Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Міжнароднае права
Беспасярэдняя адказнасць транснацыянальных карпарацыяў за парушэнні правоў чалавека | Аляксандра Кукрэш | 18.4.2006

Паняткі “глабалізацыя” і “правы чалавека” сёння вельмі шырока ўжываныя ў выслоўях для характарыстыкі апошніх трансфармацый у сучасным свеце. Абодва паняткі адбіваюць новыя змены на міжнародным узроўні, якія ўплываюць на дзяржавы й грамадствы. У прыватнасці, глабалізацыя капіталу, рынкаў і паслугаў разам са скасаваннем дзяржаўных бар’ераў на шляху гандлю і інвестыцыяў падаецца непазбежнай тэндэнцыяй развіцця сучаснага свету. Гэтыя з’явы вядуць да павелічэння ўплыву некаторых суб’ектаў на міжнароднай арэне. Асабліва гэта датычыць транснацыянальных карпарацыяў, якія часта маюць большую глабальную значнасць у параўнанні з маленькімі і беднымі суверэннымі дзяржавамі, прадстаўленымі ў ААН.

Транснацыянальныя карпарацыі абвінавачваюцца ў дачыненні да шматлікіх простых і ўскосных парушэнняў палітычных, цывільных, сацыяльных, эканамічных і культурных правоў чалавека[1]. Прыкладамі гэтага слугуюць цяжкія парушэнні правоў чалавека ў Нігерыі, Бірме, Пакістане, Індыі, Судане і шматлікіх іншых развітых краінах свету[2]. Той факт, што дзяржаўная ўлада паступова страчвае свае пазіцыі, вызначае патрэбу ў эфектыўных мэханізмах забеспячэння абароны правоў чалавека ў выпадку незаконных дзеянняў недзяржаўных актараў, такіх як ТНК.

Дадзены артыкул прысвечаны пытанню ўсталявання непасрэднай адказнасці ТНК у адпаведнасці з міжнародным правам. Будзе разгледжана пытанне праўнай адказнасці ТНК і магчымыя шляхі накладання абавязкаў на ТНК згодна з міжнародным правам і, асабліва, міжнародным правам аб правах чалавека. Спачатку мы даследуем пытанне правасуб’ектнасці ТНК, ці, іншымі словамі, магчымасць вызначыць ТНК суб’ектам міжнароднага права дзеля таго, каб прадугледзець непасрэднае стасаванне да апошняй міжнародных нормаў. Потым мы закранем новыя напрацоўкі ў рамках міжнароднага дыскурсу аб правах чалавека, спрабуючы стасаваць інструменты забеспячэння правоў чалавека ў дачыненні да недзяржаўных актараў.

1. ТНК як суб’екты міжнароднага права

Падыход, які вызнаваў суб’ектамі міжнароднага права толькі дзяржавы, пачаў аспрэчвацца Філіпам Джэсапам (Philip Jessup[3]). Ён высунуў гіпотэзу, што асобы гэтаксама фактычна з’яўляюцца суб’ектамі міжнароднага права.

Крытыка класічнага падыходу будуецца перш за ўсё на тым, што сам факт таго, што дзяржавы — гэта адзіная крыніца ўлады і закону, не вядзе да высновы, што яны адзіныя суб’екты міжнароднага права: “Міжнародная сістэма — гэта сістэма дзяржаваў, якая складаецца з дзяржаваў у значнай меры для дзяржаваў, але не толькі для іх. Законы прымаюцца дзяржавай, і ў сваю чаргу гэтыя законы ствараюць іншыя суб’екты, якім надаюцца статус, паўнамоцтвы, правы, абавязкі і сродкі для абароны сваіх правоў у межах міжнароднай сістэмы”[4]. Акрамя таго, Міжнародны Суд зацвердзіў, што суб’екты міжнароднага права й іхныя правы і абавязкі адрозніваюцца: “Суб’екты права якой-колечы прававой сістэмы неабавязкова ёсць ідэнтычнымі па сваёй прыродзе ці аб’ёму правоў”[5].

Гэткім чынам, нішто не перашкаджае разглядаць ТНК як суб’ект міжнароднага права. Самое існаванне міжнародных нормаў, якія закранаюць дзейнасць ТНК, дазваляе называць ТНК суб’ектамі міжнароднага права[6]. У розных сферах існуюць пэўныя міжнародныя інструменты, якія надаюць ТНК шэраг правоў[7], непасрэдна накладаюць на ТНК міжнародныя абавязкі[8] (напрыклад, не ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны-гаспадара)[9], заклікаюць да рэгулявання дзейнасці ТНК на міжнародным узроўні[10]. Сыходзячы з гэтага, факт валодання ТНК міжнароднымі правамі і абавязкамі з’яўляецца падставай вызнання ТНК суб’ектам міжнароднага права, бо міжнародная суб’ектавасць паўстае з факту валодання правамі, замацаванымі і абароненымі міжнародным правам, і абавязкамі, накладзенымі праўнымі інструментамі[11].

