Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Што кажам – а што маем на ўвазе? Хрысьціяне і мусульмане: узаемна зразумелая мова як падмурак разьвязаньня праблемаў палітычнай камунікацыі | Сяргей Богдан | 14.11.2004

Прапануем Вашай увазе спавешчаньне, прэзэнтаванае на VII Усеўкраінскай навукова-практычнай канфэрэнцыі “Сацыяльная камунікацыя: выклікі XXI стагодзьдзя" ва Ўкраінскім каталіцкім унівэрсытэце (Львоў, сакавік 2004 г.). Ніжэй, каб заахвоціць да пэўнае дыскусыі у рамах віртуальнага круглага стала, падаем камэнтар куратаркі сэкцыі “Паліталёгія” Вольгі Мартыненкі. Чытайце ў “бліжэйшых нумарох” часопіса разгорнуты аналітычны артыкул Сяргея Богдана пра асаблівасьці палітычнае камунікацыі “Усход-Захад”, які мусіць абьяднаць плён дыскусыі.

Што кажам – а што маем на ўвазе?

Хрысьціяне і мусульмане: узаемна зразумелая мова як падмурак разьвязаньня праблемаў палітычнай камунікацыі

Камунікацыя альбо зносіны інфармаваньня (Verstandigung) паміж асобамі ёсьць падмуркам любых чалавечых дачыненьняў. (1) Разьвіцьцё падзеяў апошнім часам зноў паставіла сьвет перад патрэбай разьвязаньня праблемаў у грамадзкіх стасунках паміж людзьмі розных веравызнаньняў у міжасабовай камунікацыі ды паміж рознымі рэлігійнымі грамадамі, перадусім хрысьціянскай і мусульманскай. Разгледзем гэтую праблему ў ідэйна-каштоўнасным вымярэнні, не кранаючы эканамічныя аспэкты праблемаў палітычнай камунікацыі паміж супольнасьцямі (пры ўсёй іх важнасьці).

Пасьпяховая камунікацыя магчымая адно тады, калі партнэры па камунікацыі надаюць аднолькавае значэньне знакам і сымбалям, якія ў ёй выкарыстоўваюцца, г.зн. калі яны разумеюць выкарыстоўваемую іншым бокам мову й жэсты ды абазнаныя з каштоўнасьцямі, пазыцыямі і культурай іншага боку. Таму, найперш мы хочам указаць на прынцыпова няслушны падыход да самога падмурку камунікацыі – тэрміналёгіі, якая выкарыстоўваецца сёньня ў СМІ. Прадэманструем гэта на прыкладзе вызначэньня саміх удзельнікаў камунікацыі – хрысьціянства (мы маем тут на ўвазе хрысьціянскі сьвет) і ісламу (ісламскага сьвету).

1. Што такое хрысьціянскі сьвет і што такое ісламскі сьвет? Не вызначаючы тут гэтых паняткаў, паспрабуем зразумець як суадносяцца гэтыя назвы з тым, каго яны пазначаюць. Колькі б ні казалася пра разнастайнасьць унутры ісламу і хрысьціянства, зазвычай гэта больш падобнае на рытуальныя спробы захаваць паліткарэктнасьць, чым на ўсьведамленьне тае зьявы. Зьвернемся да саміх тэрмінаў “мусульманін” і “хрысьціянін”, “мусульманская” і “хрысьціянская грамада”. Для таго, каб вырашыць праблему камунікацыі паміж ісламам і хрысьціянствам мы мусім адысьці ад стэрэатыпаў, маўляў, гэта – сьвет ісламу, а гэна – сьвет хрысьціянства. Задамо сабе, напрыклад, пытаньне – ці сапраўды тое, што прынята лічыць, напрыклад, хрысьціянскім/ісламскім сьветам зьяўляецца ім па сутнасьці, ці гэта хутчэй геаграфічны панятак. (2) Шмат што ўказвае на апошняе.

