыю ў мэтах узнагароджваньня за выкарыстаньне іншымі асобамі іх твораў. Пасьля таго, як будуць азначаныя форма, від і магчымы ўзровень такой справядлівай кампэнсацыі, неабходна ўлічыць акалічнасьці, адметныя ў кожным выпадку. Каб даць ацэнку такім акалічнасьцям, карысным крытэрам мусіць зьяўляцца шкода, якая можа быць нанесеная праваўладальніку з прычыны карыстаньня ягонымі творамі. У выпадках, калі праваўладальнікі ўжо атрымалі за карыстаньне іх творамі плату ў іншай форме, такой, напрыклад, як частка платы за ліцэнзію, спэцыяльная і асобная аплата можа быць неабавязковай. Сума справядлівай кампэнсацыі павінна быць разьлічаная з улікам таго, наколькі поўна былі выкарыстаныя тэхнічныя меры аховы, прадугледжаныя гэтай Дырэктывай. У выпадках, калі шкода, нанесеная праваўладальніку, нязначная, абавязак па выплаце кампэнсацыі можа не надыходзіць.
(36) Краіны-ўдзельніцы Супольнасьці могуць прадугледжваць неабходнасьць выплаты кампэнсацыі праваўладальнікам нават у выпадках, калі яны прымяняюць дыспазытыўныя нормы, якія не накладаюць наўпроставых абавязкаў па выплаце кампэнсацыі.
(37) Нацыянальныя асаблівасьці, якія могуць існаваць у галіне рэпраграфіі, не ствараюць магутных бар’ераў на ўнутраным рынку. Краіны-ўдзельніцы павінны прадугледзіць у сваіх заканадаўствах некаторыя выключэньні і абмежаваньні ў дачыненьні да права на рэпраграфію.
(38) Краіны-ўдзельніцы павінны прадугледзіць у сваіх заканадаўствах выключэньні і абмежаваньні ў дачыненьні да права на рэпрадукаваньне гукавых, візуальных і аўдыёвізуальных твораў у асабістых мэтах з выплатай справядлівай кампэнсацыі. Наяўнасьць такога выключэньня можа паспрыяць увядзеньню і падтрымцы сыстэмы ўзнагароджваньня праваўладальнікаў, прызначанага для пакрыцьця нанесенай праз выкарыстаньне іх твораў шкоды. Нават калі існуюць надакладнасьці, якія могуць перашкодзіць эфэктыўнаму функцыянаваньню ўтранага рынку, яны не павінны ўплываць на развіцьцё інфармацыйнага грамадзтва (як гэта выяўляецца ў праве на рэпрадукаваньне твору ў асабістых мэтах на аналягічны носьбіт). Капіяваньне твораў на лічбавыя носьбіты ў асабістых мэтах мае тэндэнцыю распаўсюджвацца і з часам атрымае больш значны эканамічны ўплыў. Неабходна, аднак, улічваць розьніцу паміж лічбавымі і аналягічнымі ім копіямі і выяўляць адрозьненьні паміж імі ў некаторых напрамках.
(39) У выпадку прымяненьня выключэньняў і абмежаваньняў у дачыненьні да права на капіяваньне ў асабістых мэтах, краіны-ўдзельніцы павінны ўлічваць працэс эвалюцыі ў сфэры тэхналёгіяў і эканомікі, у прыватнасьці ў дачыненьні да лічбавага капіяваньня ў асабістых мэтах і сытэмы узнагароджваньня за такое капіяваньне, пры ўмове існаваньня эфэктыўных тэхналягічных сродкаў аховы. Такія выключэньні і абмежаваньні не павінны перашкаджаць выкарыстаньню тэхналягічных мераў і пакараньню за любое дзеяньне іх абыходу.
(40) Краіны-ўдзельніцы могуць прадугледжваць выключэньне ці абмежаваньне аўтарскага права і сумежных правоў на карысьць некаторых установаў, чыя дзейнасьць не скіраваная на атрыманьне прыбытку, такіх, як бібліятэкі, даступныя шырокаму колу асобаў, ці іншыя аналягічныя ўстановы, а таксама архівы.Тым ня менш, гэтае правіла мусіць быць абмежаванае ў некаторых выпадках у дачыненьні да права рэпрадукаваньня. Яно мусіць не прымяняцца ў выпадку карыстаньня творам у рэжыме on-line. Гэтая Дырэктыва мусіць прымяняцца, калі яна не абмяжоўвае магчымасьць, дадзеную краінам-удзельніцам, у скасаваньні выключнага права здаваць твор у публічны пракат у адпаведнасьці з арт. 5 Дырэктывы 92/100/СЕЕ. Такім чынам мажліва судзейнічаць заключэньню спэцыяльных кантрактаў і выдачы ліцэнзіяў, якія спрыяюць ажыцьцяўленьню такімі ўстановамі іх функцыі распаўсюджваньня ведаў, не парушаючы раўнавагі.
(41) Прымяняючы выключэньне ці абмежаваньне ў дачыненьні да выкарыстаньня кароткачасовых запісаў, якія здзейсьненыя арганізацыямі тэлерадыёвяшчаньня, маецца на ўвазе, што асабістыя сродкі арганізацыі тэлерадыёвяшчаньня ёсьць сродкамі асобы, якая дзейнічае ад імя і пад адказнасьць гэтай арганізацыі.
(42) Прымяняючы выключэньне ці абмежаваньне ў мэтах карыстаньня творамі ў навуковых і адукацыйных некамэрцыйных мэтах, у тым ліку ў мэтах дыстанцыйнага адукаваньня, некамэрцыйны характар такой дзейнасьці мусіць быць акрэсьлены зыходзячы зь яе сутнасьці. Арганізацыйная структура і сродкі фінансаваньня такой установы ў гэтым кантэксьце ня маюць значэньня.
