Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Працоўнае права
Праблемы рэалізацыі прынцыпу скасавання ўсіх формаў прымусовай альбо абавязковай працы ў Рэспубліцы Беларусь | Таццяна Бруй | 27.2.2006

Прынцып "скасавання ўсіх формаў прымусовай або абавязковай працы" ёсць адным з чатырох асноватворных прынцыпаў у сферы працы, замацаваных у Дэкларацыі аб асноватворных прынцыпах і правах у сферы працы, прынятай на 86-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы ў чэрвені 1998 г. Выкананне асноватворных прынцыпаў абавязковае для ўсіх дзяржаў-чальцоў Міжнароднай арганізацыі працы (далей – МАП) незалежна ад ратыфікацыі імі адпаведных канвенцый. Рэспубліка Беларусь – чалец МАП з 1954 г. – ратыфікавала абедзве канвенцыі МАП, прысвечаныя пытанням ліквідацыі прымусовай працы (Канвенцыю №29 1930 г. аб прымусовай працы і Канвенцыю №105 1957 г. аб скасаванні прымусовай працы). Аднак заканадаўства Рэспублікі Беларусь змяшчае шэраг нормаў, што не адпавядаюць нормам ратыфікаваных канвенцый. Акрамя таго, на практыцы маюць месца выпадкі невыканання прынцыпу скасавання ўсіх формаў прымусовай альбо абавязковай працы.

Панятак "прымусовай працы"

Па-першае, трэба адзначыць, што некаторыя сродкі масавай інфармацыі, а таксама ўрады некаторых дзяржаў разумеюць пад прымусовай працай умовы працы, што зневажаюць годнасць чалавека альбо ўмовы працы з мізэрна нізкай заработнай платай. Прыкладам можа служыць наступная заява ўраду Індыі: "Праца можа быць прымусовай ня толькі праз фізічны прымус, але і праз голад і галечу, што пануджаюць яго (работніка) згаджацца працаваць за ўзнагароду ніжэй усталяванага заканадаўствам мінімальнага ўзроўню"[1]. У сувязі з гэтым юрысконсульт МАП у момант прыняцця Дэкларацыі 1998 г. заявіў, што ў інтарэсах прынцыпу скасавання прымусовай працы пры яго азначэнні можна на цалкам законных падставах спасылацца на азначэнне, дадзенае ў Канвенцыі №29 1930 г. аб прымусовай працы. Такім чынам, прававы панятак "прымусовай працы" не выходзіць за рамкі названай Канвенцыі №29 1930 г.

Артыкул 2 Канвенцыі №29 1930 г. аб прымусовай працы вызначае прымусовую працу як "любую працу альбо службу, што вымагаецца ад якой-небудзь асобы пад пагрозай пакарання, калі толькі дадзеная асоба добраахвотна не прапанавала свае паслугі"[2]. Аднак у шэрагу выпадкаў пануджэнне да працы законнае. Так, паводле часткі 2 артыкула 2 Канвенцыі №29, тэрмін "прымусовая альбо абавязковая праца" не ўключае ў сябе пяць відаў дзейнасці, якія ўтрымліваюць элементы прымусу, але выключаюцца з азначэння прымусовай працы і ёсць, адпаведна, законнымі пры вызначаных умовах і абмежаваннях. Размова ідзе пра наступныя віды дзейнасці:

- праца, што патрабуецца ў сілу законаў аб абавязковай ваеннай службе і праца, якая выкарыстоўваецца для работ выключна вайсковага характару;

- праца, якая ёсць часткай звычайных грамадзянскіх абавязкаў;

- праца, што патрабуецца ў сілу выраку суда пры ўмове, што гэтая праца будзе выконвацца пад наглядам і кантролем дзяржаўных уладаў і названая асоба не будзе перададзена ў распараджэнне прыватных асобаў альбо гаспадарчых таварыстваў;

- праца, неабходнасць якой выклікана надзвычайнымі (непераадольнымі) акалічнасцямі;

- дробныя работы на карысць калектыва, калі яго прадстаўнікі могуць выказаць сваё меркаванне адносна мэтазгоднасці такіх работ.

