Палата лордаў была і застаецца прадметам спрэчак што да сапраўднага свайго прызначэння ў сучаснай Вялікай Брытаніі. У пачатку дваццатага стагоддзя яе кансерватыўныя пазіцыі, абумоўленыя саслоўна-спадчынным прынцыпам фармавання, сталі прычынай незадавальнення значных палітычных колаў брытанскага грамадства, а ўласна прынцып выглядаў архаічным на тле развіцця ўсеагульнага выбарчага права. Рэфармаванне Палаты рабілася немінучым. Але праз пэўныя прычыны, у тым ліку з прычыны славутага ангельскага традыцыяналізму, працэс рэфармавання зацягнуйся амаль на стагоддзе.
Цягам васьмістагоддзевай гісторыі свайго існавання Палата лордаў ніколі не была ў такім цяжкім становішчы, як на працягу дваццатага стагоддзя.
Напрыканцы XIX стагоддзя Палата лордаў складалася са спадчынных лордаў, лордаў, абраных пэрамі Шатландыі і Паўночнай Ірландыі, духоўных лордаў (26 найбольш паважаных біскупаў) і чатырох лордаў-суддзяў, якія, згодна з Актамi Аб апеляцыйнай юрысдыкцыі 1876 і 1887 гадоў, займалі свае месцы ў Палаце пажыццёва. Акт Аб дыскваліфікацыі банкрутаў 1871 года забараняў банкрутам засядаць і галасаваць у Палаце лордаў. Заканадаўчыя функцыі былі аналагічнымі паўнамацтвам Палаты суполак, за выняткам правіла, якое забараняла верхняй палаце ініцыяваць разгляд і змяненне прапанаванага ніжняй палатай законапраекта аб падатках і дзяржаўнай фінансавай дапамозе грамадзянам (так званая “фінансавая прывілея Палаты суполак”).
Цягам 1880-ых гадоў як урад лейбарыстаў, так і ўрад кансерватараў спрабаваў змяніць склад Палаты лордаў і зрабіць працу Палаты больш эфектыўнай.
У 1911 годзе лорды адхілілі законапраект аб бюджэце 350 галасамі «супраць» і 75 «за». Лейбарыстскі ўрад, сфармаваны ў 1910 годзе, унёс прапанову аб скарачэнні паўнамоцтваў Палаты лордаў, якая затым была трансфармаваная ў Акт. Акрамя гэтага, сама Палата лордаў унесла шэраг прапановаў датычна рэфармавання Палаты, якія перадусім тычыліся яе складу і спосаба забеспячэння моцнай і ўплывовай верхняй палаты. Але ў выніку канстытуцыйнай канферэнцыі прадстаўнікоў Лейбарыстскай і Кансерватыўнай партыяў, зладжанай у 1910 годзе, агульнай дамовы па пытаннях паўнамоцтваў Палаты лордаў дасягнута не было.
1911 годзе прадстаўнікамі апазіцыі ў Палаце лордаў быў прадстаўлены законапраект, які прапанаваў, каб верхняя палата складалася галоўным чынам з сябраў, абраных ускосным чынам. Гэты законапраект быў складзены ў той момант, калі Ўрад унёс свой варыянт законапраекта, які тычыўся толькі паўнамоцтваў, складу верхней палаты і ўзаемадачыненняў Палаты лордаў і Палаты суполак на далёкую перспектыву. Законапраект, прапанаваны Ўрадам, быў ухвалены Палатай лордаў у 1911 годзе пад пагрозай павелічэння колькасці пэраў ад Лейбарыстскай партыі для яго ўхвалення ў выпадку, калі гэта не адбудзецца адразу ж.
Акт 1911 года ўтрымлівае наступныя палажэнні:
- Законапраекты, што названыя спікерам фінансавымі, перадаюцца каралеве для падпісання нават у тым выпадку, калі яны не былі ўхваленыя Палатай лордаў на працягу аднаго месяца пасля таго, як яны былі туды накіраваныя Палатай суполак, ці за месяц да заканчэння парламентскай сэсіі;
- Любы законапраект публічнага характару, акрамя таго, які тычыцца павелічэння тэрміну паўнамоцтваў Парламенту, робіцца законам без ухвалення Палатай лордаў, калі ён быў ухвалены Палатай суполак на трох сэсіях, пры ўмове што час паміж першым чытаннем і канчатковам ухваленнем складае два гады, і законапраект быў перададзены ў Палату лордў не меньш чым за месяц да заканчэння сэсіі;
- Максімальны тэрмін паўнамоцтваў Парламенту змяншаецца з сямі да пяці гадоў.
