Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Палітычная камунікацыя і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі | Алена Сідаровіч | 06.2.2006

Панятак “камунікацыя” належыць да самых распаўсюджаных навуковых тэрмінаў другой паловы XX стагоддзя. Камунікацыя (ад лац. – рабіць агульным, звязываць) вызначаецца як: 1) форма сувязі; 2) акт дачыненняў, звязак паміж двума і болей індывідамі, які заснаваны на ўзаемаразуменні; 3) паведамленне інфармацыі адной асобай іншай ці колу людзей. Акрамя таго, вызначаецца асобны від камунікацыі – масавая, якая характарызуецца тым, што працэс перадачы інфармацыі ажыццяўляецца пры дапамозе тэхнічных сродкаў (друк, радыё, тэлебачанне, кампутар) [1]. Асаблівым відам масавай камунікацыі ёсць палітычная камунікацыя.

“Палітычнае жыццё ў любым грамадзтве немагчыма без палітычнай камунікацыі.”- падкрэслівае Л.Пай [2, с. 52]. Палітычная камунікацыя стала неад’емнай часткай сучаснага палітычнага працэсу. Істотным у палітыка-камунікацыйным працэсе ёсць перадача, перамяшчэнне, зварот палітычнай інфармацыі, тых звесткаў, якімі ў працэсе пэўнай грамадска-практычнай дзейнасці абменьваюцца “крыніцы” і “спажыўцы” – а дакладней, індывіды, сацыяльныя групы, розныя пласты насельніцтва, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабою [2, с. 54].

Увага даследнікаў да феномену палітычнай камунікацыі з’яўляецца ўжо ў межах  канцэпцыяў палітычнай сістэмы, у творах Д.Істана, Г.Алманда і асабліва К.Дойча.

Самае агульнае знаёмства з механізмам функцыянавання палітычнай сыстэмы дазваляе зрабіць выснову аб той вялікай ролі, якую адыграе палітычная камунікацыя. Згодна з сыстэмным падыходам, палітычная сыстэма існуе ў пэўным сацыяльным асяроддзі і ўзаемадзейнічае з ім паводле прынцыпу “выйсце-ўваход”.

Д. Істан адзначаў, што з вонкавага асяроддзя ў палітычную сыстэму паступаюць сыгналы, імпульсы ў выглядзе разнастайнай інфармацыі (“уваход”) праз якую грамадзяне нешта патрабуюць ад ураду, ці наадварот, не прад’яўляюць патрабаванняў. К.Дойч, які разглядае палітычную сыстэму як сетку камунікацыяў і інфармацыйных плыняў, адзначае, што палітычная сыстэма прымае інфармацыю праз г.зв. “рэцэптары” (знешнепалітычныя інфармацыйныя службы і інш., унутрыпалітычныя – цэнтры вывучэння грамадскай думкі), дзе адбываецца селекцыя, сыстэматызацыя і першасны аналіз дадзеных. Крыніцай патрабаванняў ёсць грамадзяне. Г.Алманд акцэнтуе ўвагу на залежнасці асаблівасцяў арыентацыяў грамадзянаў на палітычную сыстэму, спосабаў рэагавання на палітычныя сытуацыі, ад іх шматлікіх інтарэсаў.

На наступнай фазе інфармацыя апрацоўваецца ў межах блоку “памяці і каштоўнасцяў”, дзе ідзе аналіз ў параўнанні з старой інфармацыяй і ацэнка праз прызму каштоўнасцяў, нормаў і стэрыатыпаў.

Адказы ўраду на імпульсы з вонкавага асяроддзя, выяўляюцца ў выглядзе фармулявання і ажыццяўлення палітычнага курсу, палітычных праграмаў, рашэнняў і дзеянняў (“выйсце”). К Дойч падзяляе дзейнасьць ураду ў прыняцці рашэнняў і дзейнасць “эфектараў”(выканаўчых ворганаў і інш.) у рэалізацыі рашэнняў, вынікі якіх у выглядзе новай інфармацыі ў “адваротнай сувязі” паступаюць да “рэцэптараў” і, такім чынам, сыстэма ўступае ў новы цыкл функцыянавання [2, с. 54].

