Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Праўніцкія тэрміны і слоўнік Івана Насовіча | Раман Маладзяшын | 10.3.2006

Гэтым артыкулам мы працягваем сэрыю артыкулаў, прысьвечаных беларускай праўніцкай тэрміналёгіі. Гэтым разам мы зьвярнуліся да слоўніка Івана Насовіча (Слоўнік беларускай мовы. Мн., 1983.), новае перавыданьне якога зараз, дарэчы, рыхтуецца.

Увазе чытача прапаноўваецца некалькі словаў[*] з гэтага слоўніка, што ўзбагачаюць сучасную праўніцкую тэрміналёгію і вырашаюць некаторыя праблемы перакладу з расейскае.

Варта заўважыць, што ня ўсе прапанаваныя словы прэтэндуюць на трывалы ўжытак, прычынаю тут даўніна сабранага матэрыялу (а гэта сярэдзіна ХІХ ст.). Але памятайма, што цягам апошняй блізка сотні-паўтары год наша мова “разьвівалася” не ў зусім натуральных варунках, таму нам выпадае чэрпаць словы, даўно зафіксаваныя і амаль забытыя. А гэта, згадзецеся, вымагае клопату. Тым ня менш, пэўная доля аптымізму шкоды ня зробіць. Спадзяемся, гэты артыкул – добры таму доказ.

Опись, перепись.

(В)опіс ці перапіс. На першы пагляд можа падацца, што “(в)опіс” і “перапіс” – абсалютна розныя паняткі і першае ані як не замяніць на другое, але вось што чытаем у слоўніку:

Переписъ, -у, с. м. Перепись. Перепису не здзѣлали, скольки чего осталося по небощику.

Таму цалкам мэтазгодным падаецца ўжываць слова “перапіс” у значэньні “опись”, гэтаксама і ягоныя фарманты: перапісваць – делать опись.

Напрыклад:

                 

Што-ж датыкае “переписи населения”, то можам гэтаксама, як і “перапіс”, ужываць “попіс (народу, люду)”:

Пописъ, -у, с. м. 1) Перепись. Пописъ народу.

Подряд, подряжаться.

Пэўныя пытаньні ўзьнікалі пры перакладзе слова “подряд”. На форуме web-праекту “Праўніка” была прапанова ўтварыць назоўнік ад Насовічава “паднімацца”; вось як выглядае слоўнікавы артыкул:

Поднимацьца, сов. Подняцьца, гл. возвр. ... 3) Подряжаться. Поднимацьца, подняцьца на постройку церквы. Поднимися везць товаръ до Вицепска.

Наведнік форуму прапанаваў наступнае:

...у слоўніку Насовіча словы "паднімацца" і "падыймацца" значаць "подряжаться сделать что". Павычвараўшыся троху, можна атрымаць нешта кшталту "падойма/падоймы"...

Слоўнік-жа Я. Станкевіча на “подряд” дае “кантрахт”, але ў цяперашняй нашай мове мы ўжо маем “кантракт”, які ня мае такога значаньня. Можна прыпусьціць, што “кантрахт” як “подряд” прыжывецца добра, а можа і “падойм”, можа, хто адшукае іншыя годныя варыянты. Зноў-жа, усё на Ваш выбар, шаноўныя чытачы. Затое мы ўжо маем зафіксаваны слоўнікам адпаведнік расейскага “подряжаться”!

Подача заявления; поданное заявление; подавать заявление.

Здаецца, усё тут добра: падача, пададзенае і падаваць. Але будзем імкнуцца да дасканаласьці! Зьвярнуўшыся да Насовічавага слоўніка, знаходзім слоўцы, што шчэ’ болей цешаць вока і прывабліваюць сваёй натуральнасьцю! Вось яны:

Покладанне, -я, с. ср. 1) Представленіе чего лично. Покладанне жалобы. ...

Покладаный, прич. стр. отъ д. гл. Покладаць. 1) Представленный. Покладаные въ судзѣ листы затрацилися. ...

Вынікае: подача заявления — пакладаньне заявы; поданное заявление — пакладаная заява — подавать заявление (жалобу) — пакладаць заяву (скаргу).

Гэтыя-ж словы даюць рады пэўным праблемам з расейскім “пред(о)ставлять”. Такім чынам, заклікаю вельмішаноўнае спадарства актыўна карыстаць з вышэйпрыведзеных словаў!

Ці подпіс трэба “ставіць”?

Так патрапіла, што ў слоўніку знаходзім шчэ’ колькі словаў с коранем “клад” – дужа плённыя пошукі на словы з гэтым коранем!