2. Адным з ісламісцкіх закідаў хрысьціянскаму сьвету (г.зн. перадусім Эўропе і Паўночнай Амэрыцы) зьяўляецца тое, што ён амаральны, бязбожны і, ergo – не-хрысьціянскі. (3) Барані нас Божа ад фундамэнталізму, але сёньня выкананьне хрысьціянамі царкоўных абрадаў і пастановаў веры сапраўды дазваляе ўсумніцца ў іх хрысьціянскім характары. Зьвернемся да перакананьняў і ідэйных плыняў, а найлепш – да мас-культуры Эўропы. Немагчыма не адзначыць ідалапакланення, пашырэньня мэтадаў, заснаваных на нізкіх інстынктах чалавека. Не адмаўляючы права чалавека на абсалютна любую дзейнасьць, мы адмаўляем права такога чалавека называць сябе хрысьціянінам, не выконваючы патрабаваньняў рэлігіі.

3. Адначасова прадстаўнікі процілеглага боку, якія лічаць сябе сапраўднымі пасьлядоўнікамі прарока Мухамада, гэтаксама часам фактычна ўпадае ў грэх бід’а – непатрэбных новатвораў, а то дык і стодапаклонства. Традыцыйнымі вымогамі да мусульманіна ё выкананьне патрабаваньняў “пяці слупоў” веры. Але ці не ператвараюцца гэтыя слупы ў ідалаў, ці не руйнуецца падмурак – вера і служэньне адзінаму Богу. Імкнучыся нібыта прапагандаваць ідэалы ісламу “джыгадысты” ператвараюцца ў віртуальных герояў, зорак мас-мэдыяў, выконваючы ролю пудзілаў для таго ж хрысьціянскага сьвету, робячыся рабамі Джыгаду, як такога, забываючыся на іслам. Яны фактычна ўжо не спавядаюць вучэньня Прарока і яго прынцыпаў, а прывязваюцца да тых рэчаў, якія Бэкан называў стодамі тэатру “зьвязанымі з ужо гатовымі схемамі мысьленьня” і стодамі школы, “што палягаюць у перакананьні нібыта нейкае сьляпое правіла можа замяніць уласную думку дасьледніка” (4). Іслам тут не пры чым.

4. Пад маскай ісламу мы сутыкаемся часам з схаванай мешанінай народных вераваньняў асобных народаў Усходу. Гэта добра бачна на прыкладзе невялікай мусульманскай грамады Беларусі, калі адвечныя традыцыі мясцовага ісламу апошнім часам замененыя на вучэньне арабскіх прапаведнікаў. І гэта нацыянальнае, а не рэлігійнае. З гэтага вынікае, што, калі хрысьціянскі сьвет зьвяртаецца да мусульманскага, -- трэба зважаць, каб дыялёг сапраўды адбываўся з мусульманскім сьветам, а не з прадстаўнікамі сыстэмы турэцкіх/арабскіх/пэрсыдзкіх прымхаў і забабонаў, якую яе носьбіты ўважаюць за ісламам. (5)

5. Тое самае датычыцца і хрысьціянскага сьвету. Часам ісламістам апаніруюць пад маскай хрысьціянства альбо прадстаўнікі асобных плыняў хрысьціянства, альбо па сутнасьці сваёй атэісты. Дык які плён можа для дыялёгу мусульманства і хрысьціянства даць камунікацыя паміж ісламістам і атэістам, ці паміж хрысьціянінам і чалавекам, які выдае за іслам сынкрэтычную сыстэму вераваньняў свайго еменскага племяні.

6. Варта адзначыць, што іслам адпачатку адмаўляў неабходнасьць сьвятарства (хаця на сёньня яно фактычна існуе ў прыхаванай форме) і духоўная гіерархія разьвітая менш чым у іншых рэлігіях. Прынцыпы ісламу робяць націск на самастойным тлумачэньні рэлігіі навукоўцамі (няпэўная катэгорыя, куды ўваходзіць вельмі шырокае кола асобаў), што прыводзіць да значных разыходжаньняў у трактоўках дый дазваляе досыць вольнае існаваньне скрайніх поглядаў. (6) Таму пры наяўнасьці палітычнай кан’юнктуры не складае праблемы выцягнуць у якасьці пудзіла экстрэмісцкія творы малавядомага казаньніка. Плённая сацыяльная камунікацыя наўрад ці магчымая ў такіх умовах.

