Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Парадак заключэньня міравога пагадненьня ў справах аб эканамічнай неплатаздольнасьці і банкруцтве. | Ганна Жарабцова | 27.1.2006

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб банкруцтве ўстанаўлівае спэцыяльны парадак заключэньня міравога пагадненьня ў вытворчасьці па справах аб эканамічнай неплатаздольнасьці і банкруцтве. Зыходзячы з арт. 157 Закону[1] і палажэньняў дактрыны цывільнага права можна вылучыць наступныя этапы заключэньня міравога пагадненьня:

1.  Прыняцьце рашэньня сходам крэдытораў аб заключэньні міравога пагадненьня (арт. 53, 55 Закону[2]). Прыняцьце рашэньня аб заключэньні міравога пагадненьня належыць да выключнай кампэтэнцыі сходу конкурсных крэдытораў. Сход конкурсных крэдытораў лічыцца правамоцным, незалежна ад колькасьці галасоў, якія на ім прысутнічаюць. Для прызнаньня правамоцнасьці такога сходу патрэбна толькі, каб конкурсных крэдытораў належным чынам паведамілі пра час і месца правядзеньня сходу і тыя маглі свабодна сабрацца ў прапанаваным месцы ў вызначаны чыс (арт. 54 Закону[3]). Рашэньні ў пытаньні заключэньня міравога пагадненьня прыймаюцца сходам крэдытораў большасьцю галасоў ад колькасьці галасоў конкурсных крэдытораў, што прысутнічаюць на сходзе. Рашэньне сходу крэдытораў афармляецца пратаколам сходу крэдытораў. Праз аналіз пратаколу сходу крэдытораў пацьвярджаецца альбо абвяргаецца факт паведамленьня ўсіх конкурсных крэдытораў даўжбіта, выкананьне парадку правядзеньня сходу крэдытораў і парадку прыняцьця ім рашэньня, выбраньне згодна з устаноўленым парадкам асобы, якая ўпаўнаважана падпісваць міравое пагадненьне. У пратаколе пазначаюцца прозьвішча, імя, імя па бацьку асобы, якая ўпаўнаважана на падпісаньне міравога пагадненьня ад імя конкурсных крэдытораў.[4]

2. Падпісаньне міравога пагадненьня ўпаўнаважанымі асобамі. Пасьля таго, як было прынятае рашэньне аб заключэньні міравога пагадненьня, ўпаўнаважаныя на тое асобы падпісваюць яго. Ад імя даўжбіта міравое пагадненьне падпісваецца даўжбітам-індывідуальным прадпрымальнікам, кіраўніком даўжбіта альбо кіруючым (часовым кіруючым) (арт. 156 Закону[5]). У тым выпадку, калі ў міравым пагадненьні бяруць удзел трэція асобы, міравое пагадненьне зь іхняга боку падпісваецца імі альбо іхнімі прадстаўнікамі.

3. Зацьверджаньне міравога пагадненьня гаспадарчым судом. Кіруючы (часовы кіруючы) цягам пяці дзён з дню прыняцьця рашэньня аб заключэньні міравога пагадненьня павінен падаць у гаспадарчы суд заяву аб зацьвярджэньні міравога пагадненьня (арт. 157 Закону[6]). Да заявы аб зацьвярджэньні міравога пагадненьня прыкладаецца наступная дакумэнтацыя:

  • тэкст міравога пагадненьня;
  • пратакол сходу крэдытораў, на якім было прынятае рашэньне аб заключэньні міравога пагадненьня;
  • сьпіс усіх конкурсных крэдытораў, у якім указваецца імя (найменьне) кожнага крэдытора, яго паштовая адрэса і банкаўскія рэквізыты, а таксама сума запазычанасьці даўжбіта перад конкурсным крэдыторам;
  • дакумэнт, які пацьвярджае пагашэньне запазычанасьці па патрабаваньнях крэдытораў першай і другой чэргаў. З дадзенай нормы можна зрабіць выснову, што пагашэньне патрабаваньняў першай і другой чаргі павінна быць учынена да заключэньня міравога пагадненьня. Пагашэньне памянёных патрабаваньняў пацьвярджаецца, у прыватнасьці, даручэньнямі ўстановам банкаў на пералік грашовых сродкаў з адзнакай аб іх выкананьні, паштовымі пераводамі.[7]
  • пісьмовыя пярэчаньні конкурсных крэдытораў, якія ня бралі ўдзелу ў галасаваньні па заключэньні міравога пагадненьня альбо прагаласаваўшых супраць такога заключэньня.