Акт 1911 года разглядаўся як часовы захад, і меркавалася, што будуць зробленыя наступныя крокі ў рэфармаванні Палаты. У 1917 годзе адбылася канферэнцыя, у якой узялі ўдзел па 15 сябраў ад кожнай палаты і дзе распрацоўваліся прапановы што да складу і паўнамоцтваў Палаты лордаў. У спавешчанні, апублікаваным у 1918 годзе, былі агучаны наступныя агульныя прынцыпы і адмысловыя прапановы аб функцыях і складзе Палаты. Так у паўнамоцтвы Палаты лордаў павінны ўваходзіць:
- разгляд законапраектаў, прапанаваных Палатай суполак;
- ініцыяцыя стасоўна бясспрэчных законапраектаў;
- абмеркаванне найбольш важных пытанняў;
- усе паўнамоцтвы стасоўна нефінансавых законапраектаў;
- палата не мае паўнамоцтваў на змяненні ці дапаўненне фінансавых законапраектаў, якія вызначаныя такімі супольнай камісіяй абедзвюх палат;
- спрэчкі паміж палатамі вырашаюцца Свабоднай камісіяй на канферэнцыі, якая будзе складацца з 30 сябраў ад кожнай з палат;
- у выключных выпадках законапраект, ухвалены Палатай суполак і большасцю сябраў Свабоднай камісіі, можа стаць законам і без ухвалення яго Палатай лордаў;
Палата лордаў мае складацца:
- 246 сябраў, абраных рэгіянальнымі групамі сябраў Палаты суполак;
- 81 сябраў, абраных супольнай камісіяй абедзвюх палат (колькасць спадчынных лордаў павінна паступова змяншацца да 30, а колькасць абраных будзе складаць 51);
- лорды-суддзі застаюцца ў Палаце;
- усе сябры Палаты, акрамя лордаў-суддзяў, засядаюць 12 гадоў, ратацыя адной траціны кожныя чатыра гады.
Вынікі канферэнцыі былі апублікаваныя ў 1918 годзе, як раз у той час, калі Ўрад вырашаў праблемы вайны, і таму пэўных крокаў па выкананні гэтых прапановаў зроблена не было.
У штогадовых зваротах каралевы ў 1920, 1921 і 1922 гадах утрымліваліся звароты да рэформы Палаты лордаў. Выпрацаваныя папярэдняй камісіяй прапановы здаліся Ўраду вельмі радыкальнымі і таму непрымальнымі. У 1922 годзе распачала сваю працу камісія ў новым складзе, якая распрацавала наступныя прапановы:
- Палата лордаў складаецца з 350 сябраў, абраных наўпроставым ці ўскосным чынам;
- Спадчынных пэраў;
- Сябраў, абраных каралевай і што атрымалі пэўны адпаведны статус;
- Палата лордаў мае тыя ж паўнамоцтвы ў дачыненні да фінансавых законапраектаў, што былі прапанаваныя папярэдняй камісіяй;
- усе паўнамоцтвы датычна нефінансавых законапраектаў захоўваюцца.
Гэтыя прапановы патрапілі пад жорстскую крытыку з боку сябраў Палаты лордаў. Канчатковага рашэння па іх прынята не было.
У 1947 годзе Ўрад, сфармаваны Партыяй лейбарыстаў, унёс законапраект, які дазваляў свабодна праводзіць у Парламенце законапраекты, прапанаваныя Ўрадам. Гэты законапраект тычыўся толькі паўнамоцтваў Палаты лордаў і не тычыўся яго складу. Праз ціск з боку кансерватараў разгляд законапраекта ў другім чытанні і перамовы ў фармаце канферэнцыі абедзвюх партыяў былі адкладзены. Але канферэнцыя адбылася, і на ёй абмяркоўваліся пытанні паўнамоцтваў і складу Палаты лордаў як узаемазвязаныя. На канферэнцыі былі дасягнутыя пэўныя дамовы па некалькіх палажэннях рэформы. Так, Палата лордаў павінна была стаць дадатковай сілай, што рэальна спаборнічае з Палатай суполак. У Палаце павінна заўсёды прысутнічаць большасць якой-небудзь партыі, спадчыннае права засядаць у Палаце не павінна разглядацца як самастойная ўмова прыняцця ў яе склад, жанчыны павінны атрымаць права на магчымасць быць прызначанымі ў Палату. Перамовы гэтага кшталту ў Палаце суполак паслаблі ў 1948 годзе.