7. Асабліва складаная сытуацыя ёсьць з сацыяльнай камунікацыяй паміж мусульманскай мяншыняй (зазвычай, імігрантамі) і немусульманскай бальшыняй ў немусульманскіх краінах. Тут мы ў лепшым выпадку маем справу з штучным прымяншэньнем праблемы, калі імігрантаў афіцыйна рэпрэзэнтуюць у якасьці найлепшых людзей, і гэта сутыкаецца з радыкальна іншым разуменьнем гэтага пытаньня паспалітым мясцовым насельніцтвам дый толькі павялічвае варожасьць паміж рознаверцамі. Мы ўважаем, што наладжваньне мусульманска-хрысьціянскага дыялёгу нельга грунтаваць на імігрантах. Іх інтэграцыя мае аддаленае дачыненьне да “дыялёгу цывілізацыяў”.

8. Справа ў тым, што імігранты у сваім падмурку з’яўляюцца асобнымі і асобым выпадкам. Г.зн. ненармалёва ўжо тое, што яны мусілі ўцякаць з сваёй краіны, то бок яны зьяўляюцца да пэўнай меры нетыповымі прадстаўнікамі сваёй грамады. (7) Тым ня менш спадзевы на іх, як мэдыятараў, ўскладаюцца вялікія. Адметна, што затое ў часе дыскусіяў пра наладжваньне дыялёгу з мусульманскім сьветам, прынамсі мы асабіста ня чулі, каб у якасьці ўзору мосту паміж хрысьціянскай цывілізацыяй і мусульманскім сьветам называліся прыклады шматвяковай традыцыі эўрапейскага ісламу, як то Босьнія, землі Вялікага Княства Літоўскага ці зьнішчаная мусульманская цывілізацыя Ібэрыйскай паўвыспы.

9. Падагульняючы гэты кароткі артыкул, адзначым грунтоўнае неразуменьне супольнасьці ісламу і хрысьціянства. Прарок ісламу заўжды падкрэсліваў блізкасьць ці нават прынцыповае адзінства хрысьціянаў і мусульманаў (трохі ў меншай ступені гэта датычылася юдэяў) ды не падзяляў хрысьціянства і ісламу на варожыя сьветы. (8) Хіба толькі намёкі на процістаяньне можна адшукаць у позьніх тэкстах Прарока, а рэзкі падзел паміж хрысьціянскім і мусульманскім сьветам – справа больш позьняга часу і, на нашу думку, у значнай меры тлумачыцца этнічнай адрознасьцю народаў, што належалі да гэтых сьветаў, а таксама эканамічнымі прычынамі. Таму калі мы кажам пра сёньняшнія праблемы ў стасунках паміж хрысьціянамі і мусульманамі, то мусім задаць сабе пытаньне – праблемы гэтыя існуюць паміж імі, як прадстаўнікамі розных веравызнаньняў ці, як паміж прадстаўнікамі Першага сьвету (эўрапейцамі) і Трэцяга сьвету (азіятамі)? Альбо гэтая варажнеча спрычыненая нацыянальнымі/этнічнымі/ плямённымі канфліктамі, і хавае свае прыземленыя мэты пад рэлігійнымі лёзунгамі? Пагатоў, што паўстаньне праблемаў ва ўзаемінах паміж хрысьціянскім і мусульманскім сьветам належыць не да сёньняшніх дзён і да краху сацыялістычнай сыстэмы процістаяньне паміж мусульманскімі краінамі ды хрысьціянскім сьветам ішло ў ценю левых ідэяў. Цяпер іх месца занялі ісламісты.

10. Улічваючы пашырэньне інфармацыйных тэхналёгіяў і ўсеагульнай адукацыі мы стаім перад вялікай небяспекай і ня меншым спадзяваньнем на лепшую будучыню. Тое супрацьстаяньне паміж мусульманамі і хрысьціянамі, якое, на нашу думку, пакуль яшчэ збольшага тлумачыцца не-рэлігійнымі прычынамі, можа ператварыцца пры дапамозе адпаведнай работы СМІ ў глыбокую прорву варажнечы. Першым сыгналям небясьпекі стала тэорыя С.Гантынгтана аб сутыкненьні цывілізацыяў. У той самы момант адпаведныя намаганьні могуць паставіць СМІ на службу хрысьціянска-мусульманскаму паразуменьню і тым выканаць волю вялікіх прарокаў ісламу – Езуса і Мухамада, што несьлі велічнае пасланьне монатэізму, свабоды і самавыяўленьня чалавека.