У мадэлі Г.Алманда функцыя палітычнай камунікацыі, якая забяспечвае распаўсюд і перадачу палітычнай інфармацыі паміж рознымі элементамі палітычнай сыстэмы, а таксама паміж палітычнай сыстэмай і навакольным асяроддзем, ёсць адной з найважнейшых. Яна забяспечвае дзейнасць простых і адваротных сувязяў сыстэмы, абмен інфармацыі паміж грамадзянамі і структурамі дзяржаўнай ўрады [3]. Камунікатыўную функцыю ажыццяўляюць партыі, групы інтарэсаў, СМІ. Неразвітасць палітычнай камунікацыі, якая ёсць адной з прычынаў нізкай ступені адаптацыі палітычнай сыстэмы, вядзе да страты падтрымкі і нестабільнасці [2, с. 56].

Р.-Ж.Швацэнберг вызначае тры асноўных спосабы палітычнай камунікацыі: камунікацыя праз СМІ (друкаваныя – прэса, кнігі, плакаты, улёткі і г.д.; электронныя – радыё, тэлебачанне і г.д.); камунікацыя праз арганізацыі, калі палітычныя партыі і групы інтарэсаў выконваюць прамежкавую функцыю паміж урадам і грамадзянамі; камунікацыя праз нефармальныя каналы з выкарыстаннем прыватных сувязяў [1].

Інтэрнэт надае новыя магчымасці для накаплення і перадачы інфармацыі і стварае якасна іншае інфармацыйнае асяроддзе, у якім ажыццяўляюцца ўсе тры гэтых спосабы камунікацыі. Больш за тое, сёння ў Інтэрнеце існуюць практычна ўсе сродкі камунікацыі, якія выкарыстоўваюцца грамадзтвам і дзяржаўнымі структурамі. У выніку нівелюецца розніца паміж гарызантальнай і вертыкальнай камунікацыяй. Таму ў дачыненні да Сеціва можна сцвярджаць, што гэта ўнікальны сродак палітычнай камунікацыі.

У межах канцэпцыі Г.Ласуэла, які ў 1948 годзе прапанаваў камунікацыйную формулу, што паклала пачатак даследванням палітычнай камунікацыі, мадэль камунікацыйнага працэсу ўтрымлівала 5 элементаў:

  1. Хто? (перадае паведамленне) – Камунікатар
  2. Што? (перадаецца) – Паведамленне (тэкст)
  3. Як? (ажыццяўляецца перадача) – Канал камунікацыі
  4. Каму? (накіравана паведамленне) – Рэцыпіент (аўдыторыя)
  5. З якім эфектам? – Адваротная сувязь (эфектыўнасць) (cхема 1). 

                  

Спачатку праблемы эфектыўнасці ўзаемадзеяння камунікатару і рэцыпіенту разглядаліся праз вывучэнне розных каналаў, сродкаў і спосабаў перадачы інфармацыі, зместу паведамленняў. Пазней мадэль Ласуэла была ўдасканаленая праз увядзенне прынцыпова важных для ўладна-кіроўных дачыненняў элементаў адваротнай сувязі. Вынікам былі змены ў разуменні самога працэса камунікацыі, які быў прадстаўлены ў выглядзе замкнутага ланцугу, дзе ўсе кампаненты ўзаемазвязаны. Далейшаму ўдасканаленню і адначасова ўскладненню мадэляў спрыяла ўвядзенне дадатковых кампанентаў – крыніцаў інфармацыі, ўмоваў ажыццяўлення камунікацыяў, сацыяльнага складу аўдыторыі і, нарэшце, мовы як сродку камунікацыі [2, с. 58].

