 |
Вучэнне аб сутнасці канстытуцыі складае адну з часткаў тэорыі канстытуцыйнага права. Можна налічыць некалькі самастойных ды разнастайных падыходаў да вызначэння панятку ды сутнасці канстытуцыі: фармальна-юрыдычны, натуральна-праўны (ці дамоўна-праўны), класава-валявы, сацыялагічны (ласальянскі), інстытуцыяналісцкі. У літаратуры было выказана меркаванне наконт існавання канструкцыі генетычнае тэорыі сутнасці канстытуцыі. Да дадзенага кірунку прапанавана аднесці тыя дэфеніцыі, “у якіх падкрэсліваецца гэткая сутнасная рыса канстытуцыяў, як абмежаванне дзяржаўнай улады”. Метадалогія зазначанага кірунку грунтуецца на тым прынцыпе, згодна з якім “сутнасць не толькі біялагічных асобінаў, але й сацыяльных установаў выяўляецца, перш за ўсё, у генетычным аспекце іх доследаў”. Зыходячы з тае метадалагічнае пасылкі – якія абставіны падштурхнулі да прыняцця першых канстытуцыяў ды якія першачарговыя мэты перад імі ставіліся – генетычная тэорыя вылучае наступныя тры складовыя часткі ў характарыстыцы сутнасці канстытуцыі:
1. усталяванне прынцыпу абмежавання дзяржаўнае ўлады правам, прынцыпу суверэнітэту права ў адносінах да дзяржавы;
2. спыненне абсалютызму, манаполіі манарха на здзяйсненне дзяржаўнай улады, што дасягалася падзелам гэтае ўлады, яе дэканцэнтрацыі, размеркаваннем паміж галінамі ўлады;
3. зацвярджэнне неад’емных правоў ды свабодаў чалавека і грамадзяніна, а таксама прызнанне народнага суверэнітэту.
Пералічанныя прынцыповыя ідэі канстытуцыі звязаны паміж сабой, маюць агульную філасофска-праўную лагічную канцэпцыю, якая структуруе іх ў суцэльнае вучэнне. Пры гэтым, зазначаецца той факт, што “найважнейшыя паказнікі ў характарыстыцы сутнасці канстытуцыі – абвяшчэнне прыярытэту права над дзяржавай; канцэпцыя падзелу ўладаў – маюць усе ж вытворны характар ад гэткага сутнаснага аспекту ў характарыстыцы канстытуцыяў, як аб’яўленне ў іх народнага суверэнітэта ды неад’емных правоў і свабодаў асобы”.
Такім чынам, сцвярджаецца думка, што сацыяльна-генетычны аналіз канстытуцыі выяўляе ў падмурках самога канстытуцыйнага акта асноўны пранцып сучаснага грамадства – прызнанне асобы найвышэйшай каштоўнасццю. У сваім юрыдычным замацаванні ён прыняў форму прызнання за кожнай асобай яе неад’емных правоў ды свабодаў. З гэтага вынікае, што прызнанне народу ў якасці крыніцы ўлады, а таксама зацвержданне прынцыпа прыярытэту права над дзяржавай ды прынцыпу падзелу ўлады паміж заканадаўчай, выканаўчай і судовай галінамі, ёсць толькі сродкамі і адначасова – conditio sine qua non рэальнага здзяйснення галоўнага прынцыпу.