2. Як суб’ект міжнароднага права ТНК можа несці адказнасць за парушэнні міжнароднага права

Пасля другой сусветнай вайны крымінальныя кодэксы некаторых краін, галоўным чынам краін агульнага права, вызнавалі ідэю крымінальнай адказнасці карпарацый[12].

Згодна з даследаваннямі незалежнага даследніцкага фонду (Fafo), утворанага ў 1982 г. Канфэдэрацыяй Прафзвязаў Нарвегіі, у крымінальных кодэксах Канады, Францыі, Вялікай Брытаніі, ЗША і Нарвегіі існуюць палажэнні, якія вызначаюць магчымасць прыцягнення да суда камерцыйнай арганізацыі за вайсковыя злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва, учыненыя за межамі гэтых краін[13].

Акрамя гэтага, такі падыход існуе ў Еўропе; у прыватнасці, у 1988 г. Рада Еўропы рэкамендавала краінам, у крымінальным кодэксе якіх на той момант яшчэ не была прадугледжаная крымінальная адпавядальнасць карпарацый, перагледзець свае законы[14]. Гэткім чынам, адказнасць карпарацый паўстае як ідэя, добра ўсвядомленая на дзяржаўным узроўні. Гэтая тэндэнцыя вызнаецца рознымі аўтарамі[15], і таксама Раберта Ага, адмысловым карэспандэнтам Камісіі міжнароднага права пры ААН па пытаннях дзяржаўнай праўнай адказнасці[16]. Да іншых прыкладаў, якія адбіваюць дадзеную тэндэнцыю, можна далучыць распрацоўку Радай Еўропы праекту канвенцыі па абароне навакольнага асяроддзя ў межах крымінальнага права, дзе прапісана праўная крымінальная адказнасць юрыдычных асобаў[17].

Адной з крыніц міжнароднага права з’яўляюцца “агульныя прынцыпы права, вызнаныя цывілізаванамі краінамі”[18]. Калі крымінальная адказнасць карпарацый вызнаецца ў межах нацыянальных сістэм права, тады яна можа быць вызнаная на міжнародным узроўні[19]. Выпраўным пунктам адказнасці ТНК па міжнародным праве ёсць Усеагульная Дэкларацыя правоў чалавека (УДПЧ), у прэамбуле да якой зазначана, што “кожны орган грамадства” абавязаны прытрымлівацца першасных палажэнняў па правох чалавека[20]. Акрамя гэтага, існаванне гэткіх міжнародных інструментаў, як Трохбаковая Дэкларацыя прынцыпаў па шматнацыянальных кампаніях і сацыяльнай палітыцы (Міжнародная арганізацыя працы, 16.11.1977) у міжнародных праўных матэрыялах, 1978,15; АЭСР (Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва й развіцця, 1997). Напрацоўкі АЭСР датычна шматнацыянальных кампаній могуць быць выкарыстаныя нацыянальнымі ўрадамі для накладання на ТНК унутрыдзяржаўных абавязкаў. Найбольш шматбаковай схемай па абавязках ТНК датычна правоў чалавека з’яўляюцца “Нормы ААН аб адказнасці ТНК і іншых камерцыйных арганізацый у сферы правоў чалавека”[21]. Дзейны дакумент разглядае магчымысць прымусовага ажыццяўлення гэтых норм праз рашэнні нацыянальных і міжнародных судоў згодна з нацыянальным і міжнародным правам”[22].

Сыходзячы з таго, што ТНК можна лічыць суб’ектам у святле наяўных пазітыўных міжнародных норм, якія непасрэдна рэгулююць ейную дзейнасць, беручы пад увагу нядаўнія змены канцэпту міжнароднай абароны правоў чалавека ў форме вызнання адказнасці недзяржаўных актараў і звычаёвага прыцыпу, які ўсталёўвае індывідуальную адказнасць за парушэнні нормаў агульнага міжнароднага права, мы можам зрабіць выснову, што ТНК нясуць беспасярэднюю адказнасць за парушэнні правоў чалавека. Тут неабходна запытацца, ці ўсе вышэйзгаданыя міжнародныя праўныя інструменты ёсць дастаткова эфектыўнымі для ўсебаковай абароны асобаў ад незаконных дзеянняў ТНК. Рэчаіснасць дае негатыўны адказ. Гэтаму ёсць шмат тлумачэнняў, але галоўнай прычынай застаецца адсутнасць абавязковых міжнародна-праўных норм. Дамовы і іншыя прааналізаваныя вышэй міжнародныя інструменты лічацца гэтак званым “мяккім” правам, якое не мае забавязвальнага дзеяння на свае суб’екты. Не зважаючы на гэта, апошнія змены ў міжнародным праве і спробы міжнароднай супольнасці накласці на ТНК праўную адказнасць падаюцца першымі крокамі да забеспячэння фактычнай, а не ўяўнай абароны правоў чалавека.