Заява аб зацьвярджэньні міравога пагадненьня разглядаецца гаспадарчым судом на судовым паседжаньні. Пра час і месца разгляду заявы аб зацьвярджэньні міравога пагадненьня гаспадарчы суд паведамляе зацікаўленых бакоў. Адсутнасьць паведамленых належным чынам асобаў не замінае разгляду на судовым паседжаньні пададзенай заявы аб зацьвярджэньні міравога пагадненьня.

У выпадку, калі былі выкананыя ўсе ўмовы і парадак заключэньня міравога пагадненьня, гаспадарчы суд, які разглядае справу аб банкруцтве, выносіць вызначэньне аб зацьвярджэньні міравога пагадненьня.

Паколькі ў Законе[8] не прапісаны зьмест вызначэньня аб зацьвярджэньні міравога пагадненьня ў вытворчасьці па справах аб банкруцтве, субсыдыярна будзе ўжываецца гаспадарча-працэсуальнае заканадаўства, т.б. гл. 10 ГсПК.[9] Так, арт. 123 ГсПК устанаўліваецца наступнае патрабаваньне да рэзалютыўнай часткі вызначэньня гаспадарчага суду аб зацьвярджэньні міравога пагадненьня – у рэзалютыўнай частцы пазначаюцца:

  • зьмест міравога пагадненьня;
  • парадак разьмеркаваньня судовых выдаткаў.[10]

Міравое пагадненьне набывае моц з дню яго зацьвярджэньня вызначэньнем гаспадарчага суду.

Арт. 158 Закону[11] рэглямэнтуе наступствы зацьвярджэньня міравога пагадненьня. Неабходна зьвярнуць увагу на тое, што ў залежнасьці ад працэдуры банкруцтва наступствы зацьвярджэньня міравога пагадненьня розьняцца. Асноўным наступствам ёсьць спыненьне вытворчасьці ў справе аб банкруцтве.[12] Так, у адпаведнасьці з ч.1 памянёнага артыкулу зацьвярджэньне гаспадарчым судом міравога пагадненьня падчас абарончага пэрыяду альбо конкурснай вытворчасьці ёсьць падставаю для спыненьня вытворчасьці ў справе аб банкруцтве, а зацьвярджэньне міравога пагадненьня гаспадарчым судом падчас конкурснай вытворчасьці выступае ў якасьці падставы для спыненьня наступстваў прыпыненьня задавальненьня патрабаваньняў крэдытораў, прадугледжаных арт. 91 Закону.

У выпадку, калі міравое пагадненьне зацьвярджаецца гаспадарчым судом падчас ліквідацыйнай вытворчасьці, рашэньне гаспадарчага суду аб адкрыцьці ліквідацыйнай вытворчасьці не належыць выкананьню.

З моманту зацьвярджэньня міравога пагадненьня гаспадарчым судом спыняюцца паўнамоцтвы кіруючага (часовага кіруючага). Выключэньне з гэтага правілу ўстанаўліваецца для выпадкаў, калі кіраўнік даўжбіта быў вызвалены ад займаемай пасады ў выпадках, прадугледжаных Законам, і кіраўнік даўжбіта-юрыдычнай асобы працягвае выконваць абавязкі кіраўніка даўжбіта да прызначэньня (выбраньня) новага кіраўніка даўжбіта ў парадку, вызначаным арт. 80 Закону.

З моманту зацьвярджэньня міравога пагадненьня адпаведна даўжбіт-індывідуальны прадпрымальнік, кіраўнік даўжбіта ці кіруючы (часовы кіруючы) прыступаюць да пагашэньня запазычанасьці ў адпаведнасьці з умовамі міравога пагадненьня.