З падвышэннем ролі лакальных і ґлабальных кампутарных сетак як спецыфічнага каналу камунікацыі ў паліталоґіі паўстаў новы тэрмін “кампутарна-апасродкаваная палітычная камунікацыя” (Computer-Mediated Political Communication) [14].

Кампутарна-апасродкаваная палітычная камунікацыя павялічвае магчымасці рэцыпіенту ў доступе да інфармацыі і выбару каналу камунікацыі, змяншае магчымасці мэтанакіраванага ўплыву камунікатару, і пашырае межы для спантанічна арганізаванай актыўнасці грамадзянаў, якая ажыццяўляецца праз сеткавыя структуры ў грамадзтве.

Развіццё кампутарных сетак змяніла характар палітычнай камунікацыі, Інтэрнэт-тэхналогіі адкрываюць новыя магчымасці для ўдасканальвання камунікацый і абмену інфармацыямі паміж людзьмі ў ґлабальных памерах. Гэтыя тэхналогіі можна падзяліць на дзве катэгорыі:

  1. офф-лайнавыя тэхналогіі – сродкі распаўсюджвання паведамленняў, якія забяспечваюць камунікацыі ў рэжыме offline, што дапускае асынхроннасць у абмене паведамленнямі;
  2. он-лайнавыя тэхналогіі сінхронных камунікацый у рэальным часе online [2, с. 65].

Новыя камунікацыйныя тэхналогіі істотна развіваюць індывідуальную дасведчанасць, адыграюць важную ролю ў працэсе ўзаемадзеяння людзей. У сучаснай дэмакратыі паўстае пытанне гарантыяў кожнаму не толькі права звароту да ўладаў у надзеі дасягнуць сацыяльных ці індывідуальных мэтаў, але і гарантавання права на атрыманне праўдзівай інфармацыі аб дзейнасці ўладных структураў і, адпаведна, магчымасць рабіць палітычны выбар не толькі самастойна, але і з веданнем справы. Р.Даль называе гэта “дасведчаным разуменнем” і лічыць адной з важнейшых характарыстыкаў ліберальнай дэмакратыі [5].

Тэхналагічныя навацыі ў галіне камунікацыяў спрыялі нарошчванню плыні інфармацыі ў двух вымярэннях: далечыні і плошчы ахопу. Тэлеграф і тэлефон павялічылі дыстанцыю абмену інфармацыяй, радыё і тэлефон пашырылі аўдыторыю, да якой накіроўваецца інфармацыя. Пераадоленне дыстанцыі якасна падвысіла магчымасці дыялогу (двухбаковай камунікацыі), неабходнага для функцыянавання дэмакратычных структураў. Нарошчванне плошчы ахопу якасна палепшыла інфармацыйны маналог (аднабаковая камунікацыя), шляхам якога гіерархічныя структуры ўздзейнічаюць на думку і падтрымліваюць кантроль над падуладнымі ім суб’ектамі.

Кампутарныя сеткавыя тэхналогіі адкрылі магчымасці для шматбаковай камунікацыі, што мае ўжо непасрэдны звязак з палітычным працэсам. Інтэрнэт забяспечвае магчымасць двухбаковых інтэрактыўных дачыненняў. Ва ўмовах развіцця інфармацыйнага грамадзтва адбываецца паступовае зніжэнне выдаткаў на атрыманне і перадачу інфармацыі, што стварае ўмовы для развіцця двух тэндэнцыяў. Па-першае, паступова павялічваецца колькасць людзей, якія атрымліваюць магчымасць браць удзел у выпрацоўцы і прыняцці палітычна значных рашэнняў; па-другое, ствараюцца тэхналагічныя перадумовы для паступовага памяншэння няроўнасцяў палітычных магчымасцяў грамадзянаў [2, с. 76].

