Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930
   новае на форуме
30 Чэр 07.02  Предлалгаем вашему вниманию очень интересный проект.

06 Трв 07.44  Техника скоростного управления автомобилем

15 Сак 17.26  Шукаю беларускамоўнага натарыюса

15 Сак 15.48  моўныя ляпы

08 Снж 11.58  Працоўны кантракт: за ці супраць?

   юрыдычная кансультацыя
07 Лют 20.02  Праязны дакумэнт як аб'ект аўтарскага права

04 Кас 17.10  атрыманне пенсіі

28 Ліс 12.21  Кансэрваваньне забудовы

02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

бел eng
Галоўная Blog Архіў навінаў Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Уводзіны ў фiласофiю працоўнага права | Кірыл Тамашэўскі | 15.2.2006

1. Пастаноўка праблемы

Фiласофскiя даследаваннi праблем права маюць ў Беларусi багатую шматвяковую гiсторыю. Добра распрацаваныя фiласофскiя канцэпцыi праваўсведамлення можна ўбычыць у творах шэрагу беларускiх асветнiкаў і знаўцаў: Францыска Скарыны, Мiхалона Лiтвiна, Андрэя Волана, Адама Алiзароўскага i iнш.

З цягам часу фiласофiя права пераўтварылася ў асобны кiрунак фiласофскiх даследаванняў і ў XIX ст. пачала выкладацца ў якасцi вучэбнай дысцыплiны на юрыдычных, фiласофскiх i iншых гуманiтарных факультэтах унiверсiтэтаў. Значны ўнёсак у развiццё гэтага накiрунку зрабілі такiя знакамiтыя прадстаўнiкi фiласофскай i праўнай думкi, як Г. Гегель, Б.М. Чычэрын, П.I. Наўгародцаў i некаторыя iншыя.

Цiкава, што канчатковае фармаванне фiласофii права практычна супала з узнiкненнем такой самастойнай галiны права, праўнай навукi i вучэбнай дысцыплiны як працоўнае права. Магчыма, менавiта гэтай акалiчнасцю абумоўлены той факт, што, паводле нашых дадзеных, феномен фiласофii працоўнага права, якi знаходзiцца на мяжы фiласофii права i навукi працоўнага права, да цяперашняга часу не быў даследаваны.

У сувязі з гэтым узнікае пытанне адносна мэтазгоднасці і важнасці гэтага даследавання. На наш погляд, на дадзенае пытанне трэба даць станоўчы адказ. Як вядома, міжгаліновыя даследаванні, якія знаходзяцца на мяжы некалькіх навук, альбо навукі і філасофіі, ці навукі і рэлігіі, значна абагачаюць закранутыя галіны ведаў, што дае магчымасць унесці туды новыя ідэі, канцэпцыі, на падставе якіх у далейшым узнікаюць тэорыі, школы і нават новыя напрамкі ў навуцы. У якасці выразнага прыклада можна прывесці ўзнікненне дзвюх тэорый (школ) права: сацыялагічнай (С.А. Мурамцаў, М.М. Кавалеўскі і іншыя) і псіхалагічнай (Л.І. Петражыцкі), якія з’явіліся на сутыку правазнаўства і сацыялогіі і псіхалогіі адпаведна.

У апошні час вучонымі, якія спецыялізуюцца ў галіне працоўнага права, выказваюцца ідэі аб існаванні пазітывісцкай і сацыялагічнай школ працоўнага права (В.М. Лебедзеў), натуральнага і пазітыўнага працоўнага права (С.П. Маўрын, Я.Б. Хахлоў). У дадзенным дзяленні можна ўбачыць намаганне выпрацаваць дактрыну працоўнага права праз вучэнне і катэгарыяльны апарат філасофіі права.

Мэта гэтага артыкула – акрэсліць панятак фiласофii працоўнага права, вызначыць яго метадалагічную аснову, спыніцца на праблеме сутнасці і быцця працоўнага права.

2. Панятак і метадалогія філасофіі працоўнага права

Каб вызначыць панятак той ці іншай філасофскай ці праўнай з’явы, неабходна паказаць яго адметныя рысы. Даць адзіную дэфініцыю філасофіі працоўнага права гэтак жа цяжка, як і вызначыць такія феномены, як “філасофія” ці “права”.