У такі спосаб, прапанаваны Ўрадам законапраект Палаты лордаў быў адхілены ў другім чытанні. Тым не менш, ён стаў законам у 1949 годзе па правілах, прадугледжаных Актам Аб парламенце ў 1911 года. Акт 1949 года дапоўніў Акт 1911 года: для таго, каб законапраект зрабіўся законам без ухвалення яго Палатай лордаў, неабходна, каб ён прайшоў у Палаце суполак не тры, а дзве сэсіі, тэрмін паміж першым чытаннем і канчатковым ухваленнем скараціўся з двух да днаго года.
У 1958 годзе было прынята палажэнне, згодна з якім пэры, якія не хацелі ці не маглі сістэматычна наведваць Палату, маглі звярнуцца за аркушам аб адсутнасці. Па гэтым аркушу пэры маглі прапускаць паседжанні Палаты, а вяртацца да працы толькі пасля пісьмовага паведамлення аб намеры вярнуцца, пададзеным не пазней за месяц да вяртання.
У 1958 годзе Ўрадам кансерватараў быў ініцыяваны законапраект аб пажыццёвых пэрах. Акт 1958 года ўвёў у Палату лордаў значную групу пажыццёвых лордаў, што мелі той жа парламенцкі статус, што і спадчынныя лорды. Згодна з ім, тутыл пажыццёвага пэра даруе каралева з прадстаўлення Ўрада[1]. Пажыццёвае пэрства па гэтым акце адрозніваецца ад саслоўна-арыстакратычнага тытулу спадчыннага пэра. Яно не набываецца і не перадаецца па спадчыне, а заснавана выключна на асабістых заслугах асобы, і перадусім, на дзяржаўнай ніве. У выніку Акта 1958 года ў палаце лордаў з'явілася значная група «лейбарыстых лордаў», г. зн. адрымаўшых пажыццёвае пэрства па прадстаўленні лейбарыстскага ўраду. З прыходам да ўлады ўраду кансерватараў на чале з М. Тэтчэр у склад Палаты лордаў увайшлі пажыццёвыя пэры, прызначаныя ёю і наступнымі кансерватыўнамі ўрадамі. Колькасныя змяненні і стан сілаў у Палаце лордаў пасля Акту 1958 года залежыў пераважна ад стану дзвюх падставовых партыяў, што папераменна стваралі падчас свайго пабыту ва ўладзе новыя месцы ў верхняй палаце (гл. таблiцу3 ).
Акт аб пажыццёвых пэрах 1958 года ўсталяваў інстытут пажыццёвых пэраў-жанчынаў. Тым не менш, інстытут спадчынных пэраў-жанчынаў яшчэ не існаваў. Таксама не было правілаў, што прадугледжвалі б магчымасць адмовіцца ад тытула пэра. З вынясеннем прысуду па справе Стэнгейса ў 1960-1961 гадох выявілася яшчэ адна праблема. Сутнасць рашэння палягала ў тым, што Энтані Венгвуд Бэн быў пазбаўлены месца ў Палаце суполак, бо атрымаў у парадку спадчыны тытул спадчыннага пэра. Супольная камісія абмеркавала гэту праблему і ў 1962 годзе вынесла заключэнне. Камісія рэкамендавала даць пэрам права адмовы ад тытула пэра, якое ў такім выпадку застанецца “спячым”, але пяройдзе па праву спадчыны да нашчадка наступнага пакалення пасля смерці асобы, што такім чынам адмаўляецца ад гэтага права. Асоба, што адмовілася ад тытула спадчынага пэра, будзе мець права абірацца і быць абранай у Палату суполак. Спадчынныя пэры-жанчыны надзяляюцца роўным правамі што й спадчынныя пэры-мужчыны. Ідэі даклада былі прыхільна прынятыя сябрамі Парламенту, і Акт Аб пэрах 1963 года ўспрыняў усе прапанаваныя палажэнні. Акрамя таго, Акт аб пэрах 1963 года скасаваў сістэму шатландскіх пэраў. У развіццё Акта 1958 года з’явіўся Акт 1963 года і быў разлічаны на тое, што спадчынныя лорды будуць паступова пакідаць Палату, але чаканага масавага пакідання не адбылося[2].