Дапускаючы ў шэрагу выпадкаў абавязковую працу, Канвенцыя №29 суправаджае такі дазвол вызначанымі ўмовамі і абмежаваннямі. Так, паводле артыкулу 9 Канвенцыі, орган улады, што мае права прыцягваць да прымусовай працы, абавязаны папярэдне ўпэўніцца ў наступным:

  • што служба альбо праца, якія павінны быць выкананыя, уяўляюць прамую і важную цікавасць для калектыву, які павінен іх выконваць;
  • што гэтая служба альбо праца неабходная ў цяперашні ці найбліжэйшы час;
  • што было немагчыма атрымаць добраахвотную працоўную сілу для выканання гэтай службы альбо працы, нягледзячы на тое, што былі прапанаваны зарплата і ўмовы працы па меншай меры роўныя тым, якія практыкуюцца на дадзенай тэрыторыі для аналагічнай службы або працы;
  • што следствам гэтай працы альбо службы не будзе занадта вялікі цяжар для насельніцтва, прымаючы да ўвагі наяўную працоўную сілу і яе здольнасць выканаць дадзеную працу.

Неабходна адзначыць, што да прымусовай альбо абавязковай працы могуць быць прыцягнутыя працаздольныя сталыя асобы мужчынскага полу, рэальны ўзрост якіх не ніжэй за 18 гадоў і не вышэй за сорак пяць гадоў пры павазе сямейных і шлюбных сувязяў. Такім чынам, прыцягненне да вымушанай працы жанчынаў, моладзі, сталых людзей, інвалідаў ва ўсіх выпадках не павінна дапушчацца. Гэта адносіцца таксама да вучняў і настаўнікаў сярэдніх школаў, да адміністрацыйнага персаналу. Апроч таго, паводле часткі 2 артыкула 11 Канвенцыі №29, частка асоб з ліку пастаяннага мужчынскага працаздольнага насельніцтва, якая можа быць адначасова прыцягнутая да прымусовай працы, не можа перавышаць 25 адсоткаў. Максімальны перыяд, на працягу якога асоба можа быць прыцягнута да прымусовай альбо абавязковай працы ў розных формах, не можа перавышаць шасцідзесяці дзён у год (ч. 1. арт. 12 Канвецыі №29).

Проціпраўнае прыцягненне да прымусовай альбо абавязковай працы, у адпаведнасці з артыкулам 25 Канвенцыі №29, павінна пераследавацца ў крымінальным парадку, і кожны чалец МАП, які ратыфікаваў Канвенцыю №29, абавязаны забяспечыць сапраўдную эфектыўнасць і строгае прымяненне санкцый, прадпісанных законам.

Другая Канвенцыя МАП, прысвечаная прымусовай працы, Канвенцыя №105 1957 г. аб скасаванні прымусовай працы, змяшчае больш жорсткія патрабаванні ў параўнанні з Канвенцыяй №29 і пашырае круг абавязацельстваў дзяржаў па ліквідацыі прымусовай працы. У Канвенцыі №105 змешчана патрабаванне поўнай і неадкладнай адмены любых формаў прымусовай працы. Забарона прымусовай працы разглядаецца як неабходная мера для забеспячэння абароны правоў чалавека, яго асноўных свабод, у прыватнасці, недапушчальнасці эканамічнага і сацыяльнага ціску.

Варта адзначыць, што Канвенцыя №105 дапаўняе, а не пераглядае Канвенцыю №29. Так, у артыкуле 2 Канвенцыі №105 выразна пазначаны пяць выпадкаў, у якіх усе формы прымусовай альбо абавязковай працы павінны быць неадкладна і поўнасцю скасаваныя:

  • у якасці сродку палітычнага ўздзеяння або выхаванні альбо ў якасці меры пакарання за наяўнасць альбо за выражэнне палітычных поглядаў альбо ідэалагічных перакананняў, процілеглых усталяванай палітычнай, сацыяльнай альбо эканамічнай сістэме;
  • у якасці метаду мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы для патрэбаў эканамічнага развіцця;
  • у якасці сродку падтрымання працоўнай дысцыпліны;
  • у якасці сродку пакарання за ўдзел у забастоўках;
  • у якасці меры дыскрымінацыі па прыкметах расавай, сацыяльнай і нацыянальнай прыналежнасці альбо веравызнання.

