На мінулым тыдні Алесь Бяляцкі, лідэр праваабарончай арганізацыі “Вясна”, атрымаў нарвэскую прэмію імя А. Сахарава за посьпехі ў сваёй прафэсійнай дзейнасьці. З гэтае нагоды рэдакцыя “Праўніка” сустрэлася зь вядомым праваабаронцам, каб павіншаваць яго з плённай працай і бліжэй пазнаёміцца зь дзейнасьцю арганізацыі.
“Праўнік”: - Сп. Бяляцкі, распавядзіце, калі ласка, чытачам “Праўніка”, якім чынам пачалася Вашая праца ў галіне праваабарончае дзейнасьці.
Алесь Бяляцкі: - Пачаткі нашае дзейнасьці ў гэтым напрамку былі закладзеныя яшчэ напрыканцы 80-х гадоў, калі мы з аднадумцамі вырашылі зрабіць асабісты ўнёсак у зруйнаваньне савецкае таталітарнае сыстэмы, а таксама спрыяць рэабілітацыі рэпрэсаваных і дапамагаць маральна і па магчымасьці матэрыяльна іх сем’ям. Нашая дзейнасьць паспрыяла прыняцьцю Закона Рэспублікі Беларусь “Аб рэпрэсаваных”. У сярэдзіне 90-х нам стала відавочна, што не зважаючы на распад Савецкага Зьвязу, абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі і ўсталяваньне дэмакратыі, парушэньні галоўных правоў і свабодаў чалавека працягваюцца, таму дзейнасьць нашае арганізацыі ня мусіць спыняцца. У 1996 г. у Беларусі была ўпершыню разагнаная мірная акцыя пратэсту дэмакратычнай апазыцыі, таму менавіта тады і ўзьнікла ідэя назваць арганізацыю “Вясна 96”, а ў 1999 г. яна была зарэгістраваная. На сёньняшні дзень “Вясна” мае даволі шырокае сеціва сваіх аддзяленьняў у найбольш буйных гарадах Беларусі.
“П.”: - На выбарах 2001 г. Вы бралі ўдзел у стварэньні кааліцыі арганізацыяў пад назвай “Незалежнае назіраньне” у мэтах ажыцьцяўленьня назіраньня за выбарамі з боку незалежных арганізацыяў. Ці атрамалася ажыцьцявіць заплянаванае?
А.Б. : - Сапраўды, для назіраньня за выбарамі была створаная кааліцыя арганізацяў “Незалежнае назіраньне”. Але ў 2003 г. “Вясну” пазбавілі рэгістрацыі, таму афіцыйна дзейнічаць мы ўжо не маглі і адпаведна згубілі магчымасьць вылучаць назіральнікаў падчас далейшых выбараў.
“П.”: - Ці падтрымліваеце Вы кантакты з Вашымі замежнымі калегамі, што займаюцца аналягічнай дзейнасьцю?
А.Б.: - Безумоўна, без гэтага, мяркую, немагчыма было б нам працаваць. У нас ёсьць кантакты з такімі вядомымі арганізацыямі, як Швэцкі Хельсынскі Камітэт, Польскі Хельсынскі камітэт, з Чэскай арганізацыяй “People in need”. Мы таксама ўваходзім у Міжнародную Фэдэрацыю Правоў Чалавека са штаб-кватэрай у Парыжы. Яна актыўна супрацоўнічае з Камітэтам па правах чалавека ААН і менавіта дзякуючы гэтаму сусьветная супольнасьць можа даведацца пра парушэньні правоў чалавека, якія адбываюцца ў нашай краіне.
“П.” : - На Вашую думку, ці існуе на сёньняшні дзень такая зьява, як дысыдэнцтва, аналягічная дысыдэнцтву савецкаму?