Трэба зазначыць, што пасля прыняцця Акта 1958 года змяніўся не толькі склад Палаты лордаў, але адбыўся і значны зрух у яе дзейнасці. Прызначаныя пажыццёвыя пэры актывізавалі дзейнасць Палаты і узмацнілі яе пазіцыі ў вачах грамадства, і Палата стала больш заўважнай у палітычным жыцці Вялікай Брытаніі[3]. У пачатку 80-ых гадоў брытанскія аналітыкі зазначалі, што шматлікая ранейшая крытыка Палаты лордаў не з’яўляецца больш актуальнай і што трэба ўжо казаць аб незвычайнасці інстытута, а не аб яго архаічнасці. Некаторыя сталі прызнаваць адраджэнне Палаты і казаць аб часе яе новага росквіту.
Палата лордаў стала больш актыўна выкарыстоўваць сваё паўнамоцтва на ўнясенне змяненняў у законапраекты, што, як паказала брытанская парламенсткая практыка, можа мець тое ж значэнне, што й права вета. Брытанскія даследнікі[4] высока ацанілі ўклад Палаты лордаў у гэту дзейнасць. У сэсію 1985-1986 гадоў большая частка складаных законапраектаў была практычна перапісаная лордамі праз недапрацоўкі Палаты суполак. Палата лордаў – гэта месца, дзе памылкі і хібы могуць быць папраўленыя, а выжныя дэталі даданыя. У іншым выпадку патрабаваліся бы больш значныя высілкі на пачатковых стадыях распрацоўкі законапраектаў ці большая колькасць стадый у ніжняй палаце. Уласна права вета Палаты лордаў выкарыстоўвала ў 1991 года – упершыню за 80 гадоў пасля прыняцця Акта 1911 года, адхіліўшы Акт Аб ваенных злачынствах.
У выбарчай праграме лейбарыстаў 1966 года гаварылася аб распрацоўцы заканадаўства, накіраванага на больш рашучае рэфармаванне Палаты лордаў. Каралева у сваім штогадовым выступленні ў Парламенце на адкрыцці сэсіі 1967-1968 гадоў зазначыла: “У хуткім часе павінна быць прадстаўлена заканадаўства, якое зменьшыць паўнамоцтвы Палаты лордаў і выключыць з яе складу спадчыных пэраў, што стане даказам таго, што Парламент Вялікай Брытаніі развіваецца ў рамах сучаснага парламентарызму. І мой ўрад рыхтуецца распачаць перамовы што да гэтых канстытуцыйных змяненняў”.
Міжпарламентскія перамовы аб рэформе Палаты лордаў адбыліся на канферэнцыі лідэраў партыяў паміж 8 лістападам 1967 года і 20 чэрвенем 1968 года, і былі дасягнуты значныя кампрамісы па пытаннях складу і паўнамоцтваў Палаты. У лістападзе 1968 года па выніках канферэнцыі быў апублікаваны даклад з наступнымі прапановамі:
- дзвюхпалатны парламент;
- 2030 абраных лордаў, якія павінны будуць выконваць пэўныя абавязкі (у асноўным што да рэгулярнага наведвання);
- лорды, якія не абіраюцца, павінны ўдзельнічаць у абмеркаваннях, а таксама ў працы камісіяў;
- спадчынны тытул лорда не дае яму права засядаць у Палаце;
- спадчынныя пэры не маюць права браць удзел у галасаванні, але могуць звярнуцца да тытулу пажыццёвага пэра;
- урад не мае права мець большасць і Палаце лордаў;
- Палата карыстаецца правам адкладальнага вета тэрмінам на шэсць месяцаў на законапраекты, што не з’яўляюцца фінансавымі. Па заканчэнні гэтага тэрміна, у выпадку паўторнага адхілення, законапраект можа быць прадстаўлены для падпісання каралеве;
- Палата лордаў можа прапанаваць Палаце суполак перагляд прынятых Палатай суполак законаў, але не можа іх скасаваць сама.
Пасля трохдзённай працы ў Палаце лордаў прапановы канферэнцыі былі ўхвалены (251 голас “за”, 56 “супраць”). У палаце суполак дэбаты былі больш доўгімі. І як вынік, прапановы былі адхілены (270 “супраць”, 156 “за”).