Гаспадарчы суд можа вынесьці вызначэньне аб адмове ў зацьвярджэньні міравога пагадненьня. Арт. 159 Закону[13] падрабязна рэглямэнтуе падставы адмовы ў зацьвярджэньні міравога пагадненьня гаспадарчым судом. Неабходна зьвярнуць увагу на тую акалічнасьць, што памянёны артыкул прадугледжвае вычарпальны пералік падставаў для абавязковай адмовы ў зацьвярджэньні міравога пагадненьня і падставы, паводле якіх гаспадарчы суд мае права адмовіць у зацьвярджэньні міравога пагадненьня.

Безумоўнай падставай для адмовы ў зацьвярджэньні міравога пагадненьня ёсьць непагашэньне запазычанасьці па патрабаваньнях крэдытораў першай і другой чэргаў. У адпаведнасьці з арт. 138, 144 Закону[14], да іх дадаюцца патрабаваньні грамадзянаў, перад якімі даўжбіт нясе адказнасьць за нанясеньне шкоды жыцьцю і здароўю, сплата выходнае дапамогі і сплата за працу асобам, якія працуюць на падставе працоўнай дамовы, у тым ліку і кантракту, а таксама сплаты ўзнагародаў па аўтарскім дамовам.

Такім чынам, наўпроставае парушэньне Закону, у адпаведнасьці зь якім парушаюцца правы грамадзянаў, ёсьць безумоўнаю падставай адмовы ў зацьвярджэньні міравога пагадненьня.

У ч. 2 разглядаемага артыкулу ўказваюцца падставы, паводле якіх гаспадарчы суд мае права адмовіць у зацьвярджэньні міравога пагадненьня. Згодна з Законам а такіх падставаў належаць наступныя:

  • парушэньне парадку заключэньня міравога пагадненьня;
  • невыкананьне формы міравога пагадненьня;
  • парушэньне правоў і законных інтарэсаў іншых асобаў;
  • неадпаведнасьць ўмоваў міравога пагадненьня з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.[15]

Заканадаўства падрабязна рэглямэнтуе наступствы адмовы ў зацьвярджэньні міравога пагадненьня. Асноўным наступствам адмовы зацьвярджэньня міравога пагадненьня ёсьць тое, што яно лічыцца незаключаным. Але вынясеньне гаспадарчым судом вызначэньня аб адмове ў зацьвярджэньні міравога пагадненьня не замінае заключэньню новага міравога пагадненьня. Пры гэтым, працэдура і ўмовы заключэньня новага міравога пагадненьня паўтараюцца наноў.

У выпадку адмовы гаспадарчым судом у зацьвярджэньні міравога пагадненьня разгляд справы працягваецца з таго моманту, на якім яно было абскарджана да моманту падпісаньня міравога пагадненьня, т.б. працягваецца адпаведная працэдура справы аб банкруцтве.[16]

Вызначэньне гаспадарчага суду аб зацьвярджэньні міравога пагадненьня ў вытворчасьці па справах аб банкруцтве альбо аб адмове ў зацьвярджэньні міравога пагадненьня ў вытворчасьці па справах аб банкруцтве можа быць абскарджана згодна з парадкам, які вызначанае ГсПК.



[1] Об экономической несостоятельности (банкротстве): Закон Республики Беларусь от 18.07.2000 № 423-3. принят Палатой представителей 22.06.2000, одобрен Советом Республики 30.06.2000 (с изм. и дополн. от 04.01.2003 № 183-3) // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2000. № 73. 2/198; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2003, № 8, 2/932.

[2] Об экономической несостоятельности (банкротстве): Закон Республики Беларусь от 18.07.2000 № 423-3. принят Палатой представителей 22.06.2000, одобрен Советом Республики 30.06.2000 (с изм. и дополн. от 04.01.2003 № 183-3) // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2000. № 73. 2/198; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2003, № 8, 2/932.

[3] Об экономической несостоятельности (банкротстве): Закон Республики Беларусь от 18.07.2000 № 423-3. принят Палатой представителей 22.06.2000, одобрен Советом Республики 30.06.2000 (с изм. и дополн. от 04.01.2003 № 183-3) // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2000. № 73. 2/198; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2003, № 8, 2/932

[4] Постатейный научно-практический комментарий к Закону Республики Беларусь «Об экономической несостоятельности (банкротстве)» / под общ. Ред. Каменкова В.С., Козыревой Л.Г. Мн.: ГИУСТ БГУ, 2005. с. 342.