Пытанням прымусовай працы прысвечаныя таксама Рэкамендацыі МАП №35, №36, №136. Варта адзначыць Рэкамендацыю №35, якая заклікае дзяржавы ў дапаўненне да абавязацельстваў з Канвенцыі №29 пазбягаць якога-небудзь ускоснага пануджэння да працы, гэта значыць мераў, якія штучна ўзмацняюць ціск на насельніцтва з мэтай прымусіць шукаць працу па найме.

Парушэнне прынцыпу "скасавання ўсіх формаў прымусовай альбо абавязковай працы" ў Рэспубліцы Беларусь

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь, як ужо было адзначана вышэй, змяшчае шэраг нормаў, што не адпавядаюць нормам ратыфікаваных Канвенцый.

Па-першае, гаворка ідзе аб абавязковым удзеле ў грамадскіх працах беспрацоўных, прадугледжаных Законам "Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь"[3]. Пад грамадскімі працамі, паводле названага Закону, разумеюцца агульнадаступныя віды часовай працоўнай дзейнасці, якія не патрабуюць, як правіла, дадатковай прафесійнай падрыхтоўкі, садзейнічаюць уключэнню ў актыўнае працоўнае жыццё беспрацоўных і асоб, якія звяртаюцца ў дзяржаўныя службы занятасці па пытаннях працаўладкавання. Мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўсталёўваецца штомесячная норма ўдзелу беспрацоўных у грамадскіх працах. Невыкананне без уважлівых прычынаў беспрацоўным месячнай нормы ўдзелу ў аплатных грамадскіх працах па накіраванні органа дзяржаўнай службы занятасці мае вынікам прыпыненне выплаты грашовай дапамогі па беспрацоўі, што, безумоўна, ёсць ускосным пануджэннем да працы. Апроч таго, абавязак удзелу беспрацоўных у грамадскіх працах не адпавядае адному з асноўных прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі ў вобласці занятасці, замацаванаму ў Законе "Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь", а менавіта: прынцыпу давання сацыяльных гарантый і кампенсацый беспрацоўным, а таксама не адпавядае такім дзяржаўным гарантыям занятасці, як магчымасці ўдзелу ў грамадскіх працах (магчымасці, а не абавязку), свабодзе выбару роду заняткаў і працы.

Другім выпадкам парушэння прынцыпу “скасавання ўсіх формаў прымусовай альбо абавязковай працы”, які замацаваны ў заканадаўстве Республікі Беларусь, ёсць абавязковае размеркаванне выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў. Так, паводле "Палажэння аб размеркаванні выпускнікоў, якія навучаюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (альбо) мясцовага бюджэту ва ўстановах адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь", зацверджанага Пастановай Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.10.2002 г. №1423 (рэд. 24.12.2003г. №1672)[4], выпускнік, накіраваны на працу камісіяй па размеркаванні, лічыцца маладым спецыялістам і абавязаны адпрацаваць па накіраванні два гады з моманту заключэння працоўнай дамовы паміж ім і наймальнікам. Мэтай размеркавання, згодна названаму Палажэнню, ёсць здавальненне патрэбы ў спецыялістах розных галінаў эканомікі, а таксама сацыяльная абарона выпускнікоў. Наймальнікам, незалежна ад формаў уласнасці, забараняецца на працягу двух гадоў пасля заканчэння ўстановы адукацыі прымаць на працу выпускнікоў без пасведчання аб напрамку на працу альбо даведкі аб самастойным працаўладкаванні. Невыкананне дадзенага патрабавання наймальнікам мае вынікам абавязак пакрыць выдаткі за ўвесь перыяд навучання. Такім чынам, размеркаванне выпускнікоў і яго мэты супярэчаць пункту б) артыкула 2 Канвенцыі №105 МАП, канстытуцыйнаму праву грамадзян на бясплатную вышэйшую адукацыю, а таксама не адпавядаюць дзяржаўнай гарантыі свабоды выбару роду заняткаў і працы. Што датычыць сацыяльнай абароны, то такая абарона, безумоўна, павінна паляпшаць праўнае становішча выпускніка, а не абмяжоўваць яго правы.