Філасофія працоўнага права характарызуецца наступнымі рысамі:

- ёсць галіной філасофскіх і праўных даследаванняў, паколькі знаходзіцца на сутыку філасофіі і працоўнага права;

- абапіраецца на метадалагічны і катэгарыяльны апарат як філасофіі, так і юрыспрудэнцыі;

- дапамагае разгледзець працоўна-праўныя з’явы ў філасофскім ракурсе, лепш зразумець сутнасныя, гнасеалагічныя і аксіялагічныя бакі таго ці іншага феномену;

- дае магчымасць усвядоміць і вызначыць каштоўнасць той ці іншай з’явы працоўна-праўнай рэчаіснасці (заканадаўства аб працы, практыка яго прымянення і г.д.) з пазіцыі такіх агульнафіласофскіх катэгорый, як “дабро” і “зло”, “агульнае” і “асобнае”, “якасць” і “колькасць” і г.д.

Асаблівасць філасофіі працоўнага права складаецца ў яе накіраванасці на забеспячэнне натуральных працоўных правоў у пешую чаргу работніка. Адна з мэтаў філасофіі працоўнага права – распрацоўка такога парадку рэгулявання працоўных і звязаных з імі дачыненняў, пры якім маральна-праўныя ідэі ўсеагульнай свабоды, фармальнай роўнасці, справядлівасці і гуманізму прасякваюць гэтыя дачыненні. Такім чынам, філасофія працоўнага права мае на мэце не толькі ацэньваць дзейснае заканадаўства аб працы, але таксама і даваць прапановы па яго ўдасканальвані і развівацца ў напрамку, вызначанаму вышэй памянёнымі высокімі праўнымі ідэямі.

У самым агульным плане філасофію працоўнага права можна вызначыць як новы міжгаліновы кірунак філасофскіх і праўных даследаванняў з’яў працоўна-праўнай рэчаіснасці.

Змест гэтага новага накiрунку гуманiтарных даследаванняў (а ў перспектыве – i вучэбнай дысцыплiны) маглі б скласцi такiя часткi, як анталогiя працоўнага права (вучэнне аб яго сутнасцi ды быццi), аксiялогiя працоўнага права (разам з вучэннем пра працоўна-праўныя каштоўнасці), гнасеалогiя працоўнага права (вучэнне аб пазнанні працоўнага права, у тым ліку тлумачэнні, канкрэтызацыі яго нормаў, пераадоленні прагалаў у праве) i некаторыя iншыя.

Як адзначалася ва ўступе да гэтага артыкула, філасофія права распрацоўвалася мноствам мысляроў мінулага і цяперашняга часу, у тым ліку філосафаў і праўнікаў, працы якіх, безумоўна, ёсць базісам для фармавання філасофіі працоўнага права. З сучасных расійскіх філосафаў права нельга не ўзгадаць такіх вядомых тэарэтыкаў, як С.С. Аляксееў[1] и В.С. Нерсесянц[2]. У апошні час з’явілася даволі шмат падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, у якіх выкладаецца курс філасофіі права[3], артыкулаў, дзе разглядаюцца тыя ці іншыя пытанні дадзенага кірунку.

Неабходна прызнаць, што ў навуцы расійскага працоўнага права раней ужо выказваліся ідэі аб існаванні натуральнага працоўнага права і яго адрозненні ад пазітыўнага працоўнага права (С.П. Маўрын, Я.Б. Хахлоў)[4], праводзіліся комплексныя даследаванні прынцыпаў працоўнага права[5], у тым ліку свабоды працы[6], шэрагу іншых пытанняў, якія маюць дачыненне да філасофіі працоўнага права.

Яшчэ 10 гадоў таму Я.Б. Хахлоў пісаў, што канцэпцыя натуральнага права без аніякіх цяжкасцяў можа выкарыстоўвацца у дачыненні да канкрэтыкі працоўнага права. На думку гэтага вучонага, механізм праўнага рэгулявання працы ва ўмовах плюралістычнай эканомікі базуецца на падставе найбольш значнага натуральнага права – права індывіда свабодна распараджацца сабой, у тым ліку асабістымі здольнасцямі да працы[7]. У сваю чаргу другі прадстаўнік санкт-пецярбурскай школы працоўнага права С.П. Маўрын адзначае, што свабода, роўнасць, сацыяльная справядлівасць – тры найвышэйшыя прынцыпы права, якія маюць усеагульны характар, на якіх грунтуецца натуральнае працоўнае права і павінна грунтавацца пазітыўнае працоўнае права[8].