(43) Краіны-ўдзельніцы мусяць прымяняць усе неабходныя меры дзеля пашырэньня магчымасьці доступу да твораў асобамі з абмежаванымі магчымасьцямі, якія ствараюць перашкоду для карыстаньня творамі, а таксама зважаць на ўсе магчымыя формы такога карыстаньня
(44) Так як выключэньні і абмежаваньні гэтай Дырэктывы мусяць прымяняцца, неабходна зрабіць такое прымяненьне адпаведным міжнародным забавязваньням. Гэтыя выключэньні і абмежаваньні не павінны прымяняцца, калі яны могуць нанесьці шкоду законным інтарэсам праваўладальніка ці перашкодзіць звычайнаму выкарыстаньню ім свайго твору. Так як краіны-ўдзельніцы прадугледжваюць такія выключэньні і абмежаваньні ў сваіх заканадаўствах, неабходна улічваць эканамічныя вынікі, якія гэтыя выключэньні і абмежаваньні могуць выклікаць у лічбавам асяродзьдзі. Акрамя таго, можа стацца неабходным скарачэньне выпадкаў прымяненьня некаторых выключэньняў і абмежаваньняў у дачыненьні да новых спосабаў выкарыстаньня твораў, якія ахоўваюцца аўтарскім правам ці сумежнымі правамі.
(45) Выключэньні і абмежаваньні, замацаваныя ў ч. 2, 3 і 4 арт. 5, не павінны перашкаджаць разьвіцьцю стасункаў, якія ўзьніклі на падставе дамовы, у мэтах забеспячэньня праваўладальнікаў справядлівай кампэнсацыяй у аб’ёме, прадугледжаным нацыянальным заканадаўствам.
(46) Калі спрэчка паміж праваўладальнікамі і карыстальнікамі мае разьбірацца ў судзе, бакі маюць магчымасьць ужыць паслугі пасярэднікаў. Камісія, супрацоўнічаючы з краінамі-ўдзельніцамі праз Кантактовы Камітэт, мусіць дасьледаваць новыя юрыдычныя сродкі вырашэньня судовых спрэчак у галіне аўтарскага права і сумежных правоў.
(47) Разьвіцьцё тэхналягічнага працэсу дазволіць праваўладальнікам выкарыстоўваць новыя тэхнічныя меры, прызначаныя перашкодзіць ці абмежаваць выкарыстаньне аб’ектаў без дазволу суб’ектаў аўтарскага права, сумежных правоў ці суб’ектаў спэцяльнага права sui generis на базы дадзеных. Тым ня менш, існуе магчымасьць разьвіцьця незаконных дзеяньняў, якія дазваляюць абысьці ахову, забясьпечаную такімі мерамі. У мэтах унікнуць прымяненьня фрагмэнтарных праўных мераў, якія могуць перашкодзіць нармальнаму функцыянаваньню ўнутранага рынку, неабходна прадугледзіць гарманізаваную праўную ахову супраць абыходу эфэктыўных тэхнічных сродкаў аховы і выкарыстаньня адпаведных мэханізмаў і вырабаў ці паслугаў, якія прымяняюцца для такіх мэтаў.
(48) Праўная ахова мусіць быць заснаваная на такіх тэхнічных мерах, якія дазваляюць эфэктыўна абмяжоўваць дзеяньні, якія ажыцьцяўляюцца без дазволу аўтараў, суб’ектаў сумежных праў ці суб’ектаў спэцыяльных правоў sui generis на базы дадзеных. Гэтыя тэхнічныя сродкі не павінны перашкаджаць нармальнаму функцыянаваньню электроннага абсталяваньня і іх тэхналягічнаму развіцьцю. Такая праўная ахова не ўскладае ніякіх абавязкаў па неабходнасьці прывесьці ў адпаведнасьць з гэтымі тэхнічнымі сродкамі іншых мэханізмаў, вырабаў, складальнікаў ці паслугаў да таго часу, пакуль такія мэханізмы, вырабы, складальнікі ці паслугі не падпадаюць пад забарону, замацаваную ў арт. 6. Такая юрыдычная ахова мусіць прытрымлівацца прынцыпу прапарцыйнасьці і не павінна забараняць выкарыстаньне мэханізмаў ці ажыцьцяўленьне дзеяньняў, не скіраваных на абыход тэхнічных сродкаў аховы дзеля атрыманьня прыбытку. Акрамя таго, такая юрыдычня ахова не павінна перашкаджаць дасьледваньню ў галіне крыптаграфіі.
(49) Праўная ахова пры дапамозе тэхнічных сродкаў не скасоўвае нацыянальныя палажэньні, якія могуць забараняць валоданьне ў асабістых мэтах мэханізмамі, вырабамі ці кампанэнтамі, прызначаных для абыхода тэхнічных сродкаў.
(50) Такая гарманізаваная праўная ахова не закранае спэцыяльных палажэньняў у галіне аховы, прадугледжаных Дырэктывай 91/250/СЕЕ. У асаблівасьці ў дачыненьні да аховы тэхнічных мераў, якія выкарыстоўваюцца разам з кампутаровымі праграмамі, мусіць прымяняцца вышэйазначаная Дырэктыва. Гэтая Дырэктыва не павінна перашкаджаць і тармазіць распрацоўку ці выкарыстаньне ўсялякага сродку, які дазваляе абысьці тэхнічную меру, неабходную для ажыцьцяўленьня дзеяньняў у адпаведнасьці з ч. 3 арт. 5 ці арт. 6 Дырэктывы 91/250/СЕЕ. Артыкулы 5 і 6 гэтай Дырэктывы акрэсьліваюць толькі выключэньні з выключных правоў, што прымяняюцца да кампутаровых праграмаў.