Зацемкі

1. Сўінджвуд Э., Сціслая гісторыя сацыялагічнай думкі. – Менск: Тэхналогія. – 1999. – ст. 325.

2. Пытаньне, ці ня стаў ісламскі сьвет геаграфічным паняткам задаюць і самі ісламісты. Дужа цікавы выклад можна знайсьці ў ідэоляга Ісламскай рэвалюцыі 1979 г. д-р. Шарыяці ў: Shariati A., Bazgasht be khishtan. Bazgasht be kodam khishtan? – Tehran: Hoseyniye ershad – Entesharat-e Sa’id Mohsen. – 1357. – pp. 477. (па-пэрсыдзку)

3. Закіды ісламістаў і прадстаўнікоў мусульманскага сьвету агулам на адрас Эўропы разгледжаныя ў: Khoury A. Th., Der Islam und die westliche Welt. Religiose und politische Grundfragen. (Soderausgabe fur die Bundeszentrale fur politische Bildung) – Darmstadt: Primus-Verlag. – 2001. – S. 136-139.

4. Рассел Б., Історія західноi філософіi. – Киiв: Основи. – 1995. – ст. 456.

5. Прыкладам зьяўляецца назіраны ў 2000-2003 гг. канфлікт і раскол мусульманскай грамады Беларусі. Ён апісаны ў: Раскол паміж мусульманаў / Ёрш Сяргей // Наша Ніва. – 2003. – 23 кастрычніка – ст. 4.

6. Khoury A. Th., Der Islam – Sein Glaube, sein Lebensordnung, sein Anspruch. – Freiburg-Basel-Wien: Herder. – 2001 (6. Auflage). – S. 54.

7. Здаецца, ніхто й дагэтуль не пачуў голас лібанскага сацыёляга Фуада Аджамі наконт ролі міграцыі і мігрантаў з арабскіх краін (ды й ня толькі). Сваю пазыцыю той выкладаў у: Ajami F., Arabs in troubles. – Beirut (бяз назвы выдавецтва). – 1981. – рр. 276.

8. У Khoury A. Th., Der Islam – Sein Glaube, sein Lebensordnung, sein Anspruch. – Freiburg-Basel-Wien: Herder. – 2001 (6. Auflage). – S. 219-224.


Камэнтар-Паслоўе Вольгі Мартыненкі.


Нягледзячы на тое, што мэта гэтага артыкулу - разьгледзець праблему непаразуменьня ў грамадзкіх стасунках паміж прадстаўнікамі хрысьціянства і мусульманства менавіта ў ідэйна-каштоўнасным вымярэньні, не кранаючы эканамічных аспэктаў, - ён перадусім дэманструе, што для таго, каб зразумець прычыны цяперашняга супрацьстаяньня “Усходу” ды “Захаду”, пра якое нам увесь час распавядаюць мас-мэдыя, аднаго рэлігійнага крытэру недастаткова.

Паняткі "хрысьціянскі сьвет" і "мусульманскі сьвет" прымаюцца ў тэксце як такія, ня ўлічваючы тое, што яны зьяўляюцца такімі ж ідыялягічнымі канструктамі, як і паняткі “ўсходняй” і “заходняй” цывілізацыяў. Аўтар прыпускае, што існуюць такія нязьменныя сутнасьці, як "хрысьціянскі сьвет" і "мусульманскі сьвет", і, дэманструючы сваю дасьведчанасьць у гэтай тэматыцы, прыводзіць шматлікія прыклады таго, як зьявы, што атаясамліваюцца перадусім сродкамі мас-мэдыя з хрысьціянствам або мусульманствам, насамрэч супярэчаць іхным сутнасьцям.

Але такая колькасьць неадпаведнасьцяў, недарэчнасьцяў ды выключэньняў прыводзіць да думкі, што самі гэтыя паняткі "хрысьціянскі" і "мусульманскі сьвет" зьяўляюцца неадэкватнымі. Імі насамрэч нельга што-небудзь вытлумачыць, бо паняткі гэтыя цьмяныя, і, ёсьць падозраньне, пустыя.