У дадзенным падыходзе да працоўнага права ўспрынята юрыдыка-лібертарная канцэпцыя праваразумення, распрацаваная В.С. Нерсесянцам[9], якая ў асноўным падтрымліваецца і намі. Адрозненне трактоўкі натуральнага працоўнага права у С.П. Маўрына ад канцэпцыі праваразумення В.С. Нерсесянца складаецца ў замене панятку “справядлівасць” катэгорыяй “сацыяльная справядлівасць”, а таксама ў тым, што В.С. Нерсесянц пазбягае выкарыстання тэрміну “натуральнае права”, адрозніваючы пры гэтым права і закон.

Вышэйпамянёнымі падыходамі, безумоўна, не вычэрпваюцца ўсе сучасныя трактоўкі праваразумення. Па-ранейшаму актуальным ёсць інтэграцыйны падыход Р.З. Ліўшыца, які быў адначасова вядучым вучоным у галіне працоўнага права і тэарэтыкам права. Р.З. Ліўшыц прапанаваў вызначэнне права як нарматыўна замацаванай справядлівасці, якая складаецца з рэалізацыі грамадскага кампрамісу. Гэта фармулёўка, на думку аўтара, ахоплівае і каштоўнаснае, і нарматывісцкае, і сацыялагічнае разуменне права. Яе можна лічыць абагульняючай, бо яна дае ўяўленне пра права як пра адзінства ідэй, нормаў і грамадскіх стасункаў[10]. Томскі вучоны-праўнік В.М. Лебедзеў абгрунтоўвае сацыялагічны падыход да даследаванняў працоўна-праўных з’яў. На яго думку, да зместу працоўнага права трэба адносіць не толькі яго нормы, аб’яднаныя ў інстытуты, субынстытуты, часткі, працоўныя правадачыненні, але і фактычныя працоўныя і іншыя блізкія да іх дачыненні”[11].

Разам з тым, навуковых працаў, якія б адмыслова даследвалі феномен філасофіі працоўнага права, да цяперашняга часу надрукавана не было. Ідэя ўзнікнення філасофіі працоўнага права была выказана ўпершыню аўтарам гэтых радкоў на Міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла ў Маскоўскай дзяржаўнай юрыдычнай акадэміі ў студзені 2005 году[12], але да яе першапачатковага даследвання мы падыходзім толькі зараз.

Распрацоўка філасофіі працоўнага права павінна абапірацца на агульнанавуковыя метады, такія як сістэмна-функцыянальны, канкрэтна-гістарычны, аналітыка-крытычны, метады мадэлявання, параўнання і шэраг іншых. Выкарыстоўваюцца філасофскія, сацыялагічныя і спецыяльна-юрыдычныя метады (фармальна-юрыдычны, праўнае мадэляванне і г.д.); лагічныя прыёмы (напрыклад, індукцыя і дэдукцыя).

Філасофскай і метадалагічнай падставай, на якой грунтуецца наша трактоўка філасофіі працоўнага права, паўстае дыялектычны ідэалізм ці, інакш кажучы, – ідэалістычная дыялектыка.

3. Анталогія працоўнага права

Пад анталогіяй [гр. on (ontos) – існае + logos – слова, панятак, вучэнне] у слоўнікавых вызначэннях разумеюць філасофскае вучэнне аб быцці[13], раздзел філасофіі, які вывучае фундаментальныя прынцыпы быцця, найбольш агульныя існасці і катэгорыі існага[14].

Праўная анталогія аналізуецца ў літаратуры па філасофіі права. Прычым вучэнне аб быцці (існасці) права адны аўтары зводзяць да пытання аб тым, да якога тыпу рэчаіснасці аднесці права[15], а іншыя аўтары – да аналізу чалавека як праўнай істоты, быцця і існавання права, форм, у якіх права існуе[16]. На наш погляд, зыходзячы з этымалагічнага і філасофскага панятку анталогіі, пад анталогіяй права трэба разумець вучэнне аб быцці і сутнасці права і разнастайных праўных з’яваў.

Такім чынам, анталогія працоўнага права – гэта вучэнне аб сутнасці і быцці працоўнага права ва ўсіх яго сэнсах; рэалізацыі працоўных і звязанных з апошнімі правадачыненняў; узаемадзеянні міжнароднага і нацыянальнага працоўнага права; функцыянаванні галіны працоўнага права і асобных яе элементаў (частак, інстытутаў, падынстытутаў, норм); судачыненняў працоўнага права і заканадаўства; формах (крыніцах) існавання працоўнага права і шэрагу іншых пытанняў.