(51) Праўная ахова тэхнічных мераў ажыцьцяўляецца, калі яна не супярэчыць палажэньням, якія тычуцца аховы правапарадку, замацаванаму ў арт. 5, і публічнай бясьпекі. Краіны-ўдзельніцы мусяць падтрымаць добраахвотныя меры праваўладальнікаў, у тым ліку заключэньне і ажыцьцяўленьне пагадненьняў паміж імі і іншымі закранутымі бакамі, каб дасягнуць мэтаў, замацаваных у некаторых выключэньнях і абмежаваньнях, прадугледжаных нацыянальным правам і які адпавядае гэтай Дырэктыве. У выпадку незаключэньня добраахвотных мераў ці пагадненьняў такога тыпу ў магчымы тэрмін, краіны-ўдзельніцы мусяць прыняць адпаведныя меры, каб праваўладальнікі празь зьмяненьне тэхнічнай меры аховы ці іншым спосабам забясьпечылі карыстальнікаў выключэньняў ці абмежаваньняў магчымасьцю карыстацца сваімі прывілеямі. Тым ня менш, у мэтах перашкодзіць злоўжываньню такіх мераў праваўладальнікамі ці самімі краінамі, у тым ліку заключэньнем пагадненьняў, усе тэхнічныя меры мусяць ахоўвацца правам.
(52) Такім жа чынам, у выпадку прымяненьня выключэньня ці абмежаваньня ў дачыненьні да капіяваньня ў асабістых мэтах адпаведна ч. 2 п. б) арт. 5, краіны-ўдзельніцы мусяць падтрымаць выкарыстаньне добраахвотных мераў, каб дасягнуць мэты, замацаванай у дадзеным выключэньні ці абмежаваньні. Калі ў магчымы тэрмін ніякія меры, прызначаныя дазволіць рэпрадукаваньне ў асабістых мэтах, не былі зробленыя, краіны-ўдзельніцы могуць забараніць карыстаньне прывілеямі асобам, на карысьць якіх такія выключэньні і абмежаваньні былі ўсталяваныя. Добраахвотныя меры, у тым ліку заключэньне пагадненьняў паміж праваўладальнікамі і іншымі закранутымі бакамі, прынятыя праваўладальнікамі, і меры, прынятыя самімі краінамі-ўдзельніцамі, не перашкаджаюць праваўладальнікам карыстацца тэхнічнымі мерамі, сумяшчальнымі з выключэньнямі і абмежаваньнямі ў дачыненьні да права на капіяваньне і выкарыстаньне твору ў асабістых мэтах, прадугледжанымі нацыянальным правам гэтых краінаў у адпаведнасьці з ч. 2 п. б) арт.5. Неабходнасьць выплочваньня справядлівай кампэнсацыі, прадугледжанай у гэтым палажэньні, і розныя спосабы выкарыстаньня твору адпаведна ч. 5 арт. 5, напрыклад розная колькасьць рэпрадукцыяў, кантроль за такой колькасьцю мусяць улічвацца. З мэтай унікнуць злоўжывньня гэтымі мерамі, усе тэхнічныя меры, якія прымяняюцца, карыстаюцца праўнай аховай.
(53) Тэхнічныя меры мусяць гарантаваць эфэктыўную ахову інтэрактыўных паслугаў на запыт. Выкарыстаньне такіх паслугаў дазваляе кожнай асобе мець магчымасьць атрымаць доступ да твораў ці іншых аб’ектаў у месцы і ў час, які яна выбірае індывідуальна. У выпадку, калі гэтыя паслугі рэгулююцца кантрактнымі пагадненьнямі, першы і другі абзацы ч. 4 арт. 6 не прымяняюцца. Неінтэрактыўныя формы выкарыстаньня твораў рэгулююцца гэтымі палажэньнямі.
(54) Пэўныя посьпехі былі дасягнутыя ў сфэры нармалізацыі тэхнічных сыстэмаў ідэнтыфікацыі твораў у лічбавай форме на міжнародным узроўні. Ва ўмовах, калі сецівая прастора пачынае займаць усё больш важнае месца, адрозьненьні, якія існуюць паміж тэхічнымі мерамі, могуць прывесьці да несумяшчальнасьці гэтых сыстэмаў. Таму існуе неабходнасьць прывесьці гэтыя сытэмы да іх максымальнай сумяшчальнасьці і сумеснага функцыянаваньня, а таксама да распрацоўкі тэхнічных сыстэмаў міжнароднага характару.
(55) Тэхналягічная эвалюцыя робіць больш лёгкім працэс распаўсюду твораў, у прыватнасьці ў сеціве. Таму неабходна палепшыць магчымасьць ідэнтыфікацыі твору, самога аўтара ці іншага праваўладальніка. Таксама ў мэтах палягчэньня кіраваньня аўтарскім правам і сумежнымі правамі неабходна забясьпечыць усіх зацікаўленых асобаў неабходнай інфармацыяй пра ўмовы і віды выкарыстаньня твору. Праваўладальнікі мусяць выкарыстоўваць знакі, якія акрамя вышэйазначанай інфармацыі, зьмяшчаюць інфармацыю пра дазвол праваўладальнікаў на выкарыстаньне твору, распаўсюджаным у сеціве.