Менавіта памянёны прынцып шанавання правоў чалавека, абароны яго годнасці ды свабоды ставіцца ў цэнтр тэарэтычнага абгрунтавання канстытуцыяналізму, т.б. “сістэмы ідэяў ды поглядаў аб гэткім уладкаванні дзяржавы й грамадзтва, якое адказвае агульнапрызнаным прынцыпам дэмакратычнага развіцця”. Адзначаная ідэя складае падмурак гуманістычнай тэорыі сутнасці канстытуцыі. Яе асноўныя моманты тоесныя тым, якія складаюць змест генетычнай канцэпцыі, але ў апошнім выпадку ўвага звернута да працэсаў станаўлення ды развіцця асноўных ідэяў канстытуцыі, у той час, як гуманістычны падыход да вызначэння панятку канстытуцыйнага акту робіць акцэнт не на гісторыю, а на структурную цэласць ідэялогіі самой канстытуцыі. Гэты подыход імкнецца паказаць узаемасувязь і гіерархію асноўных ідэяў, на якіх фундуецца сучаснае грамадства. Генетычная тэорыя сутнасці канстытуцыі паводле свайго зместу ёсць адначасова генеалогіяй канстытуцыі. Гэта азначае тое, што названае вучэнне павінна адказаць на пытанні: якім чынам сфармаваўся ідэйны змест першых канстытуцыяў, у кантэксце якіх філасофскіх плыняў фармавалася ідэалогія канстытуцыяналізму, якія гістарычныя сілы яе падтрымлівалі, чаму першыя канстытуцыя з’явіліся менавіта ў абсягу заходнееўрапейскай палітычна-праўнай культуры напрыканцы XVIII стагоддзя і інш.
На наш погляд, больш дасканалай ёсць наступная лагічная (але не гістарычная) паслядоўнасць пералічаных сутнасных характарыстыкаў канстытуцыі.
Чалавек, яго правы, свабода і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Гэтак асноўны прынцып сучаснага грамадства сфармуляваны ў частцы 1 артыкула 2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Менавіта неабходнасцю юрыдычнага замацавання неад’емных правоў і свабодаў чалавека й грамадзяніна былі пакліканы да жыцця першыя канстытуцыі. Гэта былі законы, якія імкнуліся устанавіць роўнасць у свабодзе паміж чальцамі грамадства ды абараніць гэтую свабоду ад пасягненняў з боку ўлады. Сёння мы маем вынік працэсу кшталтавання гэтай ідэі, які замацаваны праз прызнанне праўнай роўнасці за ўсімі грамадзянамі ў артыкулах сучасных канстытуцыяў ды міжнародных канвенцыяў і дамоваў.
Правы й свабоды ёсць нічым іншым, як паракладзеным на мову правам вонкавай свабоды асобы. На гэты конт вядомы расейскі праўнік пачатку ХХ стагодзя І.В. Міхайлоўскі зазначаў наступнае: “зместам юрыдычных нормаў ёсць не сіла, не інтарэсы, не эканоміка і г.д., а вонкавая свабода чалавека. З гэтага бачна, што права ёсць фармальным пачаткам. Ягонаю задачай ёсць вызначыць вонкавы расклад жыцця дадзенага гуртажыцця, усталяваць цвёрдыя і дакладныя межы сфераў вонкавай свабоды, што належаць кожнаму чальцу. З таго, што права ёсць фармальным пачаткам, вынікае, што яно ня можа мяшацца ў тое, што робіць кожны вызначанай яму сферы вонкавай свабоды, якім зместам ён яе напаўняе (с. 137)”. Менавіта свабода чалавека ёсць падставай для права, але, як далей адзначае вучоны: “тэорыя, якую мы абараняем, не кажа, што юрыдычнай нормай завецца толькі тая норма, якая надзяляе свабодай чальцоў супольнага жыцця, пашырае сферы іх вонкавай свабоды. Тэорыя кажа, што юрыдычныя нормы вызначаюць, рэгулююць вонкавую свабоду. Гэта значыць, што адпаведна з умовамі месца і часу вонкавая свабода адных чальцоў супольнага жыцця пашыраецца, другіх – звужаецца, а трэціх – наагул знішчаецца ў тых ці іншых дачыненнях (с. 138)”.