[1] Існуе прынамсі пяць розных выпадкаў (прыведзеных ніжэй), калі паўставала праблема стаўлення ТНК да правоў чалавека і калі некаторыя актары былі вымушаныя шукаць шляхі прыцягнення ТНК да адказнасці. Па-першае, калі кампанія вядзе камерцыйную дзейнасць у краіне, дзе маюць месца парушэнні правоў чалавека, што ў сваю чаргу можа быць разгледжана, як простае і ўскоснае судзейнічанне гэтым парушэнням; па-другое, калі сярод сродкаў вытворчасці сустракаецца выкарыстанне дзіцячай працы, прымусовай працы ці працы ва ўмовах рызыкі жыццю і здароўю чалавека; па-трэцяе, калі прадукцыя кампаніі выкарыстоўваецца ў сітуацыях парушэння правоў чалавека; па-чацвертае, калі ўнутры кампаніі мае месца, напрыклад, забарона прафзвязаў, несправядлівая аплата працы, дыскрымінацыя працоўных на падставе расы, колеру скуры, полу, веравызнання і іншых крытэрах; па-пятае, калі спажыўцу не надаецца поўная інфармацыя пра тую рызыку, якую можа несці ўжыванне прадукцыі кампаніі. Гл.: Schierbeck J. Industry and Human Rights. 1998. A. P. 51.

[2] Гл. паведамленні пра яўныя парушэнні правоў чалавека ў свеце на http://www.earthrights.org/morenews.shtml, www.antislavery.org.

[3] Jessup Ph. A Modern Law of Nations. London: Macmillan, 1946. — 236 p.

[4] Henkin. International Law. Politics, Values and Functions. General Course on Public International Law. 215. Recueil des cours de l’Académie de Droit International. Dordrecht: Martinus Nijhoff Publishers, 1989. 35. IV.

[5] Reparations for Injuries Suffered in Service of UN (Advisory Opinion), International Court of Justice Reports. 1949. — 178 p.

[6] Danailov Silvia. The Accountability of Non-State Actors for Human Rights Violations: the Special Case of Transnational Corporations. 1998. — 29 p.

[7] Convention on the Settlement of Investment Disputes between States and Nationals of other States in 575 UNTS 159, adopted 18.3.1965; entered into force 14.10.1966.

[8] Commission on Transnational Corporations, Report on the Eighth Session, Supplement № 8. Doc. E/1982/18 (E/C.10/1982/19).

[9] Charter of Economic Rights and Duties of States, adopted 12.12.1974, A/RES/3281 (XXIX).

[10] ILO Tripartite Declaration of Principles concerning Multinational Enterprises and Social Policy (16.11.1977) in International Legal Materials, 1978,15; OECD (1997) The OECD Guidelines for Multinational Enterprises. United Nations Norms on Responsibility of Transnational Corporations and Other Business Enterprises with Regard to Human Rights, UN doc E/CN/.4/Sub.2/2003/12, Global Compact, Code of Conduct for European Multinationals. European Parliament (EP), Resolution A4-0508/98 of 1998.

[11] Danailov Silvia. Op. cit.

[12]Victoria Court Sets Path for PNG Ok Tedi Lawsuit, (Aug. 28, 2001), at http://www.planetark.org/dailynewsstory.ctm/newsid12166/story.htm; Ngcobo and Others v. Thor Chemicals Holdings Ltd, TLR 10 November 1995; Cape to Compensate South Africa Asbestos Miners, Dec. 24, 2001 at http://www.planetark.org/dailynewsstory.cfm/newsid/13833/newsDate/24-Dec-2001/story.htm; Транснацыянальныя карпарацыі часта маюць большую глабальную значнасць у параўнанні з маленькімі і беднымі суверэннымі дзяржавамі, прадстаўленымі ў ААН.

[13] A Comparative Survey of Private Sector Liability for Grave Violations of International Law in National Jurisdictions: http://www.fafo.no/liabilities/nat_surv.htm.

[14] Council of Europe. Recommendation R (88)18.

[15] Joseph Sarah. Corporations and Transnational Human Rights Litigation. Oxford — Portland — Oregon: Hart Publishing, 2004. P. 13; Danailov Silvia. Supra note 5. P. 31.

[16] International Law Commission; (A/CN. 4/490/Add. 3: §92).

[17] Гл. аналіз: E/CN. 4/1996/17: § 55—56.

[18] Statute of The International Court of Justice, art. 38 (c).

[19] Danailov Silvia. Гл. п. 5. C. 31.

[20] Universal Declaration of Human Rights (UDHR), (10 Dec. 1948).

[21] United Nations Norms on Responsibility of Transnational Corporations and Other Business Enterprises with Regard to Human Rights, UN doc E/CN/.4/Sub.2/2003/12.

[22] Joseph Sarah. Гл. п. 5. С. 10.

_______________________________

Аляксандра Кукрэш — навучаецца на V курсе факультэту міжнародных стасункаў БДУ, спецыялізацыя “Міжанроднае прыватнае права”, праўнік прадстаўніцтва ангельскае фірмы “Towport ltd”, удзельніца каманды БДУ на конкурсе Jessup.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!