(56) Тым ня менш, існуе рызыка ажыцьцяўленьня незаконных дзеяньняў у мэтах устаранення ці зьмяненьня электроннай інфармацыі пра кіраваньне правамі на твор, распаўсюд, імпарт з мэтай распаўсюду, тэлерадыёвяшчаньне, паведамленьне да ўсеагульнага ведама ці давядзеньне да ўсеагульнага ведама твораў, інфармацыя пра якія была ўстароненая без дазволу. У мэтах недапушчэньня прымяненьня фрагмэнтарнай праўнай аховы, якая можа перашкодзіць функцыянаваньню ўнутранага рынку, неабходна прадугледзіць гарманізаваную праўную ахову твораў супраць любога такога дзеяньня.
(57) Сыстэмы, якія зьмяшчаюць інфармацыю пра кіраваньне правамі, могуць таксама зьмяшчаць прыватныя зьвесткі, якія тычацца звычак спажываньня асобных суб’ектаў і дазволіць нагляд за онлайнавым карыстаньнем творамі. Гэтыя тэхнічныя сродкі ў сваім функцыянаваньні мусяць адпавядаць прынцыпам аховы прыватнага жыцьця, замацаваных у Дырэктыве 95/46/СЕ Эўрапейскага Парлямэнту і Рады ад 24 кастрычніка 1995. Гэтая Дырэктыва прысьвечаная ахове фізычных асобаў у дачыненьні да зьвестак прыватнага характару і свабоднай цыркуляцыі гэтых зьвестак (10).
(58) Краіны-ўдзельніцы мусяць прадугледзіць эфэктыўныя санкцыі і сродкі праўнай аховы за парушэньне правоў і абавязкаў, прадугледжаных гэтай Дырэктывай. Яны прымаюць усе неабходныя меры, каб гэтыя санкцыі і сродкі праўнай аховы былі прымененыя.
(59) З мэтай парушэньня правоў трэція асобы могуць выкарыстоўваць паслугі пасярэднікаў, асабліва ў лічбавай прасторы. У той жа час, менавіта гэтыя пасярэднікі ёсьць найлепшымі асобамі, якія могуць спыніць гэтыя парушэньні. Таму, калі гэта не ўшчэмлівае неабгрунтавана магчымасьць выкарыстаньня іншых мераў узьдзеяньня, праваўладальнікі мусяць мець магчымасьць рабіць стараньні аб вынясеньні загаду судзьдзі ў дачыненьні да пасярэдніка, які перадае па сеціве кантрафактны аб’ект, створаны трэцімі асобымі, спыніць гэтыя незаконныя дзеяньні . Гэтая магчымасьць мусіць быць прадугледжаная нават у выпадку, калі дзеяньні пасярэдніка складаюць прадмет выключэньня, замацаванага ў арт. 5. Умовы і віды такога загаду мусяць зьмяшчаць нацыянальныя заканадаўствы.
60) Ахова, якая прадугледжваецца гэтай Дырэктывай, не закранае палажэньняў нацыянальных нарматыўных актаў і актаў Супольнасьці ў іншых сфэрах, такіх як прамысловая ўласнасьць, ахова дадзеных, паслугі умоўнага доступу ці паслугі да ўмоўнага доступу, доступ да афіцыйных дакумэнтаў, якія могуць паўплываць на ахову аўтарскага права і сумежных правоў.
61) У мэтах адпаведнасьці з Дамовай САІУ аб выкананьнях і фанаграмах, існуе неабходнасьць унесьці зьмены ў Дырэктывы 92/100/СЕЕ і 93/98/СЕЕ,
ЗАЦЬВЕРДЗІЛІ ГЭТУЮ ДЫРЭКТЫВУ:
Разьдзел 1
Аб’екты і сфэра прымяненьня
Артыкул першы
Сфэра прымяненьня
1. Гэтая Дырэктыва забясьпечвае праўную ахову аўтарскага права і сумежных правоў на ўнутраным рынку з улікам асаблівасьцяў інфармацыйнага грамадзтва.
2. Акрамя выпадкаў, прадугледжаных у арт. 11, гэтая Дырэктыва ніякім чынам не закранае палажэньні Супольнасьці, якія тычацца:
a) праўнай аховы кампутаровых праграмаў;
b) права на пракат і пазыку некаторых правоў, сумежных з аўтарскім правам у галіне інтэлектуальнай уласнасьці;
c) аўтарскага права і сумежных правоў, прымяняльных да тэлерадыёвяшчаньня праграмаў пры дапамозе спадарожніка і рэтрансляцыі пры дапамозе кабэля;
d) тэрміну аховы аўтарскага права і некаторых сумежных правоў;
e) юрыдычнай аховы базаў дадзеных.
Разьдзел 2
Правы і выключэньні
Артыкул 2
Права на рэпрадукаваньне
Краіны-ўдзельніцы замацоўваюць выключнае права дазваляць ці забараняць наўпроставае ці ўскоснае, часовае ці сталае рэпрадукаваньне любым спосабам і ў любой форме, цалкам або па частках за:
a) аўтарамі ў дачыненьні да іх твораў;
b) выканаўцамі ў дачыненьні да запісаў іх выкананьняў;
c) выробцамі фанаграмаў у дачыненьні да іх фанаграмаў;
d) выробцамі першых запісаў фільмаў у дачыненьні да арыгіналу ці асобнікаў іх фільмаў;
e) арганізацыямі тэлерадыёвяшчаньня ў дачыненьні да запісаў іх праграмаў, распаўсюджаных па правадах ці шляхам бяздротавай сувязі, у тым ліку па кабэлі ці праз спадарожнік.
Артыкул 3
Права на паведамленьне твораў да ўсеагульнага ведама і права на давядзеньне іншых аб’ектаў права да ўсеагулнага ведама
1. Краіны-ўдзельніцы замацоўваюць за аўтарамі выключнае права дазваляць ці забараняць любое паведамленьне да ўсеагульнага ведама іх твораў, па правадах ці шляхам бяздротавай сувязі, у тым ліку давядзеньне да ўсеагульнага ведама іх твораў такім чынам, што кожная асоба можа ажыцьцяўляць доступ да твора зь любога месца і ў любы час па яе ўласным выбары.