Расійскі палітолаг С.Г.Туранок прапаноўвае разглядаць сучасныя сродкі масавай камунікацыі праз сыстэму каардынатаў, зададзеную чыннікам уплыву (ён узрастае разам з павелічэннем колькасці тых, хто атрымлівае інфармацыйныя паведамленні) і чыннікам аўтаноміі (адпаведна ўзрастае разам з павелічэннем долі грамадзянаў, якія здольныя адпраўляць інфармацыйныя паведамленні) (гл. мал. 1) [6, с. 53].

                     

С.Туранок адзначае, што максімізацыя ўплыву пры мінімізацыі аўтаноміі (задача аўтарытарнай дыктаруры) была значна прасцей пакуль тэхналагічны прагрэс у галіне тэлекамунікацыяў меў лінейную накіраванасць уздоўж вертыкальнай ці гарызантальнай восі каардынатаў. Аптымальная пазіцыя для дыктаруры – ніжняя правая вобласць малюнку, дзе ўсе атрымліваюць пасланне ад кіроўнага рэжыму, але ніхто не можа незалежна адправіць інфармацыю.

Ідэал дэмакратыі можа быць суаднесены з правай верхняй часткай малюнку паводле прынцыпу, калі ідэі свабодна канкуруюць на грамадска-палітычным рынку, удзельнікамі якога ёсць вялізная колькасць генератараў і рэцыпіентаў інфармацыі. Прагрэс у кірунку тэхналагічных складнікаў павінен карэляваць з пашырэннем доступу насельніцтва да інтэрактыўных камунікацый [6, с. 54].

Інтэрнэт як глабальная электронная сетка – першая камунікацыйная тэхналогія, якая развіваецца адначасова ў двух напрамках. Кожны, хто мае доступ да Сеціва, можа як атрымліваць, так і дасылаць інфармацыю. Такім чынам, узнікае сынтэз уплыву і аўтаноміі.

Узаемасувязь паміж доступам да інтэрактыўных камунікацыяў і дэмакратычным працэсам мае не толькі статыстычнае, але і змястоўнае значэнне. Безумоўна, дэмакратыя як форма палітычнага жыцця прадугледжвае адначасова развіццё магчымасцяў дыялогу і маналогу. Але яна таксама мае на ўвазе яшчэ нешта якасна іншае – адкрытыя публічныя дэбаты (шматбаковая камунікацыя) – гэта дэмакратычны сынтэз дыялогавых і маналогавых формаў камунікацыі. Сэнс шматбаковай камунікацыі ў тым, што кожны індывід, які атрымлівае інфармацыю праз той ці іншы канал, у роўнай ступені здольны ўзяць удзел у поўным і ідэнтычным кантэксце грамадскай дыскусіі, дзе мае магчымасць “чуць” і “быць пачутым” [6, с. 54]. Такім чынам, дзякуючы найноўшым тэлекамунікацыйным тэхналогіям любы ўдзельнік палітычнага працэсу мае магчымасць адпраўляць паведамленні да неабмежаванай колькасці рэцыпіентаў [7].

Медыі, што маюць шырокі абсяг (радыё, тэлебачанне), здольныя дасягаць большай аўдыторыі, але магчымасці распаўсюду інфармацыі могуць быць абмежаваны эканамічнымі, палітычнымі і тэхнічнымі прычынамі. Інтэрактыўныя медыі – тэлефон – патэнцыйна здольныя дасягнуць кожнага, але колькасць адрасатаў у разліку на адно паведамленне рэдка перавышае аднаго чалавека. Акрамя таго, традыцыйныя медыі адрозніваюцца ад Інтэрнэту цэлым шэрагам характарыстыкаў, што паказана ў табліцы 1 [2, с. 73].