Сутнасць працоўнага права вызначыць дастаткова складана, бо само працоўнае права можна разглядаць у розных сэнсах. Сутнасць працоўнага права ў аб’ектыўным сэнсе (як галіны права) складаецца з фіксацыі праўных норм, якія рэгулююць працоўныя і звязанныя з імі дачыненні. Сутнасць працоўнага права ў суб’ектыўным сэнсе – гэта адпаведная сфера свабоды, мера магчымых паводзін суб’екта ў сферы працы, што належыць яму ад нараджэння альбо згодна з заканадаўствам аб працы. Зыходзячы са спосабу існавання (быцця) права, магчыма ўсё працоўнае права падзяляць на натуральнае (непазітыўнае ці надпазітыўнае) і пазітыўнае працоўнае права. Апошняе адрозніваецца ад першага тым, што замацоўваецца ў пазітыўных крыніцах права (нарматыўна-праўных актах, нарматыўных пагадненнях, судовых прэцэдэнтах, праўных звычаях і іншых).

Пазітыўнае працоўнае права – гэта права, якое замацавана ў працоўным заканадаўстве ці іншым чынам санкцыянавана дзяржавай (напрыклад, лакальныя нарматыўныя акты, калектыўныя дамовы і пагадненні), і адпавядае чатыром праўным ідэям усеагульнай свабоды, фармальнай роўнасці, справядлівасці і гуманізму. Як бачна з азначэння, панятак пазітыўнага права (у тым ліку працоўнага) не супадае з паняткам заканадаўства. Па-першае, пазітыўнае права можа існаваць не толькі ў форме заканадаўства (нарматыўнага праўнага акту), але таксама ў формах праўнага звычая, нарматыўнага пагаднення, судовага прэцэдэнту. Па-другое, заканадаўства ёсць носьбітам (крыніцай) пазітыўнага права толькі ў тых межах, наколькі яго нормы адпавядаюць патрабаванням усеагульнай свабоды, фармальнай роўнасці, справядлівасці і гуманізму. У адваротным выпадку заканадаўства ёсць непраўным і ўтрымлівае ў сабе не права, а ўзаконены дэспатызм.

Такім чынам, каб працоўнае заканадаўства і асобныя яго нормы мелі якасць праўных, яны мусяць быць суладнымі з патрабаваннямі вышэй названых працоўна-праўных ідэй. Ацэньваць заканадаўства аб працы як праўнае ці непраўнае могуць суды (пераважна канстытуцыйныя) і праўная дактрына (аўтарытэтныя навукоўцы-праўнікі, якія спецыялізуюцца ў галіне працоўнага права).

Натуральнае працоўнае права – гэта юрыдычныя нормы, якія выводзяцца розумам з праўных ідэй усеагульнай свабоды, фармальнай роўнасці, справядлівасці і гуманізму, незалежна ад таго, ці адлюстраваны яны ў пазітыўных крыніцах. Гэтыя высокія праўныя ідэі канкрэтызуюцца ў шэрагу агульнапраўных і галіновых прынцыпах права (напрыклад, ідэя усеагульнай свабоды адлюстроўваецца ў прынцыпах свабоды працы, свабоды працоўнай дамовы, забароны працы пад прымусам).

Прыкметы права адрозніваюцца ў залежнасці ад таго, у якім ракурсе мы разглядаем права. Так, для пазітыўнага права, як бачна з прыведзенага вышей азначэння, характэрнымі ёсць такія рысы, як: (а) яго адпаведнасць высокім ідэям усеагульнай свабоды, фармальнай роўнасці, справядлівасці і гуманізму, (б) нарматыўнасць, (в) фармальная вызначанасць і (г) абавязковасць – дзякуючы падтрымцы з боку дзяржавы. Права непазітыўнае, на наш погляд, заўсёды характарызуецца дзвюма першымі прыкметамі і толькі ў некаторых выпадках – трэцяй (яскравы прыклад – агульнапрынятыя прынцыпы міжнароднага права, замацаваныя ў дэкларацыях і іншых фармальна не абавязковых да прымянення дакументах). Што тычыцца права суб’ектыўнага, то яго стрыжань (а не прыкмета) – гэта рэальная ці умоўная свабода, магчымасць асобы (работніка, наймальніка, іншага суб’екта) вызначаць свае паводзіны.