2. Краіны-ўдзельніцы замацоўваюць выключнае права дазваляць ці забараняць давядзеньне да ўсеагульнага ведама па правадах ці шляхам бяздротавай сувязі такім чынам, што кожная асоба можа ажыцьцяўляць доступ да твору зь любога месца і ў любы час па яе ўласным выбары за:
a) выканаўцамі ў дачыненьні да запісаў іх выкананьняў;
b) выробцамі фанаграмаў у дачыненьні да іх фанаграмаў;
c) за выробцамі першых запісаў фільмаў у дачыненьні да арыгінала ці копіяў іх фільмаў;
d) арганізацыямі тэлерадыёвяшчаньня ў дачыненьні да запісаў іх праграмаў, распаўсюджаных па правадах ці шляхам бяздротавай сувязі, у тым ліку па кабэлі ці праз спадарожнік.
3. Правы, замацаваныя ў частках 1 і 2, не вычэрпваюцца пасьля акту паведамленьня да ўсеагульнага ведама ці давядзеньня да ўсеагульнага ведама твора ў сэнсе гэтага Артыкула. .
Артыкул 4
Права на распаўсюд
1. Краіны-ўдзельніцы замацоўваюць за аўтарамі выключнае права дазваляць ці забараняць распаўсюд арыгінала ці асобнікаў твору праз продаж ці іншым спосабам.
2. Права на распаўсюд арыгінала ці копіяў твору вычэрпваецца толькі пасьля першага продажу ці іншага першага акту перадачы ўласнасьці на гэты аб’ект праваўладальнікам ці зь яго згоды іншай асобай на тэрыторыі Супольнасьці.
Артыкул 5
Выключэньні і абмежаваньні
1. Рэпрадукаваньне, якое мае кароткачасовы і другасны характар і складае падставовую і неад’емную частку тэхналягічных працэсаў, адзінай мэтай якога ёсьць:
a) перадача твору ў сеціве паміж трэцімі асобамі пры дапамозе пасярэдніка ці
b) законнае выкарыстаньне
твору, які не мае незалежнага эканамічнага значэньня, ёсьць выключэньнем з права на рэпрадукаваньне, замацаванага ў арт. 2.
2. Краіны-ўдзельніцы маюць магчымасьць прадугледзіць выключэньні і абмежаваньні ў дачыненьні да права на рэпрадукаваньне, замацаванае ў арт. 2, у наступных выпадках:
a) калі рэпрадукаваньне ажыцьцяўляецца на паперы ці на іншым падобным носьбіце праз фотакапіяваньне ці іншым падобным спосабам пры ўмове атрыманьня праваўладальнікамі справядлівай кампэнсацыі. Гэтае выключэньне не распаўсюджваецца на рэпрадукаваньне музычных нотаў.
b) калі рэпрадукаваньне твораў ажыцьцяўляецца фізычнай асобай у асабістых мэтах і не скіраванае на наўпроставае атрыманьне прыбытку пры ўмове выплочваньня праваўладальнікам справядлівай кампэнсацыі з улікам прымяненьня ці непрымяненьня тэхнічных мераў, разгледжаных у арт. 6, пры такім рэпрадукаваньні;
c) калі рэпрадукаваньне ажыцьцяўляецца публічнымі бібліятэкамі, адукацыйнымі ўстановамі, музэямі ці архівамі, дзейнасьць якіх не скіраваная на наўпроставае ці ўскоснае атрыманьне прыбытку;
d) пры кароткачасовых запісах твораў арганізацыямі тэлерадыёвяшчаньня сваімі асабістымі сродкамі і для сваіх уласных перадачаў; захаваньне гэтых запісаў у афіцыйных архівах можа быць дазволенае па прычыне іх выключнай дакумэнтальнай каштоўнасьці;
e) калі рэпрадукаваньне перадачаў ажыцьцяўляецца грамадзкімі інстытутамі, такімі як шпіталі ці турмы, і не скіраванае на атрыманьне прыбытку, пры ўмове выплочваньня праваўладальнікам справядлівай кампэнсацыі.
3. Краіны-ўдзельніцы маюць магчымасьць увесьці наступныя выключэньні і абмежаваньні ў дачыненьні да правоў, замацаваных у арт. 2 і 3:
a) выкарыстаньне ў якасьці ілюстрацыяў у дзейнасьці адукацыйнага ці навуковага характару з абавязковым пазначэньнем, калі гэта падаецца магчымым, крыніцы запазычваньня і імя аўтара ў аб’ёме, які адпавядае такой мэце;
b) выкарыстаньне твораў інвалідамі ў тым аб’ёме, у якім гэта падаецца неабходным;
c) рэпрадукаваньне ў газэтах, паведамленьне да ўсеагульнага ведама і давядзеньне да ўсеагульнага ведама апублікаваных артыкулаў на эканамічныя, палітычныя ці рэлігійныя тэмы, твораў, перададзеных шляхам тэлерадыёвяшчаньня, калі такое выкарыстаньне не было спэцыяльна забароненае, а таксама выкарыстаньне твораў у аглядах падзеяў у аб’ёме, адпаведным мэце інфармаваньня з абавязковым пазначэньнем, калі гэта падаецца магчымым, крыніцы запазычваньня і імя аўтара;
d) цытаваньне ў крытычных і інфармацыйных мэтах урыўкаў з твораў, правамерна даведзеных да ўсеагульнага ведама, з пазначэньнем, калі гэта падаецца магчымым, крыніцы і імя аўтара ў аб’ёме, адпаведным мэце цытаваньня, пры ўмове, калі такое цытаваньне ня шкодзіць аўтару;
e) выкарыстаньне ў мэтах грамадзкай бясьпекі, а таксама для адміністрацыйных, парлямэнцкіх ці судовых працэдураў ці ў мэтах асьветленьня ходу падзеяў гэтых працэдураў;
f) выкарыстаньне палітычных прамоваў, урыўкаў з публічных канфэрэнцыяў ці іншых падобных твораў у аб’ёме, адпаведным мэце такога выкарыстаньня, з пазначэньнем, калі гэта падаецца магчымым, крыніцы і імя аўтара;
g) выкарыстаньне твораў пры правядзеньні рэлігійных ці афіцыйных дзяржаўных цэрэмоніяў;
h) выкарыстаньне твораў архітэктуры ці скульптуры, якія стала разьмешчаныя ў адкрытым для публікі месцы;
i) выпадковае ўключэньне аднаго твору ў іншы аб’ект;
j) выкарыстаньне твораў у мэтах інфармаваньня пра правядзеньне выставаў ці продажу мастацкіх твораў у аб’ёме, неабходным для асьветленьня такіх падзеяў, калі яно ня мае камэрцыйнага характару.