Але Ўрад зрабіў другую спробу прасоўвання ў Парламенце прапановы канферэнцыі і ўнесла законапраект аб Парламенце №2 ў 1968 годзе. 3 лютага 1969 года у другім чытанні 285 сябраў Палаты суполак падтрымалі законапраект, 185 – не. Паколькі гэта канстытуцыйны законапраект, патрэбна было стварэнне Камітэту для таго, каб апазіцыя мела магчымасць пралангаваць працэдуру і ўнесці свае дапаўненні. Але камітэтцкая стадыя зацягнулася. Пасля таго, як сябры Камітэта правялі 11 дзён (больш за 80 гадзінаў) за працай і ўхвалілі толькі прэамбулу і першыя пяць палажэнняў, 17 красавіка 1969 года Прэм’ер-міністр абвесціў аб адкліканні законапраекта.
Пасля паразы законапраекта аб Парламенце № 2 узрасла колькасць прыхільнікаў скасавання Палаты лордаў. У сваіх абгрунтаваннях яны абапіраліся на тое, што Палата лордаў перашкаджае лейбарыстскаму ўраду ў выкананні выбарчый праграмы 1974 года, якая тычылася ў тым ліку і заканадаўчай палітыкі. У 1978 годзе Нацыянальны выканаўчы камітэт Лейбарыстскай партыі зацвердзіў пастанову “Механізм ураду і Палаты лордаў”, у якім зазначалася, што “Палата лордаў з’яўляецца састарэлым інстытутам, абраная ж Палата лордаў падменіць сабою Палату суполак, а прызначаная верхняя палата стане рычагом ціску і кіравання ніжняй палатай і ўрадам. Таму адзіным выйсцем ёсьць скасаванне Палаты лордаў як такой”.
У адказ на такую пагрозу некаторыя прадстаўнікі Кансерватыўнай партыі пачалі наноў анілізаваць спробы рэфармавання Палаты лордаў 1970-ых гадоў. Яны спяшаліся зазначыць, што Палата лордаў ніколі не была вельмі моцнай апазіцыяй лейбарысцкаму ўраду, а таксама што лейбарысцкі ўрад, які атрымаў на выбарах 1974 года меньш за 40% галасоў, згубіў сваю легітымнасць і аутарытэт, што і стала прычынай больш агрэсіўнага настрою да Ўраду з боку Палаты лордаў. Лорд Хэльшэн зазначыў, што рэформа Палаты лордаў ёсць часткаю шырокага канстытуцыйнага ўрэгулявання з тым, каб перагледзець паўнамоцтвы выканаўчай улады, што ўсё больш і больш узмацняюцца. У 1978 годзе Камісія Партыі кансерватараў унесла свае прапановы аб складзе рэфармаванай палаты: дзве траціны абіраюцца грамадзянамі, а адна траціна прызначаецца пэўным чынам. Але пасля прыхода да ўлады Кансерватыўнай партыі ў 1979 годзе рэформа была прыпыненая.
На выбарах 1983 года ў перадвыбарнай праграме Партыі лейбарыстаў гучала: “Мы планует зрабіць захады па скасаванні недэмакратычнай Палаты лордаў. І першым крокам ў гэтым напрамку будзе ўнясенне ў Парламент законапраекта аб пазбаўленні Палаты лордаў заканадаўчых функцыяў ”.
Пасля перамогі на выбарах 1992 года Лейбарыстская партыя адмовілася ад абяцаных планаў скасавання Палаты лордаў і ўзяла курс на яе рэфармаванне. У лютым 1996 года Тоні Блэр, лідэр Лейбарыстскай партыі, заявіў, што неабходна правесці рэформу ў два этапы: на першым неабходна выключыць са складу Палаты спадчынных лордаў, а на другім перагладзець яе паўнамоцтвы, а таксама зноўку й склад. Віконт Краборнэ, лідэр Кансерватыўнай партыі, зазначыў, што выключаць са складу Палаты спадчынных пэраў, не маючы ідэі аб тым, кім іх замяніць, неразумна, а проста прызначаная Палата будзе яшчэ меньш незалежная ад Ураду, чым Палата, што складаецца як са спадчынных, так і з пажыццёвых лордаў. У перадвыбарчай праграме лейбарыстаў у 1997 годзе былі наступныя заявы: “Будзе праведзена рэформа, незалежная ад усіх наступных рэформаў, у выніку якой спадчынныя лорды згубяць права засядаць і галасаваць у Палаце лордаў. Але гэта рэформа стане першым крокам у рэфармаванні верхняй палаты з тым, каб яна стала больш дэмакратычнай і прадстаўнічай. Заканадаўчыя паўнамоцтвы Палаты застануцца ранейшымі”. У лістападзе 1998 года каралева ў сваім штогадовым выступленні ў Парламенце на адкрыцці чарговай сесіі ўзгадала законапраект, які скасаваў бы аўтаматычнае права спадчынных лордаў засядаць і галасаваць у верхней палаце. У снежні 1998 года паміж лейбарыстамі і кансерватарамі было дасягнута пагадненне аб тым, што ў Парламенце застануцца толькі 92 спадчынныя лорды (10% ад папярэдняга складу) да наступнай рэформы. 20 студзеня 1999 года Ўрад апублікаваў спавешчанне (White Paper) “Мадэрнізацыя Парламенту: рэфармаванне Палаты лордаў” і адначасова абвесціў аб стварэнні Каралеўскай камісіі. 8 лютага 1999 года была сфармаваная Каралеўская камісія, якая павінна была прапанаваць новыя паўнамоцтвы і склад Палаты лордаў, а таксама выпрацаваць метад фармавання Палаты.