Табліца 1. Характарыстыка каналаў камунікацыі

Кана

лы камуні

кацыяў

Характар

успрыняцця

Характар

плыні

інфармацыі

Падача

інфармацыі

Характар

звароту да

публікі

 

Ап

тыч

ны

Акус

тыч

ны

Накі

рава

ны

Інтэрактыўны

Дына

міч

ная

Статы

чная

Індывідуаль

ны

Маса

вы

Тэле

фон

 

+

+

+

+

+

+

 

Друк

+

 

+

 

 

+

 

+

Радыё

 

+

+

 

+

 

 

+

Тэлеба

чанне

 

+

+

 

+

 

 

+

Інтэрнэт

+

+

+

+

+

+

+

+

Такім чынам, Інтэрнэт ёсць унікальным каналам камунікацыі, які істотна адрозніваецца ад традыцыйных і электронных СМІ тым, што месціць ў сабе ўсе магчымыя характарыстыкі медыяў. Акрамя гэтага, ўжо сёння інфармацыя, якая цыркулюе ў глабальнай сетцы Інтэрнэт, перавышае ўсе магчымыя рэсурсы традыцыйных СМІ [2, с. 72].

Падвышэнне інтэрактыўнасці абмену палітычнай інфармацыяй азначае рэзкае падвышэнне значэння адваротнай сувязі з спажыўцамі палітычнай інфармацыі. Калі раней выбарнікі былі пасіўнымі аб'ектамі “піяраўскіх” тэхналогіяў, то ў бліжэйшай будучыні яны стануць актыўнымі ўдзельнікамі працэсаў у абмене інфармацыяй, адпаведна, у прыняцці рашэнняў.

Актыўна ўкараняючыся ў сферу палітыкі, новыя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі не толькі якасна змянілі старыя ўяўленні, устаноўкі, стэрыятыпы, але і зламалі многія формы паводзінаў, мадэлі ўзаемадачыненняў паміж палітычнымі інстытуцыямі і індывідамі. На думку А.А.Часнакова, “пачынаецца фармаванне новага каналу палітычнай камунікацыі, дынаміка развіцця якога можа змяніць уяўленні аб сыстэме забеспячэння палітычнай дзейнасці, а таксама аб традыцыйных інструментах палітычнага ўдзелу” [2, с. 77].

У 80-ыя гады мінулага стагоддзя Ю.Хабермас распрацаваў канцэпцыю камунікатыўнага дзеяння, цэнтральнаю ідэяй якой ёсць рацыянальная супольнасць, дзе не існуе перашкодаў, што скажаюць камунікацыю. Камунікацыя ўяўляе сабой “ідэальную моўную сытуацыю”, дзе сілу мае толькі праўдзівы аргумент, які ўспрымаецца ўсімі ўдзельнікамі працэсу камунікацыі, і, такім чынам, дасягаецца згода.

На сучасным ўзроўні развіцця інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогіяў, кіберпрастора можа разглядацца як, сучасная “грамадская сфера”, прастора вольных меркаванняў у актуальных грамадскіх праблемах, дзе кожны грамадзянін можа не толькі выказацца, але і быць пачутым. Такім чынам, ідзецца пра паўстанне новай агоры – месца, дзе сутыкаецца прыватнае з агульным, індывідуальнае з грамадскім [8].

Сярод навукоўцаў існуюць як прыхільнікі так і апаненты ідэі адраджэння дэмакратычных працэдураў і павялічэння палітычнай заангажаванасці грамадзян праз укараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў. Першыя, напрыклад, С.Сун, Г.Барнет, сцвярджаюць, што стварэнне кампутарных камунікацыйных сетак ёсць заканамерным вынікам ускладнення ўмоваў жыцця [8]. Другія разглядаюць ідэю стварэння “дыскурсіўнай” дэмакратыі пры дапамозе кампутарных сетак як падставу  для ўзмацнення маніпуляцыйных здольнасцяў ўладных структураў, якая будуць спрыяць стварэнню не наўпроставай дэмакратыі, а новага віду гіерархіі [7].