А. Б.: - Я мяркую, што нават у Савецкім Зьвязе нельга было дакладна вызначыць, ці зьяўляецца пэўная асоба дысыдэнтам ці не, бо акрамя дысыдэнтаў у наўпроставым значэньні слова існавала кола людзёў, якое спрыяла распаўсюду “небясьпечных” і недазволеных ідэалёгіяй думак, але такія людзі па сутнасьці дысыдэнтамі не былі. Скажам, для прыкладу, Васіль Быкаў, які ў сваіх творах адлюстроўваў атмасфэру пэсымізму і апісваў праблемы экзыстэнцыйнага выбару, што безумоўна не пасавала канонам афіцыйнага сацыялістычнага рэалізму, але і не магло быць расцэненае ўладамі, як супраціў і падрыў сацыялістычнага ўладкаваньня. Таксама можна ўзгадаць шэраг дасьледнікаў у галіне нацыянальнае культуры і гісторыі, якія праз вывучэньне гэтых дысцыплінаў павольна і незаўважна рабілі апірышчы сацыялістычнага грамадзтва больш крохкімі і спрыялі іх зруйнаваньню.
“П.”: - Ці можаце Вы пагадзіцца з тым, што ў БССР бадай адзіная асоба – пісьменьніца Ларыса Геніюш – была сапраўднай дысыдэнткай, якая да канца свайго жыцьця так і не прыняла савецкага грамадзянства?
А.Б.: - Насамрэч вялікая колькасьць людзёў працавала ў тым жа кірунку, што і Ларыса Геніюш, у 60-70-я гады, але за мяжой. Сярод іх можна ўзгадаць і Натальлю Арсеньневу, і Алеся Салаўя, творы якіх складаюць залаты фонд беларускай эмігранцкай літаратуры, адзінае, што мы дастаткова ня ведаем пра іх творчасьць. А Ларыса Геніюш сапраўды была, напэўна, адзінай нязломнай змагаркай і пісьменьніцай, што засталася і тварыла тут, на Беларусі. Акрамя таго, яна зрабіла значны ўплыў на пісьменьнікаў наступных генэрацыяў, такіх як Данута Бічэль-Загнетава, Уладзімер Арлоў, якія жылі ў савецкім грамадзтве, але па сутнасьці пісьменьнікамі савецкімі не былі.
“П.”: - Ці можаце Вы вылучыць сярод беларускіх дзеячаў тых, хто паўплываў на станаўленьне Вашага сьветапогляду?
А.Б.: - Так, безумоўна найвялікшы ўплыў на мяне зрабіла творчасьць Уладзіміра Караткевіча, які перакуліў маю сьвядомасьць яшчэ ў школе. Таксама я мог бы вылучыць творчасьць Гарэцкага, а кнігі, што я чытаў, былі яшчэ старых узораў, выдадзеныя за ягоным жыцьцём. Прыкладна на чацьвертым курсе я ўпершыню прачытаў Ермаловіча зь ягонымі працамі па гісторыі Беларусі.
Спадар Бяляцкі распавёў “Праўніку” пра сваю першую ў жыцьці сустрэчу з “сьвядомымі” носьбітамі беларускае мовы.
А.Б.: - Па-беларуску мы зь сябрамі пачалі размаўляць прыблізна зь 19 год. Асобаў, якія ў паўсядзённым жыцьці карысталіся беларускай мовай, у тыя часы ў Гомлі было няшмат, таму было даволі складана зрабіць нешта выразнае на карысьць нашае ідэі тут, у гэтым месцы, без хаўрусьнікаў. Пасьля першага ці другога курсу я вырашыў трохі павандраваць па Беларусі, каб даведацца, чым жыве мой народ. Я вызначыў сабе маршрут, які складаўся з вандровак па Гомельшчыне, Берасьцейшчыне, Меншчыне і Гарадзеншчыне. Тады, напэўна, я ўпершыню пачуў жывую беларускую гаворку з вуснаў маіх землякоў. Падчас адзінай маёй вандроўкі я ўбачыў двух мастакоў, якія малявалі беларускія краявіды і адначасова размаўлялі …па-беларуску. Гэта быў першы выпадак, калі я пачуў, як адукаваныя людзі нязмушана размаўлялі на літаратурнай беларускай мове. Неўзабаве я даведаўся, што адным з гэтых мастакоў быў Мікола Купава. Пасьля нашае сустрэчы я быў запрошаны да іх у Менск, дзе яны пазнаёмілі мяне з колам беларускае нацыянальнае інтэлігенцыі, сярод якіх быў і Вінцук Вячорка.