Законапраект Аб Палаце лордаў быў унесены ў Палату суполак 19 студзеня 1999 года. 11 траўня 1999 года на камітэцкай стадыі законапраект быў ухвалены. Згодна з ім 75 спадчыныя лорды, якія застаюцца ў Палаце, будуць абраныя сваёй партыяй ці гуртом беспартыйных сябраў. 15 спадчынных лорда таксама павінны быць абранымі для таго, каб працаваць як намеснікі ці старшыні камітэтаў. Два спадчыных лорда, прызначаных каралевай (граф-маршал і галоўны цэрымоніямейстэр) таксама застаюцца. Выбары адбыліся ў кастрычніку і лістападзе 1999 года. Законапраект Аб Палаце лодаў быў падпісаны каралевай 11 лістапада 1999 года (гл. таблiцу 1 i 2).
Новым этапам рэфармавання Палаты лордаў стала канстытуцыйная рэформа 2005 года.
Акт Аб канстытуцыйнай рэформе прадугледжвае стварэнне Вярхоўнага суда Вялікай Брытаніі і змяненне паўнамоцтваў Лорда-канцлера. Вярхоўны суд замяшчае лордаў-праўнікаў, а лорд-канцлер больш не будзе выступаць як спікер Палаты лордоў і старшыня судовай улады.
Законапрает быў ухвалены Палатай лордаў 21 сакавіка 2005 года і падпісаны каралевай 24 сакавіка 2005 года. Поўная назва Акта гучыць так: “Акт, які прадугледжвае мадыфікацыю пасады Лорда-канцлера і яго паўнамоцтваў, а таксама стварае Вярхоўны суд Вялікай Брытаніі, скасоўвае апеляцыйную юрысдыкцыю Палаты лордаў, ухваляе паўнамоцтвы Судовай камісіі Сакрэтнай Рады і судовыя функцыі Старшыні Рады; і іншыя палажэнні аб суддзях, парадку іх прызначэнні і дысцыпліне; і іншыя звязаныя з гэтым пытанні ”.
Законапраект быў прадстаўлены ў Палату лордаў у лютым 2004 і першапачаткова прадугледжваў больш значныя змяненні, таму выклікаў шмат незадавальненняў. Палата Лордаў унесла свае змяненні ў яго, канчатковы варыянт законапраету захаваў пасаду Лорда-канцлера, хаця яго судовыя паўнамоцтвы былі значна зменшаныя. Свае паўнамоцтвы Лорд-канцлер будзе падзяляць з сакратаром Дэпартаменту па канстытуцыйных справах, створаным пры Кабінеце.
Цягам доўгага часу пасада лорда-канцлера заставалася ўнікальнай з’явай – гэты чалавек сумяшчаў паўнамоцтвы старшыні судовай улады краіны, спікера Палаты лордаў, а таксама быў сябрам Ураду. Канстытуцыйная рэформа мае мэтай забяспечыць празрыстасць у пытанні прызначэння суддзяў і канчатковай незалежнасці суддзяў, а таксама дакладнае размежаванне абавязкаў паміж лордам-канцлерам і галоўным лордам-суддзёй. Лорд-канцлер і надалей будзе міністрам ва Ўрадзе, адказным за судовую галіну ўлады, працу судоў і трыбуналаў, шэраг іншых юрыдычных пытанняў, але ён не будзе больш суддзём і старшынёй судовай сістэмы. Летам 2006 года плануецца абранне новага спікеру Палаты лордаў.