k) выкарыстаньне твораў у мэтах парадыраваньня і карыкатуры;
l) выкарыстаньне твораў у мэтах паказу ці рэканструкцыі абсталяваньня;
m) выкарыстаньне мастацкага твора, які ўяўляе сабой будынак ці малюнак ці плян будынка ў мэтах рэканструкцыі гэтага будынка;
n) выкарыстаньне шляхам паведамленьня ці давядзеньня да ўсеагульнага ведама ў мэтах дасьледаваньня ці навучаньня прыватнага характару ў памяшканьнях установаў, разгледжаных у ч. 2 пункту c), твораў, якія ёсьць часткай калекцыяў гэтых установаў, калі такія дзеяньні не падпадаюць пад умовы куплі ці іх ліцэнзаваньня;
o) выкарыстаньне твораў у некаторых іншых нязначных выпадках, права на якое ўжо замацаванае ў нацыянальным заканадаўстве, калі яно аналягічнае прадугледжаным у Дырэктыве выключэньням і абмежаваньням і не закранае свабоднае перамяшчэньне тавараў і паслугаў у краінах Супольнасьці, а таксама не супярэчыць іншым выключэньням і абмежаваньням гэтай Дырэктывы.
4. Так як краіны-ўдзельніцы маюць магчымасьць прадугледзіць выключэньне ці абмежаваньне ў дачыненьні да права на рэпрадукаваньне ў адпаведнасьці з часткамі 2 і 3, яны таксама могуць прадугледзіць выключэньне ці абмежаваньне ў дачыненьні да права на распаўсюд, замацаванае ў арт. 4, у той ступені, у якай гэта адпавядае мэце дазволенага рэпрадукаваньня.
5. Выключэньні і абежаваньні, прадугледжаныя часткамі 1, 2, 3 і 4, прымяняюцца толькі ў асаблівых выпадках, калі такое прымяненьне не перашкаджае нармальнаму выкарыстаньню твору і не ўшчамляе неабгрунтавана законныя інтарэсы праваўладальнікаў.
Разьдзел 3
Ахова тэхнічных мераў і інфармацыі пра кіраваньне правамі
Артыкул 6
Абавязкі ў дачыненьні да тэхнічных мераў
1. Краіны-ўдзельніцы прадугледжваюць дастатковую праўную ахову супраць абыходу эфэктыўных тэхнічных мераў, які асоба ажыцьцяўляе ведаючы, ці маючы значныя падставы меркаваць, што яна перасьледуе менавіта гэтую мэту.
2. Краіны-ўдзельніцы прадугледжваюць дастатковую праўную ахову супраць вырабу, імпарту, распаўсюджваньня, продажу, пракату, рэклямаваньня з мэтай продажу ці пракату, валоданьня ў камэрцыйных мэтах мэханізмамі, вырабамі ці кампанэнтамі ці аказаньня паслугаў, якія:
a) прасунутыя на рынак, разрэклямаваныя ці рэалізаваныя ў мэтах абыхода аховы ці
b) маюць толькі адну абмежаваную камэрцыйную мэту ці выкарыстаньне ня ў мэтах абыходу аховы ці
c) якія задуманыя, вырабленыя, адаптаваныя і рэалізаваныя ў мэтах дазволіць ці палегчыць абыход аховы любога эфэктыўнага тэхнічнага сродка.
3. У мэтах гэтай Дырэктывы пад тэхнічнымі мерамі разумеюць любую тэхналёгію, мэханізм ці кампанэнт, функцыянаваньне якіх прызначанае перашкодзіць ці абмежаваць дзеяньні, не дазволеныя ўладальнікам аўтарскага права і сумежных правоў, права sui generis, якое замацаванае ў разьдзеле 3 Дырэктывы 96/9/СЕ. Тэхнічныя меры ёсьць эфэктыўнымі, калі выкарыстаньне твора кантралюецца праваўладальнікам праз выкарыстаньне ім кода доступу ці мэханізма аховы, такога як крыптаграфія, глушэньне ці іншае зьмяненьне тэксту, а таксама праз прымяненьне мэханізму кантролю за капіяваньнем, якое супярэчыць мэтам аховы.