Такім чынам, ва ўяўленнях ды разважаннях Міхайлоўскага правам ёсць бузумоўна абавязковыя для ўсіх чальцоў супольнасці нормы, санкцыянаваныя й гарантаваныя праз вышэйшы знешні аўтарытэт дадзенага грамадства, якія рэгулююць вонкавую свабоду чалавека незалежна ад яе размеркавання на падставе пранцыпу ўсеагульнай роўнасці. Гэта вельмі каштоўная заўвага, бо з яе дапамогай лепш выяўляецца тая розніца ў падыходзе да прынцыпаў пабудовы грамадства й дзяржаўнай улады, якія істотна адрознівалі феадальную цывілізацыю, заснаваную на праўнай няроўнасці ды саслоўнай пабудове, ад індустрыяльнай цывілізыцыі, якая агучыла прынцып фармальна-праўнай роўнасці. У філасофіі ідэя аднолькавай каштоўнасці ўсіх людзей нягледзячы на іх паходжанне ды іншыя адрозненні была абгрунтавана філосафамі эпохі Асветніцтва. За кожным чалавекам прызнаецца абсалютная каштоўнасць, ці, як гэта акрэсліў Імануіл Кант – “статус самакаштоўнасці”. Сёння гэта думка інтэрпрэтуецца наступным чанам: “як бы грамадства ні ацэньвала пэўнага чалавека ды як бы сам ён не ставіўся да сябе, ён як асоба мае каштоўнасць ў вачах дзяржавы й грамадзтва”. Менавіта на гэтай падставе сёння разважаюць пра прынцып праўнай роўнасці, разглядаючы роўнасць як сутнасную якасць права, а самое права – як матэматыку свабоды. Такім чынам, права ўяўляецца як “нарматыўная форма выяўлення свабоды пасродкам прынцыпу фармальнае роўнасці людзей у грамадзкіх дачыненнях”, а сама гісторыя правоў чалавека – “гэта гісторыя ачалавечвання людзей, гісторыя прагрэсуючага пашырэння праўнага прызнання ў якасці чалавека тых ці іншых людзей для таго ці іншага кола дачыненняў”.
Сутнаснае адрозненне прадстаўленных азначэнняў права дэтэрмінуецца падыходам да статусу чалавека: у першым выпадку магчыма размеркаванне свабоды паміж людзьмі зыходзячы з пэўных падставаў, што ў выніку адлюстроўваецца на розным праўным статусе розных супольнасцяў ў грамадстве; у другім выпадку прызнаецца агульная норма размеркавання праўнае свабоды паміж усімі людзмі толькі на тым грунце, што яны прызнаюцца роўныя паміж сабой як асобы (таму менавіта прынцып праўнай роўнасці мае характар фармальнасці і больш дакладна было б казаць пра існаванне фармальна-праўнай роўнасці). Іншымі словамі, дэфініцыя права Міхайлоўскага, пры пэўных умовах свайго прачытання і суадносінаў з сучаснымі ідэямі й ідэаламі, так бы мовіць, не зусім “гуманістычная” па сваёй сутнасці, бо выключае па-за межы якасных характарыстыкаў права фармальную роўнасць.
Не складае вялікіх цяжкасцяў зразумець дзе і ў якія часы роўнасць была прызнана ў якасці фундаментальнага прынцыпу існавання грамадства. Таксама не складае вялікіх цяжкасцяў заўважыць, што вынікам эпохі Асветніцтва сталі вядомыя з гісторыі рэвалюцыйныя дзеянні, у першую чаргу ў Велькай Брытаніі, Злучаных Штатах Амерыкі ды Францыі. Прыклад Французкай рэвалюцыі 1789 р. дазваляе ў яскравых формах успрыняць памеры адбыўшыхся зменаў у грамадстве, тыя ідэі, у імя якіх адбываліся гэтыя змены, сам механізм перабудовы грамадства на новых прынцыпах супольнага жыцця людзей. Менавіта Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна 1791 р. абвесціла, што “людзі нараджаюцца ды застаюцца свабоднымі ды роўнымі ў правах” і менавіта гэты ж самы прынцып знайшоў сваё месца ў тэксце Ўсеагульный дэкларацыі праў чалавека 1948 р.