Згодна з ухваленым законам, Палаце лордаў неабходна стварыць новы афіцыйны пост, які выконваў бы функцыі спікера, а пост былога спікера таксама неабходна рэфармаваць. Гэтыя пытанні застаюцца на развязанне самой Палаты лордаў.
Далейшым крокам на шляху рэалізацыі канстытуцыйнай рэформы згодна з Актам 2005 года стане стварэнне ў 2009 годзе Вярхоўнага суда Злучанага Каралеўства. Галаўная задача Вярхоўнага суда палягае ў замяшчэнні судовых паўнамоцтваў лордаў-праўнікаў Палаты лордаў і выкананні функцыі апошняй судовай інстанцыі ўсіх чатырох судовых сістэмаў Вялікай Брытаніі: Ангельшчыны, Уэльса, Шатландыі і Паўночнай Ірландыі. Існы зараз у Вялікай Брытаніі Вярхоўны суд, створаны ў 1870 годзе і які складаецца з Суда па апеляцыі, Высокага суда і Каралеўскага суда, будзе называцца Меншы суд Англіі і Ўэльса.
Сёння Вялікая Брытанія асцярожна закранае рэформай адну са сваіх улюбёных трыдыцыяў – Палату лордаў. Неяк перажыўшы цяжкія часы дваццатага стагоддзя, калі выказваліся пагрозы яе поўнага скасавання, Палата лордаў апынулася ў дваццаць першым стагоддзі, і каб адпавядаць яму, яна трывае ўсё новыя змяненні. Ці не стане дваццаць першае стагоддзе апошнім для васьмiстагадовай Палаты лордаў? Але ж традыцыі не абавязкова адпавядаць часу.
Дадаткі:
Склад Палаты лордаў у 2006 годзе
Паўнамоцтвы другой палаты парламентаў свету
|
|
Звычайнае заканадаўства
|
Заканадаўства што да фінансавых сродкаў
|
Спосабы вырашэння рознагалоссяў
|
Змяненні і дапаўненні канстытуцыі
|
|
Вялікая Брытанія
Палата Лордаў
|
Законапраект можа падавацца ў любую палату. Верхняя палата можа прыняць папраўкі ці адхіліць законапраект.
|
Законапраект падаецца ў ніжнюю палату. Верхняя палата можа адхіліць законапраект на месяц.
|
Ніжняя палата можа пераадоліць вета верхняй палаты праз год пасля яго ўнясення ў ніжнюю палату, калі законапраект уносіцца на новай парламентскай сэсіі. |
Праходзіць як звычайнае заканадаўства, акрамя законапраектаў, што змяняюць тэрмін паўнамоцтваў парламенту: у гэтым выпадку верхняя палата можа накласці вета. |
|
Аўстралія
Сенат
|
Законапраект можа падавацца ў любую з палатаў. Верхняя палата можа дапоўніць ці адхіліць любы законапраект. |
Мае быць пададзены ў ніжнюю плату. Верхняя палата не можа дапоўніць пададзены законапраект, але можа прапанаваць дапоўніць яго альбо верхняя палата яго адхіляе.
|
Адзіны спосаб вырашыць спрэчку – распусціць абедзьве палаты.
|
Законапраект мае быць падтрыманы большасцю адной з палатаў, затым падтрыманы большасцю на рэферэндуме, у тым ліку і большасцю штатаў. |
|
Аўстрыя
Бундэсрат
|
Законапраект падаецца ў ніжнюю палату.
Ён можа быць ухвалены верхняй палатай на працягу васьмі тыдняў, але не можа быць ёй зменены. |
Верхняя палата не можа адхіліць фэдэральны законапраект. |
Ніжняя плата можа пераадолець вета верхняй палаты.
|
Разглядаецца толькі ў ніжняй палаце. Калі верхняя палата патрабуе, то мае быць зладжаны рэфэрэндум.
|
Бельгія
Сенат |
Два тыпы законаў: звычайныя законапраекты першапачаткова разглядаюцца толькі ў ніжняй палаце, але могуць разглядацца ў верхняй палаце, калі 15 сенатараў патрабуюць гэта цягам 15 дзён (Сенат разглядае такі законапраект цягам 60 дзён).