Таму зразумела, чаму за іх так трымаюцца кансэрватыўныя сілы, што належаць да абодвух бакоў (аўтар слушна прыгадвае дактрыну Гантынгтана ды мусульманскі фундамэнталізм): мас-мэдыя цынічна закідваюць нас прамовамі пра канфлікт цывілізацыяў ды рэлігіяў і спрабуюць супрацьпаставіць два адрозныя сьветы дзеля таго, каб уладары карпарацыяў, рэлігійныя аўтарытэты ды палітыкі і надалей хавалі іншыя, больш банальныя прычыны сутыкненьняў і войнаў, перадусім эканамічныя ды геапалітычныя. Параўнайма: сьмерць за хрысьціянскі/мусульманскі сьвет - і сьмерць за нафту/кантроль у рэгіёне. У першым лёзунгу відавочна больш натхняльнага ды апраўдальнага патасу.

Маргіналізацыю імігрантаў таксама нельга вытлумачыць выключна іхнай рэлігійнай прыналежнасьцю. Становішча мігранта заўжды будзе маргіналізаваным і амбівалентным, бо мігранты выконваюць адмысловую функцыю ў эканамічным і палітычным жыцьці дзяржавы: з аднаго боку, неабходна прымусіць іх выконваць самую нізкааплатную працу, зь іншага боку, мігранты – гатовы вобраз ворага для масаў, незадаволеных сваім эканамічным становішчам.

Але ж трэба аддаць аўтару належнае, бо ён задае патаньне: ці не існуюць праблемы у стасунках паміж хрысьціянамі і мусульманамі не як паміж прадстаўнікамі розных веравызнаньняў, а як паміж прадстаўнікамі Першага і Трэцяга сьвету? Праўда, у гэтым выпадку больш слушна казаць не пра “Першы” і “Трэці” сьвет (якія аўтар чамусьці атаясамлівае выключна з Эўропай ды Азіяй), а пра палярызацыю адзінага сьвету на багатую Поўнач і бедны Поўдзень (гэтыя паняткі ў найменшай ступені ёсьць геаграфічнымі). Такая тэрміналёгія падкрэсьлівае, што няроўнае разьвіцьцё розных краінаў і рэгіёнаў сьвету зьвязанае менавіта з тым, што ўсе яны зьяўляюцца часткай адзінай сусьветнай сыстэмы, сутнасьць якой у тым, што разьвіцьцё адных адбываецца коштам іншых, - гэта, як відавочна бачна ўжо сёньня, цягне за сабою немінучыя сутыкненьні, якія іхныя ўдзельнікі і завадатары спрабуюць вытлумачыць выключна як рэлігійныя ці цывілізацыйныя.


Вольга Мартыненка – навучаецца на IV курсе аддзяленьня філязофіі факультэта філязофіі і сацыяльных навук БДУ. Дасьледніцкая і перакладніцкая дзейнасьць у сфэры сацыяльнай і палітычнай філязофіі вызначаная інтарэсам да крытычнай тэорыі, перадусім у такіх яе ўвасабленьнях, як філязофія Франкфурцкае школы, радыкальны фэмінізм, посткаляніялізм і сьвет-сыстэмны аналіз І. Валерстайна.

Сяргей Богдан (нар. у 1982 г. у м. Маладэчна) – палітоляг-усходазнаўца, рэфэрэнт-перакладнік з пэрсыдзкае й японскае моваў, карэспандэнт газэты “Наша Ніва”, абсальвэнт аддзяленьня “міжнародныя стасункі” факультэта міжнародных стасункаў БДУ, навучаецца на факультэце тэалёгіі Тэгеранскага ўнівэрсытэту ў Іране. Галіна паліталягічных зацікаўлінасьцяў – Курдзкая працоўная партыя, актуальныя праблемы ўсходняй палітыкі. Апошняя публікацыя – рэцэнзыя на кнігу швайцарскага дасьледніка Поля Зутэра, прысьвечаную тэфсыру (сярэднявечаму перакладу Кур’ану на беларускую мову), у часопісе ARCHE, 5-2004.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!