Як вышэй адзаначалася, свабода чалавека на мове права гучыць як правы чалавека. Канстытуцыі канца XVIII – XIX стагоддзяў замацавалі грамадзянскія ды палітычныя правы й свабоды. Гэта былі, так бы мовіць, “інструментальныя” канстытуцыі, асноўнае прызначэнне якіх – “рэгуляванне адносінаў улады (дзяржаўнай улады) і чалавека, перш за ўсё з пазіцый “натуральных” правоў апошняга”. Развіццё канстытуцыйных ідэяў прывяло да пашырэння колькасці правоў і свабодаў, разгортвання самога аб’екту канстытуцыйнага рэгулявання: “гэта не толькі дзяржава і асоба, але сістэма ўзаемасувязяў – асоба, супольнасць, дзяржава ды грамадства”.
Звернемся зараз да другой асноўнай ідэі гуманістычнай тэорыі канстытуцыі, да прынцыпу вяршэнства права. Частка 1 артыкулу 7 вызначае, што ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права. Звернем увагу на змест артыкула: прамаўляецца ўсталяванне менавіта вяршэнства права, а не закону. Сфармуляваны гэткім чынам артыкул сам па сабе дае падставы для разнастайных тлумачэнняў скарыстанага ў ім панятку права. Зрэшты наш дослед датычыцца вызначэння тых стасункаў, у якіх адзначаны прынцып вяршэнства права знаходзіцца з прынцыпам прызнання асобы найвышэйшай каштоўнасцю грамадства ды прызнаннем фармальна-праўнай роўнасці людзей. Несумненна ёсць генетычная сувязь паміж зацверджаннай ў нормах сучасных канстытуцыяў ідэяй вяршэнства права і з’явіўшыміся ў часы Асветніцтва думкамі пра “панаванне права” ды “суверэнітэт права”. Патрабаванне панавання права вынікае з тае падставы, што ўсе людзі шануюцца аднолькава роўнымі ў сваёй свабодзе ды годнасці, а вонкавае і прымусовае падпарадкаванне чыёй-небудзь волі ёсць парушэнне асабістай свабоды. “Быць свабодным, мець вакол сябе толькі роўных, гэткае існае жыццё, натуральнае жыццё чалавека”, – зазначаў у свой час Вальтэр. Да рэчы, згодна з яго думкамі: “свабода з’яўляецца ў тым, каб залежыць толькі ад законаў”. Менавіта вяршэнства закону ці права ў дзяржаве, іх панаванне над усімі грамадзянамі, у тым ліку над манархам ды самой дзяржаўнай уладай ёсць неабходная ўмова захавання ды пашаны асабістай свабоды кожнага.
Зразумелым працягам гэтай думкі ёсць неабходнасць таго, каб кожны меў магчымасць выказаць сваю волю наконт тых законаў, якім павінен падпарадкоўвацца. Менавіта ў гэты момант з’яўляецца знакамітая la volonte generale Русо, якая ёсць крыніца “une regle d’administration legitime et sure”. Дактрына Русо ясна распавядае пра прынцып суверэнітэту права як адзіна магчымай волі самога народа, крыніцы закону. Таму ніводная ўлада, ні воля пэўнай асобы не можа быць вышэй за волю цэлага народу – la volonte generale, якая ёсць справядлівы закон. Адсюль зыходзіць суверэнітэт народа ды вяршэнства права як праява гэтага суверэнітэту. Сёння, айчынны заканадаўца сфармуляваў ды замацаваў гэтую думку ў частцы 1 артыкула 3 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь наступным чынам: “Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ. Народ ажыцяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй”. Цікава адзначыць, што сам Русо адмаўляў магчымасць прадстаўляць волю народа праз адпаведныя ўстановы, бо лічыў народную волю суцэльнай ды непадзельнай, немагчымай яе каму-небудзь перадаць па ўласным жаданні ні часткова, ні цалкам. Такім чынам, вяршэнства права ёсць неабходнай умовай для захавання свабоды й роўнасці ў грамадстве. На гэтай падставе можна пагадзіцца з выказанай думкай, што “сутнасць канстытуцыі – у легалізацыі праўнай дзяржавы, прыярытэту права над дзяржавай”.