Бікамеральныя законапраекты (e.g. што да замежнай палітыкі) маюць быць ухваленыя абедзьвюма палатамі. |
Ухваляецца як звычайнае заканадаўства.
|
Ніжняя палата можа пераадолець вета верхняй палаты на звычайныя законапраекты.
|
Абедзьве палаты маюць быць распушчаны, а прапанаваны законапраект павінен атрымаць падтрымку 1/3 кожнай палаты двух наступных скліканняў.
|
|
Канада
Сенат |
Законапраект можа падавацца ў любую з палатаў. Верхняя палата можа прыняць папраўкі ці адхіліць законапраект.
|
Мае быць пададзены ў верхнюю палату. Верхняя палата можа павялічыць, але не можа скараціць частку выдаткаў бюджэту.
|
Спосаб вырашэння спрэчак не прадугледжаны.
|
Сенат можа накласці вета на законапраект тэрмінам на 180 дзён, але ён можа быць ухвалены мясцовымі парламентамі ў 1/3 усіх штатаў, што прадстаўляюць не менш за 50 % насельніцтва краіны. |
|
Чэхія
Сенат |
Законапраект падаецца ў ніжнюю палату. Верхняя палата разглядае яго цягам 30 дзён.
|
Ухваляецца як звычайнае заканадаўства.
|
Абсалютная большасць дэпутатаў можа пераадолець вета верхняй палаты. |
Законапраект мае быць ухвалены 1/3 кожнай з палатаў.
|
|
Францыя
Сенат |
Законапраект можа падавацца ў любую з палатаў.
Верхняя палата можа ўнесці папраўкі ці накласці вета на любы з законапраектаў.
|
Мае быць пададзены ў ніжнюю палату. Верхняя палата разглядае яго на працягу 15 дзён.
|
Пасля чытання законапраекту ў абедзвюх палатах у выпадку рознагалоссяў утвараецца адмысловая камісія, якая мае выпрацаваць кампрамісны варыянт. Затым ён зноў разглядаецца ніжняй палатай. У выпадку неўхвалення ёю кампраміснага варыянта канчатковае рашэнне па законапраекце прымае верхняя палата. |
Канстытуцыйнае заканадаўства, а таксама арганічныя законы (e.g. што да выбарчай сістэмы) мае быць ухвалена абедзьвюма палатамі, а затым 3/5 сумеснай камісіі ці на рэферэндуме.
|
|
Нямеччына
Бундэсрат |
Законапраеты падаюцца ў верхнюю палату, якая іх вывучае і каментуе. Затым законапраект перадаецца ў ніжнюю палату. Ухвалены ніжняй палатай законапраект мае быць ухвалены верхняй палатай. |
Ухваляецца як і звычайнае заканадаўства, акрамя тых законапраектаў, што былі ўнесены ў абедзьве палаты парламенту адначасова.
|
Кампрамісная камісія выпрацоўвае варыянт, які надалей ня можна ўнесці змены ці дадаткі. У выпадку ўзнікнення непаразуменняў і пасля гэтага, ніжняя палата прымае канчатковае рашэнне па законапраекце.
|
Законапраект мае быць ухвалены 1/3 кожнай з палатаў.
|
|
Італія
Сенат
|
Абедзьве палаты маюць роўныя паўнамоцтвы на ўнясенне, разгляд, змяненне і адхіленне законапраекту.
|
Ухваляецца як звычайнае заканадаўства, прычым законапраекты падаюцца ў тую ці іншую палату папераменна.
|
Спосаб вырашэння спрэчак не прадугледжаны.
|
Законапраект мае быць ухвалены 1/3 кожнай з палатаў. Па некаторых пытаннях патрабуецца ўхваленне абсалютнай большасці альбо 1/5 кожнай палаты, 500 000 грамадзянаў, пяці мясцовых радаў ці правядзення рэферэндуму. |
|
Нідэрланды
Эрстэ-Камер |
Законапраект падаецца ў ніжнюю палату. Верхняя палата можа адхіліць, але не можа дапоўніць ці змяніць законапраект. |
Ухваляецца як звычайнае заканадаўства. |
Верхняя палата канчаткова вырашае спрэчку. |
Абедзьве палаты маюць быць распушчаны, а прапанаваны законапраект мае атрымаць падтрымку 1/3 кожнай з палатаў двух наступных скліканняў. |
Польшча
Сенат |
Законапраект падаецца ў ніжнюю палату. Верхняя палата разглядае яго на працягу 30 дзён. |
Ухваляецца як звычайнае заканадаўства. |
Ніжняя палата можа прераадолець вета верхняй палаты.
|