Сапраўды, выкарыстанне Інтэрнэту ў якасці сродку палітычнай камунікацыі неабходна ацэньваць крытычна, нягледзячы на ўсе яго перавагі і пазытыўныя бакі, бо як і любая новая з'ява, Інтэрнэт можа не толькі дапамагаць у вырашэнні старых праблемаў грамадзтва, але і ствараць новыя. Шырокую аўтаматызацыю інфармацыйных працэсаў і магчымасць накаплення базаў дадзеных могуць выкарыстоўваць на сваю карысць розныя сілы, якія імкнуцца да масавага сацыяльнага кантролю над грамадзтвам.

Акрамя таго, выкарыстанне Інтэрнэту звязана з наступнымі праблемамі, якія патрабуюць вялікай увагі:

  1. Па-першае, узнікненне небяспекі “лічбавага” расколу грамадзтва, што азначае нераўнамерны доступ да інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў сярод розных пластоў насельніцтва краіны [2, с.31].
  2. Па-другое, існуе не толькі праблема наяўнасці тэхнічна дасканалай камунікацыйнай платформы, але і навыкаў яе выкарыстання (якія павінны фармавацца пачынаючы з школы).
  3. Па-трэцяе, ёсць небяспека таго, што некаторыя формы камунікацыі ў Інтэрнеце, напрыклад чат, будуць выкарыстоўвацца толькі як палітычнае шоў [9].

Такім чынам, падсумоўваючы ўсё сказанае вышэй, можна зрабіць наступныя высновы:

  1. па-першае, віртуальная прастора кампутарных сетак адкрывае ўнікальныя магчымасці, якія ёсць здольныя зрабіць палітычны працэс больш адкрытым і дэмакратычным;
  2. па-другое, Інтэрнэт ёсць універсальным сродкам палітычный камунікацыі, якія прадастаўляе новыя магчымасці для ўсіх актораў у палітычным працэсе;
  3. па-трэцяе, разам з укараненнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў акрамя магчымасцяў існуюць і пагрозы для дэмакратычнага працэсу, таму дзяржава разам з грамадзянскай супольнасцю павінна імкнуцца да іх вырашэння.

Бібліяграфія

1. Шевченко И.А. Интернет как средство политической коммуникации (Электроннырэсурс) – 10.04.2005. – Рэжым доступу: http://www.conf.stavsu.ru

2. Вершинин М.С. Политическая коммуникация в информационном обществе. – С.-П., 2001. – 252 с.

3. Hartley J. Pearson R. CyberDemocracy: Internet and the Public Sphere. American Cultural Studies: Reader, Oxford University Press. 2000. (Электронны рэсурс) – 07.04.2005. – Рэжым доступу: http://www.hnet.uci.edu

4. Вершинин М.С. Компьютеро-опосредованая политическая коммуникация и демократия (Электронны рэсурс) – 05.05.2005. – Рэжым доступу: http://www.russcomm.ru

5. Чугунов А.В. Политика и Интернет: коммуникация в условиях развития современных информационных технологий (Электронны рэсурс) – 5.05.2005. – Рэжым доступу: http://www.icape.nw.ru

6. Туронок Г.С. Интернет и политический процесс // Общественные науки и современность. – 2001. – №2. – С. 51-63

7. Гуторов В.А. Концепция киберпространства и перспективы современной демократии (Электронны рэсурс) – 05.05.2005. – Рэжым доступу: http://www.ims98.nw.ru

8. Бондаренко С.В. Краткий курс истории развития конструкта «электронная демократия» (Электронны рэсурс) – 05.05.2005. – Рэжым доступу: http://www.cjes.ru

9. Хомайер М. Коммуникация через Интернет – от эксперимента к реальности (Электронны рэсурс) – 05.05.2005. – Рэжым доступу: http://www.soc.pu.ru

_____________________________

Алена Сідаровіч – студэнтка-магістрантка аддзялення паліталоґіі юрыдычнагу факультэта БДУ. Абсальвэнтка аддзяленьня “паліталёґія” юрыдычнага факультэту БДУ. Галіна паліталяґічных зацікаўленьняў: электронная дэмакратыя і грамадзянская супольнасці.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!