Практычнае ўвасабленне ідэі панавання права магчыма пры наяўнасці шэрагу інстытутаў публічай улады, да ліку якіх, безумоўна, належыць інстытут падзелу дзяржаўнай улады на заканадаўчую, выканаўчую ды судовую. Асаблівае значэнне ўвасаблення ў жыццё гэтай ідэі надавалася менавіта ў першых канстытуцыях, калі такім чынам імкнуліся пераўтварыць абсалютную манархію ў канстытуцыйна абмежаваную, дзе існуе падзел улады, а манарх падуладны законам. Палітычная думка прапанавала некалькі мадэляў гэткай канструкцыі дзяржаўнай улады, якія былі выкладзены ў трактатах Джона Лільберна, Джона Лока, Шарля-Луі Мантэск’ё. Але інстытутам падзелу ўлады не вычэрпваецца разнастайнасць публічных гарантыяў выканання прынцыпу панавання права ды дасягнення галоўнай мэты – захавання асабістай свабоды ў грамадстве праз шанаванне й абарону правоў чалавека. Менавіта таму з цягам часу склалася суцэльная сістэма гэткіх гарантыяў, якія знайшлі сваё інстытуцыянальнае ўвасабленне ды забяспечваюць падпарадкаванне дзяржавы праву. Да іх ліку можна аднесці наступнае:
1. забеспячэнне выканання міжнародна-праўных нормаў, якія гарантуюць правы чалавека;
2. удзел народу ці народных прадстаўнікоў ў фармаванні інстытутаў улады ды прыняцці законаў;
3. падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую, судовую;
4. правам на судовую абарону;
5. існаваннем дзейснага мясцовага самакіравання.
Пералічаныя характарыстыкі, як адзначаецца ў тэорыі, належаць да канстытуцыйнай дзяржавы. Гэткія ж патрабаванні да пабудовы публічнай улады характэрны таксама для вучэння аб праўнай дзяржаве. Таму цікавым уяўляецца тэарэтычная распрацоўка суадносінаў ды стасункаў паміж тэорыямі канстытуцыяналізму ды праўнай дзяржавы. На жаль, айчынная праўная навука можа прапанаваць не шмат прыкладаў фундаментальных доследаў у згаданым кірунку, але, як вучыць гісторыя, менавіта тэорыя прапаноўвае сваёй палітычнай сучаснасці новыя формы ды мадэлі пабудовы грамадскага жыцця. Гуманістычная тэорыя канстытуцыі толькі падкрэслівае суцэльнасць зацверджанных у нормах сучасных канстытуцыйных актаў філасофскіх думак, дазваляе вызначыць іх суадносіны паміж сабой ды сфармаваць на гэтай падставе выразнае ўяўленне пра тыя ідэалы, якія знаходзяцца ў аснове нашага грамадства.
Наконт уплыву філасофіі Асветніцтва на ідэалогію французкіх рэвалюцыянераў глядзі: Плавинская Н.Ю. Дух законов Монтескьё и Великая французская революция/ От старого порядка к революции. – Л.: Изд-во ЛГУ, 1988. С. 145 – 155.
Вадзім Дзмітрыеў (нар. у 1985 р. у Гародні), студэнт 4 курса юрыдычнага факультэту Гарадзенскага дзяржаўнага унівэрсітэту імя Янкі Купалы. Галіна навуковых інтарэсаў: тэорыя, філасофія ды гісторыя права, палітычная філасофія, тэорыя канстытуцыі, пытанні інтэграцыі на постсавецкай прасторы.

|
 |