4. Нягледзячы на праўную ахову, прадугледжаную часткай 1, у выпадку адстутнасьці добраахвотных мераў з боку праваўладальнікаў, у тым ліку дамоваў паміж імі і іншым закранутымі бакамі, краіны-ўдзельніцы прымаюць адпаведныя меры ў мэтах забесьпячэньня асобаў, на карысьць якіх ў нацыянальным праве замацаваныя выключэньні і абмежаваньні згодна ч. 2 арт. 5 пунктаў a), c), d) і e) і ч. 3 арт. 5 пунктаў a), b), e), магчымасьцю карыстаньня гэтымі выключэньнямі ці абмежаваньнямі ў той ступені, у якой гэта апраўдана такім карыстаньнем, калі такая асоба мае правамерны доступ да твору.
Краіна-ўдзельніца мае магчымасьць прымаць такія меры ў дачыненьні да карыстальніка выключэньнем ці абмежаваньнем, прадугледжаным ў ч. 2 пункту b) арт. 5, калі рэпрадукаваньне ў асабістых мэтах было дазволенае праваўладальнікамі, у той ступені, у якой гэта неабходна для такога рэпрадукаваньня і згодна ч. 3 пункту b) арт. 5 і ч. 5 арт. 5. Карыстаньне выключэньнем ці абежаваньнем мусіць не перашкаджаць праваўладальніку прымаць адпаведныя меры ў вырашэньні колькасьці рэпрадукцыяў згодна з гэтымі палажэньнямі.
Тэхнічныя меры, прынятыя праваўладальнікамі добраахвотна, у тым ліку тыя, што былі рэалізаваныя пры прымяненьні добраахвотных пагадненьняў, і тэхнічныя меры, якія рэалізуюцца пры прымяненьні мераў, прынятых краінамі-ўдзельніцамі, ахоўваюцца правам згодна ч. 1. Палажэньні першага і другога абзацаў не прымяняюцца ў дачыненьні да твораў, якія даведзеныя да ўсеагульнага ведама па запыце згодна з падпісаныміх дамовамі, такім чынам, што кожная асоба мае доступ да твора зь любога месца і ў любы час, які яна выбірае індывідуальна. Так як гэты артыкул прымяняецца пры адначасовым прымяненьні Дырэктываў 92/100/СЕЕ і 96/9/СЕ, гэты параграф прымяняецца mutatis mutandis.
Артыкул 7
Абавязкі што да інфармацыі пра кіраваньне правамі
1. Краіны-ўдзельніцы прадугледжваюць адпаведную праўную ахову супраць кожнай асобы, якая наўмысна без дазволу праваўладальніка ажыцьцяўляе любое з наступных дзеяньняў:
a) устараняе ці зьмяняе любую электронную інфармацыю пра кіраваньне правамі;
b) распаўсюджвае, імпартуе ў мэтах распаўсюду, перадае ў этэр, паведамляе да ўсеагульнага ведама ці даводзіць да ўсеагульнага ведама творы, якія ахоўваюцца правам згодна з гэтай Дырэктывай і разьдзелам 3 Дырэктывы 96/9/СЕ, электронная інфармацыя пра кіраваньне правамі якіх была ўстароненая ці зьмененая без дазволу, калі такая асоба ведае ці мае дастатковыя падставы меркаваць, што такое дзеяньне будзе спрыяць, дазваляць, палягчаць ці скрываць парушэньне аўтарскага права ці сумежных правоў ці права sui generis, замацаванае ў разьдзеле 3 Дырэктывы 96/9/СЕ.
2. У сэнсе гэтай Дырэктывы інфармацыя пра кіраваньне правамі азначае інфармацыю ад праваўладальніка, якая дазваляе ідэнтыфікаваць твор, які ахоўваецца правам згодна з гэтай Дырэктывай ці правам sui generis згодна з разьдзелам 3 Дырэктывы 96/9/СЕ, самога аўтара ці любога іншага праваўладальніка. Гэты тэрмін азначае таксама інфармацыю пра ўмовы і віды выкарыстаньня твору ці іншага аб’екту, а таксама любы нумар ці код, які зьмяшчае такую інфармацыю. Першы абзац прымяняецца, калі любы з гэтых элемэнтаў інфармацыі дапасаваны да экзэмпляру твору ці зьяўляецца пры паведамленьні да ўсеагульнага ведама твору, які ахоўваецца правам згодна з гэтай Дырэктывай ці правам sui generis згодна з разьдзелам 3 Дырэктывы 96/9/СЕ.
Разьдзел 4
Агульныя палажэньні
Артыкул 8
Санкцыі і праўныя сродкі аховы
1. Краіны-ўдзельніцы прадугледжваюць адпаведныя санкцыі і праўныя сродкі аховы супраць парушэньня правоў і абавязкаў, прадугледжаных гэтай Дырэктывай, і прымаюць усе неабходныя захады, каб гарантаваць іх прымяненьне. Гэтыя санкцыі павінны быць эфэктыўнымі, прапарцыйнымі і пераканаўчымі.
2. Кожная краіна-ўдзельніца прымае неабходныя захады, каб праваўладальнікі, інтарэсы якіх ушчэмленыя здзейсьненым на тэрыторыі гэтай краіны парушэньнем, мелі магчымасьць высоўваць позывы для спагнаньня стратаў і/ці зьвяртацца ў суд са стараньнем аб вынясеньні судзьдзём загаду аб спыненьні незаконных дзеяньняў, аб накладаньні арышту на матэрыялы, з дапамогай якіх было здзейсьнена правапарушэньне, на мэханізмы, вырабы ці капанэнтамі, якім прысьвечаная ч. 2 арт.6.
3. Краіны-ўдзельніцы мусяць гарантаваць праваўладальнікам права прад’яўляць стараньне аб вынясеньні судзьдзём загаду спыніць незаконныя дзеяньні да пасярэдніка, чые паслугі выкарыстаныя трэцімі асобамі ў мэтах парушэньня аўтарскага права ці сумежных правоў.