“П.”: - Скажыце, калі ласка, ці былі рэалізаваныя Вашай арганізацыяй друкаваныя выданьні на тэматыку парушэньняў правоў чалавека?
А.Б.: - Так, безумоўна, мы здолелі надрукаваць некалькі накладаў “Агляду парушэньняў правоў чалавека”. Мяркую, што ён будзе карысным ня толькі нашым суайчыньнікам, якія хочуць валодаць праўдзівай інфармацыяй пра сытуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне, але і будучым генэрацыям, бо гэтая праца ўтрымлівае шмат дакладных зьвестак, у тым ліку і імёны закранутых асобаў, пра канкрэтныя выпадкі, што адбыліся ў Беларусі, таму мае пэўную гістарычную каштоўнасьць.
“П.”: - Штатам супрацоўнікаў якіх прафэсіяў валодае “Вясна”?
А.Б. :- У кадравы склад “Вясны” ўваходзяць валянтэры, журналісты і г.д., якія займаюцца пошукам адпаведнай інфармацыі ў сфэры парушэньня правоў чалавека і яе аналізам, а таксама юрысты, што мусяць аказваць юрыдычную і праўную дапамогу бакам, якія маюць у гэтым патрэбу.
“П.”: - Як Вы бачыце будучыню “Вясны”, сп. Бяляцкі?
А.Б.: - Мяркую, што працы нам хопіць на даволі вялікі пэрыяд часу, улічваючы, што заўсёды будуць існаваць пагрозы для нармальнага ажыцьцяўленьня чалавекам сваіх правоў. Мы лічым неабходным сканцэнтраваць нашыя намаганьні ў будучыні ў такіх сфэрах, як дзейнасьць пэнітэнцыярнае сыстэмы Беларусі, праца зь людзямі, якія працуюць у турмах, навучаньне іх прынцыпам і спосабам гуманнага абыходжаньня са зьняволенымі. Таксама, безумоўна, будзе неабходным працаваць і ў сфэры адукацыі, удзельнічаць у стварэньні пэўных адукацыйных праграмаў у галіне правоў чалавека для навучэнцаў. Мяркую, што працы шмат, а так як любой арганізацыі ўласьцівыя як моманты росквіту, так і моманты заняпаду, магчыма пасьля спыненьня дзейнасьці “Вясны” нашую працу падтрымаюць і працягнуць нашыя пасьлядоўнікі. А атрыманы досьвед ніколі ня будзе незапатрабаваным, і мы ім будзем дзяліцца як з айчыннымі арганізацыямі, так і замежнымі.
“П.”: - Дзякуй, сп. Бяляцкі, за вельмі цікавую й шчырую гутарку. Зычым Вам посьпехаў у Вашай дзейнасьці на карысьць нашае дзяржавы і ўсіх яе жыхароў.
Падчас напісаньня інтэрвію, стала вядома, што Алесь Бяляцкі атрымаў прэмію чэскага фонду “People in need”, якую ўручыў сп. Бяляцкаму былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. Урачыстае ўзнагароджаньне адбылося 1 сакавіка. Рэдакцыя “Праўніка” віншуе сп. Алеся Бяляцкага і “Вясну” і зычыць надалей трымацца сьцяжынкі праўды і справядлівасьці!
Размаўлялі Вольга Парфенчык і Ўладзіслаў Белавусаў