Прикладанне, -я, с. ср. ... 2) Приложеніе руки, подпись. Прикладанне руки кресциками.

Прикладаць, сов. Прикласць, гл. д. ... 4) Прилагать. Прикладаць, прикласць пильносць.

Адпаведна, замест “ставіць подпіс” маем “прыкладаць подпіс”! Вашы прапановы!

Калі камусь “вменяется” замах на забойства.

Пераклад гэтага слова – даволі шчокатнае пытаньне для праўніка, але і тут маем цалкам беларускі натуральны адпаведнік:

Причитываць, гл. д. ... 2) сов. Причитаць. Приписывать, вмѣнять. Ты мнѣ то причитываешъ, причитавъ, чего я сусимъ не дзѣлавъ. 3) Присчитывать. Ты на мнѣ лишнее причитываешъ, причитавъ.

Причитаный, прич. стр. отъ д. гл. Причитаць. Причисленный. Цеперешній довгъ твой причитанъ къ прежнему. (Заўважце націск: прычытваць – прычытаны, пакладаць – пакладаны! — Рэд.)

Памятайма-ж, што на “(не)вменяемый” маем “(не)сьвядомы”.

Пособие, пособлять.

Найчасьцей на форуме гэта слова перакладалі рознымі варыянтамі “помачы”, але з слоўніка бачым, што і корань “соб” заслугоўвае на існаваньне:

Пособа, -ы, с. ж. Помощь, пособіе. Не великая намъ съ цебе пособа. Ниоткуль мнѣ нема пособы.

Пособствоваць, -вую, гл. ср. Пособлять. Ты ему пособствуешъ во всемъ дурномъ.

На першы пагляд, ёсьць адзін недахоп – тут не вядзецца пра фінансавую дапамогу, але-ж ці мела первясткова расейскае “пособие” такое значаньне? Пакідаем выбар за Вамі, чытачове!

Примирение.

Поруч з прымірэньнем маем больш рэлевантнае “прыяднаньне”, што, дарэчы, невядома, як чытачам, але аўтару артыкула вельмі цешыць вока ды лашчыць слых!

Пріеднанне, -я, с. ср. Примиреніе. Пришли до пріеднання межъ собою.

Пріеднаный, прич. стр. отъ д. гл. Пріеднаць. Примиренный. Пріеднаные сусѣдзи.

                   

Чакаем на Вашыя прапановы!

Невялічкі дадатак да папярэдняга пункту:

Причинца, -ы, с. м. Виновникъ. Усему злу ты причинца.

Сопротивление.

Наступная порцыя словаў служыць доказам таго, што ў нашай мове багата варыянтаў на панятак, калі іншыя мовы маюць толькі адзін на яго варыянт.

Вось, да прыкладу, маем:

Процивенство, -а, с. ср. Противленіе. Во всёмъ показываець процивенство. Дзѣлай безъ жаднаго процивенства.

Процивство, -а, с. ср. Сопротивленіе. Не чини процивства, хуже будзець. (Заўважце: чыніць праціўства — Рэд.)

Уяўляецца, што “супраціў” мае больш шырокі, “усенародны” сэнс, і падаецца мэтазгодным ужываць “працівенства” ці “праціўства” ў дачыненьні да фізычнага “сопротивления”, што чыніцца, прыкладам, органам аховы парадку

                    

* * *

Вось бадай усё, што мы заплянавалі на гэты нумар часопіса.

Няхай гэта ўсяго толькі драбностка насупраця той процьмы тэрмінаў, што чакаюць годнага перакладу, але мы спадзяемся, што гэта справа ахопіць шырокія колы нашых чытачоў – мы чакаем падмогі і супрацы зь Беларускімі праўнікамі, палітолягамі, мовазнаўцамі і ўсімі неабыякавымі людзьмі. Толькі разам мы здолеем вярнуць Нашаму праву на Нашай мове веліч і славу часоў Вялікага Княства Літоўскага! Дык далучайцеся!

Рэдакцыя “Праўніка” вельмі чакае на Вашыя водгукі, прапановы, канструктыўную крытыку. Дасылайце, калі ласка, Вашыя пераклады праблемных артыкулаў зь беларускіх кодэксаў ці варыянты перакладаў тэрмінаў, прапанаваных на форумах ці якіх іншых на Ваш выбар.

Працяг будзе...



[*] Правапіс словаў з слоўніка Насовіча захаваны (1871 г.). Націскныя літары падчыркнутыя. У словах шматзначных на месцы непатрэбных значэньняў стаіць шматкроп’е.

_______________________________

Раман Маладзяшын (нар. у 1984 г. у Слуцку) – навучаецца на V курсе факультэту ангельскае мовы Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!