Артыкул 9
Сувязь зь ішымі палажэньнямі
Гэтая Дырэктыва не закранае палажэньняў, якія тычацца патэнтных правоў, зарэгістрваных гандлёвых знакаў, дызайнарскіх правоў, прамысловых мадэляў, тапаграфіяў паўправаднікоў, тыпаграфскіх шрыфтоў, умоўнага доступу, доступу да кабелю паслугаў тэлерадыёвяшчаньня, аховы нацыянальных скарбаў, праўных патрабаваньняў да абавязковага дэпаніраваньня, правілаў абмежаваньня дзейнасьці і недобрасумленнай канкурэнцыі, прафэсійнай тайны, бясьпекі, канфідэнцыйнасьці, аховы асабістых дадзеных і павагі да прыватнага жыцьця, доступу да афіцыйных дакумэнтаў і дамоўнага права.
Артыкул 10
Прымяненьне ў часе
1. Палажэньні гэтай Дырэктывы распаўсюджваюцца на ўсе творы, якія ахоўваюцца правам згодна з гэтай Дырэктывай, у дачыненьні да якіх на стан 22 сьнежня 2002 дзейнічалі палажэньні нацыянальных нарматыўных прававых актаў краінаў-удзельніцаў у галіне аўтарскага права і сумежных правоў ці крытэры аховы гэтай Дырэктывы ці Дырэктываў, разгледжаных у арт. 1 параграфа 2.
2. Гэтая Дырэктыва прымяняецца, калі яна не супярэчыць іншым актам і не парушае правоў, набытых да 22 сьнежня 2002.
Артыкул 11
Тэхнічныя прыстасаваньні
1. Дырэктыва 92/100/СЕЕ зьмененая наступным чынам:
a) арт. 7 скасаваны;
b) у арт. 10 частка 10 замененая наступным тэкстам:
“3. Абмежаваньні прымяняюцца толькі ў выпадках, калі яны не прычыняюць шкоды нармальнаму выкарыстаньню твору і не ўшчэмліваюць неабгрунтавана законныя інтарэсы праваўладальнікаў.
2. У арт. 3 Дырэктывы 93/98/СЕЕ параграф 2 заменены наступным тэкстам:
“2. Правы вытворцаў фанаграмаў дзейнічаюць на працягу 50 год з моманту запісу фанаграмы. Аднак калі фанаграма была правамерна апублікаваная ў азначаны пэрыяд, правы дзейнічаюць на працягу 50 год з моманту такога правамернага апублікаваньня. Калі фанаграма не была правамерна апублікаваная ў гэты пэрыяд, але была правамерна паведамленая да ўсеагульнага ведама, правы дзейнічаюць на працягу 50 год з моманту першага правамернага паведамленьня да ўсеагульнага ведама. Тым ня менш, калі правы вытворцаў фанаграмаў у зьвязку са спыненьнем тэрміну аховы, прадугледжанага гэтай часткай у папярэднім варыяньце са зьмяненьнямі, прадугледжанымі Дырэктывай 2001/29/СЕ Эўрапейскага парлямэнту і Рады ад 22 траўня 2001 аб гарманізацыі некаторых аспэктаў аўтарскага права і сумежных правоў у інфармацыйным грамадзтве (*) не ахоўваюцца з 22 сьнежня 2002, гэты параграф ня можа прэтэндаваць на ахову гэтых правоў наноў.
(*) АЖ L 167 ад 22.6.2001. ст. 10”
Артыкул 12
Заключныя палажэньні
1. Пасьля 22 сьнежня 2004 года і кожныя 3 гады, Камісія перадае Эўрапейскаму Парлямэнту, Радзе і Эканамічнаму і Сацыяльнаму Камітэту спавешчаньне аб прымяненьні гэтай Дырэктывы і на базе прапанаванай краінамі-ўдзельніцамі інфармацыі яна вывучае ў прыватнсьці прымяненьне арт. 5, арт. 6 і арт. 8 ва ўмовах разьвіцьця лічбавага рынку. Што датычыцца арт. 6, яна вывучае, ці адпавядае ён дастатковаму ўзроўню аховы і ці былі ўжытыя эфэктыўныя тэхнічныя меры ў дачыненьні да дзеяньняў, дазволеных законам. Яна прапануе, калі гэта неабходна ў мэтах забеспячэньня больш эфэктыўнага функцыянаваньня ўнутранага рынку згодна з арт. 14 Дамовы, ўнясеньне зьменаў у гэтую Дырэктыву.
2. Ахова сумежных правоў, прадугледжаная гэтай Дырэктывай, не закранае ніякім чынам ахову аўтарскага права.
3. Утвараецца Кантактны Камітэт . У яго склад уваходзяць прадстаўнікі кампэтэнтных уладаў краінаў-удзельніцаў. Яго ўзначальвае прадстаўнік Камісіі. Ён зьбіраецца зь яго ініцыятывы ці на запыт дэлегацыі краіны-ўдзельніцы.
4. Мэтамі камітэту ёсьць:
a) вывучэньне ўзьдзеяньня гэтай Дырэктывы на функцыянаваньне ўнутранага рынку і абвяшчэньне аб выпадковых праблемах;
b) арганізаваньне кансультацыяў па любым пытаньні, якое ўзьнікае ў зьвязку з прымяненьнем гэтай Дырэктывы;
c) палегчыць абмен інфармацыяй пра развіцьцё ў сфэры заканадаўства і юрыспрудэнцыі, а таксама ў галіне эканомікі, сацыяльнай, культарнай і тэхналягічнай сфэры;