Наступным выпадкам парушэння прынцыпу “скасавання ўсіх формаў прымусовай альбо абавязковай працы” ёсць прадугледжаная артыкулам 33 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь[5] магчымасць часовага пераводу работніка на неабумоўленую працоўнай дамовай працу (па іншай прафесіі, спецыяльнасці, кваліфікацыі, пасадзе), а таксама на працу да іншага наймальніка ў выпадку вытворчай неабходнасці, а таксама для замяшчэння адсутнага работніка. Перавод у сувязі з вытворчай неабходнасцю ажыццяўляецца без згоды работніка на тэрмін да аднога месяца. Пры гэтым пералік акалічнасцяў, якія разглядаюцца як вытворчая неабходнасць, не вычарпальны і можа быць пашыраны наймальнікам альбо калектыўнай дамовай, улічваючы выключны характар акалічнасцяў. Апроч таго, доктар юрыдычных навук У.І. Крывы ў Каментарыі да Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь адзначае, што "паводле ч. 2 арт. 33 Працоўнага кодэксу, дапушчаецца перавод у парадку вытворчай неабходнасці для замяшчэння часова адсутнага работніка, пры чым без яго ўвязкі з выключнасцю і без абмежавання часовымі рамкамі аднога месяца на працягу каляндарнага году. Атрымліваецца, што (нібыта) можна пераводзіць работніка (як унутры арганізацыі, так і да іншага наймальніка) без уліку яго працоўнай функцыі для замяшчэння іншых работнікаў, што (неабходнасць замяшчэння) узнікае спрэс практычна ў кожнага наймальніка ў сувязі з вакацыямі, выкананнем дзяржаўных або грамадскіх абавязкаў, прагуламі, хваробамі і г.д.[6]".

Такім чынам, артыкул 33 Працоўнага кодэксу супярэчыць нормам Працоўнага кодэксу аб змесце і ўмовах працоўнай дамовы, не адпавядае ч. 4 арт. 41 Канстытуцыі РБ, што забараняе прымусовую працу, і Канвенцыям МАП (№29, №105).

Яшчэ адным парушэннем “прынцыпу скасавання ўсіх формаў прымусовай альбо абавязковай працы” ёсць распаўсюджаныя на практыцы выпадкі правядзення рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, арганізацыямі, падпарадкаванымі ўраду, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі добраахвотных рэспубліканскіх суботнікаў. Неабходна адзначыць, што не існуе адзінага акту заканадаўства, які рэгулюе правядзенне суботнікаў у цэлым, у кожным выпадку органы дзяржаўнага кіравання розных узроўняў выдаюць нарматыўныя акты аб правядзенні пэўнага суботніка. Удзел грамадзян у такіх мерапрыемствах, паводле заканадаўства, ажыццяўляецца выключна на добраахвотнай аснове. Аднак вядомыя выпадкі прамога і ўскоснага прымусу да ўдзелу ў такіх мерапрыемствах. Адным з прыкладаў можа служыць "справа грамадзяніна Яўменава" 2000 г. (работніка ААТ шклозавод "Кастрычнік"), стасоўна якога было ўжыта дысцыплінарнае спагнанне ў форме строгай вымовы з памяншэннем прэміі на 50 працэнтаў за незабеспячэнне яўкі работнікаў адпаведнага аддзелу шклозаводу на рэспубліканскі суботнік[7].

Нельга не адзначыць і выпадкі прымусовага накіравання работнікаў арганізацый, навучэнцаў навучальных устаноў на сельскагаспадарчыя працы з мэтай аказання дапамогі адпаведнай галіне. Так, згодна з рашэннем Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэту №132 ад 24.03.2003г. "Аб правядзенні 29 сакавіка Дня падтрымкі сельскай гаспадаркі", аблвыканкам у мэтах аказання дапамогі ў правядзенні вяснова-палявых работаў даручыў гаррайвыканкамам арганізаваць актыўны ўдзел усіх працоўных калектываў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацыяў, незалежна ад формаў уласнасці і ведамаснай прыналежнасці, навучальных установаў, забяспечыўшы іх неабходным фронтам работ, як на працоўных месцах, так і непасрэдна ў сельгаспрадпрыемствах. Аблвыканкам пастанавіў, што заробленыя на працоўных месцах сродкі пералічваюцца на рахунак камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаванні, а работы, выкананыя непасрэдна ў гаспадарках, залічваюцца ў кошт фінансавай падтрымкі сельскай гаспадаркі.