Важкім ёсць пытанне аб судачыненнях натуральнага і пазітыўнага права. Відавочна, што другое павінна адпавядаць першаму. Больш складанае пытанне об выніках таго, калі ідэі і нормы натуральнага права адлюстроўваюцца ў крыніцы пазітыўнага права. Ці працягваюць і далей існаваць ідэі і нормы натуральнага права? Лічым, што на гэтае пытанне трэба адказаць адмоўна. Калі юрыдычныя нормы замацаваны ў крыніцах пазітыўнага працоўнага права на падставе праўных ідэй усеагульнай свабоды, фармальнай роўнасці, справядлівасці і гуманізму (напрыклад, у норме арт. 42 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб справядлівай долі ўзнагароджання ў эканамічных выніках працы знайшла сваё адлюстраванне ідэя справядлівасці), то гэтыя нормы могуць разглядацца адначасова і ў якасці натуральнага і пазітыўанага права, бо яны адпавядаюць прыкметам як першага, так і другога (гэтыя прыкметы былі разгледжаны вышэй).

У заключэнні артыкула адзначым, што ўзнятымі ў ім пытаннямі філасофія працоўнага права, безумоўна, не абмяжоўваецца. Гэта новая галіна ведаў патрабуе далейшых юрыдычных і філасофскіх даследаванняў.



[1] Алексеев С.С. Философия права. – М.: Норма, 1997.

[2] Нерсесянц В.С. Философия права. Учебник для вузов. – М.: Издательская группа ИНФРА М – Норма, 1997.

[3] Гл., напрыклад: Тихонравов Ю.В. Основы философии права: Учебное пособие. – М.: Вестник, 1997; Философия права: Учебник / О.Г. Данильян, Л.Д. Байрачная, С.И. Максимов и др. / Под общ. ред. О.Г. Данильяна. – М.: Изд-во Эксмо, 2005 и др.

[4] Курс российского трудового права. В 3 т. Т. 1: Общая часть / Под ред. Е.Б. Хохлова. – СПб.: Изд-во С-Петербургского ун-та, 1996. С. 170171; Трудовое право России: Учебник / Под ред. С.П. Маврина, Е.Б. Хохлова. – М.: Юристъ, 2003. С. 8186.

[5] Смирнов О.В. Основные принципы советского трудового права. – М., 1977; Дмитриева И.К. Принципы российского трудового права: Монография. – М.: РПА МЮ РФ, Изд-во ООО «Цифровичок», 2004.

[6] Бугров Л.Ю. Проблемы свободы труда в трудовом праве России. Пермь, 1992.

[7] Курс российского трудового права. В 3 т. Т. 1: Общая часть / Под ред. Е.Б. Хохлова. – СПб.: Изд-во С-Петербургского ун-та, 1996. С. 170171.

[8] Трудовое право России: Учебник / Под ред. С.П. Маврина, Е.Б. Хохлова. – М.: Юристъ, 2003. С. 86.

[9] Нерсесянц В.С. Указ. соч. С. 3239.

[10] Лившиц Р.З. Теория права: Учебник. – 2-е изд. – М.: Изд-во БЕК, 2001. С. 68.

[11] Лебедев В.М. Теоретические основы Трудового кодекса Российской Федерации // Трудовое право. 2003. № 11. С. 15.

[12] Томашевский К.Л. Принципы трудового права по законодательству Беларуси и России: теоретический и сравнительный аспекты // Гарантии реализации прав граждан в сфере труда и социального обеспечения. Практика применения трудового законодательства и законодательства о социальном обеспечении: материалы Международной научно-практической конференции / Под ред. К.Н. Гусова. М., 2006. С. 278.

[13] Словарь иностранных слов. 7-е изд., перераб. М.: Русский язык, 1980. С. 355.

[14] Философский энциклопедический словарь / Редкол.: С.С. Аверинцев, Э.А. Араб-Оглы, Л.Ф. Ильичев и др. 2-е изд. М.: Сов. энциклопедия, 1989. С. 443.

[15] Философия права: Учебник / О.Г. Данильян, Л.Д. Байрачная, С.И. Максимов и др. / Под общ. ред. О.Г. Данильяна. М.: Изд-во Эксмо, 2005. С. 213.

[16] Нерсесянц В.С. Указ. соч. С. 4052.

_______________________________

Кiрыл Тамашэўскi (нар. у 1977 г.) – дацэнт кафедры цывільнага працэсу i працоўнага права юрыдычнага факультэту БДУ, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, атэставаны юрыст, сябра грамадскага аб’яднання «Згуртаванне працоўнага права». Навуковыя iнтарэсы – нацыянальнае, параўнальнае i замежнае працоўнае права, мiжгалiновыя праўныя даследаваннi.



   
© 2004-2009, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!