[5] Об экономической несостоятельности (банкротстве): Закон Республики Беларусь от 18.07.2000 № 423-3. принят Палатой представителей 22.06.2000, одобрен Советом Республики 30.06.2000 (с изм. и дополн. от 04.01.2003 № 183-3) // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2000. № 73. 2/198; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2003, № 8, 2/932.

[6] Об экономической несостоятельности (банкротстве): Закон Республики Беларусь от 18.07.2000 № 423-3. принят Палатой представителей 22.06.2000, одобрен Советом Республики 30.06.2000 (с изм. и дополн. от 04.01.2003 № 183-3) // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2000. № 73. 2/198; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2003, № 8, 2/932.

[7] Постатейный научно-практический комментарий к Закону Республики Беларусь «Об экономической несостоятельности (банкротстве)» / под общ. Ред. Каменкова В.С., Козыревой Л.Г. Мн.: ГИУСТ БГУ, 2005. с. 342.

[8] Об экономической несостоятельности (банкротстве): Закон Республики Беларусь от 18.07.2000 № 423-3. принят Палатой представителей 22.06.2000, одобрен Советом Республики 30.06.2000 (с изм. и дополн. от 04.01.2003 № 183-3) // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2000. № 73. 2/198; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2003, № 8, 2/932.

[9] Хозяйственный процессуальный кодекс Республики Беларусь. Мн.: Национальный центр правовой информации Республики Беларусь, 2004.

[10] Хозяйственный процессуальный кодекс Республики Беларусь. Мн.: Национальный центр правовой информации Республики Беларусь, 2004

[11] Об экономической несостоятельности (банкротстве): Закон Республики Беларусь от 18.07.2000 № 423-3. принят Палатой представителей 22.06.2000, одобрен Советом Республики 30.06.2000 (с изм. и дополн. от 04.01.2003 № 183-3) // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2000. № 73. 2/198; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2003, № 8, 2/932.

[12] Постатейный научно-практический комментарий к Закону Республики Беларусь «Об экономической несостоятельности (банкротстве)» / под общ. Ред. Каменкова В.С., Козыревой Л.Г. Мн.: ГИУСТ БГУ, 2005. с. 343.

[13] Об экономической несостоятельности (банкротстве): Закон Республики Беларусь от 18.07.2000 № 423-3. принят Палатой представителей 22.06.2000, одобрен Советом Республики 30.06.2000 (с изм. и дополн. от 04.01.2003 № 183-3) // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2000. № 73. 2/198; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2003, № 8, 2/932.

[14] Об экономической несостоятельности (банкротстве): Закон Республики Беларусь от 18.07.2000 № 423-3. принят Палатой представителей 22.06.2000, одобрен Советом Республики 30.06.2000 (с изм. и дополн. от 04.01.2003 № 183-3) // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2000. № 73. 2/198; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2003, № 8, 2/932.

[15] Об экономической несостоятельности (банкротстве): Закон Республики Беларусь от 18.07.2000 № 423-3. принят Палатой представителей 22.06.2000, одобрен Советом Республики 30.06.2000 (с изм. и дополн. от 04.01.2003 № 183-3) // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2000. № 73. 2/198; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2003, № 8, 2/932.

[16] Постатейный научно-практический комментарий к Закону Республики Беларусь «Об экономической несостоятельности (банкротстве)» / под общ. Ред. Каменкова В.С., Козыревой Л.Г. Мн.: ГИУСТ БГУ, 2005. с. 346.

___________________________

Ганна Жарабцова (нар. у 1983 г. у м. Буда-Кашалёве) – бакаляўрка права, навучаецца на V курсе аддзяленьня "эканамічнае права" юрыдычнага факультэта БДУ. Галіна юрыдычных зацікаўленасьцяў - цывільнае, гаспадарчае, працоўнае права, праўныя аспэкты эканамічнае дзейнасьці.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!