Названае Рашэнне безумоўна парушае правы грамадзян, паколькі не адпавядае нормам Канвенцый МАП №29, №105. У прыватнасці, арт. 2 Канвенцыі №105, дзе выразна пазначана, што выпадкі прымусовай працы, у тым ліку ў якасці метаду мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы для патрэбаў эканамічнага развіцця павінны быць неадкладна і цалкам скасаваны. Рашэнне Берасцейскага аблвыканкаму супярэчыць і нормам нацыянальнага заканадаўства: артыкулу 41 Канстытуцыі РБ, што забараняе прымусовую працу, апроч працы і службы, вызначанай выракам суда альбо адпаведна закону аб надзвычайным і вайсковым становішчы.

Падсумоўваючы, можна адзначыць, што цяперашнія парушэнні прынцыпу “скасавання ўсіх формаў прымусовай альбо абавязковай працы” ў Рэспубліцы Беларусь безумоўна нельга параўноўваць са значна больш сур’езнымі парушэннямі названага прынцыпу, якія існуюць у заканадаўствах такіх краін як Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Кенія, Аб’яднаная Рэспубліка Танзанія, Непал, Пакістан, Індыя і ў некаторых іншых краінах Афрыкі і Азіі (размова ідзе пра рабства, выкарыстанне пакінутых бацькамі дзяцей на прымусовай працы, гандаль людзьмі, кабальную працу і іншыя формы прымусовай працы). Менавіта ў такія краіны накіраваны асноўныя намаганні МАП і іншых міжнародных арганізацый па ліквідацыі ўсіх формаў прымусовай працы. Аднак усё гэта ніяк не ўплывае на кваліфікацыю і неабходнасць ліквідацыі парушэнняў прынцыпу “скасавання ўсіх формаў прымусовай альбо абявязковай працы”, што ёсць у заканадаўстве і практыцы Рэспублікі Беларусь.



[1] Положить конец принудительному труду: Глобальный доклад, представленный в соответствии с механизмом реализации Декларации МОТ об основополагающих принципах и правах в сфере труда, Доклад I (B), Международная конференция труда, 89-я сессия. Женева, 2001. С. 9.

[2] Конвенции и рекомендации, принятые Международной Конференцией Труда. 1919–1990. в 2-х томах. Женева, 1991.

[3] Закон Рэспублікі Беларусь ад 30 траўня 1991 г. № 828- XII рэд.19.07.2005, Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2005 г., № 120, 2/1134.

[4] НРПА, 2002 Г., № 119.

[5] «Ведомости Национального Собрания Республики Беларусь», 1999. № 2627.

[6] Комментарий к Трудовому кодексу Республики Беларусь / Под ред. В.И. Кривого. Минск, 2001.

[7] Профсоюзные права в Беларуси: Доклад Комиссии по расследованию, назначенной в соответствие со статьей 26 Устава Международной организации труда для рассмотрения вопроса о соблюдении Правительством Республики Беларусь конвенции 1948 г. о свободе ассоциации и защите права на организацию (№87) и конвенции 1949 г. о праве на организацию и на ведение коллективных переговоров (№98)// http//www.ilo.org/public/russian/standards/relm/gb/docs/gb291/pdf/ci-belarus.pdf, С. 99.

_______________________________

Таццяна Бруй (нар. у 1984 г. у Мінску) навучаецца на V курсе БДУ, юрыдычны факультэт, спецыяльнасць правазнаўства, спецыялізацыя гаспадарчае права; бакалаўр права. Навуковыя інтарэсы: працоўнае права замежных краін, параўнальнае працоўнае права.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!